epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Лісіца і дрозд

Жылі дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла.

Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок - стракаценькі ды паласаценькі.

Пачала баба парсючка карміць - і цестам, і мукою, і сьвежаю травою.

Але, вядома, дзік - яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.

Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!

Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк.

- Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, - кажа воўк, - я цябе зьем.

Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае:

- Ня еж мяне шэры воўк, лепш ідзі із мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць.

А воўк да гусей вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку.

На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк - бух у яму! І сядзіць там.

Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.

Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца.

- Куды ідзеш, парсючок?

- Па жалуды.

- Вазьмі і мяне з сабою.

- Хадзем.

Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы. Парсючок абыйшоў яму, а лісіца - бух! - ваўку на галаву.

На трэйці дзень сустракае парсюка заяц.

- Куды ідзеш, парсючок?

- Па жалуды.

- Вазьмі і мяне з сабою.

- Хадзем.

Дайшлі да ямы - і заяц туды паляцеў. Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц.

Сядзяць яны ў яме, захацелі есьці. Лісіца кажа:

- Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго зьядзём.

Крыкнуў воўк - моцна.

Крыкнула лісіца - таксама ня надта слаба.

Крыкнуў заяц - зусім слаба: толькі піскнуў.

Ну, яго і зьелі. Воўк усе косьці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала.

Назаўтра ўзноў прагаладаліся. Лісіца дастала кішкі ды есьць патроху.

- Што гэта ты, кумка, ясі? - пытаецца воўк.

- Кішкі.

- Дзе ты іх узяла?

- Лапаю сабе жывот распарола і дастала.

Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды сканаў.

Лісіца і яго зьела.

Прыляцеў да ямы дрозд. Лісіца просіцца ў яго:

- Дрозьдзік-драздок, вызвалі мяне зь ямы!

- Як-жа я цябе вызвалю?

- Накідай у яму гальля, і я вылезу.

Дрозд накідаў гальля, лісіца вылезла зь ямы і кажа:

- Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?

- Вызваліў.

- Накармі-ж цяпер мяне.

- Як-жа я цябе накармлю?

- Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў кясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе.

- І ўсё?

- Усё.

Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты.

Наелася лісіца бліноў, прыйшла к дразду:

- Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?

- Вызваліў.

- Накарміў?

- Накарміў.

- Цяпер напаі.

- Як-жа я цябе напаю?

- А вунь, бачыш, чалавек бочку зь півам вязе. Ты ўзьляці на бочку ды дзяўбі затычку.

- І ўсё?

- Усё.

Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай дзяўбсьці затычку.

Убачыў гэта фурман, схапіў кол ды па дразду. Дрозд узьляцеў угару, а фурман з усяе сілы - па бочцы! Бочка разьбілася, піва вылілася. Цэлая лужына налілася.

Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася піва з лужыны, колькі ёй хацелася, ды пабегла да дразда:

- Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне?

- Вызваліў.

- Накарміў?

- Накарміў.

- Напаіў?

- Напаіў.

- Цяпер пацеш ты мяне.

- Як-жа я цябе пацешу?

- А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду.

- І ўсё?

- Усё.

Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда ды - трах! - цэпам. Але не па дразду, а па бабіным лобе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «А кыш!» - бах цэпам дзеду ў лоб!..

Лісіца аж качаецца ад сьмеху, пазіраючы, як дзед малоціць бабін лоб, а баба - дзедаў.

Набілі яны сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты прымочкі на лобе ставіць.

А дразду хоць-бы што - паляцеў сабе ў лес, пасьвістваючы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан