Жыў калісьці на свеце бедны селянін. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы і прысак варушыў, а жонка сядзела і прала. Вось ён і кажа жонцы:
- Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмі ж у нас ціха, а вось у іншых хатах, ты толькі зірні, як шумна ды весела.
- Гэта праўда, - адказала жонка і ўздыхнула, - каб было ў нас хоць адно, хай сабе такое маленькае, як мезены пальчык, дык і то я была б шчаслівая. А як мы любілі б яго!
І здарылася так, што жонка стала цяжарнай і праз сем месяцаў нарадзіла немаўлятка, і было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палец.
І сказалі яны:
- Вось так яно і сталася, як мы хацелі: сыночка нашага мы будзем любіць, - і імя яму далі за яго рост Хлопчык як пальчык.
Яны добра яго кармілі, але хлопчык усё не рос ды не рос і заставаўся такім, якім і нарадзіўся; аднак вочы ў яго былі разумныя, быў ён кемлівы і руплівы, і ўсё, за што ён ні браўся, яму ўдавалася.
Сабраўся аднойчы селянін у лес дровы секчы і сказаў сам сабе: «Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам».
- Татка, - кажа Хлопчык як пальчык, - я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.
- Але як жа ты з гэтым справішся, ты ж такі маленькі, каб канём кіраваць?
- Гэта, татка, не бяда! Калі маці запражэ, дык я залезу каню ў вуха і буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
- Добра, - адказаў бацька, - адзін раз, бадай што, паспрабуем.
Калі прыйшла пара, запрэгла маці каня і пасадзіла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, і стаў хлапчына пакрыкваць: «Но! но! Лявей, правей!»
Усё ішло як мае быць, як у вопытнага фурмана, і воз каціўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калі Хлопчык як пальчык крыкнуў: «Налева, налева!», насустрач з'явіліся двое незнаёмых.
- Глянь, - кажа адзін з іх, - што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не відаць.
- Тут штосьці не тое, - зазначыў другі, - давай пойдзем следам за возам і пацікуем, дзе ён спыніцца.
А воз ехаў сабе ўсё далей і далей у лес і прамым кірункам туды, дзе секлі дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку і кажа яму:
- Вось, татка, я і прыехаў з возам. А цяпер ты знімі мяне і апусці на зямлю.
Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былінцы.
Убачылі незнаёмцы Хлопчыка як пальчык і не ведалі, што ім і казаць ад здзіўлення. Пасля адзін з іх і кажа:
- Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесці нам шчасце, мы паказвалі б яго ў вялікім горадзе за грошы, - давай купім яго.
Падышлі яны да селяніна і гавораць:
- Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
- Не, - адказвае селянін, - гэта мой любы сынок, і я яго нават за золата не прадам.
Але Хлопчык як пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткі да бацькі на плечы і пачаў шаптаць яму ў вуха:
- Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.
І вось прадаў яго бацька за вялікія грошы двум незнаёмцам.
- А куды ж цябе пасадзіць? - пытаюцца яны ў хлопчыка.
- Ды пасадзіце мяне на палі вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць і ваколіцы аглядаць, я адтуль не звалюся. Незнаёмцы згадзіліся з ім. Хлопчык як пальчык развітаўся з бацькам, і яны рушылі ў шлях-дарогу.
Ішлі яны, ішлі, а ўжо і вечарэць пачынае, тады хлопчык і кажа:
- Апусціце мяне на дол, бо маю патрэбу.
- Ат, заставайся там наверсе, - прамовіў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў, - нічога страшнага, ад птушак таксама іншы раз перападае.
- Не, - адказаў Хлопчык як пальчык, - я ведаю, як трэба сябе паводзіць, хутчэй апусціце мяне ўніз.
Зняў чалавек капялюш і пасадзіў хлопчыка на прыдарожнае поле. Хлопчык як пальчык скокнуў убок і пачаў прабірацца паміж грудамі зямлі, а калі прыкмеціў мышыную норку, узяў і схаваўся туды.
- Бывайце, спадары, бывайце, ідзіце сабе дамоў без мяне, - гукнуў ён ім з норкі.
Падбеглі тыя да мышынай норкі, давай торкаць у яе палкамі, але дарэмна, - Хлопчык як пальчык запаўзаў усё глыбей і глыбей, а незнаёмцаў ужо і ноч агарнула, і давялося ім вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.
