epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Дзяўчына-дзікунка

Жыў некалі кароль; была ў яго жонка, залатавалосая, такая прыгажуня, што падобнай не знайсці ва ўсім свеце. Аднойчы яна цяжка захварэла, і калі адчула, што хутка памрэ, паклікала караля і сказала:

- Калі ты пасля маёй смерці захочаш ажаніцца зноў, то бяры сабе жонку толькі такую, якая будзе роўнай мне па прыгажосці і каб былі ў яе такія ж залатыя валасы, як у мяне; гэта ты мне абяцай.

І вось пасля таго, як кароль паабяцаў ёй такое, яна заплюшчыла вочы і памерла.

Доўга кароль не мог змірыцца са смерцю і не думаў аб тым, каб ажаніцца ў другі раз. Ды вось нарэшце кажуць яму дарадчыкі:

- Па-іншаму быць не можа, - павінен кароль ажаніцца ў другі раз, каб у нас была каралева...

Разаслалі тады ва ўсе канцы пасланцоў на пошукі нявесткі, якая б была прыгажосцю сваёй падобная на нябожчыцу каралеву. Але ва ўсім свеце нельга было знайсці падобнай, а калі б такую і знайшлі, то не магло быць хоць адной прыгажуні, у якой былі б такія залатыя валасы.

Ды была ў караля дачка; была яна такая ж прыгожая, як яе нябожчыца маці, і былі ў яе такія ж залатыя валасы. І калі яна падрасла, паглядзеў на яе аднойчы кароль і ўбачыў, што яна, ну, вылітая нябожчыца жонка, і нечакана загарэўся да яе моцным пачуццём. І сказаў ён сваім дарадчыкам:

- Я хачу ажаніцца на сваёй дачцэ, яна зусім падобная на маю нябожчыцу жонку, а ў свеце больш няма на яе падобных.

Пачулі гэта дарадчыкі, спалохаліся і кажуць:

- Богам забаронена жаніцца бацьку на сваёй дачцэ, ад такога грэху нічога людскага не будзе, а заадно спасцігне бяда і ўсё каралеўства.

А больш за ўсіх напалохалася дачка, даведаўшыся аб такім рашэнні бацькі, але яна спадзявалася адгаварыць яго ад гэтай задумы, і яна сказала яму:

- Перш чым выканаць вашы жаданні, я павінна атрымаць ад вас тры сукенкі: адну залатую, як сонца, другую - срэбную, як месяц, а трэцюю - зіхоткую, як зоры; акрамя таго хачу я мець мантыю, пашытую з тысячы розных шкурак і аўчынак, і каб з кожнага звера каралеўства нашага было на ёй па куску шкуры. Яна думала: «Усяго гэтага дабыць немагчыма, і я пазбаўлю бацьку ад гэтых дурных думак». Але кароль, аднак, задумы сваёй не пакінуў; самыя ўмелыя дзяўчаты каралеўства павінны былі выткаць тры сукенкі: адну - залатую, як сонца, другую срэбную, як месяц, а трэцюю - зіхоткую, як зоры; а каралеўскім паляўнічым загадана было злавіць самых розных звяроў у каралеўстве і выразаць у кожнага з іх па куску шкуры. І вось была гатова мантыя з тысячы розных шкурак і аўчынак. Нарэшце, калі ўсё было гатова, загадаў кароль прынесці яму мантыю; ён разгарнуў яе перад дачкаю і сказаў:

- Заўтра быць вяселлю.

Зразумела тады каралеўна, што няма ніякай надзеі пераканаць бацьку, і яна вырашыла бегчы. Ноччу, калі ўсё навокал спала, яна ўстала і ўзяла са сваіх каштоўнасцяў толькі тры рэчы: залаты пярсцёнак, залатое вераценца і маленькае залатое матавіла; а тры сукенкі, як сонца, месяц і зоры, яна схавала ў арэхавую шкарлупку; апранула мантыю з тысячы розных шкурак і вымазала сабе твар і рукі сажай. Яна даверылася волі божай і адправілася ў дарогу. Ішла яна ўсю ноч, пакуль не прыйшла ў дрымучы лес. Яна вельмі стамілася, прыгледзела дупло дрэва і там заснула.

Узышло сонца, а яна ўсё працягвала спаць, пакуль не ўсталяваўся ясны дзень. І здарылася якраз так, што кароль, якому належыў лес, у гэты час паляваў у ім. Падбеглі каралеўскія сабакі да дрэва, учулі каралеўну, пачалі бегаць вакол дрэва і брахаць. Сказаў тады кароль егерам:

- Паглядзіце, што там за дзічына схавалася.

Егеры выканалі яго загад, вярнуліся назад і кажуць:

- Ляжыць у дупле дрэва дзіўны звер, мы такога яшчэ ні разу не бачылі; пакрыты звер поўсцю з тысячы розных шкурак, ляжыць і спіць.

Кароль ім кажа:

- Вы паспрабуйце злавіць мне гэтага звера жывым, прывяжыце яго да калёс і вазьміце з сабой.

Але толькі егеры дакрануліся да дзяўчыны, яна тут жа прачнулася, спалохалася і кажа ім:

- Я бедная дзяўчына бацькам і маці пакінутая. Змілуйцеся нада мной, вазьміце мяне з сабой!

І сказалі тады егеры:

- Ды ты якраз спатрэбішся на кухні, пойдзем з намі, будзеш там попел выграбаць.

Пасадзілі яны дзяўчыну ў калёсы і адвезлі з каралеўскі замак.

Знайшлі дзяўчыне невялікі закутак пад лесвіцай, дзе і святла не было, сказалі:

- Звярок, вось тут ты будзеш жыць і спаць.

Потым яны паслалі яе на кухню, і яна пачала насіць дровы і ваду, сачыць за печкай, абскубваць птушак, чысціць розную гародніну, попел выграбаць і выконваць усялякую чорную работу.

Так жыла Дзікунка доўгі час у горы ды бядзе. Ах, цудоўная каралеўна, што яшчэ з табой будзе!

Вось здарылася так, што наладзілі аднойчы ў замку баль, і кажа яна тады повару:

- Можна мне падняцца наверх і крыху паглядзець? Я буду стаяць ля дзвярэй. Повар адказаў:

- Добра ўжо, ідзі, ды толькі праз паўгадзіны ты павінна вярнуцца назад і прыбраць попел.

Узяла яна сваю масляную лямпачку, пайшла да сябе з каморку, зняла мантыю, змыла з твару і рук сажу, і вярнулася да яе зноў былая прыгажосць. Потым адчыніла яна арэшак і дастала адтуль сваю сукенку, што ззяла, як сонца. Яна адзелася і паднялася наверх у замак; усе ўступалі ёй дарогу, яе ніхто не пазнаў, і ўсе думалі, што не інакш як з'явілася якаясьці каралеўна. Выйшаў да яе насустрач кароль, працягнуў ёй руку, пачаў з ёй танцаваць, думаючы сабе: «Такой прыгажуні я яшчэ ніколі не бачыў». Вось закончыўся танец, яна пакланілася, і не паспеў кароль азірнуцца, як яна знікла, і ніхто не ведаў куды. Паклікалі вартаўнікоў, што стаялі ля замка, спыталіся ў іх, але ніхто яе не бачыў.

А забегла яна да сябе ў каморку, хуценька зняла сукенку, вымазала твар і рукі сажай, апранула мантыю, і зноў сталася Дзікункай. Прыйшла яна на кухню, хацела ўзяцца за работу - выграбаць попел, а повар і кажа:

- Гэта ты адкладзі да заўтра, а звары зараз для караля суп, мне таксама хочацца зазірнуць наверх. Ды глядзі мне, каб ні адна валасінка ў суп не трапіла, а то потым я не дам табе нічога есці.

Повар пайшоў; і зварыла Дзікунка каралю суп; наварыла яна хлебнай сёрбанкі, пастаралася згатаваць яе як найлепш, і, калі страва зварылася, яна ўзяла свой залаты пярсцёнак і апусціла яго ў міску. Вось кончыліся танцы, і загадаў кароль прынесці яму суп, і ён так яму прыйшоўся даспадобы, што, здалося, лепшага ніколі ў жыцці і не еў. Даеў ён сваю міску - і ўбачыў на дне залаты пярсцёнак, і ніяк не мог зразумець, як ён туды трапіў. Загадаў ён тады паклікаць повара. Спалохаўся повар, пачуўшы пра такі загад, і кажа Дзікунцы:

- Ты, напэўна, у суп абраніла валасінку; калі гэта праўда, я цябе паб'ю.

Прыходзіць повар да караля, а кароль у яго пытаецца, хто гэты суп варыў?

- Я яго варыў, - адказвае повар.

А кароль кажа:

- Не, гэта няпраўда, ён звараны па-іншаму і куды лепш, чым раней.

І кажа повар:

- Я павінен прызнацца, што варыў яго не я, а варыла яго Дзікунка.

І сказаў кароль:

- Ідзі і пакліч яе мне сюды.

Прыйшла Дзікунка, а кароль у яе пытаецца:

- Ты хто такая?

- Я бедная сірата, няма ў мяне ні бацькі, ні маці.

Пытаецца кароль зноў:

- А ты кім ў мяне ў замку працуеш?

Яна адказвае:

- Ды я нічога не ўмею, хіба толькі здзекі цярпець.

Пытаецца кароль зноў:

- А дзе ты ўзяла пярсцёнак, што апынуўся ў супе?

І яна адказвае:

- Пра гэты пярсцёнак я нічога не ведаю.

Так і не змог кароль нічога ўведаць, і давялося яму назад яе адсылаць.

Праз які час быў наладжаны новы баль, і Дзікунка папрасіла ў повара дазволу, як і ў мінулы раз, пайсці наверх і паглядзець. Повар адказаў:

- Добра, але глядзі, праз паўгадзіны вяртайся назад, ды звары каралю хлебнай сёрбанкі, якая яму так прыйшлася да смаку.

Пабегла яна ў сваю каморку, хутка памылася, дастала з арэхавай шкарлупкі сукенку, што была срэбная, як месяц, і надзела яе. Паднялася яна наверх у замак і была падобная на каралеўну. Выйшаў да яе насустрач кароль, быў рады бачыць яе зноў, і якраз у гэты час пачынаўся танец, - і яны танцавалі разам. Але толькі танец скончыўся, яна знікла так хутка, што кароль не паспеў заўважыць, куды яна падзелася. А яна забегла да сябе ў каморку, сталася зноў Дзікункай і пайшла на кухню варыць хлебную сёрбанку. А повар быў на версе; і вось яна дастала залатое вераценца, кінула ў міску і наліла туды сёрбанкі. Падалі яе каралю, і ён яе еў, і сёрбанка яму спадабалася, як і ў мінулы раз; загадаў кароль паклікаць повара, і давялося яму і на гэты раз прызнацца, што суп варыла Дзікунка. Паклікалі Дзікунку зноў да караля, але яна адказала, што адно толькі ўмее - гэта цярпець здзекі ды пабоі і што пра залатое вераценца ёй нічога невядома.

Наладзіў кароль і ў трэці раз баль, і атрымалася ўсё гэтак жа, як і раней. І хоць повар сказаў:

- Дзікунка, ты, напэўна, ведзьма, магчыма, у суп штосьці падсыпаеш, ад чаго ён робіцца такім смачным і падабаецца каралю больш, чым той, які вару я.

Але яна доўга яго ўпрошвала, і нарэшце ён адпусціў яе на паўгадзіны паглядзець на баль. Надзела яна сукенку, што ззяла, як зоры, і пайшла ў залу. І зноў кароль танцаваў з прыгажуняй, яму здавалася, што яна ніколі яшчэ не была такой прыгожай. У час танцу надзеў ён ёй незаўважна на палец залаты пярсцёнак і загадаў, каб танцы працягваліся даўжэй. Скончыўся танец, і ён хацеў утрымаць яе за руку, але яна вырвалася і тут жа згубілася сярод гасцей. Пабегла яна хуценька ў сваю каморку пад лесвіцай, але паколькі яна прабыла ў замку больш чым паўгадзіны, то не паспела зняць з сябе цудоўную сукенку, а ахінулася толькі ў мантыю і не змагла ў спешцы вымазацца ўся ў сажу, і вось адзін палец застаўся ў яе белым. Прыбегла Дзікунка на кухню, зварыла каралю хлебную сёрбанку і, толькі повар выйшаў, паклала ў яе залатое матавіла. Убачыў кароль залатое матавіла на дне міскі і загадаў паклікаць Дзікунку. І раптам ён убачыў у яе белы палец, а на пальцы залаты пярсцёнак, які ён падарыў ёй у час танцаў. Схапіў ён яе руку і моцна заціснуў, і толькі яна паспрабавала вырвацца і пабегчы, раптоўна расхінулася шыкоўная мантыя і заззяла на ёй зорная сукня. Схапіў кароль мантыю і сарваў яе з плеч. І тут ён убачыў залатыя валасы, і яна з'явілася перад ім ва ўсёй сваёй прыгажосці, - ніяк нельга было ёй ужо схавацца. А калі яна змыла з твару сажу і попел, то сталася яна прыгажуняй, і падобнай красы ніхто ў свеце яшчэ не бачыў.

І сказаў кароль:

- Ты мая нарачоная і мы назаўсёды з табой будзем разам.

А потым і вяселле згулялі, і жылі яны ў шчасці і радасці да самай смерці.



Пераклад: Казімір Камейша