epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Стралец і Рыбак

Былі ў бацькі два сыны. Вырасьлі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.

Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаўся зь ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі-ж часам і ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.

Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць - нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.

А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пяшкуроў ці яршоў, - якая ад іх карысьць? Хіба што кату паласавацца.

Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын ня слухае бацькі, бо вядома, ахвота горш няволі.

А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.

Стралец расказвае:

- Сяньня з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў выляцеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казьлянятамі кусаць... Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзьведзь. Бурчыць сярдзіта ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў зь яго чмяліны рой. У такі час мядзьведзь вельмі злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзьведзь ня сышоў...

Рыбак расказвае:

- Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок - і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак віль хвастом і будзь здароў... Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамі ўхапіць, ды ня ўстрымаўся і - шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.

Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:

- Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочыцца.

Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.

Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.

- Выгадаваў, - кажа, - дзяцей, а падмогі на старасьць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе...

Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.

Назаўтра бацька кажа сыном:

- Вось што, сынкі, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.

Сабраўся і пайшоў.

Засталіся сыны гаспадарамі.

Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.

Толькі вось празь некаторы час зноў зайшоў да іх той стары жабрак.

Ну, вядома, трэба пакарміць падарожнага чалавека. А ў братоў ані кавалка хлеба.

Стралец дакарае брата:

- Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.

Рыбак адказвае стральцу:

- Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэліў...

Паслухаў іх жабрак і кажа:

- Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.

Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.

Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.

- Чаму вы такія бедныя? - пытаецца ў іх жабрак. - Хіба ў вас няшчасьце якое ці што?

Браты цяжка ўздыхнулі:

- Зусім прапала наша гаспадарка...

- А як-жа вы раней жылі?

- Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.

- А што ён, ваш бацька: малады ці стары?

- Ды зусім стары ўжо...

- Вось бачыце, - кажа жабрак, - ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і бяз хлеба галееце...

Брыдка стала братом, радзей пачалі яны із стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.

Мінуў год, і зажылі яны зноў, як трэба.

Тым часам вярнуўся бацька з гасьцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён і кажа да сыноў:

- Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан