epub
 
Падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Браты-Паляўнічыя

Жылі-былі ў вадной вёсцы стары із старою. Было ў іх тры сыны.

Слаўныя гэта былі хлопцы й добрыя работнікі. Але найбольш за ўсё любілі яны на паляваньне хадзіць.

Ды вось бяда: не шанцавала ім на паляваньні. Бывала, што цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нічога і ня прынясуць.

«Відаць, зьвяліся зьвяры ў нашых лясох, - думаюць браты, - трэба было-б хіба нам куды-небудзь глыбей у пушчу падацца».

Вось аднаго разу пайшлі яны ўсе трое ў лес. Хадзілі, з купіны на купіну пераскаквалі, па балотах і мхох адзін за адным прабіраліся і не заўважылі, як ад дому далёка адыйшлі і з дарогі зьбіліся.

Глядзяць браты - глухі лес кругом, ні дарожкі нідзе, ні сьцяжынкі.

- Пойдзем, браты, куды вочы глядзяць, - кажа старэйшы брат.

І падаліся браты-паляўнічыя проста цераз пушчу...

Доўга яны шлі, і вось прыходзяць, нарэшце, да вялікага каменя. Ідзе ад таго каменя далей у лес сьцяжынка, а на камені напісана:

«Гэта сьцежка вядзе ў Вахрамеева царства. Шмат у тым царстве і зьвяроў і птушак, ды толькі паляўнічыя туды па адным хадзіць павінны».

- Ну, браты, здаецца, нам пашанцавала, - кажа старэйшы брат. - Пайду я першы ў Вахрамеева царства, паспрабую шчасьця. А вы мяне тут чакайце. Калі праз тры дні не вярнуся, - ідзеце мне на дапамогу.

Малодшыя браты згадзіліся. Селі яны пад елкай, агонь расклалі, а старэйшы брат падаўся па вузкай сьцежцы ў лес.

Ідзе ён, а лес кругом гусьцейшым робіцца, усё цямнейшьм. І раптам выбягае на сьцежку вялізны леў.

Схапіў старэйшы брат свой самастрэл, прыцэліўся, а леў і кажа яму:

- Не забівай мяне, паляўнічы! Я дам табе за гэта сваё маладое дзіцянё. Прыйдзе час - яно табе ў бядзе дапаможа.

І выходзіць на сьцежку маленькае львянё. Зьдзівіўся паляўнічы.

- Добра, - кажа - ня буду цябе біць.

І пайшоў далей, а львянё ўсьлед за ім пабегла. Прайшоў старэйшы брат крыху і бачыць - выходзіць на сьцежку вялікі мядзьведзь.

Прыцэліўся паляўнічы, а мядзьведзь і кажа яму чалавечым голасам:

- Не забівай мяне, чалавеча! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Прыйдзе час - яно табе ў бядзе дапаможа.

І выходзіць з хмызьняку маленькі калматы мядзьведзік.

Згадзіўся паляўнічы й далей пайшоў, а мядзьведзік зь львянём сьледам за ім бягуць.

Прайшоў крыху, а перад ім на сьцежцы вялізны воўк стаіць. Зубы шчэрыць, вочы агеньчыкамі гараць.

«Ну, гэтага то ўжо застрэлю», - думае паляўнічы.

А воўк просіцца ў яго:

- Пашкадуй мяне, паляўнічы! Вазьмі лепш з сабою маё дзіцянё. Яно табе - будзе час - у бядзе дапаможа.

І дае ён паляўнічаму маленькага ваўка.

Ідзе паляўнічы далей, а за ім трое зьверанят бягуць.

Настраляў паляўнічы рознай дзічыны, увечары адпачыць пад хвойкаю сеў. Расклаў агонь, пачаў дзічыну смажыць.

«Павячэраю, - думае, - тады да братоў вярнуся і рэшту дзічыны ім занясу».

Раптам зашумелі дрэвы, захісталі вяршынямі. Сьвіст і грукат па лесе пайшоў.

Глядзіць паляўнічы - ляціць празь лес між дрэў Баба-Яга. Валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама ў ступе сядзіць, памялом паганяе. Прыляцела й апусьцілася недалёка каля агню.

- Фу! фу! - кажа. - Нешта вельмі-ж тут смажаным мясам пахне.

А паляўнічы адрэзаў кавалак мяса ды й падае ёй.

- На, - кажа, - бабка, зьеш.

- Не, хлопча, - адказвае Баба-Яга. - Я да цябе падыйсьці баюся. Бачыш ты, якія каля цябе страшныя зьвяры сядзяць. Дай ты мне па пяць валаскоў із сваей галавы ды з галоў тваіх зьвяроў, - тады я да цябе бліжэй падыйду.

Засьмяяўся паляўнічы, даў ей пучок валаскоў, а Баба-Яга ўзяла валаскі і дзьмухнула на іх. І ператварыўся раптам старэйшы брат у вялікі асмалены пень, а зьвяры - у пянькі крыху меншыя.

Баба-Яга тымчасам зарагатала, села ў ступу і назад паляцела.

Вось сядзяць малодшыя браты каля агню, чакаюць старэйшага. Тры дні мінаюць - не варочаецца старэйшы брат.

- Трэба да яго на дапамогу йсьці. Відаць, нешта нядобрае зь ім здарылася, - кажуць браты.

І пайшоў сярэдні брат старэйшага шукаць.

І здарылася зь ім усё тое-ж, што і із старэйшым.

Застаўся ля каменя адзін малодшы брат. Тры дні чакаў ён старэйшых. Потым ня вытрымаў - пайшоў іх шукаць.

Ідзе ён па сьцежцы, а дрэвы перад ім гольле апускаюць, дарогу загароджваюць. Шэпча яму лісьце:

- Ня йдзі далей, бяда будзе!

- Не баюся нічога, - адказвае малодшы брат, - відаць, з братамі маімі й запраўды тут бяда здарылася. Хто-ж выратуе іх, калі ня я?

Ідзе малодшы брат па сьцежцы. Адзін за адным яму па дарозе зьвяры трапляюцца, дзяцей сваіх яму аддаюць. А дрэвы шумяць жаласна, галінкі скрыпяць журботна:

- Вярніся, паляўнічы, чакае цябе сьмерць лютая!

Сьмяецца паляўнічы й далей ідзе.

Прыходзіць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзіць - побач два вогнішчы патушаных, а вакол пні асмаленыя стаяць.

«Ці ня тут толькі мае браты сядзелі?» - думае паляўнічы.

І раптам чуе - шум, сьвіст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлі сьхіляюцца, - ляціць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама памялом сьлед замятае.

Прыляцела Баба-Яга, апусьцілася на палянку.

- Добры дзень, хлапчына!

- Добры дзень, бабка, - адказвае паляўнічы.

- Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?

- Вазьмі, бабка, паеш, - кажа паляўнічы і падае ёй кавалак мяса.

А Баба-Яга адказвае:

- Не, сынок, баюся я тваіх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў із сваей галавы ды па пяць валаскоў ізь зьверанят, - тады падыйду.

- О, не, бабка, не на таго натрапіла, - адказвае паляўнічы. - А ну, зьвераняткі мае, дапамажыце мне з бабкай паквітавацца.

Кінуліся зьвераняты на Бабу-Ягу.

Львянё яе за горла хапае, ваўчанё - за ногі, мядзьведзянё лапамі камечыць.

Напужалася Баба-Яга, запішчэла, закрычала, загаласіла. А паляўнічы й кажа:

- Цяпер я ведаю, што з маімі братамі здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь імі зрабіла, а не, дык мае вартаўнікі цябе жывую зьядуць.

Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пні - ажылі старэйшыя браты, ажылі й іхныя зьвяры.

Накінуліся трое львянят, трое ваўчанят і трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу і разарвалі яе на кавалкі.

Пачалі з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзіць. Шмат дзічыны ў ёй стралялі, шмат зьвяроў лавілі, і добра жыць сталі.




Крыніца: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.

Беларуская Палічка: http://knihi.com