epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Птушка-Грыф

Жыў ды быў некалі кароль, а дзе ён уладарыў і як яго звалі, гэтага я не ведаю. Сыноў кароль не меў, а была ў яго адна адзіная дачка, якая заўсёды хварэла, і ніводзін з дактароў не мог яе вылечыць. Але каралю было прадказана, што дачка ягоная акрыяе, калі з'есць яблычак. І ён абвясціў па ўсёй сваёй краіне, што хто прынясе ягонай дачцы такі яблычак, які верне ёй здароўе, той з ёю і ажэніцца і каралеўства атрымае ў спадчыну.

Прачуў пра гэта і адзін селянін, які меў трох сыноў. І сказаў ён да старэйшага:

- Ідзі ў склеп, набяры поўны кошык найпрыгажэйшых яблыкаў з чырвонымі шчокамі ды аднясі іх у каралеўскі палац. Можа, каралеўна і акрыяе, пакаштаваўшы іх, і ты ажэнішся з ёю ды за караля станеш.

Хлопец згадзіўся на гэта і падаўся ў дарогу пешшу. Прайшоў ён колькі часу, аж сустрэўся яму на дарозе маленькі чалавечак ды пытаецца ў яго, што нясе ён у кошыку. А Ульрых - так звалі хлопца - і адказвае:

- Жабіныя кумпячкі.

І кажа яму чалавечак на гэта:

- Хай жа так яно і будзе! - ды пайшоў сабе далей.

Неўзабаве прыйшоў Ульрых да каралеўскага замка і абвясціў, што мае такія яблыкі, што каралеўна, пакаштаваўшы іх, адразу акрыяе. Кароль вельмі ўзрадаваўся і загадаў паклікаць хлопца да сябе. Але - о, жах! - толькі адчынілі кошык, як пачалі з яго выскакваць жабяняты. Кароль дужа раззлаваўся і загадаў гнаць хлопца прэч. Вярнуўся хлопец дадому ды расказаў бацьку пра ўсё, што з ім здарылася.

Тады паслаў стары сярэдняга сына, якога Самуэлем звалі. Але і з ім сталася ўсё зусім так, як з Ульрыхам. Сустрэўся яму на дарозе той самы маленькі чалавечак ды спытаўся ў яго гэтак жа, што нясе ён у кошыку. А Самуэль і кажа:

- Свіную шчэць.

І сказаў чалавечак:

- Хай жа так яно і будзе!

Падышоў хлопец да каралеўскага замка ды абвясціў, што мае такія яблыкі, што ледзь пакаштуе іх каралеўна, як адразу і акрыяе. Толькі ў замак яго не пусцілі, сказаўшы, што ім болей яблыкаў не трэба, бо прыходзіў ужо нейкі з яблыкамі, але дурнем аказаўся. Аднак Самуэль настойліва даводзіў, што ў яго яблыкі сапраўды такія, якія трэба. Нарэшце яму паверылі і прывялі да караля. Але ледзьве ён адчыніў свой кошык, усе ўбачылі, што там нічога акрамя свіное шчэці. Страшэнна ўзгнявіўся кароль і загадаў пагнаць хлопца з палаца бізуном. Вярнуўшыся дадому, расказаў ён бацьку пра ўсё, што з ім здарылася.

Прачуў пра ўсё гэта малодшы сынок, якога ўсе Гансам-дурненькім звалі, ды пачаў прасіць у бацькі, каб той дазволіў і яму аднесці яблыкі ў замак.

- Ага, - кажа бацька, - разумныя хадзілі ўжо, ды не ўправіліся, навошта ж табе, дурненькаму, ісці?

Але хлапчук не пераставаў прасіць:

- Дазвольце, татачка, мне так хочацца пайсці!

- Што ж, ідзі, дурненькі, усё роўна нічога з гэтага не будзе. Пачакай лепей, пакуль паразумнееш, - адказаў стары і пачаў ушчуваць яго ды бэсціць.

Але Ганс на лаянку ды папрокі не звяртаў увагі.

- Не ўжо, дазвольце, татачка ў замак пайсці і мне!

- Ну, мне што, ідзі, - кажа бацька, - усё адно ні з чым дадому вернешся.

Узрадаваўся Ганс, аж заскакаў.

- Ды ты, як бачу, што ні дзень усё дурнейшы робішся, - зноў прамовіў бацька.

Але Ганс увагі на гэта не звяртаў, і настрой у яго ніколечкі не сапсаваўся.

Надыходзіла ноч, і Ганс вырашыў пачакаць да раніцы, а потым як раней падацца да каралеўскага замка. Уначы ён аніяк не мог заснуць, а калі пачынаў драмаць, яму мроіліся прыгажуні дзяўчаты, розныя палацы, золата ды срэбра і іншыя падобныя рэчы. На самым досвітку ён рушыў у дарогу і неўзабаве сустрэўся з маленькім чалавечкам у той самай старэнькай камізэльцы, і чалавечак спытаўся ў яго, што ён нясе ў кошыку. Ганс сказаў яму, што нясе яблыкі каралеўне, і калі тая пакаштуе іх, дык адразу і здароўе да яе вернецца.

- Ну, - сказаў чалавечак, - хай жа так яно і будзе!

Але ў каралеўскі замак яго пускаць аніяк не хацелі. Яму расказалі, што двое нейкіх прыходзілі ўжо і казалі, што ў іх яблыкі, але ж у кошыку ў аднаго былі жабяняты, а ў другога свіная шчэць. Аднак Ганс стаяў на сваім. У яго, маўляў, аніякія не жабяняты, а самыя найцудоўнейшыя яблыкі, якія толькі ёсць ува ўсім каралеўстве. Калі ён усё гэта растлумачыў, дык вартаўнік падумаў, што гэты, бадай, не хлусіць, ды прапусціў яго. І вось прынёс Ганс да караля свой кошык, адчыніў яго, і кароль убачыў, што ў ім залацістыя яблыкі. Кароль так узрадаваўся, што загадаў неадкладна аднесці іх да каралеўны і стаў у нецярпенні ды страху чакаць, як яны на яе падзейнічаюць. Прайшло няшмат часу, і вось паведамляюць яму радасную вестку. Але хто ж нясе яе каралю? Сама каралеўна! Толькі пакаштавала яна гэтых яблыкаў, як хвароба ўмомант пакінула яе, і яна саскочыла з ложка. Як узрадаваўся кароль, нават і апісаць немагчыма.

Цяпер не захацелася каралю сваю дачку замуж за Ганса аддаваць, і ён сказаў:

- Ты зрабі мне спачатку дзевяць такіх чоўнікаў, каб па сухой зямлі лепш чым па вадзе хадзілі.

Ганс згадзіўся на такую ўмову, вярнуўся дадому і распавёў бацьку пра ўсё, што з ім здарылася. Паслаў тады стары Ульрыха ў лес і загадаў яму зрабіць такія чоўнікі, як было сказана. Працаваў Ульрых старанна, Да таго ж яшчэ і насвістваў. І вось апоўдні, калі сонца стаяла над самай галавой, раптам з'явіўся той маленькі чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.

Ульрых адказаў:

- Драўляны посуд.

І прамовіў маленькі чалавечак:

- Што ж, хай жа так яно і будзе!

І вось, калі надышоў вечар, падумаў Ульрых, што чоўнікі, бадай, гатовыя, і хацеў у адзін з іх сесці, але ўсе яны аказаліся драўляным посудам.

На другі дзень пайшоў у лес сярэдні сын, Самуэль, але і з ім здарылася тое самае, што з Ульрыхам.

На трэці дзень пайшоў дурненькі Ганс. Працаваў ён рупліва, па ўсім лесе чуліся моцныя ўдары ягонай сякеры. Працуючы, ён таксама напяваў ды весела насвістваў. І з'явіўся апоўдні той самы чалавечак ды спытаўся ў яго, што ён майструе.

- Чоўнікі раблю, якія маглі б хадзіць па вадзе і па сушы. А вось як скончу работу, дык выдадуць за мяне замуж каралеўну.

- Ну што ж, - сказаў чалавечак, - хай жа так яно і будзе!

Увечары, калі сонца пачало садзіцца, Ганс таксама скончыў сваю работу над чоўнікамі, караблямі ды суднамі. Сеў ён у адзін з іх ды паплыў сабе проста да каралеўскага замка. І ляцеў ягоны чоўнік хутка, як вецер. Кароль убачыў яго яшчэ здалёк, але ўсё ніяк не згаджаўся выдаць сваю дачку за Ганса замуж і сказаў:

- Ты мусіш спачатку ад відна да відна пасвіць сотню зайцоў, і калі хоць адзін з іх уцячэ ад цябе, дык замуж я за цябе дачку не выдам.

Ганс згадзіўся на гэта і, не марудзячы, наступнае раніцы, ледзь пачало на дзень брацца, пагнаў сваю чараду ў поле ды так уважліва пасвіў, што ні адзін заяц не ўцёк ад яго. Праз некалькі гадзін прыходзіць з замка служанка ды кажа Гансу, каб ён даў аднаго зайца, - ёй загадана, маўляў, засмажыць яго для гасцей. Але Ганс хутка сцяміў, да чаго справа хіліцца, ды сказаў служанцы, што не дасць ёй аніводнага, бо яму за кожнага зайца перад каралём адказваць давядзецца. З'явілася служанка яшчэ раз увечары з такою самаю просьбай, але Ганс ёй сказаў, што вось калі сама каралеўна, маўляў, з'явіцца, дык ён дасць ёй зайца. Далажыла служанка пра гэта ў замку, і вось пайшла сама каралеўна да Ганса. І падышоў у гэты час да Ганса той маленькі чалавечак ды спытаўся, што ён робіць.

- Эх, вось павінен напапасваць я цэлую сотню зайцоў, ды так, каб ніводзін не ўцёк з чарады, а за гэта ажанюся я з каралеўнай і каралём зраблюся.

- Добра, - сказаў чалавечак, - вось табе ражок, як толькі які-небудзь з зайцоў уцячэ, зайграй у яго, і заяц вернецца назад.

І вось, калі з'явілася каралеўна, паклаў ёй Ганс зайца ў фартушок. Але не прайшла яна і ста крокаў, як зайграў Ганс у свой ражок, і заяц - скок з фартушка! Ды вярнуўся ў чараду.

Надышоў вечар, зайграў Ганс у свой ражок, сабраў усю чараду вакол сябе, пералічыў усіх зайцоў ды пагнаў іх да замка. Быў кароль надта здзіўлены, што здолеў Ганс цэлую сотню зайцоў напапасваць і што ніводзін не ўцёк; а ўсё-ткі не хацеў выдаць дачку за Ганса ды сказаў:

- Ты спачатку здабудзь мне пяро з крыла птушкі Грыфа!

Доўга не думаючы, падаўся Ганс у дарогу і смела пакрочыў наперад.

Увечары падышоў ён да нейкага замка, папрасіўся пераначаваць; і прыняў яго ўладар замка вельмі ветліва ды спытаўся, куды ён ідзе.

Кажа Ганс у адказ:

- Я іду да птушкі Грыфа.

- Вось як, да птушкі Грыфа? Гэтая птушка ўсё ведае. А я якраз згубіў ключ ад куфэрачка з грашыма і ніяк не магу знайсці яго. Папрасіў бы ты птушку Грыфа сказаць, дзе мне ключ знайсці.

- Добра, - згадзіўся Ганс, - абавязкова спытаюся.

Рана ранічкай выйшаў Ганс, ішоў-ішоў і прыйшоў да другога замка і ў ім таксама застаўся начаваць. Калі людзі даведаліся, што ідзе ён да птушкі Грыфа, яму сказалі, што ў гаспадароў замка хворая дачка; ужо ўсе лекі перавыпрабавалі, нішто ёй не дапамагае; дык ці нельга, маўляў, спытацца ў птушкі Грыфа, чым вылекаваць дачку.

Ганс адказаў, што ахвотна зробіць гэта, ды падаўся далей ў дарогу. Падыходзіць да ракі, бачыць, што на ёй замест парому велізарны чалавек на сабе людзей пераносіць.

Спытаўся чалавек у Ганса, куды ён ідзе.

- Іду да птушкі Грыфа, - адказаў Ганс.

- Ну, калі ты прыдзеш да птушкі Грыфа, дык спытайся ў яе, ці доўга мне яшчэ ўсіх людзей на сабе цераз рэчку пераносіць?

Ганс сказаў:

- Дальбог, абавязкова спытаюся!

І перанёс яго чалавек на плячах цераз раку. Нарэшце прыйшоў Ганс да хаты птушкі Грыфа, але была ў хаце толькі ягоная жонка; а Грыфа-птушкі не было. І спыталася Грыфава жонка, што яму трэба? Ганс усё распавёў: што, маўляў, патрэбна яму пяро з крыла птушкі Грыфа; і хацеў бы ён яшчэ задаць яму пытанні людзей, якіх ён напаткаў па дарозе: што згублены, маўляў, у адным замку ключ ад куфэрка з грашыма, і трэба спытацца ў Грыфа, дзе яго знайсці; а ў другім замку гаспадарова дачка хварэе, і аніхто не ведае, як яе вылекаваць; і што ёсць на рацэ перавозчык, дык чаму ён павінен бясконца пераносіць людзей цераз раку на сабе.

І кажа жонка птушкі Грыфа:

- Доўга, любы мой дружа, нельга з птушкай Грыфам гутарыць ахрышчанаму чалавеку, бо ён з'ядае іх усіх! Калі птушка Грыф вернецца, ты схавайся пад ложак, ды ляжы там; я буду пытацца ў яго, а ты адказы ягоныя ўважліва слухай, а ўначы, калі ён будзе моцна спаць, ты і вырві ў яго пяро з крыла.

Ганс так і зрабіў, забраўся пад ложак ды лёг там. Пад вечар вярнуўся Грыф-птушка дадому, і толькі ўвайшоў у пакой, кажа да жонкі:

- Жонка, чую-чую ахрышчанага чалавека.

- Так, - кажа жонка, - быў тут адзін такі ды пайшоў.

І птушка Грыф змоўк, нічога не сказаўшы на гэта. А ўначы, ледзь толькі ён моцна заснуў і захроп, вылез Ганс з-пад ложка ды вырваў у яго пяро з крыла.

Раптам прачнуўся птушка Грыф і кажа:

- Жонка, я чую ахрышчанага чалавека і мне здаецца, што нехта мяне па крыле драпнуў.

Кажа жонка:

- Гэта, відаць, табе саснілася, - я ўжо казала табе: быў тут адзін ахрышчаны, ды пайшоў. Ён расказваў мне пра ўсялякую ўсялячыну. Быццам у нейкім замку ключ згубіўся ад куфэрачка з грашыма, і аніяк не могуць яго знайсці.

- Вось дурні! - сказаў Грыф-птушка. - Ключ жа ляжыць пад парогам за дзвярыма ў драўлянай хаце.

- І расказваў ён мне яшчэ, што ў адным замку дачка гаспадароў хварэе і не могуць знайсці сродку, каб яе вылекаваць.

- Вось жа дурні! - сказаў Грыф-птушка. - Гэта ж сядзіць пад парогам у склепе рапуха, ёсць у яе там гняздо, яна звіла яго з валасоў той дзяўчыны. Трэба валасы гэтыя ў рапухі забраць, і дзяўчына зноў будзе здаровая.

- Ды яшчэ расказваў ён, што недзе чалавек замест парому на плячах людзей пераносіць цераз раку.

- Вось дурань! - сказаў Грыф-птушка. - Варта яму ўсяго толькі аднаго з сябе скінуць, і не будзе ён болей ніколі пераносіць нікога.

Ледзь толькі ўзялося на світанак, узняўся Грыф-птушка ды паляцеў. Вылез Ганс з-пад ложка, узяў з сабой цудоўнае пяро ды ўсё добра запомніў, што казаў Грыф-птушка - і пра ключ, і пра хворую дзяўчыну ў замку, і пра перавозчыка. А Грыфава жонка ўсё гэта яму яшчэ раз паўтарыла, каб ён не забыў чаго. Потым ён зноў падаўся ў дарогу. Але спачатку прыйшоў на раку да перавозчыка, і калі той спытаўся, што адказаў Грыф-птушка, Ганс сказаў:

- Ты спачатку мяне перанясі, а потым я табе скажу.

Перанёс яго на другі бераг перавозчык, і сказаў яму Ганс, што варта яму ўсяго толькі аднаго скінуць з сябе ў ваду, і яму нікога больш пераносіць не давядзецца. Дужа ўзрадаваўся перавозчык і прапанаваў| яму ва ўдзячнасць перанесці яго яшчэ раз. Але Ганс адмовіўся. Няхай, маўляў, паберажэ свае сілы, што ён і гэтым задаволены, - ды пайшоў сабе далей.

Прыйшоў ён да таго замка, дзе была дачка хворая; пасадзіў яе сабе на плечы, бо яна хадзіць сама не ўмела, аднёс яе па прыступках у склеп, выцягнуў жабіна гняздо з-пад ніжняй прыступкі, падаў яго ў рукі хворай, - і яна той жа час акрыяла, саскочыла з ягоных плячэй ды пабегла па прыступках уверх зусім здаровая. Вялікая радасць была ў бацькі з маткаю, яны абдарылі Ганса залатымі ды срэбнымі падарункамі і гатовыя былі аддаць яму ўсё, што б ён ні пажадаў.

Прыйшоў Ганс да другога замка і адразу накіраваўся ў драўляную хату, - і сапраўды знайшоў ён там пад парогам ключ і прынёс яго гаспадару замка. І гэты таксама дужа ўзрадаваўся і даў Гансу за гэта ва ўзнагароду шмат золата, што захоўвалася ў яго ў куфэрку, і яшчэ нямала ўсялякага дабра, - кароў, і авечак, і коз.

Калі Ганс вярнуўся з усімі гэтымі падарункамі - з грашыма, золатам, срэбрам, з каровамі, авечкамі ды козамі, кароль спытаўся ў яго, дзе ён усё гэта здабыў? І Ганс яму распавёў, што птушка Грыф дае кожнаму ўсё, што той пажадае. І падумаў кароль, што і ён мог бы бадай што, атрымаць не меней, і падаўся ў дарогу да птушкі Грыфа. Але калі ён падышоў да перавоза, а пасля Ганса ён з'явіўся туды першы, дык перавозчык адразу ж і скінуў яго з сябе ў раку, і кароль патануў. А Ганс ажаніўся з каралеўнай і зрабіўся каралём.



Пераклад: Артур Вольскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com