epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Саломінка, Вугаль і Бабіна

Жыла-была адна бабулька, вельмі старая. Восемдзесят гадоў ёй было. Пайшла бабулька на агарод, нарвала поўную талерку бобу і вырашыла яго зварыць.

«Вось, - думае, - звару бобу і паабедаю».

Распаліла яна пліту і, каб агонь разгарэўся лепей, падкінула ў топку пучок саломы.

А затым пачала сыпаць у гаршчок боб.

Вось якраз тут усё і пачалося.

Калі сыпала яна боб у гаршчок, адна бабіна ўзяла ды і завалілася на падлогу.

І сюды ж, на падлогу, выскачыў з печы распалены вугольчык.

Вось саломінка і кажа:

- Мілыя сябры, адкуль вы тут?

- Я, - адказвае вугольчык, - з печы. Калі б, - кажа, - я адтуль не выскачыў, давялося б мне згарэць і рассыпацца попелам.

А бабіна кажа:

- І мне пашчасціла, што я сюды трапіла. А то давялося б мне, як і іншым маім сяброўкам-бабінам, у кашу разварыцца.

А саломінка кажа:

- І я рада, што ў печ не трапіла, а тут ляжу.

- Ну, а што ж мы цяпер будзем рабіць? - пытаецца вугольчык.

- Я думаю, - сказала бабіна, - вось што. Пайшлі белы свет паглядзім.

- Пайшлі, пайшлі, - згадзіліся вугольчык і саломінка.

І пайшлі яны разам - бабіна, саломінка і вугольчык.

Доўга ішлі яны і прыйшлі да ручайка. Ручаёк маленькі, вузенькі, а перабрацца цераз яго цяжка - моста няма. Як тут быць? Тады саломінка кажа:

- Мы вось як зробім: я перакінуся з беражка на беражок, а вы па мне пераправіцеся, як па мосце.

Так яны і зрабілі. Перакінулася саломінка з берага на бераг, і першым пабег па ёй вугольчык. Бяжыць, як па мосце. Дабег ён да сярэдзіны, чуе - плёскаецца ўнізе вада. Стала яму страшна, спыніўся ён і крычыць:

- Баюся вады, баюся вады!

А пакуль ён стаяў і крычаў, саломінка ад яго загарэлася, развалілася на дзве часткі і паляцела ў ручай. Вугольчык таксама зваліўся ў ваду. Ён засіпеў: «Таплюся, ратуйце!» - і пайшоў на дно.

А бабіна асцярожнай была, яна на беразе засталася.

Засталася на беразе і давай смяяцца з вугольчыка і саломінкі.

Смяялася яна, смяялася - і лопнула ад смеху.

Дрэнна б ёй давялося, ды на яе шчасце сядзеў на беразе вандроўны кравец.

Дастаў кравец ніткі і сшыў абедзве палавінкі бабіны.

А таму што ў краўца белых нітак з сабой не было, ён зашыў бабіну чорнай ніткай. З таго часу ва ўсіх бабінах чорнае шво пасярэдзіне.



Пераклад: Міхась Пазнякоў