epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Дзяцел, Лісіца і Варона

Выдзеўб дзяцел у васіне дуплё, збудаваў гняздо і вывеў дзетак - траіх дзятлянятак.

Растуць малыя, а дзяцел цешыцца: «Выгадую, думае, дзяцей - на старасьць падмога будзе...»

Ды недарэмна кажуць: «Хто-б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?» Ня ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае - усім хваліцца: «Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога...»

Дачулася пра гэта лісіца. Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць. Але як-жа іх з гнязда дастаць? На дрэвы лазіць лісіца спрыту ня мае.

Дзяцел дзяцей гадуе, - корміць, поіць, а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак ізь сьвету зьвесьці.

І надумалася-такі. Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць.

Высунуў дзяцел галаву з дупля:

- Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш?

- Вось як, - кажа лісіца, - дык у цябе і дзеці ёсьць?

- Ёсьць, - адказвае дзяцел. - І такія-ж слаўныя дзеткі!

- Ну дык выганяй іх вон, ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы...

- Навошта табе гэта дрэва? - пытаецца дзяцел.

- Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду!

- Ой, лісанька, ой, матанька! - пачаў прасіцца дзяцел. - Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды-ж я цяпер з малымі падзенуся?

А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэву:

- Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш! Хто-ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што?

- Яно то праўда, - кажа дзяцел, - лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца...

- Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, - злуецца лісіца. - Сам вінаваты.

Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву:

- Што-ж мне рабіць, лісанька? Дай раду.

Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа:

- Ськінь мне адно дзіця, тады ня буду секчы дрэва.

Падумаў дзяцел - шкада дзіцяці.

- Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, - просіцца ён. - Дай хоць трохі зь дзяцей пацешыцца.

- Добра, - згадзілася лісіца. - Прыйду заўтра.

Сядзіць дзяцел у дуплі, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць ня можа. Нічога ня зробіш, прыдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца.

Тым часам прылятае да яго ў госьці кума - шэрая варона.

- Так і так, - кажа ёй дзяцел, апусьціўшы нос. - Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае...

Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя.

- Дурань ты, - кажа яна, - не аддавай!

- Дык-жа лісіца дрэва сьсячэ і ўсё роўна загубіць нас.

- Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!».

Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і навет добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі.

Прыбягае назаўтра лісіца.

- Ну, дзяцел, - кажа, - ськідай дзіця, а то зараз дрэва сьсяку.

А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупля і кажа:

- Сячы сабе, я цябе не баюся!

Зьдзівілася лісіца - адкуль толькі дзяцел розуму набраўся?

- Хто цябе навучыў так гаварыць? - пытаецца яна.

- Сваячка мая - варона-кума, - сьмела адказаў дзяцел.

Узлавалася лісіца на дзятлаву куму - шэрую варону. «Пачакай-жа, - думае, - я ёй не дарую гэтага». І пайшла прэч, глытаючы сьліну.

Думала яна, думала, як вароне адпомсьціць, і надумалася-такі. Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай.

Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, - зарадавалася яна, - нядрэнная спажыва валяецца».

Тут яна крыльлямі - мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая - навет не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая.

Варона пасьмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзяўбануць у вока... А лісіца як усхопіцца ды цап варону за нагу!

- Ага! - зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. - Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць.

- Ну што-ж, - кажа варона, - перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці.

- А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю.

- Бо ты малая тады была...

- Дык раскажы хоць, - зацікавілася лісіца.

- Добра, раскажу, - згадзілася варона. - Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер.

- Ну, вядома, - перапыніла яе лісіца. - Мая маці была не такая дурная, як твая.

- Так, так, - адказала варона. - Яна, і праўда, была разумная, твая маці, бо не захацела есьці маю маці зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае!

- Вядома, нясмачнае, - падтакнула лісіца.

- Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося - усё чыста асыпалася. Брр! - скаланулася варона. - Гэта самая страшная пакута для нас, варон...

«Добра-ж, - падумала лісіца. - Ня буду я дурнейшай за сваю маці».

Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусьціла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехаліся ў бакі, а варона ўзьнялася і паляцела на дрэва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан