epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Два браты

Жылі аднойчы два браты, адзін багаты, другі - бедны. Багаты быў залатаром, майстрам па залатых вырабах, ды сэрца меў злоснае, а бедны жыў з таго, што вязаў мётлы, але быў добры ды сумленны. У беднага было двое дзяцей, хлопчыкаў-блізнят, якія былі падобныя адзін на аднаго, быццам дзве кроплі вады. І хадзілі два хлопчыкі ў хату да багатага, каб паласавацца якімі недаедкамі, што ім там кінуць.

Здарылася так, што пайшоў аднаго разу бядняк у лес па дубцы, аж бачыць птушку ды такую прыгожую, усю з золата, якую дасюль яму аніколі сустракаць не даводзілася. Падняў ён каменьчык, шпурнуў яго і трапіў проста ў птушку; упала з яе адно толькі залатое пёрка, а сама птушка паляцела прэч. Узяў чалавек тое пёрка ды прынёс свайму брату. А той паглядзеў на яго ды кажа:

- Гэта ж чыстае золата! - і даў бедняку шмат грошай.

Наступнага дня ўзлез бядняк на бярэзіну ды хацеў быў ссекчы некалькі галін, аж раптам вылецела адтуль тая самая птушка. Стаў ён далей шукаць і знайшоў гняздо, а ў ім ляжала яйка і было яно залатое. Узяў ён яйка ды панёс да свайго брата, а той кажа зноў:

- Гэта ж чыстае золата! - і даў яму столькі, колькі яно каштавала.

Нарэшце залатар прамовіў:

- Хацеў бы я мець самую птушку!

Бядняк падаўся ў трэці раз у лес і зноў убачыў на дрэве залатую птушку; узяў ён камень, падбіў яе ды прынёс да свайго брата. Той даў яму за гэта цэлую жменю грошай. «Ну, цяпер мне ёсць на што разжыцца», - падумаў бядняк ды пайшоў шчаслівы дахаты.

А залатар быў хітры ды разумны: ён адразу ўцяміў, што гэта за птушка. Ён паклікаў сваю жонку ды й кажа:

- Засмаж мне гэтую залатую птушку ды глядзі, каб анішто з яе не прапала. У мяне ахвота ёсць з'есці яе аднаму.

А птушка тая была не простая, а чарадзейная: хто з'есць яе сэрца ды печань, той кожнае раніцы будзе знаходзіць у сябе пад падушкай залаты.

Аскубла жонка птушку, згатавала яе як мае быць, насадзіла на ражон ды пачала смажыць. Ды здарылася так, што спатрэбілася ёй выйсці з кухні па нейкай справе, і заскочылі туды якраз у гэты час двое дзяцей беднага метляра, сталі каля ражна ды некалькі разоў пакруцілі. І вываліліся з птушкі на патэльню два кавалачкі, а хлопчык і кажа:

- Я галодны вельмі. Давай з'ямо гэтыя маленечкія кавалачкі, гэтага ж ніхто не заўважыць.

І яны з'елі абодва па кавалачку; а тут уваходзіць жонка багатага, бачыць, што яны нешта ядуць, ды пытаецца:

- Што вы ясцё?

- А тыя два кавалачкі, што выпалі з птушкі, - адказалі хлопчыкі.

- Ды гэта ж былі сэрца й печань! - усклікнула спалоханая жанчына і, каб муж нічога не заўважыў ды не ўзлаваўся, яна хуценька зарэзала пеўніка, выразала ў яго сэрца і печань ды засунула іх у залатую птушку. Калі птушка засмажылася, жанчына прынесла яе да залатара, і той з'еў яе адзін, нічагусенькі не пакінуўшы. Наступнае раніцы засунуў ён руку пад падушкі, спадзеючыся выцягнуць адтуль залаты, але там анічога не аказалася.

А дзеці і не ведалі, адкуль ім шчасце гэткае прываліла: наступнае раніцы, толькі яны падхапіліся, аж нешта са звонам упала на падлогу; паднялі яны, глядзяць, - а гэта два чырвонцы. Прынеслі яны іх да свайго бацькі. Той здзівіўся ды кажа:

- Як жа такое магло здарыцца?

Але ж калі і наступнае раніцы знайшлі яны два залатыя, і гэтак штодня, дык падаўся ён да свайго брата ды распавёў яму гэтую дзіўную гісторыю.

Залатар адразу ж скеміў, як гэта выйшла, і зразумеў, што дзеці з'елі сэрца й печань залатое птушкі. І вось, каб адпомсціць ім за гэта, - а быў ён да таго ж зайздрослівы ды бессардэчны, - ён сказаў да іхнага бацькі:

- Дзеці твае з нячыстаю сілаю злыгаліся; не бяры гэтыя залатыя і не трымай іх больш у сваёй хаце, бо нячысцік мае над імі сілу ды можа й цябе самога давесці да бяды.

Бацька баяўся чорта, і як ні было яму цяжка, а завёў ён сваіх дзяцей-блізнятак у лес ды кінуў іх там, хоць і шчымела яму на сэрцы.

Вось пачалі двое дзяцей блукаць па лесе ў пошуках дарогі дамоў, але знайсці яе аніяк не маглі і ўсё глыбей ды глыбей заходзілі ў густыя нетры. Сустрэлі яны нарэшце паляўнічага, і спытаўся ён У іх:

- Дзеці, чые вы?

- Мы сыны беднага метляра, - адказалі яны ды распавялі яму, што бацька не захацеў больш трымаць іх у хаце ў сябе праз тое, што кожнае раніцы ў іх пад падушкамі аказвалася па залатым.

- Ну, - сказаў паляўнічы, - у гэтым няма нічога благога, калі вы пры гэтым засталіся сумленнымі і не сталі праз гэта абібокамі.

Хлопчыкі спадабаліся добраму чалавеку, а паколькі сам ён дзяцей не меў, дык узяў ён іх да сябе дамоў ды сказаў:

- Я вам буду за бацьку роднага і выхаваю вас.

Пачалі яны вучыцца ў яго паляўнічай справе, а чырвонцы, якія кожны з іх знаходзіў, устаючы з ложка, ён для іх пакідаў на выпадак, калі яны ў далейшым ім спатрэбяцца.

Вось дзеці павырасталі. І ўзяў іх аднойчы прыёмны бацька з сабою ў лес ды сказаў:

- Сёння кожны з вас па пробным стрэле зрабіць павінен, каб я мог прызнаць вас за падмайстраў ды сапраўдных паляўнічых.

Выйшлі яны з ім на стойку і доўга чакалі, а дзічына ўсё не траплялася. Зірнуў паляўнічы ды ўбачыў чараду белых гусей; яны ляцелі трохкутнікам, і ён сказаў да аднаго з вучняў:

- А ну, падстрэль мне па адной гусі з кожнага кута.

Той нацэліўся ды зрабіў свой пробны стрэл удала. Неўзабаве пасля таго паказалася другая чарада, яна ляцела двойкаю. І загадаў паляўнічы другому вучню падстрэліць па адной гусі, і ў таго пробны стрэл быў удалы. Тады прыёмны бацька кажа:

- Цяпер я вас адпускаю, вы ўжо спрактыкаваныя паляўнічыя.

Пайшлі пасля гэтага два браты ў лес, пачалі між сабою радзіцца ды сёе-тое вырашылі. А калі ўвечары селі вячэраць, яны кажуць да свайго прыёмнага бацькі:

- Мы есці не будзем, нават кавалачка не з'ямо, пакуль вы не выканаеце адну нашу просьбу.

Ён пытаецца:

- Якая ж у вас просьба?

Яны адказваюць:

- Цяпер навучанне сваё мы скончылі і павінны паспрабаваць шчасця. Дык вось, дазвольце нам пайсці вандраваць.

І сказаў стары з радасцю:

- Вы разважаеце, як адважныя паляўнічыя, і тое, што вы хочаце, было і маім жаданнем. Выпраўляйцеся ў дарогу, і будзе вам удача.

Вось надышоў прызначаны дзень, і падараваў прыёмны бацька кожнаму з іх па добрай стрэльбе ды па сабаку і загадаў узяць з захаваных чырвонцаў столькі, колькі кожны з іх пажадае. Потым ён праводзіў іх і даў ім яшчэ на развітанне бліскучы, добра навостраны нож, сказаўшы:

- Калі вам давядзецца калі-небудзь расстацца, уторкніце гэты нож у дрэва на скрыжаванні дарог, і той, хто з вас вернецца, зможа па гэтым нажы даведацца пра лёс свайго брата; той бок нажа, у які брат пойдзе, у выпадку ягонай смерці пакрыецца іржою; а пакуль ён будзе жывы, лязо будзе з абодвух бакоў бліскучае.

Пайшлі два браты далей і зайшлі ў лес, ды такі дрымучы, што за цалюткі дзень не маглі адтуль выбрацца. Давялося ім там заначаваць, і яны з'елі ўсё, што было ў іх у паляўнічых сумках; давялося ім ісці яшчэ і другі дзень, але з лесу выбрацца яны аніяк не маглі. Есці ім не было чаго. Вось адзін з іх і кажа:

- Трэба нам падстрэліць што-небудзь, інакш галадаваць давядзецца.

Зарадзіў ён сваю стрэльбу ды пачаў аглядацца па баках. Раптам выскачыў стары заяц. Прыклаўся паляўнічы, аж заяц як закрычыць:

 

- Ты не бі, стралец, мяне,

Зайчанятак дам табе!

 

Скочыў заяц у кусты ды прынёс адтуль двух зайчанятак; але звяркі гулялі так весела і былі такія прыемныя, што паляўнічы не змог рашыцца забіць іх. Браты пакінулі іх у сябе, і маленькія зайчаняткі паскакалі следам за імі. А тут убачылі яны неўзабаве, як прабіралася патаемна лісіца, наважыліся забіць яе, аж яна як закрычыць:

 

- Пашкадуй, стралец, мяне,

Лісянятак дам табе!

 

Прынесла яна ім двух лісянят; але паляўнічым не хацелася іх забіваць. Яны пакінулі іх разам з зайчыкамі, і пайшлі лісяняты следам за паляўнічымі. А тут неўзабаве выйшаў з гушчару воўк. Нацэліліся ў яго паляўнічыя, аж воўк як закрычыць:

 

- Не страляй, стралец, мяне,

Ваўчанятак дам табе!

 

Пусцілі паляўнічыя да астатніх звяроў двух маладых ваўчанят, і тыя пайшлі следам за імі. Потым з'явіўся мядзведзь, і яму таксама захацелася пажыць яшчэ на свеце ды па лесе патупаць, і ён закрычаў:

 

- Пашкадуй, стралец, мяне,

Мядзведзянятак дам табе!

 

Два маладыя мядзведзяняты таксама далучыліся да астатніх звяроў і пайшлі за паляўнічымі. І хто ж з'явіўся нарэшце? З'явіўся леў ды трасянуў сваёю грывай. Але паляўнічыя не спалохаліся і нацэліліся ў яго. І леў адразу ж сказаў:

 

- Пашкадуй, стралец, мяне,

Ільвянятак дам табе!

 

Ён прынёс сваіх ільвянят, і стала цяпер у паляўнічых два львы, два мядзведзі, два ваўкі, дзве лісіцы ды два зайцы; усе яны пайшлі за імі следам ды ім служылі. Але голаду свайго паляўнічыя так і не сунялі, і кажуць яны лісянятам:

- Гэй вы, праныры, дастаньце нам што-небудзь паесці, вы ж тут самыя найхітрэйшыя.

І адказалі яны:

- Недалёка адсюль знаходзіцца вёска, дзе мы шмат разоў ужо курэй цягалі; дарогу туды мы вам пакажам.

Пайшлі паляўнічыя ў тую вёску, купілі сабе сёе-тое паесці, загадалі накарміць і сваіх звяроў ды падаліся далей. Лісянятам усе мясціны тут былі добра знаёмыя, дзе якія двары з курамі знаходзяцца, і яны маглі ўсё падказаць паляўнічым.

Хадзілі-блукалі паляўнічыя па розных мясцінах, але нідзе не маглі знайсці сабе такой службы, каб застацца ўсім разам. Тады яны і кажуць:

- Давядзецца нам расстацца, інакш нічога не будзе.

Падзялілі яны звяроў паміж сабой, - і кожны з іх атрымаў па ільвяняці, мядзведзяняці, ваўчаняці, лісяняці ды зайчыку. Потым яны развіталіся, паабяцалі любіць адзін аднаго братняй любоўю да самае смерці, уторкнулі ў дрэва нож, які даў ім прыёмны бацька, і вось пайшоў адзін на ўсход, а другі на захад.

Прыйшоў малодшы брат са сваімі звярамі ў горад, і было ў тым горадзе ўсё чорным крэпам абцягнута. Зайшоў ён у карчму і спытаўся ў гаспадара, ці не можа той даць прытулак ягоным звярам. Адвёў гаспадар іх у стайню, а была там у сцяне дзіра; вылез заяц вонкі і прыцягнуў сабе качан капусты, а лісіца прынесла курыцу, з'ела яе і ўзялася за пеўніка. А воўк, мядзведзяня ды львяня былі большыя і вылезці не маглі. Прапанаваў гаспадар вывесці звяроў туды, дзе ляжала ў той час на траве карова, няхай, маўляў, удосталь там наядуцца. Накарміў паляўнічы сваіх звяроў ды пытаецца потым у гаспадара:

- Чаму гэта ўвесь горад чорным крэпам абцягнуты?

Адказаў гаспадар:

- Таму, што заўтра павінна памерці адзіная дачка караля.

Пытаецца паляўнічы:

- Хіба яна смяротна хворая?

- Не, - адказаў гаспадар, - яна зусім здаровая, але павінна памерці.

- Як жа гэта так? - спытаўся паляўнічы.

- Ды вось стаіць за горадам высокая гара, і жыве на ёй дракон; і кожны год абавязаны аддаваць яму бязвінную дзяўчыну, інакш ён спустошыць усю нашу краіну. Яму аддалі ўжо ўсіх дзяўчат, і не засталося ніводнай, акрамя каралеўны; але чакаць літасці не даводзіцца, яе павінны аддаць заўтра дракону.

Паляўнічы сказаў:

- А чаму ж не заб'юць дракона?

- Эт, - адказаў гаспадар, - колькі ўжо рыцараў спрабавала гэта зрабіць, але ўсе жыццём сваім расплаціліся; кароль абяцаў таму, хто адолее дракона, аддаць сваю дачку за жонку, а пасля смерці сваёй і ўсё каралеўства.

Нічога не сказаў на гэта паляўнічы, але наступнае раніцы ўзяў ён сваіх звяроў і падняўся разам з імі на Драконаву гару. Стаяў на яе вяршыне невялікі хорам, на алтары было тры чашы з віном, і было на іх напісана: «Хто гэтыя чашы вып'е, стане самым магутным чалавекам на свеце і авалодае мячом, што закапаны перад парогам ля дзвярэй».

Паляўнічы з чашаў гэтых піць не стаў, выйшаў адтуль і знайшоў у зямлі меч, але не змог яго і з месца скрануць. Ён вярнуўся назад, выпіў чашы і стаў раптам такі магутны, што змог ужо меч падняць, трымаючы яго ў руцэ, ды ім размахваць.

Надышоў час, калі дзяўчына павінна была быць выдадзена дракону, і яе праводзілі кароль, маршал і прыдворныя. Убачыла дзяўчына здалёк на вяршыне Драконавай гары паляўнічага ды падумала, што гэта стаіць дракон і яе чакае, і не хацела ўзнімацца на гару; але, карэшце, давялося ёй узысці туды мімаволі, бо інакш загінуў бы ўвесь горад. Вярнуўся кароль дадому з прыдворнымі ў вялікай скрусе, а маршал каралеўскі павінен быў там застацца ды здаля за ўсім назіраць.

Узнялася каралеўна на самую вяршыню гары, - і стаяў там не дракон, а малады паляўнічы; ён суцешыў яе ды сказаў, што хоча яе выратаваць; ён адвёў яе ў хорам ды там замкнуў.

Неўзабаве з'явіўся з вялікім шумам сямігаловы дракон. Убачыў паляўнічага, здзівіўся ды кажа:

- Што табе тут, на гары, трэба?

Адказаў паляўнічы:

- Я хачу з табою біцца.

Сказаў дракон:

- Не адзін ужо рыцар тут сваё жыццё паклаў, і з табой я таксама ўпраўлюся, - і ён дыхнуў полымем з усіх сваіх сямі пашчаў.

Загарэлася сухая трава, і давялося б паляўнічаму ў полымі і дыме задыхнуцца; ды прыбеглі звяры і ўвесь агонь затапталі.

Кінуўся дракон на паляўнічага, але паляўнічы выхапіў свой меч, той засвістаў у паветры ды знёс дракону тры галавы прэч. Тут раз'юшыўся дракон, узняўся ў паветра і пачаў выкідваць на паляўнічага полымя; наважыўся кінуцца на яго, але паляўнічы выхапіў зноў меч ды адсек яму яшчэ тры галавы.

Аслабела страшыдла і павалілася на зямлю, але ўсё-ткі рыхтавалася кінуцца на паляўнічага; але той, сабраўшы астатнія сілы, адцяў яму хвост. Змагацца паляўнічы больш не мог, ён паклікаў сваіх звяроў, - і яны папарвалі дракона на шматкі.

Скончылася бойка, адамкнуў паляўнічы хорам, бачыць - ляжыць каралеўна на падлозе: са страху ды жаху, пакуль цягнуўся бой, яна страціла прытомнасць. Ён вынес яе на паветра, і калі яна зноў ачуняла ды адкрыла вочы, ён паказаў ёй пасечанага на кавалкі дракона і сказаў, што яна цяпер выратаваная. Яна ўзрадавалася ды сказала:

- Ты станеш цяпер маім мужам, мой жа бацька абяцаў выдаць мяне за таго, хто заб'е дракона.

Потым зняла яна з шыі каралавыя каралі ды падзяліла іх ва ўзнагароду паміж звярмі, і дастаўся льву залаты замочак. А сваю насовачку, на якой было вышыта яе імя, яна падаравала паляўнічаму. Ён пайшоў і выразаў з сямі драконавых галоў языкі ды загарнуў іх у насовачку, каб лепей іх захаваць.

Пасля таго, як усё гэта здарылася, паляўнічы, змучаны спякотай ды змаганнем, сказаў да дзяўчыны:

- Мы абое з табой стаміліся, давай крыху адпачнем.

Яна згадзілася. Яны леглі на зямлю, і прамовіў паляўнічы да льва:

- Ты нас ахоўвай, каб у час сну ніхто на нас не напаў, - і яны з дзяўчынай заснулі.

Леў улёгся побач з імі, каб несці варту, але ён таксама стаміўся ад бойкі з драконам і таму паклікаў мядзведзя ды сказаў:

- Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Улёгся мядзведзь побач з ім, але ён таксама стаміўся, паклікаў ваўка ды сказаў:

- Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Улёгся воўк побач з ім, ён таксама стаміўся, паклікаў лісіцу ды сказаў:

- Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; а калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Паклалася з ім побач лісіца, яна таксама стамілася, паклікала зайца ды кажа:

- Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; калі хто прыдзе ты мяне пабудзі.

Сеў заяц побач з ёю, але бедны зайчык таксама ж стаміўся, яму не было каго паклікаць у вартавыя, - і ён заснуў.

І вось заснулі каралеўна, паляўнічы, леў, мядзведзяня, воўк, лісіца ды зайчык, і ўсе спалі глыбокім сном.

Але маршал, які павінен быў за ўсім назіраць здаля, не бачыў, каб дракон ды паляцеў з дзяўчынай. На гары было ўсё ціха, і вось нарэшце, ён насмеліўся і ўзышоў на вяршыню. І ляжаў дракон на зямлі, пасечаны ды парваны на кавалкі; а воддаль ад яго каралеўна і паляўнічы са сваімі звярмі, і ўсе ў глыбокім сне. А быў маршал чалавек злосны ды бязлітасны, ён выхапіў свой меч ды адсек паляўнічаму галаву, схапіў дзяўчыну на рукі ды панёс яе з гары. Дзяўчына, прахапіўшыся, спалохалася, але маршал ёй кажа:

- Ты цяпер у маіх руках; ты павінна будзеш сказаць, што гэта я забіў дракона.

- Гэтага сказаць я не магу, - адказала яна, - гэта ж зрабіў паляўнічы са сваімі звярмі.

Тады выхапіў маршал свой меч і стаў пагражаць, што заб'е яе, калі яна не паслухаецца яго, і гэтак прымусіў яе даць абяцанне. Затым ён прынёс яе да караля. Як убачыў кароль сваю любімую дачку жывую, дык не ведаў, як яму і радавацца, - ён жа думаў, што яе разарвала страшыдла.

І сказаў маршал:

- Гэта я забіў дракона і вызваліў дзяўчыну ды ўсё каралеўства, таму патрабую яе сабе ў жонкі, як гэта было абяцана.

Кароль спытаўся ў дзяўчыны:

- Ці праўда тое, што ён кажа?

- Ах, так, - адказала яна, - гэта, напэўна, праўда. Але я стаўлю ўмову, каб вяселле святкавалася толькі праз год ды адзін дзень.

Яна спадзявалася, што за гэты час пачуе што-небудзь пра свайго любага паляўнічага.

А на Драконавай гары ўсё яшчэ ляжалі звяры са сваім мёртвым гаспадаром. Але вось прыляцеў вялікі чмель ды сеў на нос зайцу; заяц сагнаў яго лапай і не прачнуўся. Прыляцеў чмель у другі раз, але заяц зноў сагнаў яго лапай і не прачнуўся. Прыляцеў чмель у трэці раз і ўкусіў яго за нос, каб заяц прахапіўся. Толькі заяц ускочыў, пабудзіў ён лісіцу, лісіца - ваўка, воўк - мядзведзя, мядзведзь - ільва. Прачнуўся леў, бачыць - няма дзяўчыны, а гаспадар ляжыць мёртвы; узняў леў страшэнны рык:

- Хто гэта зрабіў? Мядзведзь, чаму ты мяне не пабудзіў?

Мядзведзь спытаўся ў ваўка:

- Чаму ты мяне не пабудзіў?

А воўк у лісіцы:

- Чаму ты мяне не пабудзіла?

А лісіца ў зайца:

- Чаму ты мяне не пабудзіў?

І толькі адзін бедны заяц не ведаў, што яму адказаць, - так і застаўся ён вінаваты.

Парашылі тады звяры на яго накінуцца, але ён стаў прасіць літасці і сказаў:

- Пашкадуйце мяне, я нашага гаспадара ажыўлю. Я ведаю адну гару, расце на ёй корань: калі каму пакласці яго ў рот, той ад усялякіх хваробаў ды ранаў вылекуецца. Але ходу да гэтай гары дзвесце гадзін.

Сказаў леў:

- Ты павінен за суткі злётаць туды і назад вярнуцца ды прынесці гэты корань.

Паімчаўся заяц, і за суткі вярнуўся назад, ды прынёс корань. Прыставіў леў галаву паляўнічаму, заяц засунуў яму ў рот корань, імгненна ўсё зраслося, пачало біцца сэрца, і ён ажывеў зноў.

Прачнуўся паляўнічы, бачыць - няма дзяўчыны, спалохаўся ён ды падумаў: «Яна, мабыць, пайшла, пакуль я спаў, каб пазбавіцца мяне».

Леў у спешцы прыставіў галаву свайму гаспадару перадам назад, але за сумнымі думкамі пра каралеўну паляўнічы гэтага не заўважыў: толькі апаўдня, калі яму захацелася есці, ён убачыў, што галава ў яго пастаўлена перадам назад; ён аніяк не мог уцяміць, з чаго гэта так, і спытаўся ў звяроў, што з ім здарылася ўва сне.

Тады распавёў яму леў, што ўсе яны, стаміўшыся, паснулі, а калі прачнуліся, знайшлі яго мёртвага, з адсечанай галавою; заяц прынёс корань жыцця, а ён у спешцы прыставіў галаву перадам назад; але памылку сваю ён, вядома, выправіць. Ён адарваў паляўнічаму галаву, павярнуў яе, а заяц зажывіў яе коранем.

Аднак паляўнічы зажурыўся, пайшоў бадзяцца па свеце і прымусіў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі. І здарылася так, што, калі прамінуў роўна год, прыйшоў ён зноў у той самы горад, дзе вызваліў каралеўну ад дракона; але цяпер увесь горад быў упрыгожаны чырвонай тканінаю. Спытаўся паляўнічы ў гаспадара карчмы:

- Год таму горад быў увесь у жалобе, а сёння ўвесь у чырвоным? Што гэта значыць?

Адказаў гаспадар карчмы:

- Год таму дачку нашага караля павінны былі аддаць на з'ядзенне дракону, але маршал уступіў з ім у бойку ды забіў яго, і вось заўтра павінны святкаваць іхняе вяселле, - вось чаму тады горад быў у жалобе, а сёння ён увесь у чырвоным.

Другога дня, калі прызначаны быў вясельны баль, кажа паляўнічы гаспадару карчмы:

- Ці паверыш ты мне, гаспадар, што сёння я буду есці пры табе хлеб з каралеўскага стала?

- Не, - адказаў гаспадар, - б'юся з табой аб заклад на сто чырвонцаў, што гэткае не здарыцца.

Паляўнічы згадзіўся на ўмову і выставіў у сваю чаргу кашалёк з такою самай колькасцю залатых. Потым паклікаў ён зайца:

- Ідзі, даражэнькі мой паскакунчык, ды прынясі мне хлеб з каралеўскага стала.

Для зайчыка гэта было зусім няцяжка, а даручыць гэта каму-небудзь іншаму ён не мог, і давялося яму скакаць аднаму. «Вох, - падумаў ён, - прыйдзецца мне аднаму па вуліцах скакаць, - бадай што, кінуцца за мною ганчакі». Як падумаў ён, так і здарылася; кінуліся за ім сабакі і меліся ўжо ўчапіцца ў ягоную шкуру. Але заяц падскочыў - хіба ты не бачыў? - ды як кінецца ў вартаўнічую будку, і салдат яго нават не заўважыў. Падбеглі сабакі, хацелі былі зайца адтуль выцягнуць, але салдат жартаў не любіў, выцяў іх прыкладам стрэльбы, і яны з брэхам ды скавытаннем паўцякалі прэч.

Заўважыў заяц, што хітрасць яму ўдалася, прыскакаў у замак ды проста да каралеўны; сеў да яе пад крэсла ды пачаў нагу ёй драпаць. А каралеўна кажа:

- Пайшоў прэч!

Яна падумала, што гэта сабака. Заяц падрапаў каралеўну за нагу яшчэ раз. А яна зноў кажа:

- Пайшоў прэч!

Бо і на гэты раз падумала, што гэта сабака. Але заяц не збянтэжыўся ды падрапаў каралеўну ў трэці раз. Зірнула яна ўніз ды пазнала зайца па сваіх каралях. Узяла яна зайца да сябе на калені, аднесла ў свой пакой ды пытаецца:

- Любы зайчык, чаго ты хочаш?

Ён адказаў:

- Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён паслаў мяне папрасіць хлеба, што есць сам кароль.

Узрадавалася каралеўна, загадала паклікаць хлебадайцу ды патрабавала, каб ён прынёс хлеб, што есць сам кароль. Тады зайчык кажа:

- Але няхай хлебадайца мне яго і аднясе, інакш нападуць на мяне ганчакі.

І аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднія лапы, узяў хлеб у пярэднія ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнічы і кажа:

- Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!

Здзівіўся гаспадар, а паляўнічы кажа:

- Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер і каралеўскай смажанкі пакаштаваць.

Сказаў гаспадар:

- Што ж, паглядзім, - але спрачацца больш не стаў.

Паклікаў паляўнічы лісіцу ды кажа:

- Ліска, схадзі ты ды прынясі мне смажанку, якую есць сам кароль.

Рыжая лісіца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за іншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, і ніводзін сабака яе не заўважыў. Села лісіца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зірнула каралеўна ўніз ды пазнала лісіцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:

- Лісачка, даражэнькая, што табе трэба?

Адказала лісіца:

- Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут і паслаў мяне, каб я папрасіла смажанкі, што сам кароль есць.

Загадала каралеўна паклікаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, і данёс бы яе лісіцы да самых дзвярэй карчмы.

Узяла лісіца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселі на смажанку, і прынесла яе свайму гаспадару.

- Ну, карчмар, - сказаў паляўнічы, - хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць і тае гародніны, што есць сам кароль.

Паклікаў ён ваўка ды кажа:

- Любы воўча, ідзі ды прынясі мне тае гародніны, што есць кароль.

Пайшоў воўк напрасткі ў замак, бо ён анікога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азірнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:

- Даражэнькі воўча, што табе трэба?

Ён адказаў:

- Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут, ён прасіў даць тае гародніны, якую есць сам кароль.

Паклікала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гародніны, якую есць сам кароль, і данесці яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда і прынёс яго свайму гаспадару.

- Вось бачыце, гаспадар, - кажа паляўнічы, - цяпер ёсць у мяне і хлеб, і смажанка, і гародніна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ і салодкае, якое есць кароль.

Ён паклікаў мядзведзя ды кажа:

- Любы мядзведзь, ты нябось любіш салодкім паласавацца, дык вось ідзі ды прынясі мне салодкае, якое есць сам кароль.

Затупаў мядзведзь проста да замка, і кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, і выставіла варта перад іх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскі замак. Тут падняўся мядзведзь на заднія лапы, панадаваў ён такіх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, - і рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе і ціхенька зарычаў. Азірнулася яна, пазнала мядзведзя і загадала яму ісці з ёю ў пакой ды пытаецца:

- Даражэнькі мядзведзь, ты чаго хочаш?

Ён адказаў:

- Мой гаспадар, які забіў дракона знаходзіцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль.

Паклікала каралеўна кандытара і загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль і аднесці яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лізаць салодкія лізунцы, што скаціліся на зямлю, потым надняўся на заднія лапы, узяў у пярэднія блюда і прынёс яго да свайго ўладара.

- Бачыце, гаспадар, - сказаў паляўнічы, - вось ёсць у мяне цяпер і хлеб, і смажанка, і гародніна, і салодкае; але хацелася б мне папіць і віна, якое п'е сам кароль.

Паклікаў ён свайго льва ды сказаў:

- Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнік, дык вось ідзі ды прынясі мне віна, якое п'е сам кароль.

Пакрочыў леў па вуліцах, і людзі ад яго ўцякалі; а калі падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзіць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылі.

Падышоў леў да пакоя каралеўны і пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваіх караляў, загадала яму ісці за ею ў пакой ды спыталася:

- Любы леў, ты чаго хочаш?

Ён адказаў:

- Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён даручыў мне папрасіць віна, якое п'е сам кароль.

Паклікала каралеўна віначэрпа, і ён павінен быў даць ільву віна, якое п'е сам кароль. Сказаў леў:

- Я хачу пайсці з віначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.

Спусціўся леў разам з віначэрпам у вінны склеп. Прыйшлі яны туды, і наважыўся віначэрп нацэдзіць яму простага віна, якое п'юць служкі, але леў сказаў:

- Пачакай! Спярша я віно пакаштую, - нацэдзіў сабе паўконаўкі і выпіў яго нагбом. - Не, - сказаў ён, - гэта віно не тое.

Зірнуў на яго віначэрп скосу, але пайшоў і хацеў нацэдзіць яму віна з другой бочкі, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:

- Пачакай! Спярша я віно пакаштую, - нацэдзіў сабе паўконаўкі ды выпіў яго. - Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такі і гэтае не тое.

Раззлаваўся тады віначэрп ды сказаў:

- Ці можа такі дурны звер у віне разбірацца?

Але леў даў яму ў вуха, - той так і пакаціўся на зямлю; і калі падняўся на ногі, ён павёў ільва, ні слова не кажучы, у асобны невялікі склеп, дзе стаяла каралеўскае віно, якое не давалі піць анікому з людзей. Нацэдзіў леў спярша сабе паўконаўкі, пакаштаваў віна ды кажа:

- Гэта, бадай што, сапраўднае, - і загадаў віначэрпу наліць яго шэсць пляшак.

Потым падняліся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахістваючыся, быў ён трошкі пад хмелем, і павінен быў віначэрп аднесці яму віно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.

Сказаў паляўнічы:

- Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, і мяса, і гародніна, і салодкае, і віно - усё, што есць ды п'е сам кароль; а зараз я са сваімі звярмі папалудную.

Ён сеў, пачаў есці ды піць і даў таксама паесці ды папіць зайцу, лісіцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, - ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:

- Ну, гаспадар, я паеў ды папіў па-каралеўску, а зараз пайду ў каралеўскі замак ды ажанюся з каралеўнай.

А гаспадар пытаецца:

- Як жа гэта можа здарыцца, калі яна мае жаніха і сёння будуць ладзіць вяселле?

Выцягнуў тады паляўнічы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў ім былі завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:

- Мне гэтыя знакі доказу дапамогуць.

Агледзеў гаспадар насоўку ды кажа:

- Калі я ўсяму і паверыў, дык ужо гэтаму нізавошта веры не дам і стаўлю ў заклад сваю карчму разам з дваром.

Дастаў паляўнічы кашалёк з тысячаю чырвонцаў, паклаў яго на стол ды кажа:

- А я стаўлю тысячу чырвонцаў.

Пачаў кароль пытацца ў сваёй дачкі падчас балявання:

- А чаго хацелі ўсе гэтыя дзікія звяры, што прыходзілі ў мой замак ды зноў пайшлі?

- Я гэтага сказаць не смею, - адказала яна, - а вы паклічце гаспадара гэтых звяроў, ён вам ўсё і раскажа.

Паслаў кароль свайго служку ў карчму ды загадаў яму запрасіць да сябе незнаёмца; слуга з'явіўся туды якраз у той час, калі паляўнічы біўся аб заклад з гаспадаром карчмы. І сказаў паляўнічы:

- Вось бачыце, гаспадар, а кароль прыслаў жа свайго служку ды запрашае мяне з'явіцца, але я так проста не пайду. - І ён звярнуўся да каралеўскага служкі: - Перадайце маю просьбу каралю, каб прыслаў ён мне каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцярыком, ды служак, якія мяне суправаджалі б.

Пачуў гэта кароль ды кажа да сваёй дачкі:

- Што мне рабіць?

- Загадайце яго прывезці, як ён гэтага патрабуе, - сказала яна, - і вы зробіце правільна.

Паслаў тады кароль яму каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцерыком коней, ды служак, якія яго суправаджалі б.

Убачыў паляўнічы, што па яго прыехалі, ды кажа:

- Вось бачыце, гаспадар, а зараз мяне адвязуць, як я і патрабаваў, - і ён адзеўся ў каралеўскае адзенне, узяў насовачку з драконавымі языкамі ды падаўся да караля.

Убачыў кароль, што той прыехаў, ды кажа да сваёй дачкі:

- Як мне належыць прыняць яго?

- Вы павінны выйсці яму насустрач, - сказала яна, - і вы зробіце правільна.

Вось выйшаў яму насустрач кароль, павёў яго ў замак, а следам за ім ішлі ўсе ягоныя звяры. Кароль запрасіў яго сесці побач з сабою ды каралеўнай, - а маршал сядзеў з другога боку ад яго як жаніх, але паляўнічага ён цяпер не пазнаў.

І вось якраз прынеслі ў гэты час сем галоў дракона, каб госці на іх паглядзелі, і сказаў кароль:

- Гэтыя сем галоў адсек у дракона маршал, таму я выдаю дачку сваю сёння за яго замуж.

Тады ўзняўся з-за стала паляўнічы, раскрыў сем драконавых пашчаў ды спытаўся:

- А дзе ж сем языкоў дракона?

Спалохаўся маршал, збялеў і не ведаў, што адказаць; нарэшце ён прамовіў, калоцячыся:

- У драконаў языкоў не бывае!

- Так, іх не варта мець хлусам, але драконавыя языкі - гэта знак доказу пераможцы!

Паляўнічы развязаў сваю насоўку, дзе ляжалі сем языкоў, ды прыклаў кожны з іх да пашчы дракона, - і языкі якраз падышлі да кожнай з іх. Потым ён дастаў насовачку, на якой было вышытае імя каралеўны, паказаў яе нявесце ды спытаўся, каму яна падаравала яе. Яна адказала:

- Таму, хто забіў дракона.

Тады ён паклікаў сваіх звяроў, зняў у кожнага з іх каралі, а з ільва залаты замочак, паказаў іх нявесце ды спытаўся, каму яны належаць.

- Каралі з залатым замочкам, - адказала яна, - былі мае, я падзяліла іх паміж звяроў за тое, што яны дапамаглі адолець дракона.

І сказаў паляўнічы:

- Калі я ляжаў на полі бою стомлены ды заснуў, дык з'явіўся маршал і адцяў мне галаву. Потым ён аднёс каралеўну ды абвясціў, быццам бы гэта ён забіў дракона; а тое, што ён схлусіў, я даказваю драконавымі языкамі, вось гэтай насовачкай ды каралямі.

І ён распавёў, як выратавалі яго звяры з дапамогай чарадзейнага кораня, як цэлы год ён блукаў разам з імі па свеце, а цяпер зноў вярнуўся сюды і даведаўсяд пра падман маршала ад гаспадара карчмы.

Тады спытаўся кароль у сваёй дачкі:

- Ці праўда, што гэты чалавек забіў дракона?

Яна адказала:

- Так, гэта праўда. Цяпер я магу адкрыць злачынствы маршала, бо ўсё высветлілася без майго ўдзелу; ён узяў з мяне абяцанне маўчаць. Вось чаму я прасіла святкаваць вяселле не раней як праз год ды адзін дзень.

Тады кароль загадаў паклікаць дванаццаць дарадцаў, каб яны вынеслі маршалу прысуд; яны прысудзілі, што ён павінен быць разадраны чатырма быкамі. Маршала пакаралі смерцю, а кароль аддаў дачку сваю замуж за паляўнічага і прызначыў яму ў спадчыну ўсё каралеўства. Вяселле адсвяткавалі ў вялікай радасці, і малады кароль загадаў паклікаць свайго роднага бацьку ды прыёмнага і ўзнагародзіў іх вялікімі скарбамі. Не забыў ён і пра гаспадара карчмы, - ён паклікаў яго ды сказаў:

- Вось бачыце, гаспадар, я з каралеўнаю ажаніўся, і вашая карчма з дваром, значыцца, цяпер мае.

Сказаў гаспадар:

- Так, яны цяпер вашыя па праву.

Але малады кароль сказаў:

- З ласкі маёй няхай карчму і двор гаспадар пакіне сабе, і дарую я яму яшчэ тысячу чырвонцаў у прыдачу.

І былі малады кароль і маладая каралева вясёлыя і задаволеныя і зажылі ў шчасці разам. Ён часта выязджаў на паляванне, гэта было для яго вялікай радасцю, і верныя звяры заўсёды яго суправаджалі.

Паблізу знаходзіўся лес, пра яго казалі, што там нячыстая сіла вядзецца, і хто ў яго трапляў упершыню, таму было цяжка выбрацца назад. Але маладому каралю дужа захацелася ў тым лесе папаляваць, і ён не даваў старому каралю спакою, пакуль той, нарэшце, гэта яму дазволіў.

Вось выехаў малады кароль з вялікаю світай і, заязджаючы ў лес, заўважыў беласнежную самку аленя ды сказаў сваім людзям:

- Вы пачакайце тут, пакуль я вярнуся назад, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера, - і ён паскакаў следам за ёю ў самую гушчэчу лесу, а за ім пайшлі толькі ягоныя звяры.

Людзі прачакалі яго да самага вечара, але ён назад не вярнуўся. Тады яны паехалі дадому ды сказалі маладой каралеве:

- Кароль пагнаўся ў зачараваным лесе за белаю самкай аленя і назад не вярнуўся.

І каралева дужа па ім непакоілася. А ён усё скакаў і скакаў за цудоўным зверам і ніяк не мог яго дагнаць; часам здавалася яму, што трэба ўжо страляць, але звер імгненна ўцякаў далёка-далёка, і нарэшце знік зусім з вачэй. Тут ён заўважыў, што заехаў у самыя нетры лясныя; узяў свой рог ды пачаў трубіць; але адказу не было, людзі не маглі яго пачуць. А ўжо надышла ноч, і ён зразумеў, што сёння яму дамоў не вярнуцца.

Ён злез з каня, распаліў каля дрэва вогнішча і вырашыў там заначаваць. Калі ён сядзеў ля вогнішча, а ягоныя звяры ляжалі з ім побач, яму здалося, быццам пачуўся чалавечы голас: ён агледзеўся, але нічога не ўбачыў. Неўзабаве ён зноў пачуў, быццам уверсе нехта стогне; ён зірнуў угору, бачыць - сядзіць на дрэве нейкая бабуля і ўсё галосіць:

- Вух, вух, вух, як мне холадна!

Ён сказаў:

- Злазь ды пагрэйся, калі табе холадна.

Але яна адказала:

- Не, твае звяры мяне ўкусяць.

Ён сказаў:

- Бабуля, яны не крануць цябе, злазь уніз.

Але гэта была вядзьмарка, яна сказала:

- Я скіну табе з дрэва дубчык; калі дубчыкам гэтым ты ўдарыш звяроў па спіне, тады яны мне ніякай шкоды не зробяць, - і яна скінула яму маленькі дубчык.

Ён хвастануў тым дубчыкам звяроў, тыя адразу ж ціха ўлегліся - і раптам скамянелі. Цяпер вядзьмарцы звяроў не трэба было баяцца, яна саскочыла ўніз і дакранулася дубчыкам да караля і ператварыла яго ў камень. Потым яна засмяялася ды пацягнула яго і звяроў у яму, дзе ляжала шмат ужо такіх камянёў.

Не вярнуўся малады кароль дадому, і непакой ды страх у каралевы ўсё раслі і раслі. А здарылася, што якраз у гэты час прыйшоў у каралеўства другі брат - той, што пры растанні пайшоў вандраваць на ўсход. Ён шукаў працы, ды не мог яе нідзе знайсці. Ён стаў тады блукаць па розных мясцінах ды прымушаў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі.

І вось прыйшло яму ў галаву пайсці паглядзець на нож, які ўторкнулі яны пры расстанні ў ствол дрэва, каб даведацца, што з ягоным братам. Прыйшоў ён туды, аж бачыць, што адзін бок напалову ўжо заіржавеў, а напалову застаўся бліскучы. Ён спалохаўся ды падумаў: «З маім братам, відаць, здарылася вялікае няшчасце, але я, магчыма, выратую яго: палова ж нажа засталася бліскучай».

І ён рушыў з усімі звярмі на захад. Калі ён падышоў да гарадской брамы, выйшла яму насустрач варта ды спыталася, ці далажыць аб ім ягонай жонцы, маладая каралева ўжо некалькі дзён, маўляў, у вялікай трывозе з прычыны ягонай адсутнасці і баіцца, што ён загінуў у зачараваным лесе. Варта прыняла яго за маладога караля, бо ён вельмі да таго быў падобны, і за ім гэтак жа ішлі следам дзікія звяры. Ён зразумеў, што гаворка ідзе пра ягонага брата, ды падумаў: «Самае лепшае, гэта выдаць сябе за яго; тым лягчэй, бадай што, я змагу яго выратаваць». І ён загадаў варце праводзіць яго ў замак, дзе быў прыняты з вялікай радасцю. Маладая каралева падумала, што гэта яе муж, ды спыталася, чаму ён так доўга не вяртаўся. Ён адказаў:

- Я заблукаў у лесе і выбрацца адтуль раней аніяк не мог.

Увечары яго праводзілі ў каралеўскую спальню, але ён паклаў на ложку паміж сабой і маладою каралевай навостраны меч. Яна не ведала, што гэта значыць, але спытацца ў яго пра тое не рашылася.

Ён прабыў там некалькі дзён і за гэты час паспеў даведацца ўсё пра зачараваны лес, ды сказаў нарэшце:

- Я хачу яшчэ раз у ім папаляваць.

Кароль і маладая каралева пачалі яго адгаворваць, але ён стаяў на сваім і выехаў у лес з вялікаю світай. Вось трапіў ён у той лес, і здарылася з ім тое самае, што і з ягоным братам; ён убачыў белую самку аленя ды сказаў сваім людзям:

- Вы тут заставайцеся і мяне пачакайце, пакуль я вярнуся, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера.

І ён паскакаў у лес. А следам за ім імчаліся ягоныя звяры. Але ён не мог дагнаць самку аленя і трапіў у такія нетры лясныя, што давялося яму там заначаваць. Ён распаліў вогнішча і пачуў, што нехта ўверсе на дрэве стогне:

- Вух, вух, вух, як мне холадна!

Ён глянуў угору, аж бачыць - сядзіць на вершаліне бабуля: гэта была тая самая вядзьмарка. Ён сказаў:

- Калі табе, бабуля, холадна, злазь уніз ды пагрэйся.

Яна адказала:

- Не, твае звяры мяне ўкусяць.

А ён кажа:

- Яны не крануць цябе.

Тады яна крыкнула:

- Я скіну табе дубчык, ты ўдар іх тым дубчыкам і яны тады не крануць мяне.

Пачуў гэта паляўнічы, але бабульцы не паверыў ды кажа:

- Сваіх звяроў я лупцаваць не стану, злазь уніз, бо інакш я цябе сам сцягну.

- Бач чаго захацеў! Усё адно ты са мной не ўправішся!

Але ён адказаў:

- Сама не пойдзеш, дык дастану цябе куляй.

А яна кажа:

- Страляй, я тваіх куляў не баюся.

Прыклаў ён да пляча стрэльбу, стрэліў у яе, але вядзьмарка была супроць свінцовых куляў зачараваная і крыкнула:

- Табе ў мяне не патрапіць!

Тут паляўнічы сцяміў, сарваў са сваёй курткі тры срэбныя гузікі ды зарадзіў імі стрэльбу, бо супроць іх яе вядзьмарства сілы не мела. Калі ён стрэліў, яна адразу ж паляцела з енкам уніз. Ён наступіў на яе нагой ды кажа:

- Старая вядзьмарка, калі ты зараз жа не прызнаешся, дзе мой брат, я схаплю цябе ды кіну ў вогнішча.

Дужа спалохалася вядзьмарка, пачала прасіць літасці ды кажа:

- Ён ляжыць са сваімі звярмі ператвораны ў камень, у яміне.

Тады ён прымусіў яе пайсці з ім разам, прыгразіў ёй ды сказаў:

- Цяпер ты, старая малпа, вернеш жыццё майму брату і ўсім, хто ляжыць з ім разам, а інакш трапіш у вогнішча.

Узяла вядзьмарка дубчык, дакранулася да камянёў - і адразу ж ажылі брат са звярмі ды шмат іншых людзей, купцоў, рамеснікаў, пастухоў. Яны пачалі дзякаваць яму за сваё вызваленне і падаліся потым па дамах. А браты-блізняты, убачыўшы адзін аднаго, пачалі цалавацца, і вялікая была ў іх радасць на сэрцы. Схапілі яны потым вядзьмарку, звязалі яе ды кінулі ў вогнішча; і толькі яна згарэла, ачысціўся лес сам сабою, стаў светлы ды такі празрысты, што можна было бачыць каралеўскі замак за тры гадзіны ходу адтуль.

Накіраваліся два браты дадому, і па дарозе распавялі кожны адзін аднаму пра свой лёс. Калі малодшы брат расказваў, што ён спадчыннік усяго каралеўства, старэйшы кажа яму:

- Гэта я адразу зразумеў: калі я прыйшоў у горад, мяне прынялі за цябе і пачалі ўшаноўваць мяне па-каралеўску, маладая каралева прыняла мяне за свайго мужа і давялося мне сядзець за сталом з ёю побач ды спаць з ёю разам на тваім ложку.

Як пачуў гэта малодшы брат, так зараўнаваў ды ўгнявіўся, што выхапіў меч і адсек брату галаву. Але калі ён убачыў, што той ляжыць мёртвы ды цячэ яго чырвоная кроў, ён моцна аб гэтым пашкадаваў.

- Мой брат вызваліў мяне ад чарадзейства, - усклікнуў ён, - а я яго за гэта забіў! - І ён горка заплакаў.

Але да яго падышоў заяц і прапанаваў прынесці корань жыцця; ён паскакаў ды прынёс яго якраз своечасова. Мёртвы ажыў і нават раны сваёй не заўважыў.

Потым яны падаліся далей, і сказаў малодшы брат:

- Ты выглядаеш гэтак жа, як я, на табе гэткія каралеўскія ўборы, і ўслед за табой, гэтак жа як і за мной, ідуць звяры. Давай увойдзем у розныя брамы ды з'явімся да старога караля адначасова.

Яны рассталіся, і вось да старога караля прыйшла ў адзін і той жа час варта абедзвюх брамаў і далажыла, што малады кароль, маўляў, вярнуўся са сваімі звярмі з палявання.

Сказаў тады кароль:

- Гэтага быць не можа, бо ад адной брамы да другой ходу будзе не меней за гадзіну.

Але ў гэты самы час з двух розных бакоў прыбылі на каралеўскі двор два браты ды ўвайшлі ў замак. Спытаўся тады кароль у сваёй дачкі:

- Скажы, які ж з двух твой муж? Яны абодва падобныя адзін да аднаго, - я гэтага зразумець аніяк не магу.

Але яна так спалохалася, што не магла нічога растлумачыць. Раптам яна заўважыла каралі, якія раздала звярам, і ўбачыла на адным з ільвоў свой залаты замочак і з радасці выгукнула:

- Той, за кім ідзе гэты леў, і ёсць мой сапраўдны муж!

Засмяяўся малады кароль ды сказаў:

- Так, і сапраўды я сапраўдны.

І яны паселі разам усе за стол, пачалі есці ды піць і былі радасныя ды вясёлыя.

Увечары, калі малады кароль клаўся ў ложак, спыталася ў яго жонка:

- Ты навошта ў мінулыя ночы клаў заўсёды ў наш ложак навостраны меч? Я думала, што ты хацеў мяне забіць.

І даведаўся ён тады, які адданы быў яму брат.



Пераклад: Артур Вольскі