epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Ранец, шапачка і ражок

Жылі калісьці тры браты. Пачалі яны ўсё бяднець і бяднець і нарэшце так згалелі, што давялося ім зусім галадаць, - не было ў іх нават і скібкі хлеба на пражытак. Вось яны і кажуць:

- Так жыць больш нельга; ужо лепш мы пойдзем па свеце шчасця шукаць.

Выбраліся яны ў шлях і прайшлі ўжо далёка, багата дарог і сцежак пратэпалі, але шчасця нідзе так і не знайшлі. Вось трапілі яны адзін раз у дрымучы лес, а пасярод яго стаяла гара, падышлі бліжэй, бачаць - а гара ж уся са срэбра. І кажа старэйшы:

- Ну вось я і знайшоў сваё шчасце жаданае, а большага я не хачу. - Набраў ён срэбра столькі, колькі мог панесці, павярнуў назад і дамоў прытупаў.

А двое іншых кажуць:

- Ад шчасця мы хочам большага, чым адно толькі срэбра, - і яны не ўзялі яго і рушылі далей.

Ішлі яны некалькі дзён і прыйшлі да гары, была яна ўся залатая. Спыніўся другі брат, падумаў і не ведаў, як яму быць.

- Што мне рабіць? - кажа ён. - Ці ўзяць мне золата, каб на ўсё жыццё хапіла, ці далей ісці?

Нарэшце ён рашыўся і напакаваў усе кішэні золатам, развітаўся са сваім братам і дамоў вярнуўся.

А трэці сказаў:

- Што мне срэбра ды золата! Не хачу я адмаўляцца ад свайго шчасця, - можа, выпадзе мне на долю што-небудзь лепшае.

Ён рушыў далей, прайшоў яшчэ тры дні і трапіў у лес, быў ён намнога большы, чым ранейшыя, і не было яму ні канца, ні краю; і не мог ён там нічога знайсці, каб паесці і папіць, і пачаў ужо з сілы выбівацца.

Тады ён залез на высокае дрэва - паглядзець, ці не будзе відаць зверху, дзе таму лесу мяжа; але куды ён ні глядзеў, бачны былі адны толькі вяршаліны дрэў. Тады ён спусціўся з дрэва, але яго мучыў голад, і ён падумаў: «Ах, калі б паесці мне яшчэ хоць разок». Толькі ён злез з дрэва, бачыць, што стаіць пад дрэвам стол, і на ім пастаўлены розныя стравы, і падымаецца ад іх пара.

- Ну, на гэты раз, - сказаў ён, - маё жаданне споўнілася своечасова, - і, не цікавячыся, хто гэта прынёс ежу, хто яе прыгатаваў, ён сеў за стол і еў з апетытам, пакуль не наталіў голад.

Скончыў ён есці і падумаў: «Шкада, што такі добры абрус прападае тут у лесе», - згарнуў яго і сунуў у кішэню.

Ён пайшоў далей, і надвячоркам, калі зноў адчуўся голад, яму захацелася выпрабаваць свой абрус. Вось разаслаў ён яго і кажа:

- Хачу, каб ты быў зноў увесь застаўлены смачнымі стравамі.

І толькі вымавіў сваё жаданне, як паявілася на абрусе мноства талерак з цудоўнейшымі стравамі, колькі месца хапіла.

- Цяпер я бачу, - сказаў ён, на якой кухні гатуюць мне ежу; ты мне даражэй, чым цэлая гара срэбра і золата. - Ён зразумеў, што гэта абрус-самабор.

Але каб вярнуцца дамоў спакойна, абруса-самабора яму было мала: яму хацелася павандраваць па белым свеце і паспрабаваць шчасця. Сустрэў ён неяк вечарам у дрымучым лесе мурзатага вугальшчыка; той абпальваў вугаль, і варылася ў яго на вячэру бульба.

- Добры вечар, чорны дрозд, - сказаў ён, - як ты тут адзін жывеш-пажываеш?

- Ды з дня ў дзень адно і тое ж, - адказаў вугальшчык, - кожны вечар - бульба; хочаш са мной падсілкавацца - будзеш госцем маім.

- Дзякуй, - сказаў вандроўнік, - але я не хачу забіраць у цябе тваю вячэру: на госця ты не разлічваў; а вось, калі табе хочацца, то я цябе запрашаю на вячэру.

- А хто ж табе прыгатуе вячэру? - спытаў вугальшчык. - Я бачу, што ў цябе з сабою нічога няма; а тут і дзве гадзіны пройдзеш - нікога не спаткаеш, хто мог бы даць табе што-небудзь паесці.

- А ежа ўсё-такі будзе, - адказаў вандроўнік, - ды яшчэ такая смачная, якой ты ні разу не каштаваў.

І вось выцягнуў ён з кішэні абрус, расклаў яго на зямлі і кажа:

- Абрус, накрыйся! - І зараз жа паявілася смажанае і варанае, і было яно гарачае, быццам толькі што з кухні прынесена.

Вугальшчык вытрашчыў вочы, але доўга прасіць сябе не прымусіў, падсеў да ежы і пачаў запіхваць у свой чорны рот кавалкі, самыя большыя. Калі яны паелі, ухмыльнуўся вугальшчык і кажа:

- Паслухай, а твой абрус мне падабаецца; ён быў бы мне ў лесе вельмі зручны, бо тут ніхто не зварыць табе чаго-небудзь смачнага. Давай мяняцца. Вунь вісіць у мяне ў кутку салдацкі ранец; хаця ён і стары і на выгляд несамавіты, затое схаваны ў ім дзівосныя сілы; мне ён, бадай, больш не патрэбны, і я гатовы памяняць яго на абрус.

- Але спярша мне трэба даведацца, якія ў ім дзівосныя сілы прытоены, - сказаў вандроўнік.

- А я табе растлумачу, - адказаў вугальшчык. - Вось як стукнеш ты па ім рукой, то з'явіцца зараз жа яфрэйтар з шасцю салдатамі, узброенымі з ног да галавы, і што ты ім ні загадаеш, тое яны і зробяць.

- Што ж, - сказаў вандроўнік, - я, бадай, гатовы памяняцца, - і ён аддаў вугальшчыку абрус, зняў са сцяны ранец, павесіў яго сабе на спіну і развітаўся.

Прайшоў ён частку шляху, і захацелася яму выпрабаваць дзівосную сілу свайго ранца, ён ляпнуў па ім рукой, і ўмомант перад ім з'явілася сямёра воінаў, і яфрэйтар сказаў:

- Што загадаеш, мой спадар і пан начальнік?

- Адпраўляйцеся паскораным маршам да вугальшчыка і запатрабуйце ў яго назад мой абрус-самабор.

Яны зрабілі «налева кругом» і неўзабаве прынеслі тое, што ён загадаў, - яны адабралі ў вугальшчыка, не доўга пытаючыся, абрус-самабор.

Затым ён загадаў ім вярнуцца назад у ранец і адправіўся далей, спадзеючыся, што шчасце яму ўсміхнецца яшчэ больш. На заходзе сонца прыйшоў ён да другога вугальшчыка, які гатаваў сабе на цяпельцы вячэру.

- Хочаце павячэраць разам са мной? - спытаў яго мурзаты хлопец. - Бульба з соллю адна, а сала ні крышана, дык падсаджвайся да мяне бліжэй.

- Не, - адказаў вандроўнік, - ужо будзь ты ў мяне на гэты раз госцем, - і ён разаслаў свой абрус; і паявіліся на ім зараз жа самыя цудоўныя стравы. Селі яны побач, пачалі піць і развесяліліся.

Паеў вугальшчык і кажа:

- Ага, вось ляжыць наверсе ў мяне на паліцы старая, паношаная шапка, але ў яе дзівосныя ўласцівасці: варта яе надзець ды павярнуць на галаве, і ўмомант з'явяцца гарматы, і будзе наведзена іх аж дванаццаць у рад, і яны ўсё перастраляюць, - ніхто перад імі не выстаіць. Шапка ж мне не патрэбна, а за твой абрус я ахвотна яе табе аддаў бы.

- Што ж, гэта, бадай, падыходзіць, - адказаў хлопец, узяў шапку, надзеў яе, а вугальшчыку пакінуў свой абрус.

Прайшоў ён частку дарогі і стукнуў аб свой ранец, і яго салдаты прынеслі яму назад абрус. «Адно да аднаго падыходзіць, - падумаў ён, - але мне здаецца, што шчасце маё яшчэ наперадзе». І спадзяванні яго не падманулі.

Прайшоў ён яшчэ дзень і прыйшоў да трэцяга вугальшчыка; гэты таксама запрасіў яго, як і тыя, паспытаць яго бульбы без сала. Але ён запрасіў яго паесці з ім на абрусе-самаборы, і гэта так прыйшлося вугальшчыку да густу, што ён прапанаваў яму ражок, які валодаў зусім іншымі ўласцівасцямі, чым шапачка. Калі на гэтым ражку зайграць, то паваляцца ўсе сцены і крэпасці і ператворацца ўсе гарады і вёскі ў разваліны. І вось, хаця ён і аддаў вугальшчыку за ражок абрус, але зараз жа загадаў сваім салдатам яго зноўку вярнуць. Нарэшце апынуліся ў яго і ранец, і шапачка, і ражок.

- Цяпер, - сказаў ён, - у мяне, бадай, ёсць усё; час і дамоў вяртацца і паглядзець, як маім братам жывецца.

Вярнуўся ён дамоў, а браты тым часам пабудавалі сабе за срэбра і золата цудоўны дом і жылі прыпяваючы. Зайшоў ён да іх у дом у пашарпанай світцы, на галаве зашмальцаваная, паношаная шапачка ды стары ранец за плячыма - яны яго і за брата свайго прыняць не хацелі. Пачалі над ім насміхацца і кажуць:

- Ты вось сябе нашым братам лічыш, а срэбрам ды золатам пагрэбаваў і пажадаў сабе большага шчасця. Не, наш брат з'явіцца акружаны пышнасцю багацеем, ужо ж напэўна магутным каралём, а не якімсьці жабраком, - і прагналі яны яго з двара.

Тут разгневаўся ён і пачаў біць па сваім ранцу да таго часу, пакуль не сталі перад ім у шарэнзе сто пяцьдзесят салдат. Ён загадаў ім акружыць дом сваіх братоў, а двум салдатам сказаў узяць пруты і надзерці скуру двум ганарліўцам, пакуль тыя не пазнаюць, хто ён такі. Паднялася вялікая мітусня, збегліся людзі, каб пасобіць братам у бядзе, але з салдатамі ніяк не маглі справіцца. Нарэшце далажылі аб тым каралю, і быў кароль незадаволены і загадаў выслаць свайго начальніка з атрадам салдат, каб выгнаць з горада парушальнікаў парадку; але ў чалавека, які валодаў ранцам, аказаўся неўзабаве куды большы атрад, і ён прымусіў адступіць каралеўскага начальніка і яго салдат з разбітымі насамі назад. І сказаў кароль:

- Гэтага збеглага злодзея трэба, аднак, злавіць.

На другі дзень ён выслаў супраць яго большы атрад, але поспех быў яшчэ меншы. Той выставіў супраць яго салдат яшчэ больш, і, каб хутчэй скончыць з каралеўскім атрадам, ён павярнуў на галаве раз-другі сваю шапку - і пачалі смаліць цяжкія гарматы, і каралеўскія салдаты былі разбіты і пусціліся наўцёкі.

- А цяпер я не заключу міру, - сказаў ён, - пакуль кароль не аддасць мне дачку сваю за жонку і пакуль я не буду кіраваць усёй краінай.

Аб гэтым ён і загадаў паведаміць каралю, і той сказаў сваёй дачцэ:

- Што цяпер рабіць? Давядзецца выканаць тое, што ён патрабуе. Калі хацець захаваць мір і карону на галаве, то мне нічога не застаецца іншага, як выдаць цябе за яго замуж.

І вось справілі вяселле; але маладой каралеве было крыўдна, што муж у яе просты чалавек. Носіць падзёртую шапачку, за плячыма стары ранец. Ёй вельмі хацелася ад яго збавіцца, і яна думала дзень і ноч, як бы гэта ёй зрабіць.

І вось яна надумала: «А ці не ў гэтым ранцы хаваецца ўся яго дзівосная сіла? » - і яна прыкінулася такой ласкавай, расчуліла яго і кажа:

- Зняў бы ты свой стары ранец, ён так псуе твой выгляд, што мне прыходзіцца за цябе чырванець.

- Мая любачка, - адказаў ён, - гэты ранец і ёсць самы вялікі мой скарб; пакуль ён у мяне, я не баюся нічога на свеце, - і ён растлумачыў ёй, якой чароўнай сілай той валодае.

Тут кінулася яна яму на шыю, быццам хочучы яго расцалаваць, а ў гэты час спрытна зняла ў яго з плячэй ранец і, схапіўшы яго, уцякла.

Калі яна апынулася адна, яна стукнула па ранцу і загадала салдатам схапіць і звязаць іх ранейшага гаспадара і выгнаць яго з каралеўскага палаца. Яны паслухаліся, і тады каварная жонка выклікала яшчэ салдат, каб прагналі яны яго зусім з каралеўства. І давялося б яму загінуць, калі б не засталося ў яго шапачкі. Толькі ўдалося яму вызваліць рукі, павярнуў ён на галаве некалькі разоў шапачку, - і зараз жа пачалі грукатаць гарматы, усё было разгромлена, і давялося самой каралеве ісці да яго і прасіць у яго літасці. Яна так ласкава яго прасіла і абяцала выправіцца, што нарэшце ўгаварыла яго заключыць мір. І прыкінулася яна такой любячай, што здолела хутка яго абдурыць, і ён расказаў ёй, што калі хто і захопіць у яго ранец, то ўсё ж яго адолець нельга да таго часу, пакуль ёсць у яго гэтая старая шапачка.

Выведаўшы гэтую тайну, яна пачакала, пакуль ён заснуў, забрала ў яго шапачку і загадала выпхнуць яго на вуліцу. Але застаўся ў яго яшчэ ражок; і вось, моцна разгневаўшыся, пачаў ён дзьмуць у яго з усёй сілы. І ўмомант павалілася ўсё - сцены і крэпасць, гарады і вёскі, і былі забіты пры гэтым кароль з каралевай. І каб не перастаў ён дзьмуць у свой ражок, ператварылася б усё ў разваліны і не засталося б каменя на камені.

І вось з таго часу ніхто ўжо больш не адважваўся выступаць супраць яго, і стаў ён каралём над усёю краінай.



Пераклад: Віктар Гардзей