epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Храбры кравец

Аднойчы, летнім ранкам, сядзеў кравец ля акна, прымасціўшыся на стале, дзе звычайна шыў; было яму добра і весела, а таму шыў ён хутка. А ў гэты час якраз ішла вуліцай сялянка і гучна гукала: «Цудоўнае варэнне прадаю! Цудоўнае варэнне прадаю!» Краўцу спадабаліся такія словы і ён, выцягнуўшы тонкую шыю, крыкнуў жанчыне з акна:

- Заходзь сюды, галубка, наверх, тут свой тавар хутка збудзеш!

Жанчына з цяжкім кошыкам узнялася да краўца на трэці паверх, а тады пачала выстаўляць перад ім ды развязваць слоікі. Кравец агледзеў іх, патрымаў у руках кожны, прыкінуў, панюхаў, пацмокаў, ды нарэшце кажа:

- Варэнне і сапраўды добрае. То адваж мне, галубка, чатыры лоты, а то, мабыць, і ўсе чатыры фунты забяру.

Жанчына, якая з самага пачатку спадзявалася збыць тут багата свайго тавару, прадала краўцу столькі, колькі ён папрасіў, і пайшла, незадаволена нешта мармычучы.

- Ну, дзякаваць Богу за такое варэнне, - сказаў кравец, - і няхай ён пашле мне бадзёрасці ды сілы! - З такімі словамі выняў ён з шафкі хлеб, адкроіў ладную лусту, густа намазаў яе варэннем.

- Вядома ж, будзе смачна, - сказаў кравец, - аднак, мабыць, перш дашыю куртку, а тады ўжо як след падмацуюся.

Ён паклаў лусту каля сябе ды зноў прыняўся за працу. Ад радасці пачаў шыць вялікімі шыўкамі. Пах духмянага варэння тым часам вітаў па ўсім пакоі, і процьма мух, якая дасюль драмала на сцяне, адразу ажыла, адчуўшы смачную слодыч, ды гулкім роем завілася над хлебам.

- Гэй, вы, я вас не клікаў сюды! - абурыўся кравец і пачаў адганяць нязваных гасцей.

Але мухі не ведалі нямецкай мовы, таму не слухаліся, наадварот, іх яшчэ больш паналятала. Тут, як кажуць, у краўца цярпенне лопнула, ён моцна раззлаваўся, замітусіўся, схапіў суконку ды з крыкам: «Вось я зараз вам пакажу!» - з усяе сілы хлопнуў па мухах. Узняў ён суконку, глянуў на стол, палічыў - перад ім ляжала, павыцягваўшы ногі, не менш сямі забітых насякомых. «Вось які я малайчына! - сказаў ён ды сам падзівіўся з уласнай храбрасці. - Трэба, каб пра гэта ўвесь горад даведаўся».

Тут кравец хуценька выкраіў пояс, абмятаў яго і вышыў на ім вялікімі літарамі: «Паклаў семярых адным махам». «Ды што горад, - памеркаваў ён далей, - увесь свет павінен пра тое даведацца!» - і сэрца краўцова, як той баранні хвосцік, затрапяталася ад непамернай радасці.

Падперазаўся кравец поясам і сабраўся выправіцца ў белы свет, палічыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасці. Але перш чым выправіцца ў шлях-пуцявіну, ён пачаў шукаць па ўсім доме, ці няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапіць, але нічога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, і ўзяў яго з сабой. Ля брамкі ён прыкмеціў птушку, якая ніяк не магла выбавіцца з густога голля; ён злавіў яе і разам з сырам сунуў у кішэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткі і жвавы і стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, і калі ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялізнага велікана, які сядзеў ды спакойна пазіраў вакол сябе. Кравец рашуча наблізіўся да яго і гукнуў:

- Дзень добры, шаноўны, ты чаго тут рассеўся ды пазіраеш вакол? Я вось іду ў белы свет вандраваць, хачу шчасце знайсці, можа, і ты са мною пойдзеш?

Велікан пагардліва глянуў на краўца і адказаў:

- Эх ты, нікчэмны абарванец!

- Як бы не так! - не пагадзіўся кравец, а тады расшпіліў куртку і паказаў велікану новы пояс, - вось, сам можаш прачытаць, што я за чалавек!

Велікан прачытаў: «Пабіў семярых адным махам» - ды падумаў, што гаворка ідзе пра людзей, якіх забіў кравец, і адчуў да гэтага малога чалавека крыху павагі. Але яму перш захацелася праверыць яго. Ён узяў камень у руку і сціснуў яго так, што з таго вада пацякла.

- Вось і ты паспрабуй гэтак, - сказаў велікан, - калі сілы ў цябе хопіць.

- І гэта ўсё? - праўдзіва здзівіўся кравец. - Для мяне гэта нічога не значыць! - І ён засунуў у кішэнь, выняў адтуль кавалак сыру, сціснуў яго так, што ажно сок пацёк.

- Ну, што, - сказаў ён, - мабыць, лепш, чым у цябе, атрымалася?

Велікан не ведаў, што і адказаць, - ад малога чалавека ён ніяк не чакаў такога. Падняў тады велікан камень і шпурнуў угору, ды так высока, што той нават знік з вачэй.

- А цяпер, качаня, ты паспрабуй.

- Ну, што ж, кінуў няблага, - сказаў кравец, - але ж камень зноў на зямлю ўпаў; а я вось кіну, то назад не вернецца. - І ён зноў засунуў руку ў кішэнь, выняў птушку і падкінуў яе ўгору. Птушка, адчуўшы свабоду, узрадавалася, узляцела, паднялася высока ў неба і назад ужо не вярнулася.

- Як табе, дружа, гэта падабаецца? - спытаў кравец.

- Кідаць ты ўмееш добра, - пачухаў патыліцу велікан, - але, паглядзім, ці зможаш ты панесці вялікі цяжар. - І ён падвёў краўца да вялізнага дуба, што ляжаў на зямлі, а пасля кажа: - Калі ты дужы, то дапамажы мне выцягнуць дрэва з лесу.

- Чаму ж не, - адказаў маленькі чалавек, - ты ўзвалі камель сабе на плечы, а я падыму і панясу галіны, - гэта куды цяжэй.

Велікан ускінуў камель на плечы, а кравец усеўся на адну галіну; давялося велікану, які аніяк не мог азірнуцца назад, валачы ўсё дрэва, а ў дадатак і краўца. Ад гэтага маленькаму чалавеку зрабілася весела і ён пачаў насвістваць вясёлую песеньку: «Трое краўцоў пад'язджалі да крамы...», нібыта цягнуць гэта вялізнае дрэва для яго дзіцячая забава.

Працягнуў велікан цяжкую ношу недалёка, стаміўся, задыхаўся і нарэшце знямогла выгукнуў:

- Паслухай, братка, а дрэва мне давядзецца кінуць.

Тут кравец жвава саскочыў з галіны, абхапіў дрэва абедзвюма рукамі, быццам дагэтуль нёс яго, і адказаў волату:

- Ты гэткі вялікі, а дрэва выцягнуць з лесу не змог.

Пайшлі яны далей разам. Ідуць каля высокай вішні, велікан хапіў яе за вершаліну, дзе пунсавелі самыя спелыя і сакаўныя ягады, нагнуў уніз, перадаў яе краўцу і пачаў маленькага чалавека частаваць. Але кравец быў слабы ад прыроды, утрымаць вершаліну не змог, і, калі велікан адпусціў яе, дрэва паднялося і кравец узляцеў разам з галінамі ў паветра. Ён упаў на зямлю, а велікан тады яму і кажа:

- Што ж гэта ты, няўжо не хапіла сілы, каб утрымаць галіну.

- Сілы-то ў мяне хапіла, - адказаў кравец, - ці ты думаеш, што гэта цяжка чалавеку, хто пабіў семярых адным махам? А гэта я праз дрэва пераскочыў, бо знізу паляўнічыя страляюць па кустах. А вось ты скокні гэтак, калі, вядома, зможаш.

Велікан паспрабаваў, але праз дрэва пераскочыць не змог і павіснуў на галінах, з чаго вынікала, што і на гэты раз кравец меў верх.

Тады сказаў велікан:

- Калі ты такі смелы, то пойдзем разам са мной у нашу пячору, там і заначуем.

Кравец згадзіўся і пакіраваў следам за веліканам. Наблізіліся яны да пячоры, глядзіць кравец - а там сядзяць ля вогнішча яшчэ некалькі веліканаў, і кожны з іх трымае ў руках па смажанай авечцы, і кожны сілкуецца, прыцмокваючы. Агледзеўся кравец і падумаў: «А тут больш прасторна, чым у маёй майстэрні». Велікан паказаў яму на ложак і сказаў, каб ён прылёг і як след выспаўся. Тая пасцель была для краўца задужа вялікая, і ён прымасціўся нанач з самага краю, забраўшыся ў вугал. Наблізілася ноч, і велікан, падумаўшы, што кравец заснуў глыбокім сном, узяў вялізны жалезны лом і адным махам распалавініў ложак, толькі трэскі пасыпаліся. Вядома ж, падумаў, што гэту кузурку знішчыў.

Раніцай веліканы пайшлі ў лес, а пра краўца забыліся, і раптам ён выходзіць ім насустрач, вясёлы і бесклапотны. Тут веліканы перапалохаліся, падумалі, што ён усіх іх зараз пераб'е, а таму кінуліся наўцёкі. А кравец пакіраваў далей куды вочы глядзяць. Доўга ён вандраваў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца і, адчуўшы, што стаміўся, прылёг на траву ды моцна заснуў. Пакуль ён спаў, падышлі людзі, пачалі яго з усіх бакоў разглядаць. Убачылі пояс і прачыталі на ім надпіс: «Пабіў семярых адным махам».

- Ого! - падзівіліся яны, - і што ён хоча, гэты храбры воін, тут, у мірную пару? Мабыць, гэта дужа важны чалавек.

Яны пайшлі і паведамілі пра вандроўніка каралю, мяркуючы, што на выпадак вайны гэткі воін будзе тут вельмі патрэбен. Такія думкі каралю спадабаліся, і ён паслаў да краўца аднаго са сваіх прыдворных, каб той угаварыў прышэльца паступіць да караля на вайсковую службу.

Пасланец падышоў да краўца і пачаў цярпліва чакаць пакуль той не расплюшчыць вочы. А як прачнуўся, пераказаў каралеўскае даручэнне.

- Я для таго сюды і з'явіўся, - весела адказаў кравец. - Што ж, я згодзен паступіць да караля на службу.

Яго прынялі з вялікай павагай, выдзелілі пакой для жылля. Але каралеўскія воіны аднесліся да краўца насцярожана і надумалі ад яго пазбавіцца. «Што ж з гэтага атрымаецца? - меркавалі яны між сабой. - Калі мы з ім выпадкова пасварымся, то ён, чаго добрага, на нас накінецца і паб'е семярых адным махам. Тут ніхто з нас яго не адолее». І вось яны вырашылі пайсці да караля ды прасіць у яго адстаўкі.

- Дзе ж нам утрымацца, - сказалі яны, - побач з чалавекам, які здольны зваліць семярых адным махам?

Засумаваў кароль, што даводзіцца яму з-за аднаго губляць усіх верных слуг, і захацелася яму хутчэй ад краўца пазбавіцца, каб вочы яго больш не бачылі. Але кароль так адразу даць адстаўку новаму воіну не асмеліўся: а што як той раззлуецца ды заб'е яго, а сам сядзе на каралеўскі трон. Доўга думаў кароль, разважаваў і нарэшце вырашыў зрабіць так. Ён паслаў да краўца свайго чалавека і загадаў аб'явіць, што кароль хоча яму, як вялікаму воіну, зрабіць прапанову.

У адным з лясоў яго каралеўства пасяліліся два веліканы, сваімі разбоямі і падпаламі наносяць вялікі ўрон; і ніхто іх не адолее, нават баяцца наблізіцца да таго месца, дзе жывуць гэтыя злыдні. Дык вось, калі новы воін адолее гэтых веліканаў, заб'е іх, то аддасць яму кароль сваю адзіную дачку ў жонкі і паўкаралеўства ў пасаг. Памагаць воіну паедуць сто каралеўскіх коннікаў.

«Для такога, як я, было б някепска займець у жонкі прыгажуню каралеву ды яшчэ палову каралеўства, такое рэдка выпадае».

- Згодзен! - сказаў кравец. - Веліканаў гэтых я адолею і не патрэбны мне гэтыя сто каралеўскіх коннікаў; хто адным махам семярых валіць, таму няма чаго баяцца дваіх.

І вось выправіўся кравец у паход, і ехала следам за ім сотня коннікаў. Пад'ехаўшы да ўскрайку лесу, кравец сказаў каралеўскім слугам:

- Вы заставайцеся тут, а я ўжо сам спраўлюся з веліканамі. - І ён сігануў у лес, азіраючыся па баках.

Хутка ён убачыў двух веліканаў. Яны ляжалі пад дрэвам і спалі, і пры тым так ваяўніча храплі, што ажно галіны на дрэвах гайдаліся.

Кравец паназбіраў у кішэні камянёў, а пасля ўзабраўся на дрэва, усеўся на галіне, якая акурат звісала над веліканамі і пачаў кідаць тыя камяні на грудзі аднаму з грозных храпуноў, камень за каменем. Велікан доўгі час нічога не заўважаў, але нарэшце прачнуўся, таўкануў сябра ў бок ды кажа:

- Ты чаму мяне б'еш?

- Гэта табе прыснілася, - адказвае яму той, - я цябе нават пальцам не крануў. - І яны зноў улегліся спаць. А кравец зноў выняў камень ды скінуў яго на другога велікана.

- Што гэта? - гукнуў другі. - Ты чым у мяне шпурлянуў?

- Не шпурляў я ў цябе, - адказаў першы і пачаў незадаволена нешта мармытаць.

Так сварыліся веліканы нейкі час, а, калі нарэшце абрыдла гэта, памірыліся ды зноў заснулі.

Кравец тым часам зноў пачаў гульню, выбраў камень ямчэйшы і з усяе сілы запусціў яго ў грудзі першаму велікану.

- Ну, ведаеш, гэта ўжо занадта! - закрычаў той і ўскочыў, як ашалелы, схапіў свайго сябру за грудзі і грукнуў аб дрэва, ажно яно закалацілася. Другі велікан адказаў тым жа, і яны абодва так раззлаваліся, што пачалі вырываць дрэвы ды біць імі адзін аднаго, пакуль не пападалі мёртвымі на зямлю.

Тут кравец саскочыў з дрэва. «Шчасце яшчэ, - сказаў, пачухаўшы патыліцу, - што яны да майго дрэва не дабраліся, давялося б мне тады скакаць, як вавёрцы, з дрэва на дрэва, з галіны на галіну. Ды не страшна - мы людзі жвавыя!» Ён выняў свой меч і з усяе сілы грукнуў ім веліканаў у грудзі, пасля гэтага выйшаў з лесу да каралеўскіх коннікаў і кажа:

- Справа зроблена, я прыкончыў абоіх. Аднак жа цяжкавата было; яны так перапалохаліся, што ажно дрэвы з зямлі вырывалі, каб бараніцца неяк, ды хіба ўратуешся ад таго, хто семярых адным махам на зямлю валіць.

- А вас не паранілі? - пытаюць коннікі.

- Не-а, усё абышлося, - адказвае кравец, - і валасінкі не ўпала.

Коннікі не паверылі і пайшлі ў лес паглядзець. Бачаць, а там веліканы плаваюць у лужыне ўласнай крыві, а вакол іх павырываныя з карэннем дрэвы ляжаць.

І вось тады патрабаваў кравец ад караля абяцанай узнагароды, а той ужо так раскайваўся, што дужа шмат наабяцаў і пачаў прыдумваць, як бы нарэшце пазбавіцца ад гэтага героя.

- Перш чым ты атрымаеш маю дачку ў жонкі і палову каралеўства, - сказаў ён краўцу, - ты павінен здзейсніць яшчэ адну геройскую справу. Жыве ў лесе адзінарог, ён нам чыніць вялікую шкоду, то злаві яго.

- Адзінарога баюся яшчэ менш, чым двух веліканаў; семярых зваліць адным махам здолеў, злаўлю і адзінарога.

Узяў ён з сабой вяроўку, сякеру, зайшоў у лес, каб падпільнаваць таго рагатага звера. А людзям, якія былі прыстаўлены яму дапамагаць, сказаў, каб чакалі на ўскрайку лесу. Доўга чакаць адзінарога не давялося; той хутка з'явіўся і кінуўся на краўца, намерыўшыся нанізаць чалавека на рог.

