epub
 
Падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Ракаў гнеў

Загневаўся рак на Бога.

- Дрэнны лёс прызначыў мне Бог, - кажа ён - цэлы век на цёмным дне поўзаць мне суджана; ні сьвету, ні цяпла, ні радасьці, ні вясёласьці.

Запоўз рак у цёмную нару і сказаў:

- Лепш памру я тут, а назад ня вылезу.

І сказаў Бог Сонцу, каб яно ўгаварыла рака.

Бліснула сонейка сваімі коскамі сьвету й прамовіла:

- Рача, рача, ня гневайся! Усім Бог прызначыў жыцьцёвую дарогу. Вось бачыш, рача: мільёны гадоў хаджу я тэй самай дарогай і кажны год пасылаю на зямлю аднолькавую колькасьць цяпла й сьвятла. Кажны год бывае сьцюдзёная зіма, а па зіме прыходзіць радасная вясна й лецейка. Кажнаму суджана цярпець Бяду й Нядолю, але кажнага суцяшае Радасьць і Ўцеха. Адпусьціся-ж рача, ня гневайся!

- Тваё сьвятло да мяне амаль не даходзіць, - сказаў рак і ня вылез з нары.

Паслаў Бог ластаўку прасіць рака.

- Рача, рача, ня гневайся! - прашчабятала ластаўка. - Кажнага ў жыцьці спатыкаюць Бяда й Нядоля. Вось хоць-бы ўзяць і маё жыцьцё. Маленькая й безбаронная я птушачка. І кот і навет мыш-кажан мяне загрызьці могуць, і ястраб і варона заклююць, і навет верабей зь мяне назьдзекуецца. А як дзетак сваіх гадую! Зьлепіш гэта гнязьдзечка дзесь пад страхою. Добра, калі добрыя дзеці будуць у гаспадара, тады я вывяду сваіх дзетак. Але часта бываюць і распусьнікі і споруць палкамі маё гнязьдзечка, і дзетак маіх зьнішчаць. Вось і плач усё жыцьцё па дзетках сваіх. А колькі нас гіне, калі мы пералятаем на зіму ў цёплыя краіны! Богу аднаму ведама.

- Ты маеш волю і ведаеш сьвет, - сказаў рак і яшчэ далей паціснуўся ў нару.

Паслаў Бог дрэва.

- Рача, рача. Ня гневайся! - сказала пахілая вярбіна. - Няма больш бяздольнага жыцьця, як маё жыцьцё. Сам ты бачыш, які лёс мне Бог прызначыў. Вось стаю я на беразе рэчкі цэлае жыцьцё. Вада агольвае карэньні мае, вецер зрывае лісты мае. Пастушкі абразаюць мае галінкі. Узімку ўся я ледзянею ад холаду. А рэчка ня мае літасьці і вось падмые яна мае карэньні, і халодная вада пахавае маё цела.

- Але ты можаш аглядаць Божы сьвет, - сказаў рак і з нары ня вылез.

Сказаў Бог каню, каб ён перапрасіў рака.

Падыйшоў худы конь да рэчкі, страсянуў грываю ды сумна апусьціў галаву:

- Рача, рача, - прамовіў ён: - што ты ўздумаў? Паміраць хочаш? Ты думаеш, што маё жыцьцё лепшае за тваё? Паглядзі на маё цела! Ты бачыш раны і гузы. Гэта ад хамута ды ад пабояў. Увесь век цягаю цяжары. А калі сілы мне не хапае, дык яшчэ й палкамі падганяюць. Адзіная ўцеха, калі выдарыцца добры гаспадар, дык часам па шыі палопае, пахваліць мяне за шчырую працу. І ўсё-ж такі я не хачу паміраць.

Высунуўся рак з вады й сказаў горасным голасам:

- Цябе хоць калі пашкадуюць, а мяне ніхто й ніколі, - і палез узноў у нару, яшчэ далей у яе паціснуўся.

Паслаў Бог жыта.

Скланіла жыцейка свой каласок над рэчкаю ды прыемным галаском прамовіла:

- Рача, рача! Ня гневайся! Паслухай ды паглядзі на маё жыцьцё! Вось калі мае зярняткі кідаюць у сырую зямліцу, я пускаю чырвоненькі парасток. Радасна мне. Неўзабаве пышнаю, густою, зялёнаю руньню пакрываю я зямліцу. Кажуць усе: - Вось харошая рунь, - і цешацца зь мяне. Ды нядоўга трывае мая ўцеха. Прыходзіць халодная восень. Мароз скуе грудзі зямлі. Па мне пачынаюць таптацца і нішчыць: і хатняя жывёла, і дзікія зьвяры, і птушкі. Потым тоўсты пласт сьнегу закрывае мяне, і ўсю доўгую халодную зіму я заміраю.

Але зіма ня вечная. Прыходзіць цёплая вясна. Злазіць сьнег з палёў. Падымаецца сонейка й пасылае цяпло на зямлю. Вось зноў я абуджаюся да жыцьця. Зноў пакрываю зеленьню поле ды цягнуся ўгару да яснага сонейка. Церазь месяцаў два выплывае мой прыгожы каласок. Ён так радасна гайдаецца на сонцы і ўдыхае ў сябе сьвежае паветра. Яшчэ зь месяц, - і каласкі мае закрасуюць брылянцістай красою. Але-ж падумай сабе, рача. Мусіць кажная радасьць зьмяняецца сумам. Наліваюцца мае каласкі поўным зернем. Хораша жаўцее ніва, а людзі з уцехаю глядзяць на мяне. І вось тады пачынаецца пакута мая.

Прыходзяць на поле жнеі. Зразаюць мае сьцеблі вострымі сярпамі, зьвязваюць у цесныя снапы, сушаць мяне на сонцы, а потым, наваліўшы на цяжкі воз, вязуць у гумно. Нядоўга я маю супакой у гумне. Пачынаюць мяне малаціць. Б'юць мяне, мятушаць, аддзяляюць мае косьці ад цела. Потым веялкаю аддзеляць мае зярняткі і ссыпаюць у засек. Ды што-ж ты думаеш, канец маёй пакуце? Яна толькі пачынаецца. Насыпаюць гэта маіх зярнят у мяшкі й вязуць да млына і пераціраюць мяне на муку. Далей ужо каля мяне бярэцца гаспадыня, каб сьпячы з мукі смачны хлеб.

Вось мокну я, мокну ў дзяжы, кісну я, кісну; месяць мяне, перакідаюць; потым, скачаўшы баханку, кідаюць мяне ў напаленую да чырвана печ. Рача, рача! Ці-ж можаш ты сабе ўявіць тую пакуту, якую мне трэба цярпець у печы?

Ой, цяжка, ой, страшна. Ты гэтак ні разу не пакутваў. Тады толькі страшэнная боль усьцішыцца, калі дастануць мяне зь печы і абальюць халоднай вадзіцаю.

І ўсё-ж такі я ня гневаюся на Бога.

Заварушыў рак сваімі доўгімі вусамі і вылез з нары.




Крыніца: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.

Беларуская Палічка: http://knihi.com