epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Снягурачка

Гэта было ў сярэдзіне зімы. Падалі сняжынкі, быццам пух з неба, і сядзела каралева ля акна, - рама яго была з чорнага дрэва, - і каралева шыла. Калі яна шыла, заглядзелася на снег і ўкалола іголкай палец, - і ўпалі тры кроплі крыві на снег. І чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: «Вось, калі б нарадзілася ў мяне дзіця, белае, як гэты снег, і румянае, як кроў, і чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!»

І нарадзіла каралева неўзабаве дачку, і была яна белая, як снег, румяная, як кроў, і такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, - і празвалі яе таму Снягурачкай. А калі дзіця нарадзілася, каралева памерла.

Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая і пыхлівая, яна трываць не магла, калі хто-небудзь пераўзыходзіў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, і калі станавілася яна перад ім і глядзелася ў яго, то пыталася:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

І люстэрка адказвала:

- Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

І яна была задаволена, паколькі ведала, што люстэрка кажа праўду.

А Снягурачка за гэты час падрасла і станавілася ўсё харашэй, і, калі ёй споўнілася сем гадоў, была яна такая цудоўная, як ясны дзень, і прыгажэйшая за саму каралеву. Калі каралева спытала ў свайго люстэрка:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

Люстэрка адказала так:

 

- Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды толькі Снягурачка вас засланяе красой.

 

Спалохалася тады каралева, пажаўцела, пазелянела ад зайздрасці. Убачыць, бывала, Снягурачку - і сэрца ў яе разрываецца, так неўзлюбіла яна дзяўчынку. І зайздрасць, і фанабэрыстаць разрасталіся, як пустазелле, у яе сэрцы ўсё вышэй і вышэй, і не было ёй з гэтага часу спакою ні ўдзень, ні ўночы.

Тады яна паклікала аднаго са сваіх егераў і сказала:

- Завядзі гэтую дзяўчынку ў лес, - я больш бачыць яе не магу. Ты павінен яе забіць і прынесці мне ў знак доказу яе лёгкія і печань.

Егер паслухаўся і завёў дзяўчынку ў лес; але, калі ён выцягнуў свой паляўнічы нож і хацеў было ўжо працяць ні ў чым не вінаватае сэрца Снягурачкі, тая пачала плакаць і прасіць:

- Ах, мілы егер, пакінь мяне жывою! Я ўцяку далёка-далёка ў дрымучы лес і ніколі не вярнуся дадому.

І таму, што была яна такая прыгожая, егер над ёю злітаваўся і сказаў:

- Так і быць, бяжы, бедная дзяўчынка! І падумаў сам сабе: «Усё адно там цябе хутка з'ядуць дзікія звяры», - і быццам камень зваліўся ў яго з сэрца, калі не давялося яму забіваць Снягурачку.

І якраз у гэты час падбег малады алень, егер яго закалоў, выразаў у яго лёгкія і печань і прынёс іх каралеве ў знак доказу, што яе загад выкананы. Кухару распарадзіліся зварыць іх у салёнай вадзе, і ліхая жанчына іх з'ела, думаючы, што гэта лёгкія і печань Снягурачкі.

Засталася бедная дзяўчынка ў дрымучым лесе адна-адзінюткая, і са страхам яна агледзела ўсе лісцікі на дрэвах, не ведаючы, як ёй быць далей, як свайму гору дапамагчы.

Яна кінулася бегчы, і бегла па вострых камянях, праз калючыя зараснікі, і скакалі каля яе дзікія звяры, але яе не чапалі. Бегла яна колькі сілы хапіла, але вось пачало нарэшце вечарэць. Раптам яна ўбачыла маленькую хатку і зайшла ў яе адпачыць. І было ў той хатцы ўсё такім маленькім, але прыгожым і чыстым, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

Стаяў там накрыты белай сурвэткай столік, а на ім сем маленькіх талерачак, каля кожнай талерачкі па лыжачцы, а яшчэ сем маленькіх нажоў і відэльцаў і сем маленькіх кубкаў. Стаялі каля сцяны ў рад сем маленькіх ложачкаў, і былі яны засланы беласнежнымі пакрываламі.

Захацелася Снягурачцы паесці і папіць, яна ўзяла з кожнай талерачкі патрошку гародніны і хлеба і выпіла з кожнага кубачка па кропельцы віна, - ёй не хацелася піць усё з аднаго. А паколькі яна вельмі стамілася, то легла ў адну з пасцелек, але ніводная з іх для яе не падыходзіла: адна была занадта доўгая, другая занадта кароткая; але сёмая аказалася нарэшце якраз па яе росту; яна на яе ўлеглася і, аддаўшыся на літасць боскую, заснула.

Калі ўжо зусім сцямнела, прыйшлі гаспадары хаткі; былі то сямёра карлікаў, якія ў гарах здабывалі руду. Яны запалілі сем сваіх лямпачак, і, калі ў хатцы стала светла, яны заўважылі, што ў іх хтосьці быў, таму што не ўсё аказалася ў тым парадку, у якім было раней. І сказаў першы карлік:

- Хто гэта на маім крэсле сядзеў?

Другі:

- Хто гэта з маёй талерачкі еў?

Трэці:

- Хто ўзяў скібачку майго хлеба?

Чацвёрты:

- А хто маю гародніну еў?

Пяты:

- Хто маім відэльчыкам браў?

Шосты:

- А хто маім ножычкам рэзаў?

Сёмы спытаў:

- Хто гэта піў з майго маленькага кубка?

Азірнуўся першы і заўважыў на сваёй пасцельцы маленькую складачку, і спытаў:

- А хто гэта ляжаў на маім ложачку?

Тут збегліся астатнія і пачалі гаварыць:

- І ў маім таксама хтосьці ляжаў.

Зірнуў сёмы карлік на сваю пасцель, бачыць - ляжыць у ёй Снягурачка і спіць. Гукнуў ён тады астатніх; падбеглі яны, пачалі ад здзіўлення крычаць, прынеслі сем сваіх лямпачак і асвяцілі Снягурачку.

- Ах, Божа мой! Ах, Божа мой! - усклікнулі яны. - Якое, аднак, прыгожае дзіця!

Яны так зарадаваліся, што не сталі яе будзіць і пакінулі яе спаць у пасцельцы. А сёмы карлік праспаў у кожнага са сваіх таварышаў па гадзіне, - так вось і ноч праляцела.

Надышла раніца. Прачнулася Снягурачка, убачыла сем карлікаў і спалохалася. Але былі яны з ёю ласкавыя і спыталі яе:

- Як цябе зваць?

- Мяне клічуць Снягурачкай, - адказала яна.

- Як ты трапіла ў нашу хатку? - працягвалі пытацца карлікі.

І яна расказала ім аб тым, што мачыха хацела яе забіць, але егер злітаваўся над ёю, і што бегла яна цэлы дзень, пакуль нарэшце не знайшла іх хатку.

Карлікі спыталі:

- Хочаш весці ў нас гаспадарку? Кухарыць, пасцелі ўзбіваць, мыць, шыць і вязаць, усё ўтрымліваць у чысціні і парадку, - калі ты на гэта згодная, то можаш у нас застацца, і будзе ў цябе ўсяго ўдосталь.

- Добра, - сказала Снягурачка, - з вялікай ахвотай, - і засталася ў іх.

Яна ўтрымлівала хатку ў парадку. Раніцай карлікі ішлі ў горы капаць руду і золата, а вечарам вярталіся дамоў, і яна павінна была да іх прыходу прыгатаваць ім вячэру. Цэлы дзень дзяўчынцы прыходзілася заставацца адной, і таму добрыя карлікі яе перасцерагалі і казалі:

- Сцеражыся сваёй мачыхі: яна хутка даведаецца, што ты тут. Глядзі, нікога не ўпускай у дом.

