epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Шэсць лебедзяў

Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялікі глухі лес; без стомы ганяўся ён за звярамі, і ніхто з яго людзей не мог за ім паспець. А тут ужо добра такі звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азірнуўся і бачыць, што заблудзіўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсці ніяк не можа.

І вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасці; а ішла яна проста насустрач яму, і была то ведзьма.

- Бабуля, - звярнуўся кароль да яе, - ці не маглі б вы паказаць мне дарогу з лесу?

- О, так, ваша ягамосць кароль, - адказала яна, - я гэта магу, але пры адной умове, калі вы не выканаеце яе, то не выйсці вам з лесу ніколі і загінеце вы тут ад голаду.

- А якая ж гэта ўмова? - пытаецца кароль.

- Ёсць у мяне дачка, - гаворыць старая, - яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсці, і вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калі вы згодны зрабіць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.

Кароль ад страху згадзіўся, і старая прывяла яго ў сваю хаціну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нібыта толькі яго і чакала; і ўбачыў кароль, што яна вельмі прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, і ён не мог пазіраць на яе без затоенага страху. Калі кароль пасадзіў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу і кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскі замак, дзе яны і справілі вяселле.

А кароль ужо быў аднойчы жанаты, і ад першай жонкі было ў яго сямёра дзяцей - шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка, і любіў ён іх больш за ўсё на свеце. Але ён баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з імі абыходзіцца, каб не зрабіла ім якога ліха, і вось адвёз ён іх у таемны замак, які знаходзіўся якраз пасярод лесу. Ён быў так схаваны ў лясным гушчары і так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што і сам кароль не знайшоў бы яе, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нітак; і быў той клубок такі, што варта кінуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся і паказваў шлях-дарогу.

Вельмі часта ездзіў кароль да сваіх любімых дзяцей у лес; і нарэшце каралева зацікавілася пастаяннымі яго адлучкамі; захацелася ёй даведацца, што ён робіць у лесе адзін. Шмат грошай дала яна сваім слугам, і яны выдалі ёй таямніцу, а таксама расказалі пра клубок нітак, які адзіны можа паказаць туды дарогу. І не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок; затым пашыла яна з шоўку маленькія белыя сарочкі і зашыла ў іх свае чары, бо яшчэ ад маці ведала яна сакрэты чарадзейства.

Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкі і выправілася ў лес, і клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзеці, калі ўбачылі здалёку, што нехта набліжаецца, падумалі, што гэта ідзе да іх дарагі бацька, і радасна выбеглі насустрач яму. І тады накінула яна на кожнага з іх сарочку; і як толькі дакрануліся тыя сарочкі да іхняга цела, ператварыліся браты ў лебедзяў, узняліся над лесам і паляцелі.

Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавілася ад сваіх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамі насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваіх дзяцей, але знайшоў толькі дачку.

- А дзе ж твае браты? - спытаўся ён.

- Бяда, дарагі татка, - адказала дачка, - яны паляцелі і пакінулі мяне адну. - І расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямі праляцелі над лесам, і паказала пер'е, якое скінулі яны на падворку і якое яна падняла. Замаркоціўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабіла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць і дачку, і вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхі і ўпрасіла караля пакінуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.

Бедная дзяўчынка падумала: «Нядоўга мне заставацца тут, - пайду я на пошукі сваіх братоў».

Вось ужо і ноч апусцілася на лес, і выбегла яна з замка і пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч і ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы ісці ўжо не магла. І заўважыла яна паляўнічы домік, увайшла ў яго, бачыць - пакой, а ў ім шэсць маленькіх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзін з ложкаў і вырашыла там начаваць.

Неўзабаве і сонца зайшло, і пачула яна шум і ўбачыла, што прыляцелі да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселіся на акне і пачалі здзьмухваць сваё пер'е, і вось лебядзіны ўбор зваліўся з іх, як сарочка. Зірнула на іх дзяўчынка і пазнала сваіх братоў, узрадавалася і вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылі сваю сястру і ўсцешыліся не менш за яе, але радасць іх была кароткай.

- Табе нельга заставацца тут, - сказалі яны, - гэта прытон разбойнікаў. Калі разбойнікі вернуцца і знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.

- А хіба вы не можаце мяне абараніць? - спытала ў іх сястрычка.

- Не, - адказалі яны, - мы можам скідаць свой лебядзіны ўбор толькі на чвэрць гадзіны вечарам, тады мы становімся людзьмі, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.

Заплакала сястрычка і кажа:

- А хіба нельга зняць з вас чары?

- Не, - уздыхнулі яны, - зрабіць гэта вельмі цяжка. На працягу шасці гадоў ты не павінна ні гаварыць, ні смяяцца, і мусіш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калі ты вымавіш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.

Пакуль браты расказвалі ёй пра гэта, мінула чвэрць гадзіны, і яны зноўку сталі лебедзямі і вылецелі праз акно.

Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызваліць сваіх братоў, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася яе жыццё. Яна пакінула паляўнічы домік і пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва і там пераначавала. Ранкам яна спусцілася з дрэва, назбірала кветказору і пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кім, а смяяцца і зусім не хацелася...

Так мінула шмат часу, і здарылася, што кароль той краіны паляваў у лесе, і яго егеры пад'ехалі да дрэва, на якім сядзела дзяўчынка. Яны паклікалі яе:

- Хто ты?

Яна нічога не адказала.

- Спусціся да нас, - папрасілі яны, - мы нічога дрэннага табе не зробім.

Але яна толькі галавой пакруціла.

Калі яны пачалі яе распытваць, яна скінула ім залатыя каралі і думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалі і задавалі пытанні; тады яна скінула ім свой пояс; але калі і гэта не дапамагло, скінула ім свае падвязкі, такім чынам неўзабаве яна аддала ім усё, што на ёй было, і засталася ў адной сарочцы. Але егеры і тады не адчапіліся ад яе; яны залезлі на дрэва, знялі яе адтуль і прывялі да караля. Кароль спытаў:

- Хто ты? Што ты там робіш на дрэве? - Але яна нічога не адказала.

Ён распытваў яе на ўсіх мовах, якія толькі ведаў, але яна заставалася маўклівай як рыба. А была яна прыгожая, і вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзіў перад сабой на каня і прывёз яе ў свой замак. І загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, і стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабіцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, і сціпласць яе і нясмеласць так спадабаліся яму, што ён сказаў:

- Вось з гэтай хачу я ажаніцца і ні з якой іншай на свеце. - І праз колькі дзён ён павянчаўся з ёю.

Але была ў караля злая маці - ёй не спадабалася яго жаніцьба і яна пачала зласлівіць пра маладую каралеву.

- Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, - гаварыла яна, - ніводнага слова прамовіць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.

Праз год, калі каралева нарадзіла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля і абвінаваціла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць і не дазволіў прычыніць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкі і ні на што іншае не звяртала ўвагі.

Калі ж зноў нарадзіла яна прыгожага хлопчыка, ліхая свякруха зноўку ўтварыла такі ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:

- Яна вельмі сціплая і добрая, каб магла здзейсніць такое; калі б яна не была нямая, дык даказала б сваю невінаватасць.

Але старая і на трэці раз украла нованароджанае немаўлятка і абвінаваціла каралеву, якая не прамовіла ні слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькі адно - аддаць яе пад суд; і прысудзілі спаліць яе на кастры.

Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошні дзень з тых шасці гадоў, на працягу якіх яна не магла ні гаварыць, ні смяяцца.

Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, і толькі на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.

Калі павялі яе на касцёр, захапіла яна з сабой сарочкі, і калі завялі яе ўжо на памост і вось-вось павінны былі распаліць вогнішча, азірнулася яна і бачыць - ляцяць да яе шэсць лебедзяў. І зразумела яна, што блізка яе вызваленне, і затрапятала ў яе сэрца ад радасці.

Шумна падляцелі да яе лебедзі і апусціліся так нізка, што яна паспела кінуць ім сарочкі; і як толькі да іх дакрануліся тыя сарочкі, зваліліся з іх лебядзіныя ўборы, і стаялі перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, і па-ранейшаму прыгожыя, - толькі ў малодшага не хапала левага рукава, і таму на спіне ў яго засталося лебядзінае крыло. Пачалі яны абдымацца ды цалавацца, і прыйшла каралева да караля, і ён быў моцна здзіўлены, але вось загаварыла яна і сказала:

- Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць і скажу табе, што я ні ў чым не вінаватая, - і яна расказала яму пра падман старой свекрыві, якая забрала і схавала траіх яе дзяцей. І прынеслі іх у замак на вялікую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалілі на кастры, і застаўся ад яе адзін толькі попел.

А кароль і каралева разам з шасцю сваімі братамі жылі мірна і шчасліва доўга-доўга.



Пераклад: Максім Валошка