epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Беласнежка і Красназорка

На краі лесу, у маленькай хацінцы, адзінока жыла бедная ўдава. Перад хацінкай у яе быў сад, а ў садзе раслі два ружовыя кусты. На адным з іх цвілі белыя ружы, а на другім - чырвоныя. І былі ў яе дзве дачкі - адна бялей за белую ружу, другая румяней за чырвоную. Адну празвалі Беласнежкай, другую - Красназоркай.

Абедзве дзяўчынкі былі сціплыя, добрыя, працавітыя, паслухмяныя. Здавалася, увесь свет абыдзі - не знойдзеш лепшых! Толькі Беласнежка была цішэй і ласкавей, чым яе сястра. Красназорка любіла бегаць і скакаць па лугах і палях, збіраць кветкі, лавіць пеўчых птушак. А Беласнежка больш ахвотна заставалася каля маці: дапамагала ёй па гаспадарцы або чытала што-небудзь услых, калі рабіць было нечага.

Сёстры так моцна любілі адна адну, што ўсюды хадзілі разам, узяўшыся за рукі. І калі Беласнежка гаварыла: «Мы ніколі не расстанемся», то Красназорка дадавала: «Да таго часу, пакуль жывыя!» А маці заканчвала: «Ва ўсім дапамагайце адна адной і ўсё дзяліце пароўну».

Часта абедзве сястры хадзілі ўдваіх у дрымучы лес збіраць спелыя ягады. І ні разу ніводзін драпежны звер не крануў іх, ніводзін маленькі звярок, убачыўшы іх, не схаваўся ад страху. Зайчык смела браў капусны ліст з рук у сясцёр, дзікая каза, як дамашняя, пасвілася ў іх на вачах, алень весела скакаў, а лясныя птушкі і не думалі ўцякаць ад дзяўчатак - яны сядзелі на галінках і спявалі ім усе песні, якія толькі ведалі.

Ніколі ніякай бяды не было з імі ў лесе. Калі, бывала, яны забавяцца і ноч застане іх у гушчары, то клаліся побач на мяккі мох і спакойна засыналі да раніцы. Маці ведала гэта і зусім не трывожылася за іх.

Беласнежка і Красназорка так чыста прыбіралі заўсёды сваю хату, што і заглянуць туды было прыемна.

Летам за ўсім прыглядала Красназорка. Кожнай раніцай, перш, чым прачыналася маці, яна ставіла каля яе пасцелі букет кветак, а ў букеце абавязкова было па кветачцы з кожнага ружовага куста - белая ружа і чырвоная.

А зімой у хаце гаспадарыла Беласнежка. Яна раскладала ў ачагу агонь і вешала на крук кацялок над агнём. Кацялок быў медны, але блішчаў, як залаты, - так ярка ён быў начышчаны.

Вечарам, калі за вокнамі хадзіла мяцеліца, маці гаварыла:

- Ідзі, Беласнежка, зачыні шчыльна дзверы.

І яны ўтраіх садзіліся перад ачагом.

Маці даставала акуляры, раскрывала вялікую тоўстую кнігу і пачынала чытаць, а абедзве дзяўчынкі сядзелі за сваімі калаўротамі, слухалі і пралі. Каля іх на падлозе ляжаў баранчык, ззаду, на седале, схаваўшы галаву пад крыло, - белы галубок.

Але аднойчы, калі яны сядзелі перад агнём і бавілі вечар за кнігай і калаўротам, хтосьці нясмела пастукаўся ў дзверы, быццам прасіў упусціць яго.

- Чуеш, Красназорка? - сказала маці. - Адчыні хутчэй! Гэта, напэўна, які-небудзь падарожнік шукае ў нас прытулку і адпачынку.

Красназорка пайшла і адсунула засаўку. Яна думала, што ўбачыць за дзвярыма стомленага чалавека, якога застала непагадзь.

Ды не, на парозе стаяў не чалавек. Гэта быў мядзведзь, які адразу ж прасунуў у дзверы агромністую чорную галаву.

Красназорка гучна ўскрыкнула і адскочыла назад. Баранчык забляяў. Галубок заляпаў крыламі. А Беласнежка схавалася ў самы цёмны куток, за ложак мацеры.

Мядзведзь паглядзеў на іх і сказаў чалавечым голасам:

- Не бойцеся! Я не зраблю вам ніякага зла. Я проста вельмі замёрз і хацеў бы хоць трохі сагрэцца ў вас.

- Ах ты, бедны звер! - сказала маці. - Кладзіся вось тут, каля агню... Толькі глядзі не падпалі незнарок шубу.

