epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Белая змяя

Даўным-даўно жыў на свеце кароль, і быў ён славуты па ўсёй зямлі сваёй мудрасцю. Усё было яму вядома, быццам хто цераз паветра перадаваў яму звесткі аб самых патаемных рэчах. Але быў у яго дзіўны звычай: кожнага паўдня, калі ўсё са стала прыбіралі і нікога старонняга не заставалася, прыносіў яму надзейны слуга яшчэ адно блюда. Аднак было яно прыкрыта, і нават слуга, і той не ведаў, што знаходзіцца на гэтым блюдзе; і не ведаў аб тым ніводзін чалавек, таму што кароль адкрываў блюда і прыступаў да яды толькі тады, калі заставаўся абсалютна адзін.

Так паўтаралася працяглы час, але вось аднойчы адолела слугу цікаўнасць, ён не мог з сабой нічога зрабіць і занёс блюда ў свой пакой. Ён прычыніў як належыць дзверы, падняў з блюда вечка, бачыць - ляжыць там белая змяя. Глянуў ён на яе і не мог стрымацца, каб яе не пасмакаваць; ён адрэзаў кавалак і паклаў яго ў рот. І толькі ён дакрануўся да яго языком, як зараз жа пачуў каля акна дзіўны шэпт пяшчотных галасоў. Ён падышоў бліжэй, прыслухаўся - бачыць, што гэта размаўляюць паміж сабой вераб'і і апавядаюць адзін аднаму ўсялякую ўсячыну, бачаную імі на полі і ў лесе: смак змяінага мяса даў яму магчымасць разумець птушыную мову.

І вось здарылася, што акурат у гэты дзень у каралевы прапаў яе самы прыгожы пярсцёнак, і падазрэнне выпала на гэтага бліжэйшага слугу, які меў усюды доступ. Кароль клікнуў слугу і пачаў яму гразіцца, усяляк яго лаючы, што калі ён да раніцы не назаве вінаватага, то будзе прызнаны злодзеем і аддадзены пад суд. Але нічога не дапамагло, слуга настойваў на сваёй невінаватасці, і яго адпусцілі з тым жа рашэннем. Са страхам і хваляваннем выйшаў ён на двор і пачаў разважаць, як яму з бяды выблытацца. А сядзелі каля ручая ціхамірна ды радком качкі і адпачывалі; яны чысцілі і прыгладжвалі сябе дзюбамі і вялі паміж сабой размову. Слуга спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. А расказвалі качкі адна адной, дзе яны сёння раніцай былі, дзе плавалі, які знайшлі корм; і вось адна кажа з прыкрасцю:

- У мяне такі цяжар у страўніку, я ў спешцы праглынула пярсцёнак, які ляжаў пад акном каралевы.

Схапіў слуга качку зараз жа за шыю, прынёс яе на кухню і кажа кухару:

- Зарэж мне гэтую качку, бачыш - якая яна тлустая.

- Ага, - сказаў кухар, узважваючы яе на руцэ, - яна, што і казаць, добра адкармілася, пастаралася, відаць, і даўнютка чакае, каб яе засмажылі.

Ён адсек ёй галаву і пачаў яе патрашыць, і вось знайшоўся ў яе страўніку пярсцёнак каралевы. І мог цяпер слуга лёгка даказаць каралю сваю невінаватасць; а паколькі каралю хацелася загладзіць сваю несправядлівасць, то ён дазволіў яму што-небудзь у яго папрасіць і абяцаў самую ганаровую пасаду пры двары, якую ён толькі пажадае.

Але слуга ад усяго адмовіўся і папрасіў толькі каня і грошай на дарогу, - хацелася яму свет пабачыць і нейкі час павандраваць. Яго просьба была выканана, і ён рушыў у шлях-дарогу.

Аднойчы, праязджаючы паўз возера, убачыў ён трох рыбін, якія захраснулі ў чароце і стараліся выбрацца да вады. Хаця і кажуць, што рыбы быццам бы нямыя, але слуга пачуў іх скаргу, што вось даводзіцца ім зараз гінуць такой нікчэмнай смерцю. А было ў яго сэрца жаласлівае, - ён нагнуўся з каня і кінуў трох палонніц назад у возера. Пачалі яны з радасці трапятацца, высунулі з вады галовы і мовілі яму:

- Мы гэтага табе не забудзем і аддзячым цябе за тое, што ты выратаваў нам жыццё.

Паехаў ён далей; і неўзабаве яму падалося, быццам ля самых яго ног на пяску чуецца чыйсьці голас. Ён пачаў прыслухоўвацца і пачуў, як цар мурашыны скардзіўся:

- Хоць бы пакінулі нас людзі ў спакоі, а заадно і няўклюдныя жывёлы!

І ён збочыў з дарогі, і тады сказаў яму цар мурашыны:

- Мы гэтага табе не забудзем і аддзячым цябе за гэта.

Далей прывяла яго дарога ў лес, і ўбачыў ён там дзвюх варон, яны стаялі каля гнязда і выкідвалі адтуль сваіх птушанят.

- Прэч, адсюль, шалапуты вы гэтакія! - крычалі яны. - Вас цяпер не накорміш, вы ўжо дастаткова выраслі і можаце самі сябе пракарміць.

Бедныя вараняты ляжалі на зямлі і, спрабуючы падняцца, размахвалі крылцамі і крычалі:

- Але ж мы бездапаможныя птушаняткі, мы лётаць яшчэ не ўмеем! Зараз нам адно застаецца - памерці з голаду.

Злез тады добры хлопец з каня, забіў яго шпагай і пакінуў яго на пракорм маладым варанятам. Яны падскочылі, наеліся дасыта і закрычалі:

- Мы гэтага ніколі не забудзем і дапаможам табе ў бядзе!

Давялося цяпер хлопцу ісці пяшком; прайшоў ён нямала доўгіх шляхоў і дарог, пакуль трапіў нарэшце ў сталіцу. І былі там на вуліцах вялікі шум і мітусня; і з'явіўся вершнік і абвясціў пры народзе:

- Каралеўна шукае сабе мужа, і хто хоча за яе пасватацца, той павінен спярша выканаць цяжкую задачу; а хто не зможа з ёю ўдала справіцца, той паплаціцца жыццём.

Багата людзей ужо спрабавала выканаць гэта, але толькі дарэмна з жыццём сваім развіталася. Аднак, калі хлопец убачыў каралеўну, ён быў так аслеплены яе нявыказанай прыгажосцю, што забыў пра ўсялякую небяспеку, прыйшоў да караля і аб'явіў сябе яе жаніхом.

Яго прывялі зараз жа на марскі бераг, і быў кінуты ў мора на вачах у яго пярсцёнак, і кароль загадаў яму дастаць гэты пярсцёнак з дна мора і дадаў:

- А калі ты вернешся назад без яго, дык будуць цябе скідваць увесь час у ваду, пакуль ты не патонеш у хвалях.

Усе пашкадавалі прыгожага хлопца і пакінулі яго аднаго каля мора. Стаяў ён на беразе і разважаў, што яму зараз рабіць. Раптам бачыць - падплываюць да яго тры рыбіны, то былі тыя самыя, якім ён выратаваў жыццё. І трымала сярэдняя ў роце ракавіну, яна паклала яе на бераг да ног юнака. Ён падняў ракавіну, адкрыў яе, і ляжаў там залаты пярсцёнак. Радасны, прынёс ён яго каралю і чакаў, што той дасць яму абяцаную ўзнагароду. Але калі ганарлівая каралеўна пачула, што ён просты слуга, адмовіла яму і патрабавала, каб выканаў ён спачатку другую задачу. Яна спусцілася ў сад і рассыпала там на траве дзесяць вялікіх мяшкоў проса.

- Да раніцы, перш чым падымецца сонца, ты павінен мне гэта ўсё проса выбраць, - сказала яна, - ды так, каб ніводнае зернейка не прапала.

Сеў хлопец у садзе і пачаў разважаць, як выканаць яму такую задачу, але нічога прыдумаць не мог і сядзеў зажураны і чакаў, што з надыходам раніцы яго пакараюць смерцю. Але вось заззялі ў садзе першыя промні сонца, і ён убачыў, што ўсе дзесяць мяшкоў поўныя проса, і стаяць усе ў рад, і не прапала пры гэтым ніводнага зернейка. З'явіўся ноччу цар мурашыны са сваімі тысячамі мурашоў, і ўдзячныя насякомыя з вялікім стараннем выбралі проса і ссыпалі яго ў мяшкі.

Вось спусцілася сама каралеўна ў сад і ўбачыла на сваё здзіўленне: хлопец зрабіў тое, што было яму даручана. Але яна не магла адолець сваю пыхлівасць і сказала:

- Хаця ён і выканаў абедзве задачы, але не стаць яму маім мужам перш, чым не прынясе ён мне яблык з дрэва жыцця.

Хлопец не ведаў, дзе расце дрэва жыцця; але ён выправіўся ў шлях-дарогу і вырашыў шукаць яго да таго часу, пакуль ногі будуць ісці, аднак у яго не было ніякай надзеі тое дрэва знайсці. Вось абышоў ён ужо тры каралеўствы і зайшоў пад вечар у лес. Сеў пад дрэвам, і захацелася яму спаць, - але ён пачуў у галінах шолах, і ўпаў яму ў рукі залаты яблык. А тут зляцелі да яго ўніз тры вароны, селі яму на калені і сказалі:

- Мы тры маладыя вараняці, якіх ты выратаваў ад галоднай смерці. Мы цяпер выраслі і, калі пачулі, што ты шукаеш залаты яблык, прыляцелі з-за мора, даляцелі да самага краю зямлі, дзе расце дрэва жыцця, і прынеслі табе гэты яблык.

Дужа зарадаваўся хлопец і рушыў у зваротны шлях, і прынёс прыгажуні каралеўне залаты яблык; і ўжо цяпер ёй адмаўляцца было немагчыма: яны раздзялілі яблык жыцця і з'елі яго ўдваіх; і напоўнілася яе сэрца да яго каханнем, і дажылі яны ў ціхамірным шчасці да самай глыбокай старасці.



Пераклад: Віктар Гардзей