epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Гензель і Грэтель

Жыў на ўзлессі глухога бору бедны дрывасек са сваёй жонкаю і дваімі дзецьмі; хлопчыка называлі Гензель, а дзяўчынку - Грэтэль. Жыў дрывасек надгаладзь; але наступіла аднойчы на той зямлі такая дарагоўля, што не было за што яму купіць нават хлеба замарыць чарвячка.

І вось пад вечар, лежачы на пасцелі, пачаў ён думаць, і ўсё адольвалі яго розныя думкі і клопаты; паўздыхаў ён і кажа жонцы:

- Што ж цяпер будзе з намі? Як нам пракарміць няшчасных дзяцей, нам і самім няма чаго есці!

- А ведаеш што, - адказала жонка, - давай раненька, як толькі пачне днець, завядзём дзяцей у лес, у самы глухі гушчар; запалім ім вогнішча, дадзім кожнаму па лусце хлеба, а самі пойдзем на работу і пакінем іх адных. Дарогі дадому яны не знойдуць, вось мы ад іх і пазбавімся.

- Не, жонка, - гаворыць дрывасек, - гэтага я не зраблю, бо сэрца ў мяне не камень, я дзяцей адных кідаць у лесе не магу, там нападуць на іх дзікія звяры і іх з'ядуць.

- Эх ты, дурань! - зазлавала жонка. - Учацвярых жа мы ўсе з голаду прападзем, і застанецца толькі адно - труны збіваць. - І яна грызла яго да той пары, пакуль ён з ёй згадзіўся.

- А ўсё ж шкада мне маіх няшчасных дзяцей! - сказаў дрывасек.

Галодныя дзеці не спалі, дык чулі ўсё, што і як гаварыла мачыха іхняму бацьку. Залілася Грэтэль горкімі слязьмі і кажа Гензелю:

- Мусіць, нам цяпер загінуць прыйдзецца.

- Цішэй, Грэтэль, - прамовіў Гензель, - не бядуй, я што-небудзь ды прыдумаю, як нам выратавацца.

І вось калі бацькі заснулі, ён падняўся, надзеў сваю куртачку, адчыніў дзверы ў сені і ціхенька выйшаў на двор. У гэты час ярка свяціў месяц, і белыя каменьчыкі, што ляжалі перад хаткай, блішчэлі, быццам кучкі сярэбраных манетаў.

Гензель нагнуўся і напоўніў імі кішэню. Пасля вярнуўся ён у хату і шапнуў Грэтэль:

- Суцешся, мілая сястрычка, спі сабе цяпер спакойна, Бог нас не пакіне. - І тут жа ён зноў лёг на сваю пасцель.

Толькі пачаўся світанак, яшчэ і сонейка не ўзыходзіла, а мачыха падышла ўжо і пачала будзіць іх:

- Гэй вы, лежні, час падымацца, збірайцеся з намі ў лес па дровы!

Дала яна кожнаму з іх па лусце хлеба і кажа:

- Вось гэта будзе вам на полудзень; ды глядзіце, не з'ешце ўсяго раней часу, больш нічога я вам не дам.

Грэтэль схавала хлеб у свой фартух, бо ў Гензеля кішэня поўнілася каменнямі. І яны сабраліся ісці разам у лес. Прайшлі яны крыху, раптам Гензель запыніўся, азірнуўся, паглядзеў на хаціну, - так вось ён раз за разам азіраўся і запыняўся. А бацька яму і кажа:

- Гензель, чаго гэта ты ўсё азіраешся ды азіраешся? Не марудзь, ідзі шпарчэй.

- Ах, татачка, - адказаў яму Гензель, - я ўсё гляджу на сваю белую кошачку, вунь сядзіць яна на страсе, нібы хоча сказаць мне «бывай».

А мачыха і гаворыць:

- Эх, дурань ты, гэта ж не твая котка, гэта ранішняе сонца блішчыць на трубе.

А Гензель зусім і не на кошачку пазіраў, а даставаў з кішэні і кідаў на дарогу бліскучыя каменьчыкі.

Вось увайшлі яны ў самую лясную нетру, а бацька і кажа:

- Ну, дзеці, збірайце тут галлё, а я зраблю вам цяпельца, каб вы не ахаладалі.

Гензель і Грэтэль нанеслі шмут галля. Падпалілі яго. Калі полымя добра ўспыхнула, мачыха падае голас:

- Ну, дзеткі, кладзіцеся цяпер ля вогнішча ды адпачніце як след, а мы пойдзем у лес дровы секчы. Закончым працу, вернемся сюды і возьмем вас дахаты.

Селі Гензель і Грэтэль ля агню, і, калі надышоў поўдзень, кожны з іх з'еў па кавалачку хлеба. Яны ўвесь час чулі стук сякеры і думалі, што іхні бацька дзесьці паблізу. Але гэта быў зусім не стук сякеры, а цурбана, які навязаў дрывасек да сухога дрэва, і ён, гайдаючыся ад ветру, стукаў аб ствол.

Доўга сядзелі яны вось так ля агню, ад стомы пачалі зліпацца іхнія вочы, і яны моцна-моцна заснулі. А калі прахапіліся, была ўжо глухая ноч. Заплакала Грэтэль і кажа:

- Як жа нам цяпер выбрацца з лесу?

Пачаў Гензель яе суцяшаць.

- Пачакай крышачку, хутка ўзыдзе месяц, і мы тады знойдзем дарогу.

Калі ўзышоў месяц, узяў Гензель сястрычку за руку і патупаў ад каменьчыка да каменьчыка, а зіхацелі яны, быццам новыя сярэбраныя грошы, і падказвалі дзецям сцежку-дарожку. Яны ішлі ўсю ноч бесперапынна і падышлі на світанку да бацькавай хаціны.

Яны пастукалі, мачыха адчыніла ім дзверы; бачыць яна, што гэта Гензель і Грэтэль, і кажа:

- Што ж гэта вы, паганыя дзеці, так доўга спалі ў лесе? А мы ўжо думалі: вы дахаты не хочаце вяртацца.

Узрадаваўся бацька, убачыўшы дзяцей, - было ў яго на душы цяжка, што кінуў ён іх адных.

А хутка зноў насталі голад і нястача, і дзеці падслухалі, як мачыха ўночы, лежачы ў пасцелі, гаварыла бацьку:

- У нас зноў усё ўжо з'едзена, засталося толькі паўакрайца хлеба, відаць, нам хутка будзе канец. Трэба ўсё ж нам ад дзяцей пазбавіцца: давай завядзем іх у лес яшчэ далей, каб не знайшлі яны дарогу дадому, іншага выйсця ў нас няма.

Зашчымела, забалела дрывасекава сэрца, і ён падумаў: «Ужо лепей мне апошняй крошкай з дзецьмі падзяліцца». Але жонка і чуць пра тое не хоча, пачала яго лаяць і папікаць. І вось - як пагана пачнеш, дык добра не скончыш, - саступіў ён раз, давялося яму і цяпер саступіць.

Дзеці яшчэ не спалі і чулі ўсю гэтую гаману. І толькі бацькі заснулі, падняўся Гензель зноў, каб выйсці на двор і назбіраць каменьчыкаў, як і ў мінулы раз, але мачыха замкнула дзверы, і Гензель выйсці з хаціны не змог. Ён пачаў суцяшаць сваю сястрычку і кажа:

- Не плач, Грэтэль, спі спакойна, Бог нам як-небудзь ды паспрыяе.

Ранічкай прыйшла мачыха і ўстурыла дзяцей з пасцелі. Дала ім кавалак хлеба, ён быў яшчэ меншы, чым той раз. Па дарозе ў лес Гензель крышыў хлеб у кішэні, усё запыняўся і кідаў хлебныя крошкі на дарогу.

- Што гэта ты, Гензель, усё запыняешся ды азіраешся? - запытаў бацька. - Ідзі, як і мы ўсе.

- Ды гэта я гляджу на свайго голуба, вунь сядзіць ён на страсе дома, нібы са мной развітваецца, - адказаў Гензель.

- Дурань ты, - сказала мачыха, - гэта зусім не голуб твой, гэта ранішняе сонца блішчыць на вяршку трубы.

А Гензель усё кідаў і кідаў па дарозе хлебныя крошкі. Вось мачыха завяла дзяцей яшчэ далей у лес, дзе яны ні разу яшчэ не былі. Запалілі зноў вялікае вогнішча, і кажа мачыха:

- Дзеткі, сядайце вось тут, а стоміцеся, дык паспіце крыху; а мы пойдзем у лес дровы секчы, а вечарам, як скончым работу, вернемся і возьмем вас дадому.

Калі надышоў поўдзень, падзялілася Грэтэль сваёй лустай хлеба з Гензелем, - бо ён увесь свой хлеб пакрышыў і пакінуў на дарозе. Пасля яны заснулі. Але вось ужо і вечар мінуўся, і ніхто па няшчасных дзяцей не прыходзіў. Прачнуліся яны цёмнай ноччу, і пачаў Гензель суцяшаць сястрычку:

- Пачакай, Грэтэль, вось хутка месяц узыдзе, і пачнуць відаць хлебныя крошкі, што я апусціў на дарогу, яны падкажуць нам дарогу дахаты.

Вось выплыў месяц, і дзеці рушылі ў шлях-дарогу, але хлебных крошак не ўбачылі, - тысячы птушак, што лётаюць у полі і ў лесе, усе іх падзяўблі. Тады Гензель і кажа Грэтэль:

- Мы ўжо як-небудзь ды знойдзем дарогу.

Але яны яе не знайшлі. Давялося ім ісці ўсю ноч і ўвесь дзень, з раніцы і да сама вечара, але выбрацца з лесу яны не маглі. Дзеці моцна захацелі есці, бо яны нічога не бралі ў рот, апроч ягад, што збіралі па шляху. Яны так стаміліся, што ледзь-ледзь перастаўлялі ногі, і вось прылеглі яны пад дрэвам і заснулі.

Надышла ўжо трэцяя раніца з таго часу, як пакінулі яны бацькавую хаціну. Пайшлі яны далей. Ідуць і ідуць, а лес усё глыбей і цямней, і, калі б неўзабаве не падаспела помач, яны зусім змагліся б.

Вось наступіў поўдзень, і яны заўважылі на галінцы беласнежную птушачку. Яна спявала так хораша, што яны запыніліся і зачараваліся яе спевам. Але нечакана птушачка замоўкла і, узмахнуўшы крыллямі, паляцела перад імі, а яны пайшлі за ёю ўслед, і ішлі, пакуль нарэшце не дабраліся да хацінкі, дзе птушачка села на страсе. Падышлі яны бліжэй, бачаць: зроблена хацінка з хлеба, страха на ёй з пернікаў, а ваконцы ўсе з празрыстага ледзянца.

- Вось мы за яе і возьмемся, - сказаў Гензель, - і будзе ў нас слаўны пачастунак! Я ад'ем кавалак страхі, а ты, Грэтэль, бярыся за акенца, - яно, мусіць, вельмі салодкае.

Узабраўся Гензель на хацінку і адламаў кавалачак страхі, каб пасмакаваць, якая яна, а Грэтэль падышла да акенца і пачала яго грызці.

Раптам пачуўся з сярэдзіны чыйсьці тоненькі галасочак:

 

- Хрусь ды хрумстна пад акном,

Хто грызе і точыць дом?

 

Дзеці адказалі:

 

- Гэта госць цудоўны,

Ветрык наш вандроўны.

 

І, не зважаючы, яны прадаўжалі аб'ядаць домік. Гензель, якому вельмі спадабалася страха, адарваў ад яе вялікі кавалак і скінуў уніз, а Грэтэль выламала цэлае круглае шкло з ледзянца і, усеўшыся каля хацінкі, пачала ім ласавацца.

Раптам адчыніліся дзверы, і выйшла адтуль, абапіраючыся на мыліцу, вельмі старая бабуля. Гензель і Грэтэль так напужаліся, што выпусцілі з рук ласунак. Пахітала старая галавою і кажа:

- Э, мілыя дзеткі, хто гэта вас сюды прывёў? Ну, калі ласка, заходзьце ў хацінку, кепска вам тут не будзе.

Яна ўзяла іх абоіх за рукі і ўвяла ў сваю хаціну. Прынесла ім смачнай ежы - малака з блінамі, пасыпанымі цукрам, яблыкаў і арэхаў. Пасля яна паслала дзве прыгожыя пасцелькі і накрыла іх белымі коўдрамі. Улегліся Гензель і Грэтэль і палічылі, што трапілі, бадай, у рай.

Але старая толькі прыкінулася такою добрай, а была яна на самай справе злая ведзьма, што падпільноўвае дзяцей, і хацінку з хлеба зладзіла для таго, каб лепш заманіць. Калі хто трапляў да яе ў рукі, яна таго забівала, пасля варыла і з'ядала, і было гэта для яе святам. У ведзьмаў заўсёды бываюць чырвоныя вочы, і бачаць яны ўдалечыню слаба, але затое ў іх нюх, як у звяроў, і яны адчуваюць, калі чалавек блізка.

Калі Гензель і Грэтэль падыходзілі да яе хаціны, яна злосна зарагатала і пацерла рукі з ухмылкаю:

- Вось яны і мае! Цяпер ужо ім адгэтуль не ўцячы!

Рана-ранічкай, калі дзеці яшчэ спалі, яна паднялася, зірнула, як яны спяць спакойна ды якія ў іх пульхныя і ружовыя шчочкі, і ўсцешылася: «Будзе-будзе для мяне смачны сняданак!»

Яна схапіла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымі кратамі - няхай лемантуе колькі хоча, нішто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзіла і кажа:

- Падымайся, гультайка, ды прынясі мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, - вунь сядзіць ён у хляве, няхай сыцее і гладзее. А калі распаўнее, я яго з'ем.

Залілася Грэтэль горкімі слязьмі, але - што рабіць? - давялося ёй рабіць тое, што загадала злая ведзьма.

І вось былі згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталіся толькі адны недаедкі.

Кожную раніцу падыходзіла старая да маленькага хлява і гаварыла:

- Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, ці даволі ты папаўнеў.

Але Гензель падымаў костачку, і старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, і думала, што гэта Гензелевы пальцы, і здзіўлялася, чаму гэта ён зусім не правіцца.

Так мінула чатыры тыдні, але Гензель усё яшчэ быў худы, - тут старая страціла ўсякую цярпліваць і чакаць больш не захацела.

- Эй, Грэтэль, - крыкнула яна дзяўчынцы, - варушыся жвавей, прынясі вады: усё роўна - ці тлусты Гензель, ці сухарэбры, а ўжо заўтра раніцай я яго закалю і згатую.

Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калі давялося ёй цягаць ваду, як цяклі ў яе слёзы струменямі па шчоках!

- Божа, ды памажы ж ты нам! - усклікнула яна. - Лепш бы нас разарвалі дзікія звяры ў лесе, тады хоць бы загінулі мы разам.

- Ну, годзе ныць! - закрычала старая. - Цяпер табе ніхто не паможа.

Ранічкай Грэтэль павінна была падняцца, выйсці на двор, пачапіць кацёл з вадою і раскласці агонь.

- Спачатку мы спячом хлеб, - сказала старая, - я ўжо выпаліла печ і замясіла цеста. - Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апаліла яе пякельным полымем.

- Ну, лезь у печ, - загадала ведзьма, - ды паглядзі, ці добра яна напаленая, ці не час булкі туды падаваць.

Толькі паспрабавала Грэтэль лезці ў печ, як ужо старая тут жа наладзілася зачыніць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым і з'есці. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, і кажа:

- Ды я не ведаю, як гэта зрабіць, як мне туды залезці.

- Вось дурная гуска, - незадаволена сказала старая, - глядзі, якія вялікія чалеснікі, я і то магу туды залезці, - і яна ўзабралася на прыпек і засунула галаву ў печ.

Тут Грэтэль як піхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымі. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю і заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; і згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.

Кінулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчыніла хлеў і ўсклікнула:

- Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згінула!

Выімчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткі, калі адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадаваліся яны, як кінуліся адно да аднаго, як скакалі яны ад уцехі, як моцна яны цалаваліся! І паколькі ім не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлі ў ведзьміну хаціну, а стаялі там усюды па кутах куфэркі з жэмчугам і каштоўнымі каменьчыкамі.

- Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанікі, - сказаў Гензель і напоўніў самацветамі поўныя кішэні.

- Мне таксама хочацца што-небудзь прынесці дадому, - прамовіла Грэтэль і насыпала каменьчыкаў у фартух.

- Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, - сказаў Гензель, - бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмінага лесу.

Вось прайшлі яны подбегам гадзіны са дзве і натрапілі нарэшце на вялікае возера.

- Не перабрацца нам цераз яго, - засмуціўся Гензель, - нідзе не бачна ні кладачкі, ні мосціка.

- Ды і лодачкі нідзе не відаць, - уздыхнула Грэтэль, - а вунь плыве белая качачка; калі я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.

І папрасіла Грэтэль:

 

- Кача, качачка, хутчэй

Падплыві да нас яшчэ.

Няма сцежкі, няма кладкі

Перапраў нас неадкладна!

 

Падплыла качачка, сеў на яе Гензель і паклікаў сястрычку, каб і яна села побач з ім.

- Не, - адказала Грэтэль, - качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым і мяне.

Так добрая качачка і зрабіла, і калі яны шчасліва перабраліся на той бераг і пайшлі далей, дык лес пачаў ім усё больш знаёмець, і яны заўважылі нарэшце здалёку бацькоўскі дом. Тут з радасці яны кінуліся бегчы, ускочылі ў пакой і прыпалі да бацькі.

З таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго ні хвіліны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусціла Грэтэль падол фартуха, і пасыпаліся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў іх з кішэні жменяю.

І скончылася іхняя нястача і гора, і пачалі жыць яны шчасліва ўсе разам.

 

Тут і казка запыняецца,

А вунь мышка наперад спяшаецца;

Хто зловіць яе, той

Пашые сабе шапку скураную,

Ды вялікую, не малую.



Пераклад: Генрых Далідовіч