Пасля яна закрычала:

- Беласнежка! Красназорка! Ідзіце хутчэй сюды! Мядзведзь не зробіць вам нічога дрэннага. Ён разумны і добры.

Абедзве дзяўчынкі падышлі бліжэй, а за імі баранчык і галубок. І неўзабаве ўжо ніхто з іх не баяўся мядзведзя.

- Дзеці, - сказаў мядзведзь, - вам трэба пачысціць маю шубу, а то яна ўся ў снезе.

Дзяўчаткі прынеслі мяцёлку, абмялі, пачысцілі густую мядзведжую футру, і мядзведзь расцягнуўся перад агнём, забурчаў ад задавальнення.

А Беласнежка і Красназорка даверліва прымасціліся каля яго і давай тармасіць свайго непаваротлівага госця. Яны кудлацілі яго шэрсць, станавіліся яму на спіну нагамі, штурхалі то ў адзін бок, то ў другі, дражнілі арэхавымі палкамі. А калі звер пачынаў раўці, яны гучна смяяліся.

Мядзведзь дабрадушна дазваляў гуляць з ім, але калі яго вельмі даймалі, роў:

 

- Беласнежка! Красназорка!

Дзеці, грэх вам - не ха-ха,

Заб'яце вы жаніха.

 

Калі надышла ноч і трэба было класціся спаць, маці сказала мядзведзю:

- Заставайся ты тут, каля ачага. Тут будзеш заслонены ад ветру і сцюжы.

Махнаты госць застаўся.

На світанні дзяўчаты адчынілі дзверы, і мядзведзь павольна паплёўся ў лес па снежных гурбах.

Але з той пары кожны вечар у той жа час ён прыходзіў да іх, клаўся перад ачагом і дазваляў абедзвюм сёстрам тармасіць яго колькі ім захочацца.

Дзяўчаткі так прывыклі да яго, што нават дзверы не зачынялі, пакуль не прыйдзе іх калматы чорны прыяцель.

І вось надышла вясна. Калі ўсё навокал зазелянела, мядзведзь сказаў Беласнежцы:

- Бывай. Я павінен пайсці ад вас, і ўсё лета мы не ўбачымся.

- А куды ты ідзеш, мілы мядзведзь? - спытала Беласнежка.

- У лес - вартаваць сваё багацце ад злых карлікаў, - адказаў мядзведзь. - Зімой, калі зямля моцна замярзае, яны не могуць выкарабкацца наверх і нехаця сядзяць у сваіх глыбокіх норах.

Але цяпер сонца абагрэла зямлю, растапіла лёд, і яны ўжо, напэўна, праклалі дарогу са свайго падзямелля на волю, вылезлі наверх, усюды шнараць і цягнуць да сябе ўсё, што ім прыглянецца. А хай што трапіць ім у рукі і апынецца ў іх нары, не хутка выйдзе зноў на белы свет.

Шкада было Беласнежцы расставацца з добрым другам. Яна ў апошні раз адчыніла яму дзверы. А ён, прабіраючыся міма яе праз парог, зачапіўся неспадзявана за крук у дзвярах і вырваў кавалачак шэрсці. І тут Беласнежцы падалося, што пад калматай мядзведжай шкурай бліснула золата... Але яна вачам сваім не паверыла. Мядзведзь з усіх ног кінуўся ўцякаць і, перш чым яна паспела аглянуцца, знік за дрэвамі.

Неўзабаве пасля таго паслала маці абедзвюх дачок у лес па хвораст. У глыбіні лесу дзяўчаты ўбачылі вялікае дрэва, паваленае бурай. Яшчэ здалёк яны заўважылі, што каля ствала ў траве штосьці мітусіцца, скача. Але што гэта такое - яны не маглі разабрацца.

Сёстры падышлі бліжэй і ўбачылі карліка - маленькага дзядка з маршчыністым тварам і доўгай, белай як снег барадой. Кончык яго барады трапіў у расколіну дрэва, і дзядок скакаў і мітусіўся, нібы сабачка на вяровачцы, але ніяк не мог вырвацца на волю.

Убачыўшы дзяўчат, ён выпучыў свае чырвоныя, іскрыстыя вачаняты і закрычаў:

- Чаго вы спыніліся? Не можаце падысці бліжэй і дапамагчы?

- Ды што ты тут робіш, дзядок? - сказала Красназорка.

- Неразумная цікаўная гуска! - адказаў карлік. - Я хацеў расшчапіць дрэва, каб нарыхтаваць сабе дробных дроўцаў для кухні. На тоўстых паляняках прыгараюць нашы далікатныя, лёгкія стравы. Але мы ядзім патрошку, а не напіхваем свае жываты, як вы, грубы, прагавіты народ!.. Я ўжо амаль загнаў у дрэва клін, і ўсё ішло выдатна, ды праклятая дзеравяка папалася вельмі слізкая і ні з таго ні з сяго выскачыла назад. Я не паспеў адскочыць, і маю цудоўную белую бараду прыхапіла, нібы ціскамі. Вось яна і сядзіць у расколіне, і я, колькі ні б'юся, не магу вырвацца... Ды вы што смеяцеся, таўсташчокія дурнічкі? Цьфу, і глядзець на вас праціўна!

Дзяўчаты з усіх сіл імкнуліся дапамагчы дзядку, але вызваліць яго бараду ім ніяк не ўдавалася: вельмі ўжо моцна заціснула яе расколіна.

- Я пабягу паклічу людзей, - сказала Красназорка.

- Пустыя барановыя галовы! - заскрыпеў карлік. - Вельмі патрэбна клікаць сюды людзей! Хопіць з мяне і вас дваіх. Няўжо вы не можаце прыдумаць нешта лепшае?

- Пацярпі трошкі, - сказала Беласнежка. - Зараз я цябе выручу.

Яна выцягнула з кішэні маленькія нажніцы і адрэзала яму кончык барады.

Ледзь толькі адчуў сябе карлік на свабодзе, схапіў схаваны ў карэнні дрэва і з коптурам напакаваны золатам мех, надзейна завязаў яго, выгукнуў буркліва:

- Неачэсаны народ!.. Адхапілі кавалак маёй цудоўнай барады... Каб вам пуста было!

З гэтымі словамі ён узваліў мяшок на плечы і пайшоў, нават не глянуўшы на дзяўчат.

Праз некалькі дзён пасля таго Беласнежка і Красназорка вырашылі налавіць на абед рыбы. Прыйшоўшы на бераг ракі, яны ўбачылі вялікага коніка, які скакаў каля самай вады.

Яны падбеглі бліжэй і пазналі карліка, якога нядаўна бачылі ў лесе.

- Ды што з табой? - спытала Красназорка. - Ты, здаецца, збіраешся скочыць у ваду?

- Я не такі дурань! - крыкнуў у адказ карлік. - Няўжо вы самі не бачыце, што гэта праклятая рыба цягне мяне за сабой?

Сталася, што карлік сядзеў на беразе і лавіў рыбу. На бяду, вецер захацеў пагуляць з яго доўгай барадой і накруціў яе на лёску вуды. А тут, нібы знарок, клюнула вялікая рыбіна. У бяднягі не хапіла сілы выцягнуць яе на бераг. Рыба адолела рыбака і пацягнула яго за сабой у ваду. Ён хапаўся за травінкі і саломінкі, але ніяк не мог утрымацца. Рыба кідалася ў вадзе і цягала яго за сабой па беразе то ўправа, то ўлева... Яшчэ трохі, і яна пацягнула б яго на дно.

Дзяўчаты падаспелі якраз у час. Моцна схапіўшы карліка, яны спрабавалі разблытаць яго бараду. Але дзе там! Барада і лёска так цесна перапляліся, што думаць пра гэта было нечага.

Заставалася адно: зноў дастаць з кішэні маленькія нажніцы і адстрыгчы яшчэ жмут барады.

Ледзь толькі ляснулі нажніцы, карлік закрычаў не сваім голасам:

- Ды дзе гэта бачана, жабы вы лупатыя, так нявечыць чалавека! Мала таго, што вы ўжо адхапілі ў мяне канец барады, цяпер вы адрэзалі яе лепшую частку. Ды як я ў такім выглядзе пакажуся! Ах, каб вы, уцякаючы, свае падэшвы пагублялі!..

Тут ён схапіў мяшок з жэмчугам, закінуты ў чарот, і, не сказаўшы больш ні слова, знік за каменем.

Прайшло яшчэ тры дні, і вось маці паслала абедзвюх дачок у горад купіць іголак, нітак, шнуркоў і стужак.

Дарога ішла цераз пустэльную раўніну, па якой тут і там былі раскіданы агромністыя глыбы камянёў.

Дзяўчаты заўважылі, што ў небе лунае вялікая птушка. Павольна кружачыся, яна апускалася ўсё ніжэй і ніжэй і нарэшце села непадалёк ад дзяўчат, каля адной са скал.

У тое ж імгненне яны пачулі нейчы пранізлівы, жаласны крык.

Сёстры кінуліся на дапамогу і з жахам убачылі, што ў кіпцюры арла трапіў іх стары знаёмы - сівабароды карлік. Птушка развінула крылы і ўжо сабралася панесці яго.

