epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Кароль з Залатой гары

Было ў аднаго купца двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка, і былі яны маленькія і не ўмелі яшчэ хадзіць. Адправіў аднойчы купец за мора караблі з усім таварам сваім, і спадзяваўся шмат грошай з таго займець; але вось прынеслі вестку, што караблі тыя пайшлі на дно, патапіліся. І зрабіўся ён замест багатага чалавека бедным, застаўся ў яго толькі кавалачак зямлі за горадам. Каб неяк пра гора забыцца, выйшаў чалавек з дому ў поле і там пачаў хадзіць, і раптам з'явіўся перад ім маленькі чорны чалавечак і пытае, чаго ён зажурыўся, якая ў яго самота на сэрцы. Сказаў тады купец:

- Калі б ты мог дапамагчы мне, то расказаў бы я.

- Хто ведае, - кажа чорны чалавечак, - можа, і дапамагу.

Прызнаўся тады купец, што ўвесь ягоны тавар у моры ўтапіўся, і застаўся ў яго толькі гэты кавалачак зямлі.

- А ты не бядуй, - падбадзёрыў чалавечак, - калі ты мне паабяцаеш даставіць сюды, на гэта вось месца, праз дванаццаць гадоў тое, што цябе ў нагу таўкане, то атрымаеш грошай столькі, колькі захочаш.

Падумаў купец: «Ну, гэта, пэўна, мой сабака», - а пра свайго маленькага сына ён забыўся, - і пагадзіўся тады; даў чорнаму чалавечку распіску, пячатку да яе прыклаў і дамоў накіраваў хутчэй.

Вярнуўся купец дадому, а маленькі сын узрадаваўся; пачаў, трымаючыся за лаву, да бацькі прабірацца і моцна ўчапіўся ў калені. Спалохаўся бацька, успомніў пра сваё абяцанне і зразумеў цяпер, чаго ён у полі наабяцаў. А паколькі ніякіх грошай у скрынях, што стаялі ў пакоях, не знайшоў, то падумаў, што чалавечак, мабыць, пажартаваў. Мінуў месяц, палез купец на гарышча, хацеў разбіраць там стары посуд з волава, каб прадаць яго, як раптам бачыць вялікую кучу грошай. І радасна-весела зрабілася яму. Пачаў ён зноў тавары купляць і неўзабаве зрабіўся купцом яшчэ больш важным, чым раней быў, і журбоціцца яму цяпер ні пра што не даводзілася. Тым часам сын яго вырас, зрабіўся ён разумным, разважлівым.

Але чым хутчэй блізіліся дванаццаць гадоў, з тае пары, як сустрэў у полі чорнага чалавечка, тым больш неспакойным рабіўся купец, і на ягоным твары ўсё часцей блукаў страх. Вось і пытаецца аднойчы сын у бацькі, што з ім такое. Бацьку не хацелася гаварыць сыну пра ўсё тое, але хлапец так доўга яго ўпрошваў, што нарэшце стары прызнаўся, чаго наабяцаў некалі чорнаму чалавечку і што за гэта атрымаў шмат грошай, і што абяцанне трэба выконваць, бо ў чорнага чалавечка ёсць купцова распіска з пячаткай, і што час расплаты будзе ўжо хутка, як толькі споўніцца дванаццаць гадоў з тае пары, калі купец хадзіў у поле.

- Вы ўжо, татка, - кажа сын, - не бойцеся, усё будзе добра, чорны чалавечак не мае нада мной сілы.

Папрасіў сын у святога айца благаславення, і калі наблізіўся тэрмін, разам з бацькам выйшаў у поле; намаляваў сын круг і стаў разам з бацькам у сярэдзіну круга. З'явіўся чорны чалавечак і кажа бацьку:

- Ну, ці прынёс ты мне тое, што абяцаў?

Бацька маўчыць, нічога не кажа, а сын пытае:

- Што табе трэба?

Чорны чалавечак кажа:

- Мне трэба з бацькам тваім пагутарыць, а не з табой.

Адказаў сын:

- Ты майго бацьку абхітрыў, абдурыў, вяртай распіску назад.

- Не, - кажа чорны чалавечак, - ад свайго права не адступлюся.

Доўга яны між сабой спрачаліся і, нарэшце, дамовіліся, што сын з гэтага часу належыць нячысціку, а не роднаму бацьку, і павінен сын сесці на караблік, што стаіць на рацэ, а бацька мусіць уласнай нагой адпіхнуць той караблік ад берага, і няхай сабе плыве сын, куды хвалі панясуць.

Развітаўся сын з бацькам, сеў на караблік, і давялося бацьку адпіхнуць той караблік ад берага ўласнай нагой. Перакуліўся караблік уверх дном, апынулася палуба ў вадзе, і падумаў бацька, што сын ягоны загінуў. Вярнуўся дадому, пачаў гараваць ды плакаць.

Але караблік не патануў, а спакойна паплыў сабе далей, і сядзеў у ім юнак у поўнай бяспецы; і плыў караблік доўга-доўга, пакуль, нарэшце не прыстаў да невядомага берага. Выйшаў юнак на бераг, бачыць - стаіць перад ім цудоўны палац, і ён пайшоў прама да таго палаца. Але толькі пераступіў парог, бачыць, што палац той зачараваны. Абышоў юнак усе пакоі, а яны пустыя; зазірнуў ён тады ў апошні пакой, а там ляжыць на падлозе ды звіваецца гадзюка. А была гадзюка зачараванай дзяўчынай; убачыла яго, узрадавалася ды кажа:

- Ты з'явіўся, мой збавіцель? Я чакала цябе, зачакалася ажно дванаццаць гадоў. Гэта каралеўства зачараванае, і ты павінен з яго чары зняць.

- А як жа мне гэта зрабіць? - пытае ён.

- Сёння ноччу з'явяцца дванаццаць чорных чалавечкаў, усе яны абвешаны ланцугамі; яны пачнуць цябе распытваць, што ты робіш тут, але ты маўчы, ні слова не кажы, не адказвай ім, як бы яны над табой не здзекваліся б. Яны будуць цябе мучаць, біць, а ты цярпі, нічога не кажы; апоўначы яны павінны пакінуць палац. У наступную ноч з'явяцца іншыя дванаццаць чалавечкаў, на трэцюю ноч - дваццаць чатыры, і адсякуць яны табе галаву; але апоўначы іх улада скончыцца, і калі ты вытрымаеш і не прамовіш ніводнага слова, то ўздзеянне чараў на мяне спыніцца. Я прыйду да цябе і прынясу з сабой бутэлечку з жывой вадой. Папырскаю на цябе вадзіцай, і ты зноў ажывеш, будзеш здаровы, як раней. І ён сказаў ёй:

- Я з радасцю цябе вызвалю.

І вось здарылася ўсё так, як яна казала; чорныя чалавечкі не змаглі прымусіць яго загаварыць, і на наступную ноч зрабілася гадзюка цудоўнай каралевай; яна з'явілася з жывою вадою, ажывіла хлапца. Кінулася яна да яго на шыю, пачала цалаваць яго, было радасна і весела ва ўсім палацы. Адгулялі вяселле, і ён зрабіўся каралём Залатой гары. І вось зажылі яны разам у шчасці і дастатку, і нарадзіла каралева цудоўнага хлопчыка. Мінулі ўжо гады і ўспомніў кароль свайго бацьку; зашчыміла ў яго на сэрцы і захацелася яму наведаць бацькоўскі дом. Але каралева не захацела яго адпускаць, сказала:

- Я загадзя ведаю, што гэта прынясе мне гора.

Аднак ён не супакоіўся да тае пары, пакуль яна не згадзілася з ім. Дала яму на развітанне каралева пярсцёнак ды сказала:

- Вазьмі гэты пярсцёнак, надзень яго на палец, і ён умомант перанясе цябе туды, куды ты захочаш; але паабяцай мне, што ты не выкарыстаеш пярсцёнак для таго, каб забраць мяне да бацькі твайго.

Ён паабяцаў ён гэта, надзеў пярсцёнак на палец і пажадаў перанесціся на радзіму, да горада, дзе жыў яго бацька. І ў адно імгненне вока апынуўся там, і захацелася яму трапіць у сам горад. Падышоў ён да варотаў, але ахова не хацела яго пускаць, бо апрануты ён быў у дзіўнае, хоць і багатае, адзенне. Тады хлапец падняўся на гару, дзе пастух пасвіў статак, памяняўся з ім адзеннем, апрануў старую пастухоўскую куртку, і ніхто ў варотах на гэты раз яго не затрымаў, і ён прайшоў у горад. Вось завітаў да бацькі і аб'явіў, хто ён такі; але бацька ніяк не мог паверыць, што гэта яго родны сын, і сказаў:

- Хоць быў у мяне сын, але ён даўно памёр. Бачу я, ты бедны, занядбаны пастух, магу цябе накарміць удосталь.

Тады гаворыць пастух сваім бацьку-маці:

- Я сапраўды ваш сын. Можа, вы ведаеце, якую метку на маім целе, па якой маглі б мяне пазнаць?

- Ведаю, - кажа маці, - была ў нашага сына пад правым плячом чырвоная радзімка.

Ён расшпіліў кашулю, і яны ўбачылі ў яго пад правым плячом чырвоную радзімку і перасталі тады сумнявацца, што ён сапраўды іх родны сын. Пасля сын прызнаўся ім, што ён цяпер - кароль Залатой гары, а жонка ў яго - каралева і што ёсць у іх вельмі цудоўны хлопчык-сынок.

А бацька на такія словы кажа:

- Я ніколі табе не паверу! Які ж славуты кароль будзе хадзіць у пастухоўскай вопратцы?

Тут раззлаваўся сын, забыўся пра абяцанне, якое даваў жонцы, пакруціў вакол пальца пярсцёнак і пажадаў, каб жонка з дзіцем тут жа з'явіліся да яго; і адразу яны з'явіліся тут. Але каралева пачала плакаць, бедаваць, сказала, што ён не стрымаў свайго слова, зрабіў іх няшчаснымі.

Ён адказаў ёй:

- Зрабіў я гэта незнарок, я проста забыўся пра нашу дамову, - і пачаў яе суцяшаць усяляк.

Яна зрабіла выгляд, што даравала яму, а сама ў душы затаіла злосць.

Тады ён павёў яе за горад, у поле, і паказаў тую раку, па якой калісьці бацька выправіў яго ў падарожжа, паказаў, а тады кажа:

- Вельмі я стаміўся, давай сядзем на зямлю, і я крыху пасплю ў цябе на каленях. - Паклаў ён жонцы галаву на калені, і яна пачала гладзіць яго па валасах, гладзіла пакуль ён не заснуў. А калі заснуў, каралева зняла з яго пальца пярсцёнак, пасля асцярожна вызваліла з-пад галавы нагу, але застаўся пад бокам караля чаравічак каралевы; пасля ўзяла яна на рукі дзіцёнка і сказала пярсцёнку, што хоча вярнуцца ў сваё каралеўства.

Прачнуўся хлапец, бачыць, што ляжыць на беразе адзін, ні жонкі, ні сына няма і пярсцёнка на пальцы таксама няма, а яму застаўся толькі жончын чаравічак.

«Вяртацца да бацькоў я не магу, - падумаў ён, - бо яны скажуць, што я варажбіт нейкі; трэба мне як можна хутчэй ісці адсюль, ісці да таго часу, пакуль не вярнуся ў сваё каралеўства».

Ён пайшоў і нарэшце дабраўся да гары; а ля той гары стаяць тры веліканы ды гучна спрачаюцца між сабой, як справядліва падзяліць бацькоўскую спадчыну. Убачылі яны, што ідзе паблізу хлапец, спынілі яго ды кажуць:

- Маленькія людзі кемлівыя; падзялі між намі бацькаву спадчыну. А спадчына гэта складаецца, па-першае, з шаблі, - у каго ў руках будзе яна і хто скажа: «Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!» - то ўмомант пападаюць усе галовы на зямлю; падругое, з накідкі, - хто ўскіне яе на плечы, той адразу зробіцца невідзімкай; і, па-трэцяе, з пары ботаў, - хто тыя боты абуе і захоча некуды трапіць, то ўмомант апынецца там.

Тады юнак кажа веліканам:

- А вы пакажыце мне тыя рэчы, праверу, ці спраўныя яны?

Далі яму накідку, накінуў ён яе на плечы - адразу невідзімкай зрабіўся, ператварыўся ў муху. Пасля зноў набыў ранейшы выгляд ды кажа веліканам:

- Накідка добрая, а цяпер давайце мне шаблю. А яны ў адказ:

- Не, шаблю мы табе не дамо! Бо як скажаш: «Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!», то паляцяць нашы галовы з плеч, а застанецца галава толькі ў цябе.

Але, урэшце, далі шаблю, атрымаўшы перш абяцанне, што ён праверыць яе сілу на дрэве. Гэтак ён і зрабіў, і шабля рассекла дрэва, быццам тую саломінку.

Захацелася яму праверыць боты, але веліканы кажуць:

- Не, ботаў табе не дамо; бо калі ты іх абуеш і захочаш трапіць на вяршыню гары, мы застанемся тут знізу, і ў нас нічога з дзяльбой не выйдзе.

- Я гэтак не зраблю, - кажа хлапец.

Тады яны аддалі боты. І вось апынуліся ў яго ўсе тры рэчы са спадчыны, а ён увесь гэты час думаў пра жонку і сына, таму, задуманы, прамовіў: «Вось бы трапіць на Залатую гару!» - і ўмомант на вачах веліканаў знік; так была падзелена тая спадчына.

Быў ужо юнак паблізу палаца; чуе радасныя воклікі, музыку, а людзі падказваюць яму, што гэта ягоная жонка спраўляе вяселле з іншым чалавекам. Раззлаваўся хлапец ды кажа злосна:

- Хлуслівая жанчына вакол пальца мяне абвяла. - І ахінуўся накідкай, і нябачна ўвайшоў у палац.

Ступіў у залу, а пасярод яе стаіць вялікі стол, а на стале тым багата розных страваў; госці ядуць, п'юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзіць між імі, уся ў прыгожым адзенні, раскашуе на каралеўскім троне, а на галаве ў яе золатам зіхаціць карона. Хлапец наблізіўся да яе, стаў за плячыма, і ніхто яго не бачыць. Калі каралеве клалі на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса і з'ядаў сам; налівалі ёй віна, ён падхопліваў шклянку і выпіваў; ёй увесь час падкладалі яду, а яна заставалася галодная - і талерка, і шклянка бясследна знікалі. Яна таму вельмі засмуцілася, зрабілася ёй сорамна, тады яна паднялася і пайшла да сябе ў пакой і там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовіла:

- Ці не зноў нячысцік мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалі?

Тады ён грозна спытаў у яе:

- Хіба ніколі да цябе не прыходзіў выратавальнік? Дык ён і цяпер з табой побач, хлусліўка!

Ён скінуў накідку, адразу зрабіўся бачным, адчыніў дзверы, зайшоў у залу і там гучна абвясціў:

- Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!

Каралі, князі, саветнікі, якія за сталом балявалі, пачалі смяяцца, паказваць на яго пальцамі; тады ён грозна мовіў:

- Вы пакінеце залу ці не?

Яны спачатку намерыліся схапіць яго, нават з-за стала павыходзілі, але ён выхапіў шаблю і сказаў:

- Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!

І пакаціліся ўсе галовы на зямлю, і ён застаўся адзіным гаспадаром палаца ды зноў зрабіўся каралём Залатой гары.



Пераклад: Генадзь Пашкоў