epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Чорт з трыма залатымі валасамі

Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзіла яна сыночка, нарадзіўся ён на свет у сарочцы, і было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэніцца з каралеўскай дачкой. І здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але ніхто не ведаў, што гэта кароль, і калі ён пачаў распытваць у людзей, што ў іх новага, яму адказалі:

- Ды вось нарадзілася ў нас на гэтых днях дзіця ў сарочцы; што яно ні задумае, ва ўсім яму будзе ўдача. І прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэніцца ён з каралеўскай дачкой.

А было ў караля сэрца ліхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такім прадказанні, і пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкінуўся такім ласкавым, такім добрым і кажа:

- Вы людзі бедныя, аддайце мне ваша дзіця, ужо я аб ім паклапачуся.

Спачатку яны адмаўляліся, але калі гэты чужы чалавек прапанаваў ім за гэта нямала золата, яны вырашылі: «Ужо як ён нарадзіўся шчасліўцам, то будзе гэта для яго да лепшага», і яны згадзіліся і аддалі хлопчыка.

Паклаў кароль дзіця ў паходны куфэрак і паскакаў з ім далей. Пад'ехаў ён да глыбокага віру, кінуў куфэрак у ваду і падумаў: «Вось я і выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жаніха». Але куфэрак не патануў, а паплыў, нібы караблік, і ні адна кропля вады ў яго не прасачылася. І адплыў ён на дзве мілі ад каралеўскай сталіцы, прыплыў да млына і спыніўся каля плаціны. На шчасце, стаяў паблізу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак і выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсці ў ім немалыя скарбы; але калі ён яго адчыніў, то ўбачыў, што ляжыць у ім прыгожы хлопчык, здаровы і вясёлы. Ён прынёс яго да млынара і яго жонкі, і паколькі дзяцей у іх не было, то млынарыха зарадавалася і кажа:

- Гэта сам Пан Бог паслаў нам дзіцятка.

Пачалі яны аб знайдышы клапаціцца, і ён вырас, выхаваны на многіх дабрадзейных справах.

Але вось здарылася аднойчы, што кароль, жадаючы схавацца ад навальніцы, зайшоў на млын і, заўважыўшы рослага хлопчыка, спытаў у млынара і яго жонкі, ці не іх гэта сын.

- Не, - адказалі яны, - гэта знайдыш. Чатырнаццаць гадоў таму назад яго прынесла ў куфэрку да нашай плаціны, і батрак выцягнуў яго з вады.

Тады кароль зразумеў, што гэта ніхто іншы, як той самы шчаслівец, якога ён кінуў у ваду, і ён сказаў:

- А ці нельга будзе, людзі добрыя, паслаць яго з маім пісьмом да каралевы. Я дам яму за гэта ўзнагароду - два залатыя.

- Як пажадае кароль, - адказалі млынар і млынарыха і загадалі юнаку рыхтавацца ў шлях-дарогу.

І напісаў кароль ліст каралеве, а было ў ім сказана: «Як толькі гэты хлопчык прыбудзе з маім пісьмом, я загадваю яго забіць і закапаць у зямлю; і зрабіць усё гэта трэба да майго вяртання».

Выправіўся хлопчык з гэтым лістом у дарогу, але на шляху заблудзіўся і трапіў пад вечар у дрымучы лес. У цемры ён заўважыў агеньчык: пайшоў насустрач яму і апынуўся каля хаткі. Зайшоў ён туды, бачыць - сядзіць каля печкі бабуля, а болей у хатцы нікога няма. Яна згледзела юнака, спалохалася і кажа:

- Ты адкуль і куды кіруешся?

- Я іду з млына, - адказаў ён, - кіруюся да каралевы, нясу ёй пісьмо; ды вось заблудзіўся ў лесе і хацеў бы ў цябе пераначаваць.

- Бедны ты хлопчык, - мовіла бабуля, - бо ты трапіў у разбойніцкі прытон; калі разбойнікі вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб'юць.

- Ну, што ж, няхай прыходзіць хто заўгодна, - сказаў юнак, - я нікога не баюся; я так стаміўся, што ісці далей не маю сілы. - І ён лёг на лаўку і заснуў.

Неўзабаве з'явіліся разбойнікі і гнеўна спыталі, чаму тут ляжыць нейкі чужы хлопчык.

- Ах, - сказала бабуля, - ды гэта ж зусім нявіннае дзіця. Хлопчык заблудзіўся ў лесе, і я з жалю яго прытуліла; ён павінен даставіць пісьмо каралеве.

Распячаталі разбойнікі ліст, прачыталі яго, а напісана ў ім было, што як толькі ён з'явіцца, яго трэба тут жа забіць. І вось адчулі жорсткія разбойнікі жаласлівасць, іх атаман разарваў ліст і напісаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькі ён з'явіцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакінулі яго спакойна спаць на лаўцы да самай раніцы, а калі ён прачнуўся, далі яму ліст і паказалі дарогу.

Каралева, атрымаўшы ліст і прачытаўшы яго, зрабіла так, як было ў ім пазначана: яна загадала наладзіць пышнае вяселле, і каралеўна была павянчана са шчасліўцам. А паколькі юнак быў прыгожы і ласкавы, то жыла яна з ім радасная і задаволеная.

Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак і ўбачыў, што споўнілася прадказанне і шчаслівец павянчаны з яго дачкой.

- Як жа гэта здарылася? - спытаў ён. - Я ж у сваім пісьме даў зусім іншы ўказ.

Тады падала яму каралева ліст і сказала: няхай, маўляў, сам паглядзіць, што ў ім напісана. Прачытаў кароль ліст і адразу заўважыў, што яго падмянілі іншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму ліст і чаму ён прынёс замест яго іншы.

- Я нічога аб гэтым не ведаю, - адказаў ён, - мабыць, яго ноччу падмянілі, калі я спаў у лесе.

І сказаў разгневаны кароль:

- Ну, гэта табе не надта лёгка пройдзе! Хто хоча атрымаць дачку маю за жонку, той павінен здабыць мне з пекла тры залатыя валасы з галавы чорта, - калі прынясеш, што я патрабую, то застанецца мая дачка тваёй жонкай.

Так думаў кароль адчапіцца ад яго раз і назаўсёды. Але шчаслівец адказаў:

- Што ж, залатыя валасы я вам здабуду, чорта я не баюся. - На тым ён развітаўся з каралём і пачаў сваю вандроўку.

І прывяла яго дарога ў адну сталіцу. Гарадскі брамнік пачаў яго выпытваць, якое ён рамяство ведае і што ўмее рабіць.

- Я ўсё ўмею рабіць, - адказаў шчаслівец.

- Тады акажы нам паслугу, - сказаў брамнік, - растлумач, чаму наш фантан на рыначным пляцы, з якога раней бруілася віно, цяпер перасох і нават вада з яго не цячэ.

- Гэта я вам растлумачу, - адказаў юнак, - пачакайце толькі, пакуль я назад вярнуся.

І ён рушыў далей і падышоў да другога горада; і зноў спытаў у яго брамнік, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.

- Я ўсё ўмею рабіць, - адказаў ён.

- Тады акажы нам паслугу і скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкі, а цяпер на ім нават і лісцяў няма.

- Гэта я вам растлумачу, - адказаў ён, - толькі пачакайце, пакуль я назад вярнуся.

Пайшоў ён далей і прыйшоў да вялікай ракі, і трэба было яму цераз тую раку пераправіцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.

- Я ўсё ўмею рабіць, - адказаў ён.

- Тады акажы мне паслугу, - сказаў перавозчык, - растлумач мне, чаму я павінен увесь час займацца перавозам і ніхто мяне ніколі не зменіць?

- Я гэта табе растлумачу, - адказаў ён, - толькі пачакай, пакуль я назад вярнуся.

Пераправіўся ён цераз раку і адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна і сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, і толькі сядзела там яго бабуля ў шырокім, вялікім крэсле.

- Што табе патрэбна? - спытала яна ў яго, і падалася яна яму не такой ужо сярдзітай.

- Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, - адказаў ён, - а не - дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.

- Аднак жа ты багата патрабуеш, - сказала яна, - калі чорт вернецца дамоў і ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваім расквітацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу - можа, чым і змагу табе дапамагчы. - І яна ператварыла яго ў мураша і сказала: - Залезь у складкі маёй спадніцы, там будзе табе бяспечна.

- Ды гэта ж добра, - адказаў юнак, - але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытанні: чаму фантан, з якога раней струменілася віно, цяпер вычарпаўся і нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якім раней раслі залатыя яблыкі, цяпер нават лісцяў няма; і чаму павінен перавозчык увесь час перавозіць з берага на бераг і ніхто яго ніколі не зменіць?

- Гэта пытанні цяжкія, - адказала бабка, - але ты сядзі ціха і слухай уважліва, што скажа чорт, калі я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.

Вось надышоў вечар, і вярнуўся чорт дамоў. Толькі зайшоў ён і, бачна, адразу ж прыкмеціў, што паветра чамусьці нячыстае.

- Чую, чую мяса чалавечае! - сказаў ён. - Тут штосьці нядобрае. - Ён зазірнуў ва ўсе куткі, пачаў шукаць і абшнарваць, але знайсці нічога не мог.

Тут пачала бабуля яго лаяць.

- Ды скрозь толькі што падмецена, - кажа, - і ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскідваеш, - вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.

Паеў ён і папіў, - відаць, моцна стаміўся, - і схіліў галаву на калені бабулі і папрасіў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп і захроп. Схапіла тады бабуля адзін залаты волас, вырвала яго і паклала яго каля сябе.

- Ой! - ускрыкнуў чорт. - Ты што робіш?

- Ды гэта мне дурны сон прысніўся, - адказала чортава бабуля, - вось я і схапіла цябе за валасы.

- Што ж табе такое прыснілася? - пытаецца чорт.

- Прысніўся мне фантан на рыначным пляцы, біла з яго раней віно, а цяпер перасох, і нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?

- Эх, калі б ведалі яны! - адказаў чорт. - Там сядзіць жаба пад каменем, - калі яе забіць, то віно пацячэ зноўку.

Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў і так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалі. І вырвала яна ў яго другі волас.

- Ух! Ды што гэта ты робіш? - ускрыкнуў разгневаны чорт.

- Ты не злуйся, - адказала яна, - гэта я спрасонку.

- А што ж табе зноў прыснілася? - пытаецца ён.

- Ды прыснілася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкі, а цяпер нават лісцяў на ёй няма. Якая прычына таму?

- Эх, калі б яны ведалі! - адказаў чорт. - Яе карані мыш падтачвае; калі яе забіць, будзе зноў яна радзіць залатыя яблыкі, а будзе мыш і далей грызці карані, то і зусім яна засохне. Але пакінь ты мяне ў спакоі са сваімі снамі! Калі ты яшчэ раз перашкодзіш мне спаць, атрымаеш аплявуху.

Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць і ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў і не захроп. Тады яна схапіла трэці волас і вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправіцца, але яна зноў яго супакоіла і сказала:

- Што з дурнымі снамі зробіш!

- Ды што ж табе прыснілася? - спытаў ён з цікаўнасцю.

- Сніўся мне перавозчык; скардзіўся ён, што павінен перавозіць з берага на бераг і ніхто ніколі яго не зменіць. Якая прычына таму?

- Эх, дурань жа ён! - адказаў чорт. - Калі хто падыдзе, каб цераз раку пераправіцца, няхай дасць ён яму ў рукі шост, - вось і павінен будзе другі стаць перавозчыкам, а ён вызваліцца.

Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы і атрымаўшы адказ на ўсе тры пытанні, пакінула старога чорта ў спакоі, і ён праспаў да самай раніцы.

Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спадніцы мураша і вярнула шчасліўцу зноў яго чалавечы воблік.

- Вось табе тры залатыя валасы, - сказала яна, - а што адказаў чорт на твае тры пытанні, ты, бадай, і сам ужо чуў.

- Але, - адказаў шчаслівец, - я ўсё чуў і добра запомніў.

- Ну, вось я табе і дапамагла, - сказала яна, - а зараз ідзі сваёй дарогай.

Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла і быў задаволены, што ва ўсім яму так пашчасціла. Прыйшоў ён да перавозчыка і павінен быў даць яму абяцаны адказ.

- Спярша перавязі мяне на той бераг, - сказаў шчаслівец, - тады я табе скажу, як вызваліцца. - І калі яны пераправіліся на другі бераг, ён даў яму чортаву параду: - Калі хто падыдзе зноў да берага і папросіць яго перавезці, ты сунь яму шост у рукі.

Пайшоў ён далей і прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва і дзе гарадскі брамнік таксама чакаў адказу. І сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: «Забіце мыш, якая грызе карані дрэва, і яно зноў будзе радзіць залатыя яблыкі». Падзякаваў яму брамнік і даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якія павінны былі ісці за ім.

Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў біць фантан. І ён перадаў брамніку тое, што параіў чорт: «Трэба знайсці жабу, - а яна сядзіць пад каменем у фантане, - і яе забіць, і зноў зацурчыць з фантана віно». Падзякаваў яму брамнік і даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.

Нарэшце шчаслівец вярнуўся дамоў да сваёй жонкі, і яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла і даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. І ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, - тры залаты валасы з галавы чорта; і калі ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў і зусім задаволены і сказаў:

- Цяпер усе ўмовы выкананы, - няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькі золата? Бо гэта ж багацце немалое!

- Ды перапраўляўся я цераз раку, - адказаў ён, - і ляжала яно, быццам пясок на беразе, я і забраў яго з сабой.

- А ці нельга мне яго здабыць? - спытаў кароль, і адолела яго вялікая сквапнасць.

- Ды колькі вам будзе заўгодна! - адказаў шчаслівец. - Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасіце яго перавезці вас на другі бераг, а там ужо і наб'еце сабе поўныя мяшкі золатам.

І адправіўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракі і даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад'ехаў перавозчык і прапанаваў яму сесці ў лодку, і калі пад'ехалі яны да другога берага, сунуў той яму ў рукі свой шост, а сам выскачыў з лодкі.

І з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахі зрабіцца перавозчыкам.

- Што ж, перавозіць ён яшчэ і дагэтуль?

- А то як жа! Бо ніхто шаста з рук у яго не возьме.



Пераклад: Віктар Гардзей