epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца

Былі ў бацькі два сыны. Старэйшы разумны ды талковы, усё ў яго ладзілася. А малодшы - дурань. Нічога нібыта не разумеў і да вучобы быў няздатны. Людзі пра яго казалі:

- З гэтым бацька набярэцца клопату!

Меў, праўда, і старэйшы сын адну загану: быў баязлівы. Пасылае, бывала, бацька куды-небудзь, а на вуліцы ўжо цёмна, то ён заўсёды просіцца:

- Ох, бацечка, не пайду, мне страшна!

Пачнуць вечарам ля агню расказваць усялякія небыліцы, аж мароз па скуры бегае, зноў старэйшы брат уздыхае:

- Ах, як страшна!

Малодшы брат кожны раз дзівіўся:

- А мне вось анічуць не страшна.

Аднойчы бацька і кажа яму:

- Паслухай, сын, ты ўжо вунь які вялікі ды моцны вырас, трэба самому вучыцца хлеб зарабляць. Бачыш, як брат твой стараецца.

- Эх, бацечка, - адказаў малодшы сын, - я б ахвотна чаму-небудзь навучыўся. Але найперш хачу навучыцца, каб мне было страшна.

Пачуў гэта старэйшы брат і заўсміхаўся, падумаў: «Божа, які ўсё-такі мой брат дурань. З яго ніколі нічога не атрымаецца».

Уздыхнуў бацька і кажа малодшаму сыну:

- Чаму-чаму, а страху ты павінен навучыцца. Толькі на хлеб наўрад ці гэтым заробіш.

Неўзабаве зайшоў да іх у госці дзяк. Пачаў бацька пра сваю бяду яму жаліцца, расказваў пра малодшага сына.

- Калі так, - адказаў дзяк, - страху ён мог бы ў мяне навучыцца. Прышліце сына да мяне.

Бацька задаволены: «Вось хлопца і прыладкую куды-небудзь».

Стаў жыць яго малодшы сын у дзякавай хаце. І даручыў яму гаспадар званіць у званы. Аднойчы будзіць ён свайго работніка апоўначы і загадвае падняцца на званіцу ды біць у званы.

«Цяпер ты навучышся страху», - падумаў дзяк. Потайкам ён прабраўся на званіцу, стаў насупраць вакна ўвесь у белым. Званар, як толькі ўзяўся за вяроўку, убачыў прывід і крыкнуў:

- Хто гэта?

Постаць у белым не адгукнулася, не здрыганулася.

- Адказвай альбо згінь, табе тут няма чаго рабіць! - закрычаў хлопец.

Але дзяк прадаўжаў стаяць.

- Што табе трэба? - зноў закрычаў званар. Калі не адкажаш, то скіну ўніз з лесвіцы.

Дзяк думаў, што да гэтага справа не дойдзе, і стаяў моўчкі. А пасля трэцяга вокрыку, хлопец падбег і скінуў прывід з лесвіцы ўніз.

Адзваніў работнік у званы. Вярнуўся дамоў і моўчкі лёг спаць. Доўга чакала дзячыха свайго мужа, а ён усё не вяртаўся. Урэшце зрабілася ёй страшна. Яна разбудзіла хлопца і давай распытваць:

- Ці не ведаеш ты, куды гэта мой муж дзеўся? Ён жа на званіцу падняўся раней за цябе.

- Не ведаю, - адказаў хлопец, - але бачыў я, нехта стаяў на лесвіцы ўвесь у белым. Адмоўчваўся на мае запытанні і не хацеў пакідаць званіцу. Я палічыў, што ён злодзей, і скінуў уніз. Схадзіце ды зірніце на яго.

Кінулася дзячыха да званіцы і знайшла там свайго мужа. Ён ляжаў у куце ды стагнаў, зламаў сабе нагу.

Прынесла жонка мужа дадому, кінулася з плачам да хлопцавага бацькі.

- Ваш сын, - сказала дзячыха, - вялікую бяду ўчыніў, скінуў майго мужа з лесвіцы, і той зламаў нагу. Забірайце ад нас свайго шалапута.

Напалохаўся бацька, пабег да дзяка і давай лаяць сына. Як той ні апраўдваўся, а бацька сваё:

- Эх, мне з табой адно гора. Ідзі-тка ты куды-небудзь, каб вочы мае цябе не бачылі.

- Добра, бацечка, ахвотна пакіну вас. Пайду страху вучыцца, каб гэта рамясло мяне карміць магло.

- Вучыся чаму хочаш, - махнуў бацька рукой. - Вось табе пяцьдзесят талераў, ідзі з імі куды хочаш. Ды толькі не кажы нікому чый ты, бо мне за цябе сорамна будзе.

- Добра, бацечка, выканаю ўсё, як просіце.

Раніцай юнак укінуў у кішэню бацькавы грошы і выйшаў на вялікую дарогу. Ідзе і сам сабе паўтарае: «Ах, каб мне стала страшна! Ах, каб мне стала страшна!»

Пачуў гэту просьбу адзін падарожнік, далучыўся да юнака. Нейкі час яны ішлі разам. Убачылі шыбеніцу, падарожнік дый кажа:

- Бачыш, вунь стаіць дрэва, а на ім вісяць сем чалавек. Вяселле згулялі, а цяпер лётаць вучацца. Садзіся пад тым дрэвам, а як ноч наступіць, то страху і навучышся.

- Калі так хутка я навучуся страху, - адказаў хлопец, - то прыходзь да мяне раніцай і атрымаеш ад мяне пяцьдзесят талераў.

Усеўся дурань пад дрэвам, на якім былі падвешаны людзі, і пачаў змроку чакаць. Пахаладала, і ён распаліў касцёр. А ноччу ўзняўся калючы вецер, што нават касцёр не саграваў. Зірнуў ён уверх, а там павешаныя гайдаюцца. Падумаў хлопец: «Я ля кастра зябну, а яны ўверсе зусім адубеюць». Ад прыроды ён быў жаласлівы, таму прыставіў лесвіцу да дрэва і палез адвязваць мерцвякоў. Сцягнуў усіх уніз, пасадзіў іх ля кастра. Ды і сам сцішыўся, прыгрэўся. Раптам бачыць, гарыць адзежа ў мерцвякоў. Ён крычыць ім:

- Эй, будзьце з агнём асцярожныя, а то я вас зноў зацягну на шыбеніцу.

Ды хто ж яго пачуе, калі вакол кастра адны нябожчыкі. Раззалаўся хлопец і зноў падвесіў іх на дрэва. Стаміўся ад такой працы, прысеў ля агню і моцна заснуў.

Раніцай прыходзіць знаёмы падарожнік па грошы і кажа:

- Ну, цяпер ты даведаўся, што такое страх?

- Не, - адказаў хлопец, - адкуль мне яго ведаць? Тыя, што наверсе, і рота за ноч не адкрылі ды такія дурні, ледзь не спалілі свае старыя лахманы.

Зразумеў прахожы, што не атрымае абяцаных грошай, сказаў пры развітанні:

- Такога, як ты, яшчэ ні разу не сустракаў.

Пайшоў хлопец далей сваёй дарогай. Ідзе і зноў мармыча:

- Ах, каб мне стала страшна!

Пачуў гэта адзін возчык, цікавіцца:

- Хто ты такі?

- Не ведаю, - адказаў дурань.

- А ты адкуль?

- Не ведаю.

- Хто твой бацька?

- Гэтага мне расказваць не дазволена.

- А што ты ўсё пра сябе мармычаш?

- Э-э, - адказаў хлопец, - хачу, каб мне стала страшна, а мяне ніхто гэтаму не навучыць.

- Ідзі за мной, - сказаў возчык, - я дапамагу табе.

Пад вечар яны прыпыніліся ў карчме, вырашылі там пераначаваць.

Гаспадар карчмы, як толькі даведаўся, чаго жадае малады хлопец, сказаў яму:

- Калі табе хочацца навучыцца страху, то выпадак для гэтага ёсць.

Гаспадар расказаў яму, што непадалёк ад карчмы стаіць заварожаны замак. Варта там правесці тры ночы запар, і страху можна навучыцца.

- Няўжо?!

- Слухай, хлопча, - таямніча паведаміў карчмар, - кароль таго замка абяцае смельчаку аддаць у жонкі сваю дачку-прыгажуню. Там ёсць вялікія скарбы, але яны зачараваныя. Хто прагоніць ад іх злыя духі, той стане багатым. Было, на жаль, ужо багата ахвотнікаў пабываць у тым замку, але ніхто не вярнуўся назад.

Як толькі развіднела, пайшоў хлопец да караля і кажа:

- Калі будзе дазволена, то я хацеў бы правесці тры ночы ў вашым зачараваным замку.

Каралю спадабаўся адчайны юнак, ён і прапанаваў:

- Прасі ў мяне тры рэчы, можаш іх узяць з сабой у замак.

Хлопец адказаў:

- Дайце мне агню, сталярны станок і такарны разам з разцом.

Кароль загадаў удзень занесці ўсё гэта ў замак. А ноччу хлопец-смяльчак пайшоў туды. У адным з пакояў расклаў агонь, паставіў побач сталярны станок, а на такарны сам усеўся, зноў пачаў мармытаць:

- Ах, каб мне стала страшна!

Апоўначы чуе дзіўныя галасы:

- Мяў-мяў! Як нам холадна!

- Эй, вы, дурні, - крыкнуў хлопец. - Калі вам холадна, то падсаджвайцеся да агню ды грэйцеся.

І толькі ён так сказаў, як да яго скокнулі дзве вялізарныя чорныя кошкі. Селі па баках, вочы агнямі гараць. Крыху сагрэліся і прапануюць:

- Прыяцель, а давай у карты згуляем.

- Чаму б не згуляць - пагадзіўся хлопец. - Толькі пакажыце спярша вашы лапы.

І выпусцілі кошкі свае кіпцюры.

- Э-э, якія яны ў вас доўгія! Іх трэба крыху абрэзаць.

Схапіў ён кошак за шкіркі, падняў на сталярны станок і моцна прыкруціў лапы. Пасля, мёртвых, выкінуў праз вакно ў ваду.

Толькі прысеў ля агню, як з усіх куткоў павылазілі чорныя кошкі і чорныя сабакі на распаленых ланцугах. Яны страшна крычалі, раскідвалі агонь, хацелі яго патушыць.

Гэта раззлавала хлопца. Ухапіў ён разец і давай ганяць страшыдлаў. Каго забіў, выкінуў у сажалку. Астатнія разбегліся.

Вярнуўся ён да агню, раздзьмуў яго, захацелася яму паспаць. Азірнуўся, бачыць у куце вялікі ложак.

- Гэта якраз мне і трэба, - узрадаваўся юнак.

А як толькі ўлёгся, ложак той пачаў рухацца і пакаціўся па замку, як бы ў яго запрэглі вараных. Праз парогі і лесвіцы, то ўніз, то ўверх. Ды раптам - гуп!-гуп! - перакуліўся ложак, бытта гара на хлопца навалілася. Вызваліўся з-пад яго і кажа:

- Хай на ім катаецца той, каму ахвота.

Лёг ля свайго агню і заснуў. Так моцна спаў, што кароль, калі раніцай убачыў яго, думаў ён мёртвы:

- Шкада мне хлопца-прыгажуна.

Пачуў гэта юнак і прачнуўся, сказаў:

- Усё было добра. Адна ноч прайшла, перажыву і дзве астатнія.

Вярнуўся хлопец да карчмара, а той вачам сваім не верыць, пытаецца:

- Ну, навучыўся страху?

- Не, усё марна. Ах, каб хто расказаў мне, што гэта за страх!

На другую ноч зноў пайшоў смяльчак у стары замак. Сеў ля агню, думае. З прыходам поўначы пачуліся шумы, стукі. Раптам з трубы выскачыла палова чалавека і звалілася перад ім.

- Гэй, - крыкнуў хлопец, - а дзе ж другая палова? Гэтага мала!

Зноў падняўся шум, усё загрымела, завыла, і з трубы выпала другая палова.

- Пачакай, я для цябе раздзьму агеньчык.

Раздзьмуў, азірнуўся, бачыць - страшны чалавек усеўся на яго месца.

- Так мы не дамаўляліся, - зазлаваў юнак. - Лаўка мая!

Спіхнуў ён страшыдла і ўсеўся на сваё месца. І выпала потым з трубы багата яшчэ такіх жа людзей. Яны прыцягнулі косткі мерцвякоў, два чарапы і пачалі гуляць у кеглі. Юнак пацікавіўся:

- Слухайце, вы, а ці нельга з вамі пагуляць?

- Можна, калі грошы ў цябе водзяцца.

- Грошай хапае. А вось кеглі ў вас не зусім круглыя.

Узяў ён чарапы, прыладкаваў іх на такарны станок, абтачыў.

- Так-то лепш будуць качацца. Цяпер гульня пойдзе весялей!

Згуляў юнак з імі, прайграў крыху грошай. А як толькі пачало развідняць, усе страшыдлы разбегліся. Ён яшчэ паспеў моцна заснуць.

Прыходзіць раніцай кароль:

- Ну, як гэту ноч правёў?

- У кеглі гуляў, некалькі талераў прайграў.

- А хіба табе не было страшна?

- Што вы, весела было. Эх, уведаць бы мне толькі, што такое страх!

На трэцюю ноч да хлопца з'явіліся шэсць веліканаў. Прынеслі на пахавальных насілках памёршага стрыечнага брата. Ён ляжаў халодны ў труне.

Юнак узяў нябожчыка на рукі, падсеў з ім да агню, пачаў расціраць халодныя рукі. Нічога не дапамагло, кроў не разыходзілася па жылах. Тады хлопец вырашыў легчы з ім у пасцель і сагрэць яго сваім целам. Так і зрабіў.

Адагрэўся мярцвяк, заварушыўся ды як крыкне:

- А цяпер я цябе задушу!

- Што?! - здзівіўся хлопец. - Ты мне так хочаш аддзячыць? Калі так, то вяртайся ў сваю дамавіну.

Ён падняў мерцвяка, кінуў яго ў дамавіну і прыкрыў векам. З'явіліся шэсць веліканаў і вынеслі яго.

- Усё ніяк не робіцца мне страшна, - сам сабе паскардзіўся хлопец.

Тады раптам да яго падступіўся адзін з веліканаў, ростам вышэй за ўсіх і старэйшы за іх, з доўгай сівой барадой, закрычаў:

- Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павінен памерці!

- Як гэта?!

- Вось зараз...

Страшыдла працягнула рукі да хлопца, хацела ўхапіць яго, але ён выкруціўся і сказаў:

- Цішэй, няма чаго рукі распускаць! Калі ты моцны, то і я не слабы.

- Давай памераемся сілай!

Велікан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру і адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.

- Я здолею не горш, - сказаў хлопец і падышоў да другога кавадла.

Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцілася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчаміў у яго бараду страшыдлы.

- Вось ты і трапіў да мяне! Цяпер твая чарга паміраць.

Пачаў велікан стагнаць, прасіцца. Паабяцаў вялікае багацце. Паверыў хлопец, адпусціў яго.

Павёў стары ў падзямелле замка і паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.

- Адна частка золата, - сказаў ён, - беднякам, другая - каралю, а трэцяя - табе.

Між тым прабіла дванаццаць, і дух знік. Хлопец застаўся адзін упоцемку. Стаў прабірацца вобмацкам. Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, і заснуў.

Прыходзіць раніцай кароль, пытае:

- Ну што, цяпер страху навучыўся?

- Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзіў нейкі барадач, але што такое страх, так мне ніхто і не сказаў.

Кароль паведаміў яму:

- Ты замак мой вызваліў ад чараў, можаш цяпер жаніцца на маёй дачцэ.

- Гэта добра, - адказаў хлопец, - але што такое страх, я так і не ведаю.

Паднялі з падзямелля золата. Згулялі вяселле. Малады кароль, як ні кахаў сваю жонку, як ні быў задаволены, а не-не дый паўтараў:

- Каб стала мне страшна!

Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка і кажа ёй:

- У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!

Пайшла яна да ручая, які бруіўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькі малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру і выліла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамі. Пачалі маленькія рыбкі скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:

- Вой, мілая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!



Пераклад: Уладзімір Ліпскі