Калі Хлопчык як пальчык зразумеў, што яны пайшлі, ён вылез з падземнага хода. «Упоцемку ісці па полі, бадай што, будзе небяспечна, - сказаў ён, - яшчэ шыю сабе скруціш». На шчасце, натрапілася яму па дарозе пустая ракавіна слімака. «Дзякуй Богу, - сказаў ён, - цяпер я магу правесці ноч спакойна», - і залез у ракавіну.
Толькі пачаў ён засынаць, як раптам чуе - ідуць міма два чалавекі, і адзін з іх гаворыць:
- Як гэта нам украсці ў багатага пастара грошы і серабро?
- Я табе сказаў бы, як гэта зрабіць! - гукнуў Хлопчык як пальчык.
- Што гэта? - пытаецца напалоханы злодзей. - Я чую, нехта гаворыць.
Прыпыніліся яны і пачалі ўслухоўвацца. Тады Хлопчык як пальчык зноўку прамовіў:
- Вазьміце мяне з сабою, я вам памагу.
- А дзе ж ты?
- А вы пашукайце мяне на зямлі і слухайце, адкуль голас чуецца, - адказаў ён.
Нарэшце зладзеі знайшлі яго і паднялі ўгару.
- Ну і малеча, як ты можаш нам памагчы? - здзівіліся яны.
- А вось як, - адказаў ён: - я залезу праз краты ў камору пастара і дастану вам тое, што патрэбна.
- І то праўда, - сказалі зладзеі, - паглядзім, як ты з гэтым справішся.
Прыйшлі яны да хаты пастара, і залез Хлопчык як пальчык у камору ды як закрычыць адтуль:
- Вы хочаце забраць ўсё, што тут ёсць?
Спалохаліся зладзеі і кажуць:
- Цішэй гавары, а то яшчэ хто-небудзь прачнецца.
Але Хлопчык як пальчык нібыта не зразумеў іх ды як закрычыць зноў:
- Вы хочаце забраць усё, што тут ёсць?
Пачула гэта кухарка, - яна спала ў суседнім пакоі, - абаперлася на локаць і пачала прыслухоўвацца. Зладзеі перапалохаліся і адбегліся ад хаты, але пасля апомніліся і падумалі: «Наш хлопчына, відаць, хоча нас падражніць». Яны вярнуліся і шапнулі яму:
- Хопіць сваволіць, дастань нам што-небудзь з каморы.
Але Хлопчык як пальчык зноў закрычаў, ды так гучна, як толькі мог:
- Ды я вам усё падам, вы толькі працягніце рукі!
А служанка ўсё прыслухоўвалася і да слоўца пачула, што яны казалі; саскочыла яна з ложка і, спатыкаючыся, пабегла да дзвярэй каморы. Зладзеі пусціліся наўцёкі, быццам іх даганяў чарадзейны стралок. Служанка, нікога не знайшоўшы, пайшла запальваць свечку. Увайшла яна ў камору, а Хлопчык як пальчык тым часам непрыкметна перабраўся ў адрыну.
Служанка абшнарыла ўсе закуткі і зноў лягла на ложак, думаючы, што ўсё гэта ёй прыснілася. Хлопчык як пальчык тады залез у сена, знайшоў там утульнае месца і вырашыў пераспаць да раніцы, а пасля ўжо вярнуцца дахаты, да маці з бацькам.
Але давялося яму зазнаць іншае! Так, шмат яшчэ на свеце здараецца гора і няшчасця...
Калі развіднела, служанка ўстала з ложка, каб падкінуць трохі скаціне. Пайшла яна ў адрыну, узяла ахапак сена, і сталася так, што захапіла яна якраз той жмуток сена, у якім ляжаў бедны Хлопчык як пальчык. Ён спаў так моцна, што нічога не чуў, і прачнуўся ўжо ў роце ў каровы, якая схапіла яго разам з сенам.
«Авохці мне, а Божухна, - усклікнуў ён, - хіба што я на сукнавальню трапіў!» - але хутка зразумеў, дзе апынуўся. І ён стараўся як-небудзь праслізнуць паміж зубамі каровы, каб яна не раздушыла яго, і нарэшце давялося яму спаўзці ўніз, у страўнік. «А ў каморы, відаць, забыліся вокны прарэзаць, - прамовіў ён, - бач, і сонца ў яе не свеціць, і агню не запальваюць». Калі казаць праўду, дык кватэра гэтая яму мала падабалася, і горай за ўсё было тое, што ў дзверы лезла ўсё новае і новае сена, а месца заставалася ўсё менш і менш. Тады закрычаў ён са страху так моцна, як толькі мог:
- Не трэба мне болей свежага корму, не давайце мне свежага корму!
А служанка ў гэты час якраз даіла карову і пачула, што нехта крычыць, але нікога не відаць, і здаўся ёй голас падобны на той, які яна чула ноччу, і так перапалохалася, што ўпала з услончыка і разліла ўсё малако. Пабегла, засопшыся, да свайго гаспадара і кажа:
- Ой, Божухна, спадар пастар, а наша карова пачала гаварыць!
- Не можа быць, - сказаў пастар, аднак пайшоў у кароўнік - паглядзець, што там здарылася. Але не паспеў ён увайсці, а Хлопчык як пальчык як закрычыць зноў:
- Не давайце мне болей свежага корму, не давайце мне болей свежага корму!
Тут і пастар спалохаўся і падумаў, што ў карову ўбіўся злы дух, і загадаў ён зарэзаць яе. Зарэзалі карову, а страўнік, дзе схаваўся Хлопчык як пальчык, кінулі ў кучу гною.
Хлопчыку як пальчык давялося доўга павалтузіцца, перш чым ён з неверагоднымі высілкамі выбраўся з каровінага страўніка; вось ён ужо амаль што вылез і нават галаву высунуў, ды тут надарылася новая бяда: бег міма галодны воўк, убачыў трыбухі, схапіў іх і праглынуў. Але Хлопчык як пальчык не разгубіўся. «Бадай што з ваўком можна будзе дамовіцца», - падумаў ён і закрычаў з воўчага чэрава:
- Шаноўны воўк, я ведаю, дзе ёсць для цябе спажыва.
- А дзе ж яна? - спытаўся воўк.
- Ды вунь там у той хаце, але залезці ў яе можна толькі цераз сцёкавую канаву; там чакаюць цябе і пірагі, і сала, і каўбасы - усё, усё, чаго захочацца. - І ён падрабязна апісаў ваўку хату свайго бацькі.
Воўк не вагаючыся залез у хату цераз вадасцёкавую канаву і ўволю наеўся там у каморы ўсяго, што толькі знайшлося. Наеўшыся да адвалу, ён хацеў вылезці назад, але жывот у яго так вырас, што ранейшым шляхам воўк вылезці ўжо не мог! На гэта і разлічваў Хлопчык як пальчык і падняў у воўчым жываце страшны шум, пачаў крычаць і брыкацца, што ёсць моцы.
- Ды сціхні ты там, - кажа воўк, - а то яшчэ людзей разбудзіш!
- Ну і хітры ж ты, - сказаў хлопчык, - сам наеўся, дай і мне трохі павесяліцца, - і пачаў зноў крычаць на ўсё горла.
Тут ад шуму прачнуліся, нарэшце, бацька і маці, падбеглі да каморы і зазірнулі ў шчыліну. Як убачылі яны там ваўка, кінуліся прэч; бацька схапіў сякеру, а маці касу.
- Ідзі следам за мной, - сказаў бацька, уваходзячы ў камору, - калі я стукну яму, а ён будзе яшчэ жывы, ты яго дабівай і касой распорвай жывот.
Пачуў Хлопчык як пальчык голас свайго бацькі і як закрычыць:
- Татка, дарагі, тут я, тут, я схаваўся ў воўчым жываце!
І ўсклікнуў бацька ад радасці:
- Дзякуй табе, Божа, наша дзіцятка знайшлося! - і загадаў жонцы кінуць касу, каб Хлопчыка як пальчык не параніць. Затым ён як размахнуўся ды як стукне ваўку сякерай па галаве, той і ўпаў нежывы. Знайшлі яны нож і нажніцы, распаролі ваўку чэрава і выцягнулі адтуль Хлопчыка як пальчык.
- А мы гэтулькі пакутавалі з-за цябе, - прамовіў бацька.
- Праўда, татка, шмат прыгод было ў мяне, але, дзякаваць Богу, зноў выбраўся на божы свет!
- А дзе ж ты прападаў?
- Ах, татка, быў я і ў мышынай норцы, і ў каровіным страўніку, і ў воўчым жываце, а зараз ужо застануся ў вас, нікуды не пайду.
- А мы не аддадзім цябе ні за якія скарбы на свеце, - сказалі бацька з маці ды пачалі лашчыць і мілаваць свайго дарагога Хлопчыка як пальчык. Накармілі яго, напаілі, пашылі яму новы касцюмчык, бо ранейшы добра-такі знасіўся.