epub
 
Падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Каток зь Пеўнікам ды Ліска

Жылі-былі каток і пеўнік. Збудавалі яны хатку пры лесе.

Кажа раз каток пеўніку:

- Я пайду ў лес на ўловы, а ты зачыніся й нікога ня пускай у хатку. - І пайшоў.

Ажно прыбягае ліска пад акенца ды просіць:

- Пеўнік, пеўнік, адчыні! Памяла мне пазыч. Прыехалі госьці з Замосьця, няма чым печ вымесьці, пірагі пячы.

А пеўнік на гэта:

- Зводзіш ты мяне, зводзіш, - ты мяне абманеш. - Не адчыню я хаткі й табе нічога ня дам.

- Ах, які-ж ты злосны! - кажа ліска.

- А я не маню, каб я жыла. Ну, калі ня верыш, дык падай мне памяло праз аконца, галубок!

Адчыніў пеўнік акенца і дае ёй памяло, а ліска не за памяло, а за яго ды наўцекі.

Стаў пеўнік галасіць:

 

Коціку-браціку,

Мяне ліска схапіла,

Зубамі крыльцы шчаміла,

Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,

За высокія горы,

У глыбокія норы!

Ратуй мяне!

 

Шкада стала коціку пеўніка. Ён, як мага ў пагоню пагнаўся. Лісіцу дагнаў, за валасы надраў, пеўніка адабраў.

- Ну - кажа пеўніку: - глядзі-ж больш нікому не адчыняй хаткі. Бо цяпер пайду далей, за горы.

І ў другі раз прыбягае ліска.

- Пеўнік, пеўнік, адчыні! Пазыч мне лапату, прыехалі госьці з Замосьця, няма чым пірагі ў печ садзіць.

- Не, - кажа пеўнік, - не адчыню, бо ты мяне зрадзіш.

- Не, не, пеўнічку, далібо не абману.

Дык пеўнік, як добры дурань, адчыніў дзьверы і дае лапату, а ліска за пеўнічка і ў ногі.

Яшчэ мацней стаў крычаць пеўнік:

 

Коціку-браціку,

Мяне ліска схапіла,

Зубамі крыльцы шчаміла,

Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,

За высокія горы,

У глыбокія норы!

Ратуй мяне!

 

Чуць толькі пачуў коцік пеўнікаў крык. Бегчы ды бегчы, бегчы ды бегчы - насілу дагнаў ліску зь пеўнікам. Калі-ж узлаваўся каток, як стаў лісіцу за патыліцу драць! Пусьціла лісіца пеўніка ды ходу.

Прывёў коцік пеўніка дахаты.

Назаўтра йзноў кажа яму:

- Сяньня я пайду яшчэ далей. А ты-ж глядзі, не ашукайся. Бо калі йзноў паслухаеш ліскі, дык яна цябе зьесьць.

Ліска пад акном пільнавала. Як толькі каток адыйшоўся, яна йзноў пад аконца прыбегла.

- Пеўнік, пеўнік, адчыні! Ехалі баяры, рассыпалі проса, няма каму пазьбіраць! Ідзі памажы.

- Хлусіш. Ты йзноў хочаш мяне ашукаць, - кажа пеўнік.

А ліска хітра сьмяецца ды кажа:

- А які-ж ты недаверлівы! Ды глянь-жа сам, калі ня верыш! А я пабягу хутчэй зьбіраць проса. - І сьхілілася за сьцяну.

Выхінуўся пеўнік праз аконца, а ліска - хоп - за яго ды ў лес.

Крычэў, крычэў пеўнік, але коцік яго ўжо не пачуў.

Прыходзіць коцік дамоў, а ў хатцы нікога няма, і аконца адчынена. Здагадаўся коцік, што ліска такі схапіла пеўніка.

Горка стала коціку. І пачаў ён у дарогу зьбірацца, пеўніка ратаваць. Надзеў боты-скараходы, да боку шаблю прычапіў, узяў з сабою скрыпачку й пайшоў.

Ішоў ды ішоў, ішоў ды ішоў, сустракае зайчыка.

- Зайчык, зайчык! Ці ня бачыў ты ліскі бягучы, пеўніка нясучы?

- Бачыў, - кажа зайчык вось у тую нару пабегла.

А тым часам у лісчынай хатцы ўжо ў печы паліцца, ў сагане вада грэецца, нож ляжыць навостраны пеўніка рэзаць.

Сеў каток каля нары, на скрыпцы зайграў ды й запяяў:

 

Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

 

Ліска перапыніла работу на кухні. Пасылае старэйшую дачку Чучалку:

- Паглядзі, Чучалка, што там за паніч пад варотамі пяе?

Выйшла Чучалка, а коцік яе - хапець за карак, - ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды сьпявае:

 

Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

 

Пасылае ліска сярэднюю дачку Пачучалку.

- Схадзі, паглядзі, Пачучалка, чаму гэта Чучалка так забавілася, мабыць, дужа важныя панічы прыехалі?

Выбегла Пачучалка, падскокваючы, за вароты. А коцік яе - хапець за карак, - ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды сьпявае:

 

Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

Адна тая Чучалка харошая,

Другая Пачучалка прыгожая

А трэйцяя меншая,

Мабыць прыгажэйшая.

 

Ліска аж аблізнулася, так спадабалася ёй каткова песьня.

- Ідзі й ты, - кажа да меншай дачкі. - Пэўна там знатныя панічы прыехалі.

Выбегла й трэйцяя дачка. А коцік - хапець - за яе ды ў торбу.

Тады ў хату лісчыну ўбег ды закрычэў:

- Гэй, ты, старая лісіца! Дзе пеўніка падзела?

- А мой-жа ты, сакалочак! А мой-жа ты каласочак! А я й повідам ня бачыла, а я й почутам ня чула!

Але коцік яшчэ мацней крыкнуў:

- Аддай пеўніка, бо як бач сваіх дачок аглядаць ня будзеш! - І замахнуўся шабляю.

Спалохалася лісіца. Пеўніка аддала, а сабе дачок забрала.

З тэй пары разумнейшы стаў пеўнік. І сталі яны з коцікам дружна жыць.

А ліска й дагэтуль сватоў чакае. Ніхто яе дачок замуж не бярэ, бо дужа-ж яны хітрыя.




Крыніца: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.

Беларуская Палічка: http://knihi.com