epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Мужычок

Была адна вёска, дзе жылі спрэс адны сяляне-багацеі; і быў адзін толькі сярод іх бядняк, звалі яго Мужычком. Не было ў яго ніколі каровы, ды і грошай, каб яе купіць, таксама не было; а яму і жонцы яго надта ж хацелася мець яе! Вось і кажа ён аднойчы:

- Паслухай, жонка, мне прыйшла ў галаву добрая думка: кум жа наш цясляр, хай зробіць ён нам з дрэва цялушачку ды пафарбуе яе бураю фарбаю, каб была яна падобнай да цялят; з часам яна падрасце, вось і будзе ў нас карова.

Жонцы яго гэта таксама спадабалася. І змайстраваў ім кум-цясляр цялушачку, і выстругаў яе, як след; фарбаю пафарбаваў як і патрабавалася, ды зрабіў яшчэ так, што і галаву яна нахіляла, быццам пасвіцца.

Вось на другую раніцу пагналі кароў у поле, а Мужычок паклікаў да сябе пастуха і кажа:

- Бачыш, ёсць цяпер у мяне цялушачка, ды яна яшчэ малая, яе трэба несці на руках.

Сказаў пастух:

- Што ж, добра, - узяў ён яе на рукі, вынес на пашу і паставіў на травіцу.

Цялушачка ўсё стаіць, быццам траву скубе, а пастух і гаворыць: «Хутка яна стане сама бегаць; глядзі, яна ўжо і есці ўмее».

Вечарам сабраўся ён гнаць статак дамоў і кажа цялушцы:

- Калі можаш стаяць і ўжо ўмееш есці як след, дык павінна сама і хадзіць, - не стану я цягнуць цябе дамоў на руках.

А Мужычок стаіць ля варот, чакае сваю цялушачку. Вось гоніць пастух кароў па вёсцы, а цялушачкі і няма. Пытаецца Мужычок пра яе ў пастуха. А пастух адказвае:

- Яна на лузе ўсё пасвіцца ды пасвіцца, ніяк ісці не хоча.

Тады Мужычок кажа:

- Як жа гэта так, ты павінен быў скаціну да мяне прыгнаць.

І вярнуліся яны разам з пастухом на луг; але нехта цялушачку, відаць, украў, яны там яе не знайшлі. Вось пастух і гаворыць:

- Яна некуды забегла.

А Мужычок яму ў адказ:

- Як бы не так! - і павёў пастуха да старасты; а той і прысудзіў, што павінен пастух за сваё нядбанне даць Мужычку заместа цялушачкі, якая прапала, карову.

Вось і атрымаў Мужычок са сваёю жонкаю карову, якую ім так даўно хацелася мець. Яны вельмі ўзрадаваліся, але корму ж у іх не было і карову ім не было чым карміць, і вось давялося яе зарэзаць. Мяса яны засалілі, і Мужычок пайшоў у горад, каб прадаць там шкуру, а на ўтаргаваныя грошы купіць сабе новую цялушачку. Праходзіў ён міма млына; бачыць - сядзіць там крумкач са зламаным крылом. Пашкадаваў ён яго, узяў і загарнуў яго ў шкуру. Але надвор'е стала дрэнным, узняўся вецер, і дождж пачаў ліць, што з вядра, - далей ісці было цяжка.

Ён вярнуўся на млын і папрасіў даць яму прытулак. Млынарыха была дома адна і гаворыць Мужычку:

- Што ж, кладзіся на салому, - і дала яму кавалак хлеба з сырам.

Мужычок паеў і лёг спаць, а шкуру паклаў каля сябе. Жанчына падумала: «Ён стаміўся і, напэўна, ужо спіць». А тут прыходзіць у госці поп. Млынарыха сустрэла яго ласкава і кажа:

- Мужа майго зараз дома няма, давай разам перакусім.

Мужычок стаў прыслухоўвацца, і, калі гаворка зайшла аб пачастунку, ён пакрыўдаваў, што давялося яму здавольвацца адным толькі хлебам ды сырам. А млынарыха прынесла ежу і наставіла ўсякай усячыны - і варанага, і смажанага, салату, пірагі і віно.

Толькі яны селі за стол і пачалі есці, як нехта пагрукаўся ў дзверы. Млынарыха гаворыць:

- Ах, Божа мой, гэта, відаць, мой муж.

Хуценька сунула яна смажаніну ў печку, віно - пад падушку, салату - на ложак, пірагі - пад ложак, а папа ў шафу схавала, што ў сенцах стаяла. Затым адчыніла яна дзверы мужу і кажа:

- Дзякуй Богу, што ты вярнуўся! Вось ужо надвор'е, быццам канец свету настаў!

