epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларускія народныя песні

Зелянеюць, зелянеюць лугі, сенажаці...

Зелянеюць, зелянеюць

Лугі, сенажаці,

Пытаецца сын у мацеры,

Ды каторую ўзяці.

 

А ці тую багатую,

Што хораша ходзіць,

А ці тую сіраціначку,

Што ўсё добра робіць?

 

А ці тую багатую,

Што валы, каровы,

А ці тую сіраціначку,

Што чорненькі бровы?

 

Багатая, няўдалая

У садочку гуляла,

А бедная сіраціначка

Ўжо тры копы нажала.

 

У багатай, нехарошай

Валы паздыхаюць,

А ў беднай сіраціначкі

Бровы не зліняюць.

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Родная літаратура: падручнік-хрэстаматыя для 5-га класа агульнаадукац. шк. / склад.: Л.К.Цітова. – Мінск: Народная асвета, 1998
Крыніца: скан