epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Разбойнік-жаніх

Жыў-быў некалі млынар. Была ў яго прыгожая дачка. Вырасла яна, і захацелася бацьку ўдала выдаць яе замуж.

Вось неўзабаве аб'явіўся багаты жаніх. Бацька пра такога і марыў, таму і паабяцаў яму сваю дачку. А дзяўчыне хлопец не вельмі спадабаўся. Зірне на яго ці падумае пра яго, і нейкі страх ахоплівае яе сэрца.

Аднойчы жаніх кажа:

- Ты вось - мая нявеста, а ні разу да мяне ў госці не завітала.

- Ды я ж не ведаю, дзе стаіць ваша хата.

Жаніх растлумачыў:

- Хата мая вунь там, у цёмным лесе.

- Ці знайду дарогу? - сумняваецца нявеста.

- Я насыплю на дарогу попелу. Ён і прывядзе цябе ў маю хату. Прыходзь у наступную нядзелю. Я ўжо гасцей запрасіў.

Наступіла нядзеля. Трэба збірацца ў дарогу, а дзяўчыне зрабілася так страшна, што не можа растлумачыць. Але ж пераадолела страх. Насыпала поўныя кішэні гароху, рушыла ў дарогу.

Амаль цэлы дзень ішла. І вось перад ёй - густы лес, а ў ім - адзіная хата. Не спадабалася дзяўчыне хата: змрочная, няўтульная. Увайшла ў яе - нікога. Ціха-ціха, аж страшна.

Раптам чуецца голас:

- Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?

Азірнулася дзяўчына і ўбачыла птушку ў клетцы. Птушка яшчэ раз папярэдзіла:

- Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?

Нявеста абышла ўсе пакоі, але ўсюды было пуста, ніводнай чалавечай душы. Урэшце спусцілася яна ў склеп. А там - старая жанчына сядзіць, галавой хітае.

- Ці не скажаце мне, - пытае дзяўчына, - тут жыве мой жаніх?

- Ах, небарака, - адказала бабуля, - куды ты трапіла! Тут жа разбойны прытон. Ты чакаеш вяселля, але глядзі, як бы не святкаваць яго разам са смерцю. Вунь бачыш, вялікі кацёл з вадой. Мяне прымушаюць яго кіпяціць, а тады ў ім вараць людзей і ядуць. Яны ж - людаеды! Ратуйся хутчэй, пакуль цябе не схапілі...

Старая завяла і схавала дзяўчыну за вялізную бочку. Загадала:

- Сядзі ціха, як мышка ў норцы! А ноччу, калі разбойнікі заснуць, мы з табой збяжым.

Толькі яны пра ўсё дамовіліся, як дамоў вярнулася разбойная шайка. Прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну. Яна крычала, прасілася, а яны як бы не чулі, бо былі ўсе п'яныя.

Разбойнікі прымусілі і дзяўчыну выпіць тры шклянкі віна: белага, чырвонага, бурштынавага. Ад гэткага пітва разарвалася ў паланянкі сэрца. Яны сарвалі з яе прыгожую сукенку, паклалі на стол, пасеклі на кавалкі дзявоцкае цела, пасыпалі соллю.

Ледзь жывая сядзела за бочкай нявеста. Яна зразумела, якую долю рыхтаваў ёй разбойнік-жаніх. Раптам на яе калені ўпаў мезенец той дзяўчыны, якую забілі разбойнікі. На ім свяціўся залаты пярсцёнак.

А здарылася так, што адзін разбойнік прыкмеціў на руцэ паланянкі золата і захацеў зняць яго. Адсек палец, а ён падскочыў уверх і ўпаў за бочку.

Узялі разбойнікі свечку, пачалі шукаць адсечаны мезенец. Не знайшлі. Тады адзін з іх кажа другому:

- А ты за бочкай шукаў?

Тут старая я-я-к закрычыць:

- Ступайце хутчэй есці! Заўтра пашукаеце палец, ён ад вас не збяжыць.

- Праўду кажаш, - пагадзіліся разбойнікі.

Селі яны вячэраць, пачалі піць віно. А ніхто ж з іх не ведаў, што бабуля падсыпала ў бутлю соннага зелля.

Паелі-папілі разбойнікі дый заснулі-захраплі ў склепе. Вось тады і вылезла з-за бочкі нявеста. Асцярожна, пераступаючы цераз спячых, выйшла яна на вуліцу. За ёй - бабуля. І кінуліся яны ўцякаць далей ад разбойнага прытона.

Вецер здзьмуў з дарогі попел, які насыпаў некалі жаніх. Затое гарох, які раскідала дзяўчына, пусціў расткі. У месячковым ззянні яны і паказвалі дарогу. Так ішлі яны ўсю ноч, а пад раніцу былі ўжо дома. І паведала дзяўчына бацьку ўсю праўду.

Вось надышоў дзень, калі трэба святкаваць вяселле. Млынар склікаў усіх сваіх родзічаў і знаёмых. З'явіўся і жаніх.

Уселіся госці за стол. І прапанавана было кожнаму што-небудзь расказаць. Нявеста сядзела ціха, маўкліва. Тады жаніх звярнуўся да яе:

- Ну, мая душачка, хіба ты нічога не ведаеш? Раскажы нам што-небудзь.

Нявеста пагадзілася:

- Добра, раскажу я вам сон. Іду нібыта цераз лес, іду і раптам перада мною - хата. А ў ёй ніводнай жывой душы. Вісіць на сцяне клетка з птушкай. І кажа мне тая птушка: «Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?» І паўтарыла яшчэ раз. Ды гэта, мой мілы, мне толькі снілася... Прайшлася я па ўсіх пакоях. Усе яны - пустыя, беспрытульныя. Спусцілася ў склеп, і сядзела там старэнькая жанчына. Пытаюся ў яе: «Ці не ў гэтай хаце жыве мой жаніх? » А яна адказвае: «Ах, небарака, ты ж у разбойны прытон трапіла. Жаніх твой жыве тут, але ён цябе збіраецца на кавалкі пасекчы, а пасля зварыць дый з'есці». Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася... І схавала мяне бабуля за вялізную бочку. Толькі там прытаілася, як вярнуліся дамоў разбойнікі, прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну, далі ёй выпіць трайнога віна - белага, чырвонага і бурштынавага. Ад яго разарвалася ў паланянкі сэрца. Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася... І ўбачыў адзін разбойнік на мезенцы ў дзяўчыны залаты пярсцёнак. Цяжка яго сцягнуць. Тады ён узяў сякеру і адсек палец. Падскочыў той мезенец уверх, упаў за вялізную бочку і трапіў якраз мне на калені. Вось ён, гэты палец з пярсцёнкам!..

Нявеста паказала гасцям адсечаны палец з залатым пярсцёнкам.

Разбойнік-жаніх збялеў што палатно, падхапіўся з-за стала і хацеў бегчы. Але госці схапілі яго, прывялі на суд. І прысудзілі пакараць смерцю. А разам і яго шайку за іх разбойныя справы.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі