epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Разумная Эльза

Жыў-быў чалавек, і была ў яго дачка, звалі яе Разумнай Эльзай. Вось вырасла яна, а бацька і кажа:

- Пара б аддаць яе замуж.

- Так, - сказала маці, - калі толькі знойдзецца такі чалавек, які захоча яе ўзяць.

І вось прыйшоў нарэшце з далёкіх мясцін чалавек, звалі яго Ганс; пачаў ён да яе сватацца, але паставіў умову, каб Разумная Эльза была да таго ж і вельмі разважлівай.

- О, - сказаў бацька, - яна кемлівая.

А маці дадала:

- Ах, ну што і казаць: яна ўсё разумее, бачыць нават, як вецер на вуліцы гуляе, і чуе, як мухі кашляюць.

- Ну, - сказаў Ганс, - а калі яна будзе не вельмі кемлівай, то я з ёю не ажанюся.

Вось сядзяць яны за сталом, абедаюць, а маці і кажа:

- Эльза, схадзі ў склеп ды прынясі нам піва.

Узяла Разумная Эльза з паліцы збан і спусцілася ў склеп, весела пазвоньваючы накрыўкай, каб час ішоў хутчэй. Прыйшла яна ў склеп, паставіла перад піўной бочкай зэдлік, каб не трэба было нагінацца, і спіна каб не забалела і каб не занадта стаміцца. Паставіла перад сабой збан, адкруціла кран і, каб вочы не заставаліся без справы, пакуль піва нальецца, пачала сцяну разглядваць; вось глядзіць яна ды разглядвае і заўважыла раптам над сабой кірку на сцяне, якую забыліся там памылкова муляры. І вось пачала Разумная Эльза плакаць і галасіць: «Калі выйду замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, і вырасце яно, і пашлем мы яго ў склеп піва нацадзіць, раптам зваліцца яму на галаву кірка і заб'е яго насмерць». Сядзіць яна і плача, што ёсць сілы галосіць з-за будучага няшчасця. А ў хаце наверсе чакаюць у гэты час піва, а Разумная Эльза ўсё не вяртаецца. Гаспадыня і кажа работніцы:

- Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.

Пайшла работніца, бачыць - сядзіць Эльза перад бочкай і плача-заліваецца.

- Эльза, чаго ты плачаш? - пытаецца работніца.

- Ох, - адказвае яна, - ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам незнарок можа зваліцца яму на галаву кірка і забіць яго насмерць...

І сказала работніца:

- Вось якая ў нас Эльза разумная!

Падсела яна да яе і пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё піва чакаюць не дачакаюцца, а работніца не вяртаецца. Тады бацька і кажа работніку:

- Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там Эльза з работніцай робяць.

Спусціўся работнік у склеп, бачыць - сядзіць Разумная Эльза з работніцай, і абедзве плачуць. Пытаецца ён у іх:

- Чаго вы плачаце?

- Ой, - адказвае Эльза, - ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам зваліцца яму на галаву кірка і заб'е яго насмерць...

Работнік і кажа:

- Вунь якая ў нас Эльза разумная! - падсеў да яе і таксама заплакаў. А ў хаце чакаюць работніка, а ён не вяртаецца. Тады бацька кажа маці:

- Схадзі ты сама ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.

Спусцілася маці ў склеп, бачыць - усе трое плачуць. Пытаецца яна ў іх, чаго гэта яны плачуць; расказала ёй Эльза, што яе будучае дзіця, калі яно падрасце, можа забіць кірка, - будзе яно наліваць піва, а кірка раптам і зваліцца яму на галаву. І сказала маці:

- Ох, якая ж у нас разумная Эльза! - і падсела да іх і таксама заплакала.

Пачакаў бацька крыху, бачыць - маці таксама не вяртаецца, а выпіць піва ўсё болей і болей хочацца. Вось і кажа ён:

- Трэба будзе мне самому ў склеп схадзіць ды паглядзець, што гэта там з Эльзай здарылася.

Спусціўся ён у склеп, бачыць - сядзяць усе поруч і горка плачуць; даведаўся ён, што прычынай таму Эльзіна дзіця, якое яна, магчыма, калі-небудзь народзіць, і што можа яго забіць кірка, калі, нацэджваючы піва, яно будзе сядзець якраз пад кіркай, а ў гэты час яна можа зваліцца, і ён усклікнуў:

- Якая ж у нас, аднак, разумная Эльза! - сеў і таксама разам з імі заплакаў.

Доўга чакаў жаніх у хаце адзін, але ніхто не вяртаўся, і падумаў ён: «Відаць, яны мяне ўнізе чакаюць, трэба будзе і мне таксама туды схадзіць ды паглядзець, што яны там робяць». Спусціўся ён уніз, бачыць - сядзяць яны ўсе ўпяцярых і плачуць-галосяць, ды так жаласна - адно мацней за другога.

- Што ў вас за бяда здарылася? - пытаецца ён.

- Ах, мілы Ганс, - адказала Эльза, - калі мы з табой пажэнімся і будзе ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, то можа здарыцца, што пашлем мы яго ў склеп піва нацадзіць, а кірка, якая тырчыць на сцяне, можа, чаго добрага, зваліцца і разбіць яго галаву і забіць яго насмерць. Ну, як жа нам не плакаць з-за гэтага.

- Ну, - сказаў Ганс, - большага розуму для маёй гаспадаркі і не трэба. Эльза, ты такая разумная, што я з табою ажанюся, - і ўзяў яе за руку, павёў наверх і адсвяткаваў з ёю вяселле.

Пажыла яна з Гансам трохі, а ён і кажа:

- Жонка, я паеду на заробкі. Патрэбна нам на грошы разжыцца, а ты ідзі ў поле жаць пшаніцу, каб быў у нас у хаце хлеб.

- Добра, мілы Ганс, я так і зраблю.

Пайшоў Ганс, наварыла яна сабе смачнае кашы і ўзяла з сабой у поле. Прыйшла туды і сама сябе пытае:

- Што мне рабіць? Ці жаць спачатку, ці перш паесці? Э, мабыць, паем я спачатку.

З'ела яна гаршчок кашы, наелася і зноў пытае:

- Што мне рабіць? Ці жаць спачатку, ці, можа, перш паспаць? Відаць, пасплю я спярша. - Легла яна ў пшаніцу і заснула.

А Ганс у гэты час даўно ўжо дадому вярнуўся, а Эльзы ўсё няма і няма. Вось ён і кажа:

- Якая ў мяне разумная Эльза, яна такая руплівая - і дамоў не вяртаецца і нічога не есць.

А яе ўсё няма і няма. Ужо і вечар настаў, выйшаў Ганс у поле паглядзець, колькі яна пшаніцы нажала; бачыць, што ніколькі не зжата і ляжыць Эльза ў пшаніцы і спіць. Пабег Ганс хутчэй дамоў, прынёс з сабой птушкалоўную сетку з бразготкамі і накінуў яе на Эльзу; а яна ўсё працягвае спаць. Пабег ён дамоў, зашчапіў дзверы, усеўся на лаву і ўзяўся за работу.

Нарэшце ўжо зусім сцямнела, прачнулася Разумная Эльза, і толькі яна паднялася, а бразготкі на ёй зазвінелі, і як ні зробіць яна крок, а бразготкі ўсё звіняць і звіняць. Спалохалася яна і задумалася: ці сапраўды яна Разумная Эльза? І пачала сама ў сябе пытаць: «Ці я гэта, або не я?» І сама не ведала, як ёй на гэта адказаць, і стаяла яна некаторы час у сумненні; нарэшце яна падумала: «Пайду я дамоў ды запытаю, ці я гэта, або не я, - яны ўжо дакладна ведаюць».

Прыбегла яна дадому, а дзверы зашчэплены. Пастукала яна ў аконца і пытае:

- Ганс, ці дома Эльза?

- Так, - адказвае Ганс, - яна дома.

Спалохалася яна і кажа:

- Ах, Божа мой, значыць, гэта не я! - і кінулася да суседзяў. А людзі пачулі звон бразготак і не захацелі ёй адчыняць, і нідзе не знайшлося ёй прытулку. І пабегла яна тады з вёскі; і ніхто яе з таго часу больш не бачыў.



Пераклад: Міхась Пазнякоў