epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Падземны чалавечак

Жыў-быў некалі багаты кароль, і былі ў яго тры дачкі; яны штодня гулялі ў каралеўскім садзе, а бацька быў такі аматар розных дрэў, што аб'явіў: калі раптам нехта сарве з дрэва хоць бы адзін яблык, то ён, кароль, сілаю праклёну загоніць зламысніка на сто сажняў пад зямлю. Вось і наблізілася восень, і парабіліся яблыкі на адной з яблынь чырвонымі, быццам крывёю наліліся. А тры каралеўскія дачкі штодня гулялі пад дрэвам ды пазіралі, ці не скіне вецер хоць бы адзін яблычак, - бо за ўсё сваё жыццё яны не знайшлі ніводнага, якое б з яблыні звалілася, - а само дрэва ад цяжкіх яблыкаў ажно на зямлю клалася. І вось вельмі ўжо захацелася малодшай каралеўне пакаштаваць яблычка і мовіла яна сёстрам:

- Бацька нас вельмі любіць, і, пэўна ж, не здзейсніць свайго праклёну; я думаю, што гэта датычыцца толькі чужых людзей. - Пры гэтых словах яна адшчыкнула самы вялікі яблык, наблізілася да сясцёр ды кажа:

- Вось, пакаштуйце, мілыя сястрычкі, хоць бы кавалачак! Я за ўсё сваё жыццё не ела такога смачнага яблычка.

І адкусілі абедзве старэйшыя каралеўны ад таго яблыка, і ўсе трое адразу зніклі пад зямлёю, ды так глыбака, што адтуль не было нават чутно пеўневага кукарэкання.

Апоўднем кароль намерыўся папалуднаваць, але ніяк не мог даклікацца дачок, ён доўга шукаў іх і ў палацы, і ў садзе, але марна. Ён гэтак засмуціўся, што загадаў аб'явіць па ўсёй краіне ўказ, згодна якога той, хто знойдзе яго дачок, возьме любую сабе ў жонкі. І шмат хто з малайцоў выправіліся ў пошукі, бо трох каралеўскіх дачок вельмі ўжо ўсе любілі, - былі яны ласкавыя, а да таго дужа тварам вабныя. Між іншых смельчакоў было трое маладых паляўнічых. Павандраваўшы тыдзень, пад'ехалі яны да палаца, а ў палацы тым прыгожыя пакоі, і ў адным з іх стол, а на ім розныя прысмакі панастаўленыя, і ўсе яны гарачыя, над імі віецца духмяная пара; а ў палацы гэтым не бачна ніводнай жывой душы. Прасядзелі там паляўнічыя паўдня, а стравы, як былі гарачыя, так і засталіся, і над імі віецца духмяная пара; урэшце яны так згаладаліся, што паселі да стала і пачалі есці. Добра наеліся, а пасля падумалі-падумалі ды вырашылі застацца ў гэтым палацы і кінуць жэрабя, каму тут быць, а каму ехаць на пошукі каралеўскіх дачок; гэтак яны і зрабілі; і выпала застацца ў палацы старэйшаму паляўнічаму. Раніцай двое паляўнічых адправіліся ў дарогу на пошукі, а старэйшы застаўся ў палацы. Раптам з'яўляецца апоўднем маленькі чалавечак і пачынае прасіць даць яму кавалачак хлеба; узяў тады старэйшы паляўнічы хлеб, адкроіў лусту і падае яму, але маленькі чалавечак выпусціў яе і папрасіў, каб той быў такі ласкавы і падняў яму гэту лусту хлеба з падлогі. Паляўнічы згадзіўся і, вось калі ён нагнуўся, каб падняць той хлеб, маленькі чалавечак хапіў палку, учапіўся ў валасы і пачаў лупцаваць паляўнічага.

Мінуў дзень, у палацы давялося застацца сярэдняму - з ім таксама здарылася падобнае. Вярнуліся паляўнічыя вечарам дадаму, а старэйшы і пытае сярэдняга:

- Як пачуваеш сябе, браце?

- Ой, не пытайся, дужа кепска! - Пачалі яны тады спавядацца адзін аднаму, расказваць пра свае здарэнні, а малодшаму пра ўсё тое не прызналіся, - яны яго недалюблівалі і заўсёды дражнілі дурнаватым Гансам, бо ён усюды паводзіў сябе не так, як яны.

А на трэці дзень прыйшла чарга заставацца ў палацы самаму малодшаму; зноў з'явіўся маленькі чалавечак і папрасіў хлеба; даў яму Ганс лустачку, а той яе выпусціў і пачаў прасіць, каб быў ён такім ласкавым і падняў тую лустачку з падлогі. Але малодшы незадаволена сказаў маленькаму чалавечку:

- Што?.. Хіба ты сам не можаш падняць яе? А калі не можаш паклапаціцца пра хлеб свой надзённы, то ці варты ты таго, каб есці яго?

Раззлаваўся маленькі чалавечак і сказаў, што хлапец павінен падняць яму хлеб, але Ганс хапануў нахабніка за каўнер і добра адлупцаваў. Пачаў тады чалавечак крычаць на ўсё горла:

- Не бі мяне, адпусці, а я скажу табе, дзе каралеўны схаваныя!

Пачуў такое Ганс ды перастаў біць нахабніка. І расказаў яму чалавечак пра тое, што жыве ён пад зямлёй і што там такіх, як ён, больш тысячы, а тады прапанаваў паляўнічаму ісці разам з ім, паабяцаў паказаць, дзе тыя каралеўны схаваныя.

Прывёў хлапца да глыбокага калодзежа, праўда, без вады ён быў. Расказаў паляўнічаму, што старэйшыя сябры хлапца супраць яго, малодшага, нешта нядобрае задумалі і што калі ён хоча вызваліць каралёвых дачок, то павінен гэта зрабіць сам. А яшчэ расказаў чалавек, што тыя два паляўнічыя хочуць адшукаць каралеўнаў, не прыкладаючы вялікай сілы, каб не сутыкнуцца з якой небяспекай. Дык вось, калі малодшы хоча вызваліць каралеўскіх дачок, то павінен ён узяць вялікі кош, сесці ў яго, прыхапіць з сабою званочак, вялікі паляўнічы нож і спусціцца ў калодзеж; а там, на дне, ёсць тры пакоі, і ў кожным з іх па каралеўне сядзіць, а каля кожнай каралеўны ляжыць шматгаловы дракон, і павінен паляўнічы тым драконам усе галовы паадсякаць.

Паведаў пра ўсё гэта падземны чалавечак ды знік некуды.

Звечарэла. Вярнуліся два паляўнічыя з пошукаў каралеўскіх дачок, пачалі распытваць малодшага, як яму дзень бавіўся, а ён кажа ім, што ў палацы пачуваў сябе вельмі хораша - ніякіх людзей не бачыў, адно апоўднем заходзіў нейкі маленькі чалавечак, кавалачак хлеба папрасіў; то ён даў яму, але той не ўтрымаў лусту і тады пачаў прасіць, каб паляўнічы падняў яе; але ён не паслухаўся, дык чалавечак той сварыцца пачаў, за што давялося яго адлупцаваць, і чалавечак тады паведаміў яму, дзе каралеўны схаваныя.

Пачуўшы ўсё гэта, абодва паляўнічыя так раззлаваліся, што ад злосці ажно пажаўцелі ды пазелянелі. Раніцай накіраваліся яны да калодзежа, кінулі жэрабя, хто першым мусіць спусціцца на дно. Выпала старэйшаму. Сеў ён у кош, прыхапіў з сабой званочак, ды кажа:

- Калі я пазваню, выцягвайце мяне хутчэй наверх.

Толькі пачаў ён спускацца, як зазваніў званочак, гэта значыць, каб цягнулі хлапца наверх. Тады сеў у кош сярэдні паляўнічы, але з ім здарылася тое ж самае. Вось надышла чарга малодшаму сядаць у кош, апусцілі яго на дно. Вылез ён з каша, выняў вялікі паляўнічы нож, наблізіўся да першых дзвярэй, спыніўся і пачаў прыслухоўвацца; і пачуў ён, што дракон гучна храпіць. Тады хлапец прыадчыніў дзверы, бачыць - сядзіць адна з каралеўнаў, а дзевяцігаловы дракон паклаў галовы ёй на калені і гэтак сцеражэ дзяўчыну. Узяў тады паляўнічы вялікі нож і адсек адным махам усе дзевяць галоў дракону. Тут каралеўна ўскочыла, кінулася яму на шыю, пачала абдымаць і цалаваць яго, а тады зняла з грудзей дарагія каралі, - а былі яны з чырвонага золата, - і павесіла збавіцелю на шыю. І пайшоў ён тады вызваляць другую каралеўну. Яе таксама ахоўваў дракон, гэты меў сем галоў. Вызваліў паляўнічы другую прыгажуню, а пасля і трэцюю таксама, тую пільнаваў чатырохгаловы дракон. І пачалі ўсе каралеўны распытваць смелага хлапца, бясконца абдымаць і цалаваць яго. Пасля хлапец пазваніў у званочак, званіў датуль, пакуль яго не пачулі. І пасадзіў ён трох каралеўнаў у кош і загадаў усіх іх цягнуць наверх. Прыйшла чарга і яму наверх падымацца, і тут ён успомніў словы падземнага чалавечка, што сябры надумалі нешта благое супраць яго. Узяў хлапец тады вялікі камень, што ляжаў на дне калодзежа, і паклаў яго ў кош; але калі кош падняўся да сярэдзіны, злыя паляўнічыя абрэзалі вяроўку, і ўпаў кош з каменем на дно калодзежа, наверсе падумалі, што малодшы паляўнічы разбіўся, і сябры збеглі з трыма каралеўнамі, атрымаўшы ў іх абяцанне, што тыя скажуць бацьку, быццам вызвалілі іх гэтыя два паляўнічыя. Прыйшлі яны да караля і пачалі прасіць аддаць ім дачок у жонкі.

А тым часам малады паляўнічы блукаў, сумны, па трох падземных пакоях і нявесела думаў, што тут давядзецца яму памерці. Раптам бачыць ён - вісіць на сцяне жалейка, і сказаў ён: «Навошта ты вісіш тут на сцяне, каму тут весяліцца?» Глянуў ён на ссечаныя галовы драконаў і прамовіў: «І вы таксама нічым не можаце памагчы». Хадзіў ён пакоямі так доўга, што ўвесь земляны дол утаптаў. Нарэшце наведалі яго галаву іншыя думкі, і ён зняў са сцяны жалейку і пачаў на ёй іграць; раптам з'явілася мноства падземных чалавечкаў, і з кожным гукам жалейкі іх прыбывала ўсё больш і больш; гэтак ён іграў, пакуль увесь пакой не запоўнілі тыя чалавечкі. Пачалі яны яго распытваць, што ён хоча, і ён адказаў: «Хачу зноў вярнуцца на зямлю, на белы свет паглядзець». Падхапілі яго тады падземныя чалавечкі, кожны ўчапіўся за адну валасіну на яго галаве, і так яны паляўнічага за валасы наверх з калодзежа выцягнулі.

Неўзабаве хлапец апынуўся на зямлі, а тады шчасліва дабраўся да каралеўскага палаца, а там акурат мелася вяселле адбывацца адной з каралеўнаў, і ён накіраваўся ў пакой, дзе быў кароль са сваімі трыма дачкамі. Убачыўшы яго, прыгажуні ў непрытомнасці асунуліся на падлогу. Раззлаваўся кароль, загадаў пасадзіць паляўнічага ў цямніцу, думаючы, што ён нейкі злы чараўнік. Але калі каралеўны ачунялі, пачалі прасіць бацьку, каб вызваліў хлапца з цямніцы. Кароль у іх спытаў тады, чаго гэта яны гэтак просяць за яго, і яны адказалі, што не асмельваюцца прызнацца. Тады ён загадаў, каб яны расказалі пра ўсё печцы, а сам выйшаў з пакоя і прытаіўся за дзвярыма, каб падслухаць, так і даведаўся пра ўсё. Загадаў тады ён тых двух паляўнічых павесіць, а трэцяму аддаць малодшую дачку ў жонкі.

І абуў я на вяселле шкляныя чаравічкі, ды спатыкнуўся выпадкова аб камень, і - дзынь! - няма чаравічкаў!



Пераклад: Генадзь Пашкоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com