- Цішэй, цішэй, пачвара, - кажа кравец. - Так справа не пойдзе.

Ён спыніўся і пачаў чакаць, пакуль звер наблізіцца, пасля жвава адскочыў і схаваўся за дрэва. Адзінарог, які шалёна імчаўся, з усяе сілы загнаў рог у дрэва, ды так моцна, што раве, круціцца, а выцягнуць рог не можа, так і злавіўся.

- Цяпер птушачка ў маіх руках, - сказаў задаволена кравец і, выйшаўшы са схованкі, накінуў адзінарогу на шыю вяроўку, пасля адсек яму сякерай рог, і, калі ўсё было зроблена чын-чынам, вывеў звера з лесу і пакіраваў да караля.

Але кароль і на гэты раз не хацеў аддаваць наабяцанага і выказаў краўцу трэцяе патрабаванне. Цяпер павінен ён быў злавіць дзікага вепра для будучага вяселля, гэты звер чыніць лесу вялікую шкоду, падкопваючы дрэвам карэнне. Дапамагчы краўцу павінны былі егеры.

- Хай будзе так, - пагадзіўся кравец, - і гэта для мяне дзіцячая пацеха!

Егераў з сабой у лес ён не ўзяў, і яны былі гэтым вельмі задаволены, бо дзік неаднойчы ганяў іх між дрэў і зноў сустракацца з ім не было ніякай ахвоты.

Калі дзік заўважыў краўца, то адразу, з пенай на лычы, кінуўся на чалавека, збіраючыся збіць яго з ног ашчэранымі ікламі. Але жвавы герой паспеў ускочыць у каплічку, што стаяла паблізу, і імгненна выскачыў з яе праз акенца, з іншага боку. Дзік таксама ўскочыў у капліцу, а кравец тым часам аббег вакол будыніны ды зачыніў дзверы, - тут люты звер і злавіўся: быў ён дужа няўклюдны, тоўсты, каб выскачыць праз акно.

Паклікаў тады кравец егераў, каб тыя ўласнымі вачыма пабачылі злоўленага звера, а сам пакіраваў да караля; і як ужо вяльможнаму не хацелася, а давялося-такі стрымаць абяцанае слова, і ён выдаў краўцу сваю дачку ў жонкі і перадаў палову каралеўства.

Ведаў бы ён, што стаіць перад ім не вялікі герой, а звычайны кравец, то зрабілася б яму дужа кепска.

Вяселле адсвяткавалі з вялікай раскошай ды малой радасцю; і вось зрабіўся кравец каралём.

Праз нейкі час пачула ноччу маладая каралева, як яе муж у сне размаўляе: «Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткі, а не зробіш, адлупцую аршынам». Тут і здагадалася яна, з якога завулка родам яе суджаны; ранкам расказала пра сваё гора бацьку і пачала слёзна прасіць яго, каб ён пазбавіў яе ад такога мужа. Пачаў кароль суцяшаць яе ды кажа:

- Гэтай ноччу ты свой пакой не запірай, мае слугі будуць стаяць ля дзвярэй, і як толькі кравец засне, яны звяжуць яго і аднясуць на карабель, які звязе самазванца ў далёкую краіну.

Каралева такім абяцаннем засталася задаволеная, але каралеўскі зброеносец, які ўсё гэта чуў, будучы верным маладому каралю, паведаміў яму пра ўсё гэта.

- Я іх не баюся, - сказаў кравец.

Вечарам ён улёгся, як звычайна, у пасцель са сваёй жонкай. Яна падумала, што ён заснуў, паднялася, адчыніла дзверы ды зноў лягла ў пасцель. А кравец зрабіў выгляд, быццам моцна спіць і пачаў, як скрозь сон, мармытаць: «Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткі, а не зробіш, адлупцую аршынам! Я пабіў семярых адным махам, забіў двух веліканаў, вывеў з лесу адзінарога, злавіў дзікага вепра - ці ж мне баяцца тых, хто стаіць за дзвярыма!»

Пачулі слугі, што мармыча кравец і ахапіў іх такі страх, што яны збеглі куды вочы глядзяць. І ніхто з тае пары не адважыўся чапаць краўца.

І вось, як быў кравец каралём, так на ўсё жыццё ім і застаўся.



Пераклад: Генадзь Пашкоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com