Пабачыў млынар Мужычка на саломе і пытаецца:

- А гэтаму чаго тут трэба?

- Ах, - адказала жонка, - ды вось небарака трапіў у буру і дождж, ну і папрасіўся пераначаваць. Дала я яму кавалак хлеба з сырам і дазволіла легчы на саломе.

Муж гаворыць:

- Няхай сабе спіць, толькі дай жа ты мне чаго-небудзь паесці.

А жонка кажа:

- Няма ў мяне нічога, акрамя хлеба ды сыру.

- Я і тым буду задаволены, - адказаў муж, - давай, хаця б, хлеба з сырам.

Зірнуў ён на Мужычка і кажа:

- Гэй ты, ідзі ды паеш з намі яшчэ раз!

Мужычок не прымусіў сябе доўга прасіць, падняўся і стаў есці. Пабачыў млынар, што ляжыць на зямлі каровіна шкура і ў яе крумкач загорнуты, вось ён і пытаецца:

- Што гэта ў цябе там такое?

А Мужычок і гаворыць:

- Ды там у мяне прадказальнік схаваны.

- Можа, ён і мне што-небудзь прадкажа? - запытаўся млынар.

- Магчыма, - адказаў яму Мужычок, - але ён прадказвае толькі чатыры разы, а на пяты ўсё ў сабе хавае.

Млынара гэта зацікавіла, і ён пачаў прасіць:

- Дык загадай ты яму што-небудзь прадказаць.

Прыціснуў Мужычок крумкачову галаву, той адразу і крыкнуў і закаркаў: «кар-кар». Млынар спытаў:

- Ну, што ён сказаў?

Мужычок адказаў:

- Па-першае, сказаў ён, што віно схавана пад падушкаю.

- Гэта было б нядрэнна! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў віно.

- Ну, кажы далей! - сказаў млынар.

Мужычок прымусіў крумкача зноў закаркаць і сказаць.

- Па-другое, ён гаворыць, што смажаніна стаіць у печцы.

- Гэта было б дарэчы! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў смажаніну.

Мужычок прымусіў крумкача яшчэ прадказваць і абвясціў:

- Па-трэцяе, ён гаворыць, што салата ляжыць на ложку.

- Гэта таксама было б нядрэнна! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў салату.

Яшчэ раз прыціснуў Мужычок крумкача, ды так, што той запішчэў і закаркаў. І абвясціў Мужычок:

- А па-чацвёртае, сказаў ён, што пірагі ляжаць пад ложкам.

- Гэта было б някепска! - ускрыкнуў млынар, палез пад ложак і знайшоў там пірагі.

Селі яны абодва за стол, а млынарыха да смерці перапалохалася, легла ў ложак і ўсе ключы пахавала. Схацелася млынару даведацца і пра пятае, а Мужычок кажа:

- Давай спачатку паядзім усе чатыры, а пятае - яно будзе, бадай што, горшым.

Вось паелі яны, сталі таргавацца, колькі павінен даць млынар за пятае прадказанне, і сыйшліся яны на трохстах талерах. Вось прыціснуў Мужычок яшчэ раз крумкачову галаву - той адразу і закаркаў на ўсё горла. Пытаецца млынар:

- Што ж ён сказаў?

А Мужычок адказвае:

- Ён сказаў, што ў шафе ў сенцах схаваўся чорт.

Млынар кажа:

- Ну, чорта трэба будзе адтуль выгнаць, - адчыніў дзверы ў сенцы, і вось давялося жонцы аддаць мужу ключ.

І Мужычок адчыніў шафу. І выскачыў стрымгалоў адтуль гэты самы поп. А млынар гаворыць:

- Бачыў я сваімі вачамі чорнага чалавека - гэта і быў чорт.

Мужычок на другую раніцу, толькі стала світаць, захапіў свае трыста талераў і дай бог ногі. Вярнуўся Мужычок дамоў і прывёў мала-памалу сваю гаспадарку ў парадак, пабудаваў сабе прыгожую хату, і сяляне сталі пра яго гаварыць:

- А Мужычок жа, напэўна, пабываў там, дзе падае дождж залаты і дзе грошы проста лапатамі грабуць.

І паклікалі Мужычка да старасты, каб сказаў ён, адкуль у яго з'явілася такое багацце. І адказаў ён:

- Быў я ў горадзе і прадаў каровіну шкуру за трыста талераў.

Пачулі гэта сяляне, схацелася і ім таксама атрымаць такія ж грошы. Прыбеглі яны дамоў, усіх кароў сваіх пазарэзвалі, шкуры паздзіралі, каб прадаць іх у горадзе ды барыш узяць, як мага большы. А стараста і кажа:

- Мая работніца няхай ідзе ў горад першая.

Прыйшла тая да купца ў горад, і даў ён ёй усяго тры талеры за шкуру; а калі з'явіліся і іншыя, даў ён ім і таго менш і сказаў:

- Ды куды ж мне ўсе гэтыя шкуры і дзяваць ужо?

Раззлаваліся сяляне, што Мужычок іх гэтак спрытна падмануў, і вырашылі яму адпомсціць: падалі скаргу старасту, што ўвёў ён іх, маўляў, у зман. І ні ў чым невінаваты Мужычок быў адзінагалосна асуджаны да пакарання смерцю; і павінны былі яго спусціць у прадзіраўленай бочцы ў рэчку.

Прывялі Мужычка і паклікалі папа, каб прачытаў ён па ім памінальную. А ўсім астатнім загадана было разысціся. Як пабачыў Мужычок папа, пазнаў у ім таго самага, што быў у гасцях у млынарыхі. Вось і кажа ён яму:

- Я вызваліў вас з шафы, а вы вызвальце мяне з бочкі.

А якраз на той час пастух гнаў авечак, а пра таго пастуха ён ведаў, што даўно яму хацелася стаць старастам. І вось закрычаў ён на ўсё горла:

- Не, я не згодны! Нават калі б увесь свет таго пажадаў, дык і тады б я не пагадзіўся.

Пачуў гэта пастух, падышоў і пытаецца:

- Што з табою? На што ты не пагаджаешся?

А Мужычок адказвае:

- Ды вось хочуць яны зрабіць мяне старастам, калі сяду я ў гэтую бочку, але я не згодны.

Тады пастух і гаворыць:

- Калі толькі гэта і патрэбна, каб стаць старастам, я зараз сяду ў бочку.

А Мужычок кажа:

- Калі згодны ты сесці, дык і старастам будзеш.

Пастух пагадзіўся, сеў у бочку, і Мужычок донца ў бочцы забіў, а сам падышоў да статку і пагнаў яго замест пастуха. А поп пайшоў да сваіх прыхаджанінаў і сказаў, што памінальную ён ужо прачытаў. І прыйшлі сяляне і скацілі бочку ў рэчку. Толькі пачала бочка каціцца, а пастух з яе як закрычыць:

- Так, я ахвотна старастам буду!

Падумалі яны, што гэта крычыць Мужычок, і кажуць:

- І мы думаем тое ж самае; але ты спачатку агледзься, што робіцца там, унізе, - і скацілі яны бочку ў рэчку.

Сталі затым сяляне па хатах разыходзіцца; прыйшлі ў вёску, бачаць - і Мужычок таксама вяртаецца, гоніць статак авечак, бы нічога і не было. Здзівіліся сяляне і пытаюцца:

- Мужычок, адкуль гэта ты ўзяўся? Хіба што ты з вады вылез?

- Ну так, - адказаў ім Мужычок, - я спусціўся глыбока-глыбока і трапіў на самае дно; выбіў з бочкі донца, вылез, а там унізе такія цудоўныя лугі, і пасвіцца на іх шмат ягнят, - вось і ўзяў я сабе цэлы статак.

Пытаюцца сяляне:

- А ці многа яшчэ іх там засталося?

- О, многа! - адказаў Мужычок. - Куды болей, чым вам трэба.

Дамовіліся тады паміж сабою сяляне, што і яны таксама б не супраць авечак раздабыць - кожны па цэламу статку.

А стараста і кажа:

- Я пайду першы.

Вось прыйшлі яны ўсе разам да рэчкі, а па сіняму небу якраз на той час хадзілі аблачынкі, тыя, што называюць баранчыкамі; яны адлюстроўваліся ў вадзе. І вось закрычалі сяляне:

- Колькі ж авечак бачна на дне!

Прабіўся стараста наперад і гаворыць:

- Я першы кінуся на дно, трэба ж паглядзець ды агледзецца; калі ўсё будзе як трэба, я вас паклічу.

І вось кінуўся ён у ваду, «шабулдых» - адгукнулася на вадзе. А сяляне падумалі, што крычыць ён «Ідзіце», - і вось яны ўсім гуртам кінуліся ўслед за ім у ваду.

І вымерла ўся вёска, і застаўся адзін Мужычок наследнікам усяго іхняга дабра і зрабіўся чалавекам багатым.



Пераклад: Раіса Баравікова