epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Баран бок абадран

Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.

Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:

- Хто там?

А баран ёй адказвае:

- Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, - як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.

- А воўчанька ты мой, а кумочак мой, - хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.

Паслухаў воўк лісу, пайшоў зь ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап - носам нюхае.

- Хто там?

- Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, - як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны зь лісіцай ды к медзьвядзю, пачалі медзьвядзя прасіць:

- Мядзьведзінка, бацінка, - хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паслухаў мядзьведзь, пайшоў зь імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:

- А хто там? А баран яму:

- Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, - як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.

Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць - ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.

- Пчолка, душачка, - хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паляцела пчолка зь імі, прыляцела і пытаецца:

- А хто там?

- Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, - як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

А пчолка ня спужалася, - у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.

Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан