epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Ліс і кошка

Здарылася аднаго разу так, што напаткала кошка ў лесе спадара ліса. «Ён разумны ды такі спрактыкаваны, што яго ва ўсім свеце паважаюць», - падумала кошка і лагодна прамовіла да яго:

- Добры дзень, шаноўны спадар ліс, як маецеся? Як упраўляецеся ў наш цяжкі час? Усё ж такое дарагое.

Глянуў ліс на кошку, акінуў яе зняважлівым паглядам з галавы да ног і памарудзіў, не ведаючы, ці варта адказваць.

Нарэшце ён сказаў:

- Ах ты, няшчасная варкатуха, дурніца бязглуздая, галодная жабрачка ды мышаедка! Як гэта табе на розум прыйшло пытацца, як мне паводзіцца? Як ты насмелілася? Чаму цябе там вучылі? Якія навукі прайшла?

- Я ведаю толькі адну навуку, - сціпла адказала кошка.

- Што ж гэта за навука? - спытаўся ліс.

- Калі за мною ўлягуць сабакі, дык я ўмею ўскочыць на дрэва і ўратавацца.

- І гэта ўсё? - сказаў ліс. - А я вось знаўца аж у ста мастацтвах і да таго яшчэ цалюткі мех хітрыкаў маю. Мне шкада цябе, ідзі са мною, я навучу цябе, як ад сабак уцякаць.

Тут якраз на гэтым часе праходзіў паляўнічы з чатырма сабакамі. Кошка ў імгненне вока ўскочыла на дрэва, уселася на самай вершаліне, і галінкі ды лістота схавалі яе.

- Развяжыце ваш мех, спадар ліс, развяжыце ваш мех, - загукала яму кошка.

Але сабакі ўжо схапілі яго і моцна трымалі ў зубах.

- Эх, спадар ліс! - усклікнула кошка. - Вось вы і ўляцелі ў бяду са сваімі ста мастацтвамі. А маглі б вы, як я, на дрэва ўскараскацца, не давялося б вам з жыццём развітвацца.



Пераклад: Артур Вольскі