epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Пра разумнага краўца

Жыла-была калісьці прынцэса, і вельмі ўжо была яна ганарлівая: прыйдзе да яе, бывала, жаніх, і пачне яна загадваць яму загадкі; а калі ён іх не разгадае, то пасмяецца яна з яго і прагоніць. І загадала яна аб'явіць, што хто загадку разгадае, то за таго яна замуж выйдзе: няхай, маўляў, прыходзіць да яе кожны, хто пажадае. Вось, нарэшце, і знайшліся тры краўцы; два старэйшыя лічылі, што яны майстры вялікія, справу сваю ведаюць, і тут таксама не дадуць маху. А трэці з іх быў чалавек на выгляд несамавіты і вялікі расцяпа, ды і ў рамястве сваім не ўмелец, але ён думаў, што ў гэтай справе выпадзе яму шчасце, а то адкуль жа і ўзяцца шчасцю? Вось і кажуць яму два старэйшыя:

- Ды заставайся ты лепей дома, а то са сваім малым розумам не далёка ты пойдзеш.

Але маладзейшы кравец збіць сябе з панталыку не даў і адказаў, што гатоў галавой ручацца, што з гэтым заданнем ён справіцца; і вось ён смела рушыў у дарогу, быццам увесь свет яму належаў.

Прыбылі яны ўтрох да прынцэсы і аб'явілі, каб загадала яна ім свае загадкі, - людзі, маўляў, прыйшлі талковыя ды вопытныя, і розум у іх такі тонкі, што ў вушка іголкі прасунуць можна.

І кажа ім прынцэса:

- Ёсць у мяне на галаве два рознакаляровыя валасы, - дык якога ж яны колеру?

- Калі ў гэтым уся загадка, - адказаў першы кравец, - то вось табе і разгадка: адзін чорны, другі белы, як пра сукно кажуць - чорнае з крапінкай.

І адказала прынцэса:

- Ты няправільна адгадаў, няхай адказвае другі.

І адказаў тады другі:

- Калі ўжо не чорны і не белы, то каштанавы і рыжы - якраз як у майго бацькі святочны сурдут.

- І ты не адгадаў, - сказала прынцэса, - няхай адказвае трэці, - гэты, я бачу, ведае пэўна.

Тут выйшаў смела маладзейшы кравец і кажа:

- У прынцэсы на галаве адзін волас сярэбраны, а другі залаты, - во якога яны колеру!

Пачула гэта прынцэса, збялела ад страху, ледзь прытомнасць не страціла, таму што маладзейшы кравец правільна разгадаў. А была яна цвёрда ўпэўнена, што ніводнаму чалавеку на свеце той загадкі не разгадаць. Апамяталася яна і кажа:

- Таго, што ты адгадаў, яшчэ мала, каб пайшла я за цябе замуж; ты павінен будзеш выканаць яшчэ другое. Ляжыць у мяне ў хляве мядзведзь, вось ты і правядзі з ім цэлую ноч; а калі я раніцай прачнуся і ўбачу, што ты жывы, тады ты і ажэнішся са мною.

Яна думала такім чынам пазбавіцца ад краўца, - бо не было яшчэ такога чалавека, які, трапіўшы ў лапы да мядзведзя, жывы б застаўся. Але кравец не спалохаўся, ён ахвотна пагадзіўся і сказаў:

- Смела задумана - паўсправы зроблена.

Вось надышоў вечар, і прывялі маладзейшага краўца да мядзведзя. Мядзведзь памкнуўся ўжо кінуцца на маленькага чалавека і павітацца з ім добра сваёй лапай.

- Гэй ты, цішэй, цішэй, - сказаў кравец, - я цябе супакою, - і ён дастаў з кішэні грэцкія арэхі, раскусіў іх і пачаў есці. Убачыў гэта мядзведзь, захацелася яму тых арэхаў пакаштаваць. Палез кравец у кішэню і падаў яму іх поўныя прыгаршчы; але былі гэта не арэхі, а каменьчыкі. Запхнуў мядзведзь іх у пашчу, пачаў грызці, - грызе, а разгрызці ніяк не можа. «Эх, - падумаў ён, - што гэта я за такі дурань, і арэхаў нават раскусіць не ўмею», - і кажа ён краўцу:

- Паслухай, разгрызі ты мне арэхі.

- Вось ты які, - сказаў кравец, - а пашча ў цябе вунь якая вялікая, а маленькага арэха разгрызці не ўмееш!

Узяў ён камень, але замест яго паклаў сабе ў рот арэх, і - трэсь! - той раскалоўся.

- Трэба будзе яшчэ раз паспрабаваць, - сказаў мядзведзь, - бачу я, справа гэта такая, што і я, мабыць, здолею.

І даў яму кравец зноў камяні. Пачаў мядзведзь грызці, грызе з усяе сілы. Але і ты ж таксама не паверыш, што ён іх разгрыз. Тут выцягнуў кравец з-пад крыса скрыпку і давай на ёй найграваць. Пачуў мядзведзь музыку, не мог стрымацца, пачаў скакаць. Паскакаў ён трохі, і гэта яму так спадабалася, што ён папрасіў краўца:

- Паслухай, а ці складана іграць на скрыпцы?

- Ды зусім лёгка, вось глядзі, - сюды кладу я пальцы левай рукі, а правай смыкам ваджу; і вось яно як весела атрымліваецца: гоп-гоп-гоп, тра-ля-ля!

- Вось так бы іграць на скрыпцы, - сказаў мядзведзь, - і мне б хацелася, можна было б скакаць, калі захочацца. Навучы мяне іграць! Што ты на гэта скажаш?

- З вялікім задавальненнем, калі ёсць у цябе да гэтага здольнасці. Ану, пакажы мне свае лапы. Э, ды яны ў цябе занадта доўгія, трэба будзе кіпцюры крыху абрэзаць. - І ён прынёс ціскі, а мядзведзь паклаў у іх свае лапы; тут кравец давай іх заціскаць, ды як мага мацней, і кажа:

- Цяпер пачакай, пакуль я прынясу нажніцы, - і пакінуўшы мядзведзя раўці колькі яму хочацца, лёг у кутку на салому і заснуў.

Пачула вечарам прынцэса, як раве мядзведзь, і падумала, што раве ён ад радасці, пакончыўшы з краўцом. Прачнулася яна раніцай бесклапотная і задаволеная, але зазірнула ў хлеў, бачыць - стаіць кравец, вясёлы і здаровы, побач з мядзведзем і пачувае сябе, быццам рыба ў вадзе. Што тут было ёй сказаць? Бо ў прысутнасці ўсіх яна дала яму абяцанне; і загадаў тады кароль падаць карэту, і павінна была прынцэса адправіцца разам з краўцом у кірху і з ім павянчацца. Толькі яны селі ў карэту, а тыя два краўцы пачалі зайздросціць шчасцю свайго сябра; і было ў іх сэрца злое, увайшлі яны ў хлеў і вызвалілі мядзведзя з ціскоў. Люты мядзведзь кінуўся ўслед за карэтай. Пачула прынцэса, што мядзведзь сапе і раве, спалохалася і закрычала:

- Ах, гэта гоніцца за намі мядзведзь, ён хоча цябе сцягнуць.

Тут наш кравец хутка скеміў, што яму рабіць: стаў ён на галаву, высунуў ногі ў акно карэты і закрычаў:

- Бачыш ціскі? Калі ты не адстанеш па-добраму, то трапіш у іх зноў!

Як убачыў гэта мядзведзь, павярнуўся і ўцёк. А кравец наш паехаў сабе спакойна ў кірху і павянчаўся з прынцэсай, і жыў з ёю ён шчасліва, быццам жаваранак палявы.

А хто казцы нашай не верыць, няхай талер дае хутчэй!



Пераклад: Міхась Пазнякоў