epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Неразумны Ганс

Прыйшоў Ганс да маці.

- Бывай, - кажа, - матухна.

Маці пытае:

- Ты куды, Ганс, сабраўся?

Ганс адказвае:

- Іду Грэтэль праведаць, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі ж, будзь разумны.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты сама мне што-небудзь падары.

Грэтэль дала яму іголку. Ганс кажа:

- Бывай, Грэтэль.

Грэтэль адказвае:

- Бывай, Ганс.

Узяў Ганс у Грэтэль іголку, пхнуў яе ў сена на возе і пайшоў за возам дадому. Прыйшоў Ганс дадому.

- Добры вечар, матухна, - кажа Ганс.

- Добры вечар, Ганс, - адказвае мутухна, - дзе ты быў?

- У Грэтэль я быў, - кажа Ганс.

- Што ты ёй падарыў? - пытае матухна.

- Нічога не падарыў, сам ад яе ў падарунак іголку атрымаў.

- А дзе ж гэта іголка, Ганс? - пытае матухна.

- У сена на возе ўваткнуў.

- Неразумна ты зрабіў, Ганс, - кажа матухна. - Табе б яе да рукава прыкалоць.

- Добра, - кажа Ганс, - у другі раз так і зраблю.

Сабраўся зноў Ганс у дарогу.

Маці кажа:

- Ты куды, Ганс, сабраўся?

Ганс адказвае:

- Іду Грэтэль праведаць, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі ж, будзь разумны, Ганс.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты мне што-небудзь падары.

Грэтэль дала яму ножык.

Ганс кажа:

- Бывай, Грэтэль.

Грэтэль кажа:

- Бывай, Ганс.

Узяў Ганс ножык, уваткнуў ён яго ў рукаў і пайшоў дадому.

Прыйшоў Ганс дадому, а ножыка ў рукаве няма. Толькі дзірка ў рукаве засталася.

- Добры вечар, матухна, - кажа Ганс.

- Добры вечар, Ганс, - адказвае матухна. - Дзе ты быў?

- У Грэтэль я быў, - кажа Ганс.

- Што ты ёй падарыў? - пытае матухна.

- Нічога не падарыў. Сам ад яе ў падарунак ножык атрымаў.

- А дзе гэты ножык, Ганс?

- Ды я яго ў рукаў уваткнуў, ён і згубіўся.

- Неразумна ты зрабіў, Ганс, - кажа матухна. - Трэба было табе ножык у сумку пакласці.

- Добра, - кажа Ганс, - у другі раз так і зраблю.

Вось зноў сабраўся Ганс у дарогу.

Маці кажа:

- Ты куды, Ганс, сабраўся?

Ганс адказвае:

- Іду Грэтэль праведаць, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі ж, будзь разумны.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты прынёс мне ў падарунак?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты мне што-небудзь падары.

Грэтэль падарыла яму маленькую казу.

Ганс кажа:

- Бывай, Грэтэль.

Грэтэль кажа:

- Бывай, Ганс.

Узяў Ганс казу, засунуў яе ў сумку і пайшоў дадому.

Прыйшоў Ганс дадому.

- Добры вечар, матухна.

- Добры вечар, Ганс. Дзе ты быў?

- У Грэтэль быў.

- Што ты ёй падарыў?

- Нічога не падарыў. Сам ад яе маленькую казу атрымаў.

- А дзе ж твая каза, Ганс?

- А я яе ў сумку засунуў, - кажа Ганс. - Яна там і задыхнулася.

- Неразумна ты зрабіў, Ганс, - кажа матухна. - Табе б казу на вяроўку прывязаць.

- Добра, - кажа Ганс, - у другі раз так і зраблю.

Сабраўся Ганс зноў у дарогу.

Маці кажа:

- Ты куды, Ганс, сабраўся?

Ганс адказвае:

- Грэтэль праведаць, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі ж, будзь разумны.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты мне ў падарунак прынёс?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты мне што-небудзь падары.

Грэтэль дала яму вялікі кавалак свінога сала.

Ганс кажа:

- Бывай, Грэтэль.

Грэтэль кажа:

- Бывай, Ганс.

Узяў Ганс кавалак свінога сала, прывязаў яго да вяроўкі і пацягнуў за сабой. Прыходзіць дадому, а за ім толькі вяроўка цягнецца.

- Добры вечар, матухна, - кажа Ганс.

- Добры вечар, Ганс. Дзе ты быў?

- У Грэтэль быў.

- Што ты ёй падарыў? - пытае матухна.

- Нічога не падарыў, сам ад яе кавалак свінога сала атрымаў, - кажа Ганс.

- А дзе ж свіное сала, Ганс?

- Прывязаў я яго да вяроўкі, пацягнуў дадому, ды па дарозе яго, пэўна, сабакі з'елі.

- Неразумна ты зрабіў, Ганс, - кажа матухна. - Табе трэба было сала на галаве несці.

- Добра, - кажа Ганс, - у другі раз так і зраблю.

І зноў сабраўся Ганс у дарогу.

Маці кажа:

- Ты куды сабраўся, Ганс?

Ганс адказвае:

- Грэтэль праведаць, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі, будзь разумны.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты мне прынёс у падарунак?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты мне што-небудзь падары.

Грэтэль падарыла Гансу цяляці.

Ганс кажа:

- Бывай, Грэтэль.

Грэтэль кажа:

- Бывай, Ганс.

Узяў Ганс цяляці, узваліў яго сабе на галаву і панёс.

Нясе ён цяляці на галаве, а цяляці рвецца, брыкаецца, не хоча ў Ганса на галаве сядзець. Скінуў Ганс цяляці ў канаву, а сам прыйшоў дадому ўвесь у сіняках і гузаках.

- Добры вечар, матухна, - кажа Ганс.

- Добры вечар, Ганс, - кажа матухна. - Дзе ты быў?

- У Грэтэль я быў, - кажа Ганс.

- Што ты ёй падарыў? - пытае матухна.

- Нічога не падарыў. Сам ад яе цяляці атрымаў.

- А дзе ж цяляці, Ганс? - пытае матухна.

- Ды я яго на галаве нёс, - кажа Ганс, - а яно дарогай брыкалася-брыкалася і столькі мне гузакоў на ілбе наставіла, што я яго ў канаву кінуў.

- Неразумна ты зрабіў, Ганс, - кажа матухна. - Ты б цяляці дубцом пагнаў, травой пакарміў і ў нас у двары да плоту прывязаў.

- Добра, - кажа Ганс, - у другі раз так і зраблю.

Вось зноў сабраўся Ганс у дарогу.

Маці кажа:

- Ты куды Ганс, сабраўся?

Ганс адказвае:

- Да Грэтэль, матухна.

Маці кажа:

- Глядзі, будзь разумны.

Ганс адказвае:

- Буду, матухна.

Маці кажа:

- Бывай, Ганс.

Ганс адказвае:

- Бывай, матухна.

Прыйшоў Ганс да Грэтэль.

- Добры дзень, Грэтэль.

- Добры дзень, Ганс. Што ты прынёс мне ў падарунак?

- Нічога не прынёс, - кажа Ганс. - Ты мне што-небудзь падары.

- Грэтэль кажа:

- Няма чаго мне табе падарыць, Ганс. Я сама з табой пайду.

Узяў Ганс добры дубчык і пагнаў Грэтэль да сябе дадому.

А дома травы ёй кінуў і моцна-моцна прывязаў яе да плоту.

Прыходзіць Ганс да маці.

- Добры вечар, матухна, - кажа Ганс.

- Добры вечар, Ганс, - кажа матухна. - Дзе ты быў?

- У Грэтэль я быў, - кажа Ганс.

- Што ты ёй падарыў? - пытае матухна.

- Нічога не падарыў, - кажа Ганс. - Сюды яе прывёў.

- А дзе яна? - кажа матухна.

- Ды я яе да плоту ў двары прывязаў і травы ёй пакінуў.

Пабегла маці ў двор, а Грэтэль там ужо няма, - толькі вяроўка на плоце матляецца. Збегла Грэтэль.

Так яе Ганс з той пары і не бачыў.



Пераклад: Валянцін Лукша