Дзяўчынкі з усіх сіл ухапіліся за чалавечка і датуль тузалі і цягнулі яго да сябе, пакуль птушка не выпусціла сваю здабычу.

Толькі апомніўся карлік ад перапалоху, як закрычаў сваім скрыпучым, вісклівым галаском:

- Няўжо нельга было абысціся са мной як-небудзь асцярожней? Вы на шматкі парвалі кафтанчык з такога тонкага сукна!.. Эх вы, нехлямяжыя, непаваротлівыя дзеўчаняці!

Ён падняў мяшок, на гэты раз напакаваны каштоўнымі камянямі, і шмыгнуў у якуюсьці нару пад скалой.

А дзяўчаткі, зусім не здзівіўшыся, пайшлі далей: яны ўжо прывыклі да яго няўдзячнасці.

Вечарам, скончыўшы ў горадзе свае справы, сёстры вярталіся той жа дарогай і зноў нечакана сустрэлі карліка.

Выбраўшы чыстую, роўную мясціну, ён вытрас са свайго мяшка каштоўныя камяні і разбіраў іх, не думаючы, што хто-небудзь так позна пойдзе каля скал.

У праменнях вячэрняга сонца бліскучыя каменьчыкі так цудоўна мігацелі, пераліваючыся ўсімі колерамі вясёлкі, што сёстры міжволі спыніліся і залюбаваліся імі.

Карлік узняў галаву і заўважыў дзяўчынак.

- Ну чаго спыніліся, разявакі? - закрычаў ён, і яго попельна-шэры твар паружавеў ад злосці. - Што вам тут патрэбна?..

Ён адкрыў рот, каб вылаяцца, але тут пачулася грознае рычанне, і вялікі чорны мядзведзь шарам выкаціўся з лесу.

Страх адкінуў карліка ўбок, але дзядку не ўдалося ўцячы ў сваю надзейную нару: мядзведзь ужо быў у двух кроках ад яго.

Тады, калоцячыся ад страху, ён запішчаў:

- Дарагі пан мядзведзь, злітуйцеся нада мной! Я аддам вам сваё багацце! Паглядзіце хоць на тыя цудоўныя каменьчыкі, што ляжаць перад вамі... Толькі падарыце мне жыццё! Ну на што я вам, такі маленькі і шчупленькі? Вы нават не адчуеце мяне на зубах. Вазьміце лепш гэтых дрэнных дзяўчатак! Вось гэта будзе для вас смачны кавалачак. Вы ж самі бачыце, што яны больш тлустыя, чым маладыя перапёлкі. З'ешце іх абедзвюх на здароўе!..

Але мядзведзь і вухам не павёў, як быццам не чуў, што кажа яму злы карлік. Ён толькі стукнуў яму разок сваёй цяжкой лапай, і карлік больш не варухнуўся.

Дзяўчаткі вельмі напалохаліся і кінуліся бегчы, але мядзведзь забубніў ім услед:

- Беласнежка, Красназорка, не бойцеся, пачакайце! І я з вамі!

Тут яны пазналі голас свайго даўняга прыяцеля і спыніліся. Калі ж мядзведзь параўняўся з імі, тоўстая мядзведжая шкура раптам звалілася з яго, і яны ўбачылі перад сабой цудоўнага юнака, з ног да галавы апранутага ў золата.

- Я - каралевіч, - сказаў юнак. - Гэты злы карлік выкраў мае скарбы, а мяне самога ператварыў у мядзведзя. Дзікім зверам павінен я быў бадзяцца па лясных нетрах да таго часу, пакуль яго смерць не вызваліць мяне. І вось нарэшце ён пакараны па заслугах, а я зноў стаў чалавекам. Але я ніколі не забудуся, як вы пашкадавалі мяне, калі я быў яшчэ ў звярынай шкуры. Больш мы з вамі не расстанемся. Няхай Беласнежка стане маёй жонкай, а Красназорка - жонкай майго брата.

Так і адбылося. Калі прыйшоў час, каралевіч ажаніўся з Беласнежкай, а яго брат - з Красназоркай.

Каштоўныя скарбы, схаваныя карлікам у глыбокай пячоры, зноў заблішчалі на сонцы.

Добрая ўдава яшчэ доўга жыла ў сваіх дачок спакойна і шчасліва. Абодва ружовыя кусты яна ўзяла з сабою. Яны раслі пад яе акном і кожны год расцвіталі там цудоўныя ружы - белыя і чырвоныя.



Пераклад: Уладзімір Карызна