epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя казкі

Залатая яблынька

Жыў дзед і баба. І былі ў іх дочкі - дзедава дачка і бабіна дачка. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну - Юля.

Баба сваю родную дачку песьціла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала і ўсё шукала прычэпкі, каб ізь сьвету зьвесьці.

Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш, купіў бычка-трацячка. Прывёў дахаты і кажа дочкам:

- Будзеце пасьвіць яго па чарзе - адна дзень і другая дзень.

Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно і мех кудзелі.

- Глядзі, - кажа, - каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбяліла і ўвечары дамоў прынесла. А калі ня зробіш - ня жыць табе.

Вывела Галя бычка з хлява, пагладзіла па шыі і пагнала на пашу. Гоніць, а сама горкімі сьлязьмі заліваецца.

Бычок пытаецца:

- Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго плачаш?

- Як-жа мне ня плакаць, бычок? Загадала мне мачыха гэты мех кудзелі спрасьці, кросны выткаць, палатно выбяліць і ўвечары дамоў прынесьці... Ці-ж зраблю я за дзень такую работу?

- Ня плач, - адказвае бычок, - гані мяне на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу, там мы што-небудзь прыдумаем.

Прыгнала Галя бычка на шаўковую травіцу, на сьвежую расіцу. Наеўся бычок, напасьвіўся, а потым і кажа:

- Цяпер кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе.

Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю і верацяно, хукнула ў левае вуха і глядзіць. Аж там - кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца і ў сувой скочваецца...

Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна і вясёлая пагнала бычка дахаты.

Злая мачыха сустрэла яе на дварэ:

- Ну, што: спрала кудзелю?

- Спрала, - кажа Галя, і падала ёй гатовы сувой палатна.

Мачыха аж за галаву хашлася: такую работу зрабіла яе падчарка! А тут і суседкі прыйшлі - дзівяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца.

Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцэ Юлі. Дала ёй маці верацяно і поўмяха кудзелі.

- Спрадзі, - кажа, - дачушка, гэтую кудзелю і вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзі хвалілі, а не яе.

Узяла Юля тоўсты дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кідацца туды-сюды, а Юля бегае за ім, кляне на чым сьвет стаіць. Бегала, бегала і верацяно згубіла.

Прыгнала яна сяк-так бычка на пусты выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок узяў кудзелю, пабэрсаў нагамі і ўтаптаў у балота.

Прачнулася пад вечар Юля, глядзіць - кудзеля ў балоце ўтоптана... Схапіла яна дубец ды давай бычка біць. Бычок пабег дахаты, і яна за ім з крыкам.

Дома маці пытаецца ў яе:

- Ну, як, дачушка: зрабіла работу?

- Ды не, - кажа дачка.

- Чаму?

- Бычок вінаваты. Празь яго я верацяно згубіла, а потым яшчэ ён і кудзелю маю ў балота ўтаптаў...

Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда і кажа:

- Зарэж, дзед, бычка!

- Ці ня здурэла ты, баба? - падзівіўся дзед. - Навошта нам яго рэзаць?

Тут баба як затупае нагамі, як накінецца на дзеда з кулакамі:

- Калі не зарэжаш, дык я цябе вон выганю разам з тваёй дачкою!

Нічога не парадзіш - згадзіўся дзед зарэзаць бычка.

Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абкяла яго за шыю і залілася сьлязьмі.

- Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго ты плачаш? - пытаецца бычок.

Расказала яму Галя, што надумалася зрабіць злая мачыха.

- Ня плач, дзеўча, - кажа бычок. - Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмі маю печань, і там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось і ўсё.

Галя так і зрабіла, як сказаў бычок.

Вырасла зь зярняткі яблынька з залатымі яблыкамі.

Хто ні ідзе ці ня едзе каля садка - усе дзівяцца з залатой яблынькі.

Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку і спыніўся. Працягнуў руку да яе, каб сарваць залаты яблык. А яблынька - дзын, дзын, дзын! - і паднялася ўгору. Апусьціў гусар руку - яблынька зноў стала на сваё месца.

Убачыла гэта праз акно Галя і кажа да мачыхі:

- Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзін яблычак.

А мачыха як затупае на яе, як закрычыць:

- Я табе галаву сарву!

Схапіла яна Галю ды засадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблык, можа, ён закахаецца ў яе...

Падышла Юля да яблынькі, а тая - дзын, дзын, дзын! - і паднялася ўгору.

Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі.

А тут якраз па дварэ хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае:

- Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсьці замуж за пана...

Пачуў гэта гусар, зьлез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык вачэй ня можа адарваць: так яна яму спадабалася.

- Дзеўка-дзявіца, - пакланіўся ёй гусар. - Сарві мне на памяць залаты яблык з сваёй яблынькі.

Падышла Галя да яблынькі - і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног.

Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў.

Дома яны згулялі вясельле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не наглядзяцца на яго.

Тым часам злая мачыха не магла спаць ад зайздрасьці, чаму гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. І ўсё думала, як яе ізь сьвету зьвесьці.

Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ:

- Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госьці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі...

Паслухала Юля маткі, пайшла ў госьці да сястры. Падгаварыла яе купацца. На рэчцы кажа ёй:

- Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю.

Села Галя на кладцы, а Юля ськінула яе ў ваду і пабегла дахаты.

Чакаюць дома Галю - няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць ня можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы:

- Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча. Куры сьпяць, гусі сьпяць, адзін ён ня ўсыпаецца, маткі не дачакаецца...

І чуе яна голас з вады:

- Ой, цяжка мне выйсьці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае...

Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў.

- Ой іду, сынок, ой бягу, - адгукаецца маці. - Слухаць плач твой, сынок, не магу.

Выйшла маці з вады, накарміла сына, ён і заснуў. А сама назад пайшла.

Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі.

Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае:

- Галя, Галюся, твой маладзён плача, есьці хоча...

Пачула маці плач сына і адказвае:

- Ой, іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу.

Выйшла яна на бераг, пакарміла сына, - ён і заснуў. Тады муж дастаў зь кішэні залаты яблык і даў жонцы. І як толькі ўкусіла яна залаты яблык - адразу апрытомнела.

Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасьліва.

А злую мачыху і яе дачку больш да сябе і на парог ня пускалі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Крыніца: скан