epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Хвасты

Быў такі час на зямлі, калі зьвяры ня мелі хвастоў. Заязь страшэнна дакучала ім: абараніцца зьвяры ня мелі чым. І вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб зьвяры йшлі хвасты атрымліваць. Пайшлі ганцы ўва ўсе канцы з пушчаў, лясоў і палёў склікаць зьвяроў. Паведамілі ваўка, лісіцу, куніцу, пабудзілі й мядзьведзя ў яго бярлозе.

- Добра, - кажа Мішка: - я зараз прыйду, адно загляну да старое ліпы, ці не знайду там чаго пасьнедаць.

Запраўды, у дуплё старое ліпы дзікія пчолы нанасілі шмат мёду. Стаў Мішка ламаць дуплё ды выграбаць мёд. Пчолы жалілі яго, але ён не зважаў на гэта, заграбаў мёд і пчол і парахню, што прыстала да мёду, еў усё ды толькі мармытаў ад асалоды. Наеўшыся, ён ужо хацеў ісьці на сходку, аж глянуў, што шэрсьць уся выпацкана ў мёд ды парахню.

- Не, - падумаў Мішка, - у такім гарнітуры йсьці на сходку нельга. - Сеў ён і пачаў вылізваць сабе бруха. А сонейка так добра грэла, што Мішка разамлеў і не заўважыў, як моцна заснуў.

Тымчасам на сходку ўжо сталі зьбірацца зьвяры. Першай прыбегла лісіца й выбрала сабе самы прыгожы пушысты хвост. Потым - куніца, вавёрка. Бык выбраў сабе хвост зь мяцёлкай на канцы, конь - з даўгімі валасамі, каб лепш было змагацца з мухамі ды аваднямі. Падбег і зайчык, але, пачуўшы страшэнны гармідар, спалохаўся ды схаваўся ў кусты; сядзеў там, пакуль усе зьвяры разыйшліся і ў лесе стала ціха. Вылез зайчык з кустоў і нясьмела падыйшоў да ляснога цара.

- Дзе-ж ты быў - кажа цар, - то-ж усе хвасты ўжо разабралі, астаўся толькі адзін маленькі.

- То-ж такі мне й трэба - узрадаваўся зайчык. - даўгі хвост толькі перашкаджаў-бы мне ад ваўкоў ды сабак уцякаць, а гэты будзе якраз.

Фарсіста прычапіў зайчык свой хвост і весела паскакаў.

А тымчасам прачнуўся й мядзьведзь і раптам успомніў, што ён мусіў ісьці на сход. Глянуў, а сонца ўжо зусім над лесам павісла. З усіх ног кінуўся Мішка бегчы. Бег, бег, аж засопся. Але ў тым месцы, дзе была сходка, ужо нікога ня было.

- Што-ж мне цяпер рабіць, - думае мядзьведзь - усе будуць мець хвасты, адзін я застануся без хваста. - Гэтак ідзе ён злосны, аж бачыць на пяньку барсук пакручваецца і ўсё на свой прыгожы хвост глядзіць.

- Паслухай, барсуча, - кажа мядзьведзь, - нашто табе такі вялікі хвост? Аддай мне хоць палавіну.

- Што ты? - кажа барсук - як-жа можна? То-ж увесь фасон прападзе.

- Не дасі, - сказаў мядзьведзь ды палажыў лапу барсуку на голаву, - не дасі па дабру, дык сілай вазьму.

- Ня дам - крыкнуў барсук, ды як рвануўся, дык і вырваўся. Але ў мядзьведзя ў лапе засталася доўгая паласа барсуковае скуры. Адарваў мядзьведзь кавалак гэтае скуры, прычапіў сабе, дзе павінен быць хвост, ды пайшоў даядаць мёд. А барсук бег, бег, дзе ні схаваецца, усё яму здаецца, што мядзьведзь усьлед тупае. Урэшце выкапаў ён глыбокую нару, залез у яе й сядзеў там цэлыя дні. Толькі калі месяц узыйходзіў над лесам, вылазіў ён пашукаць чаго-колечы зьесьці. Там у нары ў барсука дзеці нарадзіліся. І вось аднойчы недалёка ад гэтае нары бегла лісіца. Чуе яна, што нешта пішчыць. Глянула яна на дрэвы, агледзела ўсе кусты - нічога няма. Прыслухалася лісіца і здалося ёй, што нешта пішчыць пад зямлёй. Глядзіць, аж нара. Палезла лісіца ў нару, аж там барсук.

- Што гэта табе, барсуча, наверсе цесна стала, што ты пад зямлю залез? -

- А так, цесна. - Ды расказаў лісіцы, як мядзьведзь хацеў забраць у яго хвост. Выслухала лісіца, хітра засьмяялася ды кажа:

- Хлусіш ты, барсук. Ня веру я твайму ніводнаму слову.

- Ня верыш, дык я цябе пераканаю. - І вылез з нары. Праўда, лісіца пабачыла, што ў барсука ад галавы праз усю сьпіну белая паласа. Паверыла лісіца й не на жарт спалохалася.

- Што-ж, - падумала яна - калі ён хацеў забраць барсукоў хвост, дык мой-жа прыгажэйшы. - І пабегла шукаць сабе сховішча. Але дзе яна ні хавалася, усё ёй здавалася, што мядзьведзь яе знойдзе. Гэтак прабегала яна ўсю ноч і не магла супакоіцца. А пад раніцу, як і барсук, выкапала сабе глыбокую нару, залезла ў яе, накрылася сваім прыгожым пушыстым цёплым хвастом і спакойна заснула.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан