epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Папялушка

Захварэла аднойчы ў аднаго багача жонка і адчула, што канец ёй прыходзіць. Паклікала яна да сябе сваю адзіную дачку і гаворыць:

- Любае маё дзіця, будзь сціплай і ласкавай, і Бог табе заўсёды дапаможа, а я буду глядзець на цябе з неба і заўсёды буду каля цябе.

Потым закрыла яна вочы і памерла. Дзяўчынка хадзіла кожны дзень на магілу да маці і плакала, і была ціхмянай і ласкавай.

Вось надышла зіма, і снег накрыў белым саванам магілу, а калі вясной зноў засвяціла сонейка, узяў багач сабе ў жонкі другую жанчыну.

Прывяла мачаха ў дом сваіх дачок. Былі яны прыгожыя і тварам белыя, але сэрцам злосныя і жорсткія. І наступіў тады цяжкі час для беднай падчарыцы.

- Няўжо гэтая дурніца будзе сядзець у нас у пакоі? - сказала мачаха. - Хто хоча есці хлеб, няхай яго спачатку заробіць. Ану, хутчэй на кухню, будзеш гаспадыняй.

Адабралі яны ў яе прыгожае адзенне, надзелі на яе старую зрэбную кашулю і далі ёй драўляныя чаравікі.

- Паглядзіце вы на гэтую гордую прынцэсу, бачыце, як убралася ў строі, - гаварылі яны, смеючыся, і адвялі яе на кухню.

І павінна была яна там з раніцы да вечара выконваць чарнавую работу: падымацца раненька-рана, насіць ваду, паліць у печы, кухарыць і мыць. Акрамя таго, зводныя сёстры ўсяляк імкнуліся як можна мацней яе засмуціць - насміхаліся над ёю, высыпалі гарох і сачавіцу ў попел, і ёй трэба было сядзець і выбіраць іх адтуль.

Вечарам, калі яна ад працы вельмі стамлялася, ёй даводзілася класціся спаць не ў ложак, а на падлогу, побач з печчу, на попеле. І таму, што была яна заўсёды ў попеле, у пыле і гразі, празвалі яе сёстры Папялушкай. Давялося аднойчы бацьку збірацца ехаць на кірмаш, і спытаў ён у сваіх падчарыц, што прывезці ім у падарунак.

- Прыгожыя строі, - сказала адна.

- Жэмчуг і каштоўныя камяні, - папрасіла другая.

- Ну, а ты што, Папялушка, хочаш?

- Прывязі мне, тата, галінку, што на зваротным шляху першая зачэпіць цябе за шапку.

Накупляў бацька сваім падчарыцам прыгожых сукенак, жэмчугу і самацветных каменьчыкаў, і калі вяртаўся дамоў праз лясок, галінка арэхавая сцебанула яго, ды так моцна, што і шапку ў яго з галавы збіла. Ён адламаў гэтую галінку і ўзяў яе з сабой. А дома падарыў падчарыцам тое, што яны прасілі, а Папялушцы аддаў арэхавую галінку.

Падзякавала яму Папялушка, пайшла на магілу да маці і пасадзіла там арэхавую галінку. І так моцна плакала, што слёзы ручаём цяклі з яе вачэй і шчодра палілі гэтую галінку. Вось вырасла галінка і стала прыгожым дрэвам. Тройчы на дзень прыходзіла Папялушка да дрэва, плакала і малілася; і кожны раз прылятала да дрэва белая птушка; і, калі Папялушка загадвала якое-небудзь жаданне, птушка скідвала ёй тое, што яна прасіла.

Але вось аднойчы сталася так, што кароль наладзіў банкет, які павінен быў доўжыцца ажно тры дні, і склікаў на яго ўсіх прыгожых дзяўчат краіны, з тым, каб сын яго мог выбраць сабе жонку. Калі зводныя сёстры даведаліся, што ім таксама трэба з'явіцца на банкет, яны паклікалі Папялушку і кажуць ёй:

- Прычашы нам валасы, наваксуй туфлі і зашпілі нам засцежкі, ды як можна мацней, бо мы ідзём у каралеўскі палац на агледзіны.

Папялушка паслухалася іх, але заплакала: ёй таксама вельмі хацелася пайсці патанцаваць; яна пачала прасіцца ў мачахі, каб тая пусціла і яе.

- Ты ж, Папялушка, - сказала ёй мачаха, - уся ў попеле ды ў гразі, куды ж табе ісці на банкет! У цябе ж ні сукенкі няма, ні туфляў, а ты хочаш яшчэ танцаваць.

Перастала Папялушка яе прасіць, а мачаха ёй і кажа:

- Вось высыпала я міску сачавіцы ў попел. Калі збярэш за дзве гадзіны, тады можаш ісці разам з сёстрамі.

Выйшла Папялушка чорным ходам у сад і сказала так:

- Вы, галубкі ручныя, вы, галубкі, птушкі паднебныя, ляціце, дапамажыце мне сабраць сачавіцу.

 

Лепшыя каліўцы - у гаршчок,

Горшыя - у валлячок.

 

І прыляцелі да кухоннага акенца два белыя галубкі, а за імі і галубка, і нарэшце пазляталіся ўсе птушачкі паднебныя, селі на попел. Схілілі галубкі свае галоўкі і пачалі кляваць: тук-тук-тук-тук, а за імі і астатнія таксама: тук-тук-тук-тук, і хутка сабралі ўсе зярняткі ў місачку.

Прынесла Папялушка місачку сваёй мачасе, радуецца, што яна дазволіць ёй пайсці разам з сёстрамі на банкет, а тая і не думае яе пускаць.

- Не, Папялушка, у цябе ж няма сукенкі, ды і танцаваць ты не ўмееш, - там смяяцца будуць з цябе.

Заплакала Папялушка, а мачаха кажа:

- Вось калі выбераш мне з попелу за адну гадзіну дзве поўныя міскі сачавіцы, тады можаш пайсці разам з сёстрамі.

А сама падумала пра сябе: «Гэтага ёй ужо не зрабіць ніколі». Высыпала мачаха дзве міскі сачавіцы ў попел, а дзяўчынка выйшла праз чорны ход у сад і сказала так:

- Вы, галубкі ручныя, вы, галубкі, птушкі паднебныя, ляціце, дапамажыце мне сабраць сачавіцу!

 

Лепшыя каліўцы - у гаршчок,

Горшыя - у валлячок.

 

І прыляцелі да кухоннага акенца два белыя галубкі, а за імі і галубка, і нарэшце пазляталіся ўсе птушкі паднебныя, селі на попел. Схілілі галубкі галоўкі і пачалі кляваць: тук-тук-тук-тук, а за імі і астатнія таксама: тук-тук-тук-тук, і хутка сабралі ўсе зярняткі ў місачку.

Прынесла Папялушка сачавіцу мачасе, радуецца, што яна дазволіць ёй пайсці разам з сёстрамі на банкет, а тая і не думае яе пускаць.

- Нішто табе не дапаможа, не пойдзеш ты разам з сёстрамі: і сукенкі ў цябе няма, ды і танцаваць ты не ўмееш. Нам будзе за цябе толькі сорамна.

Павярнулася яна спіной да Папялушкі і пайшла са сваімі дзвюма дочкамі на банкет.

А Папялушка, счакаўшы трохі, накіравалася да магілы сваёй маці пад арэхавае дрэўца. Прыйшла і просіць:

 

- Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся,

Майго твару срэбрам-золатам краніся.

 

І скінула ёй птушка залатую і срэбную сукенкі, аздобленыя шоўкам ды срэбрам туфлікі. Надзела яна сукенку і неўзабаве з'явілася на агледзіны.

А зводныя сёстры і мачаха, нічога не ведаючы, падумалі, што гэта нейкая чужая каралева, такая прыгожая, з'явілася. Ім і ў галаву не прыходзіла, што гэта Папялушка. Яны думалі, што сядзіць тая дома ў гразі і выбірае з попелу сачавіцу.

Вось выйшаў ёй насустрач каралевіч, узяў яе за рукі і пачаў танцаваць. І не хацеў ён танцаваць ні з якой другой дзяўчынай. І калі хто падыходзіў запрасіць яе на танец, ён гаварыў:

- Я з ёй танцую.

Танцавала яна да самага вечара і хацела ўжо дамоў вяртацца, а каралевіч ёй кажа:

- Я пайду цябе праводзіць. - Яму хацелася даведацца, чыя гэта дачка-прыгажуня; але яна ад яго ўцякла і ўзлезла на галубятню.

Дачакаўся каралевіч, калі прыйшоў яго бацька, і кажа яму, што невядомая прыгожая дзяўчына ўзлезла на галубятню. Стары падумаў: «А ці не Папялушка гэта?» - і загадаў прынесці сякеру і багор, каб разбурыць галубятню. Але там нікога не было.

Вярнуліся бацькі дамоў - бачаць: ляжыць Папялушка ў сваёй зрэбнай кашулі ў попеле, і гарыць ля печкі масленая лямпачка. А справа была так: Папялушка хутка выскачыла з другога боку галубятні і пабегла да арэхавага дрэўца. Там яна зняла сваю прыгожую сукенку і паклала яе на магілу; занесла яе птушка назад, і надзела Папялушка зноў сваю шэрую кашулю і села на кухні ў кучу попелу.

На другі дзень, калі банкет працягваўся і бацькі ды зводныя сёстры пайшлі зноў з дому, накіравалася Папялушка да арэхавага дрэва і сказала так:

 

- Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся,

Майго твару срэбрам-золатам краніся.

 

І скінула ёй птушка яшчэ больш пышную сукенку. І калі з'явілася яна ў гэтай сукенцы на банкет, кожны любаваўся, гледзячы на яе прыгажосць. Каралевіч чакаў яе. Тут жа ўзяў яе за рукі і танцаваў толькі з ёю. Калі да яе падыходзілі іншыя і запрашалі на танец, ён казаў:

- Я з ёй танцую.

Вось надышоў вечар, і яна сабралася ісці, і пайшоў каралевіч услед за ёй, каб паглядзець, у які дом яна зойдзе. Але яна пабегла ў сад, які знаходзіўся за домам. І расло ў гэтым садзе вялікае прыгожае дрэва, і віселі на ім цудоўныя грушы. Яна імгненна ўзлезла на яго, а каралевіч і не заўважыў, куды яна знікла. Пачаў ён яе чакаць, і калі прыйшоў бацька, каралевіч сказаў яму: «Ад мяне збегла невядомая дзяўчына. Мне здаецца, што яна ўзлезла на грушу».

Бацька падумаў: «А ці не Папялушка гэта?» - і загадаў прынесці сякеру і ссеч дрэва. Але там нікога не было. Прыйшлі яны на кухню, бачаць: ляжыць Папялушка, як і ў мінулы раз, у попеле. Ніхто не заўважыў, як яна саскочыла з другога боку дрэва і аддала птушцы сваю цудоўную сукенку і надзела шэрую зрэбную кашулю.

На трэці дзень, калі бацькі і зводныя сёстры пайшлі на банкет, выправілася Папялушка зноў на магілу да маці і сказала дрэўцу:

 

- Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся,

Майго твару срэбрам-золатам краніся.

 

І скінула ёй птушка сукенку, такую бліскучую і цудоўную, якой ні ў кога яшчэ не было; а туфлікі былі з чыстага золата.

Вось прыйшла яна на банкет у гэтай сукенцы, і ніхто не ведаў, здзіўлены, што і казаць. Каралевіч танцаваў толькі з ёй, а калі хто яе запрашаў, ён казаў:

- Я з ёй танцую.

Вось надышоў вечар, і сабралася Папялушка ісці дамоў; і хацелася каралевічу яе праводзіць, але яна так лоўка ўвільнула, што ён нават гэтага не заўважыў. Але пайшоў каралевіч на хітрасць: ён загадаў абмазаць усю лесвіцу смалой; і калі яна ад яго ўцякала, дык туфлік з яе левай нагі застаўся на адной з прыступак. Каралевіч падняў туфлік, і быў ён такі маленькі і прыгожы! І ўвесь з чыстага золата.

Наступнай раніцай пайшоў каралевіч з тым туфлікам да бацькі Папялушкі і кажа:

- Маёй жонкай будзе толькі тая, да чыёй нагі падыдзе гэты туфлік.

Абрадаваліся абедзве сястры - ногі іх былі вельмі прыгожыя. Старэйшая пайшла ў пакой, каб прымераць туфлік, і маці была з ёю. Але ніяк не магла яна ўздзець туфлік на нагу: перашкаджаў вялікі палец. Тады маці падала ёй нож і кажа:

- А ты адсячы вялікі палец; калі станеш каралевай, усё роўна пешшу хадзіць табе не прыйдзецца.

Адсекла дзяўчына палец, абула з цяжкасцю туфлік, сцяла вусны ад болю і выйшла да каралевіча. Узяў ён яе ў нявесты, пасадзіў на каня і паехаў.

І трэба было ім ехаць каля магілы. А сядзелі там на арэхавым дрэўцы два галубкі, і заспявалі яны:

 

- Ты прыгледзься - чаравік

Ды ўвесь жа ў крыві,

Чаравічак, бачна, цесны, -

Зачакалася нявеста.

 

Паглядзеў каралевіч на яе нагу, бачыць: кроў цячэ. Павярнуў ён назад каня, прывёз самазваную нявесту дамоў і сказаў, што гэта нявеста несапраўдная, - няхай, маўляў, абуе туфлік другая сястра.

Пайшла тая ў пакой, пачала прымяраць туфлік, а той не лезе: пятка аказалася занадта вялікая. Тады маці падала ёй нож і кажа:

- А ты адсячы кавалак пяткі: калі будзеш каралевай, пешшу табе ўсё роўна хадзіць не прыйдзецца.

Адсекла дзяўчына кавалак пяткі, з цяжкасцю ўсунула нагу ў туфлік, сцяла вусны ад болю і выйшла да каралевіча. Узяў ён яе сабе ў нявесты, пасадзіў на каня і паехаў.

Ехалі яны каля арэхавага дрэўца. Там сядзелі два галубкі, убачылі іх і заспявалі:

 

- Ты прыгледзься - чаравік

Ды ўвесь жа ў крыві,

Чаравічак, бачна, цесны, -

Зачакалася нявеста.

 

Глянуў ён на яе нагу, бачыць: кроў цячэ з туфліка, і белыя панчохі ўсе чырвоныя ад крыві. Павярнуў ён каня і прывёз самазваную нявесту назад у яе дом.

- І гэта таксама несапраўдная, - сказаў ён, - ці няма ў вас яшчэ дачкі?

- Ды вось, - сказаў бацька, - ад жонкі-нябожчыцы маленькая няцямлівая Папялушка, - дык куды ёй там быць нявестай!

Але каралевіч папрасіў, каб яе прывялі да яго; а мачаха кажа:

- Ды не, яна такая брудная, яе нельга нікому на вочы паказваць.

Але каралевіч захацеў абавязкова яе ўбачыць; і давялося прывесці да яго Папялушку. Памыла яна рукі і твар, і ён падаў ёй залаты туфлік. Села яна на лаўку, зняла з нагі свой цяжкі драўляны чаравік і лёгка абула туфлік. Прыйшоўся ён ёй у самы раз. Вось устала яна, паглядзеў каралевіч ёй у твар і пазнаў тую самую прыгажуню, з якой танцаваў, і ўсклікнуў:

- Вось гэта і ёсць сапраўдная мая нявеста!

Спалохалася мачаха, а з ёй і зводныя сёстры, пабялелі ад страху і злосці; а каралевіч узяў Папялушку, пасадзіў на каня і паскакаў з ёй.

Калі ехалі яны каля арэхавага дрэўца, пачулі двух белых галубкоў:

 

- Ты прыгледзься - чаравік,

Але ў ім няма крыві.

Чаравік, відаць, не цесны, -

Вось яна - твая нявеста!

 

Галубкі гэта вымавілі, адразу зляцелі з дрэва і паселі на плечы Папялушцы: адзін на правае плячо, другі - на левае. Так і засталіся там сядзець.

Калі надышоў час вяселля, з'явіліся вераломныя сёстры. Хацелі падлізацца да Папялушкі і падзяліць з ёй шчасце. І калі вясельны поезд накіраваўся ў царкву, старэйшая сястра сядзела справа, а малодшая - злева; і вось выклявалі галубы кожнай з іх па воку. А потым, калі вярталіся назад з царквы, старэйшая сястра сядзела злева, а малодшая - справа; і выклявалі галубы кожнай з іх яшчэ па воку.

Так вось былі яны пакараны за злосць сваю і хітрасць на ўсё сваё жыццё слепатой.



Пераклад: Уладзімір Карызна