А каралева, з'еўшы лёгкія і печань Снягурачкі, пачала зноў думаць, што яна цяпер самая першая красуня ў каралеўстве. Яна падышла да люстэрка і спытала:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

І адказала люстэрка:

 

- Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамі,

У карлаў сямёх між барамі

Сваёй вас заслоніць красой.

 

Спалохалася тады каралева, - яна ж ведала, што люстэрка кажа праўду, і зразумела, што егер яе падмануў, што Снягурачка яшчэ жывая. І яна стала зноў думаць і гадаць, як бы яе знішчыць. І не было ёй ад зайздрасці спакою, таму што не яна самая першая прыгажуня ў каралеўстве.

І вось пад канец яна сёе-тое прыдумала: яна нафарбавала сабе твар, пераапранулася старой гандляркай, і цяпер яе ніяк нельга было пазнаць. Накіравалася яна цераз сем гор да сямі карлікаў, пагрукалася ў дзверы і кажа:

- Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Глянула Снягурачка ў акенца і кажа:

- Добры дзень, галубка! Ты што прадаеш?

- Харошыя тавары, цудоўныя тавары, - адказала тая, - шнуркі рознакаляровыя, - і выняла ёй адзін з іх паказаць, і быў ён сплецены з пярэстага шоўку.

«Гэту шаноўную жанчыну можна, бадай, і ў дом пусціць», - падумала Снягурачка. Яна адкінула дзвярную засаўку і купіла сабе прыгожыя шнуркі.

- О, як яны табе ідуць, дзяўчынка, - мовіла старая, - дай жа я зашнурую табе ліф як трэба.

Снягурачка, не прадчуваючы нічога кепскага, стала перад ёю і дала зацягнуць на сабе новыя шнуркі. І пачала старая шнураваць, ды так хутка і так туга, што Снягурачка задыхнулася і ўпала як мёртвая долу.

- Гэта за тое, што ты самай прыгожай была, - сказала каралева і хутка знікла.

А неўзабаве, надвячоркам, вярнуліся сем карлікаў дахаты, і як яны спалохаліся, калі ўбачылі, што іх любая Снягурачка ляжыць на падлозе - не варухнецца, не кранецца, нібы мёртвая! Яны паднялі яе і ўбачылі, што яна моцна-моцна зашнуравана; тады разрэзалі яны шнуркі, і пачала яна пакрысе дыхаць і паступова апрытомнела.

Калі карлікі пачулі аб тым, як усё гэта здарылася, яны сказалі:

- Старая гандлярка была на самой справе злою каралевай. Сцеражыся, не ўпускай да сябе нікога, калі нас няма дома.

А ліхая жанчына вярнулася тым часам дамоў, падышла да люстэрка і спытала:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

Адказала ёй люстэрка, як раней:

 

- Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамі,

У карлаў сямёх між барамі

Сваёй вас заслоніць красой.

 

Калі яна пачула такі адказ, уся кроў прыліла ў яе да сэрца, так яна спалохалася, - яна зразумела, што Снягурачка ажыла зноўку.

- Ну, ужо цяпер, - сказала яна, - я прыдумаю такое, што загубіць цябе напэўна, - і, ведаючы рознае вядзьмарства, яна падрыхтавала атрутны грэбень. Пасля пераапранулася яна і прыкінулася іншай бабуляй. І выправілася за сем гор да сямі карлікаў, - пагрукалася ў дзверы і кажа:

- Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Снягурачка выглянула ў акенца і кажа:

- Праходзь сабе далей, у дом пускаць нікога не дазволена!

- Але ж паглядзець, бадай, можна, - мовіла старая, выняла атрутны грэбень і, падняўшы яго ўгару, паказала Снягурачцы.

Ён так спадабаўся дзяўчынцы, што яна дала сябе падмануць і адчыніла дзверы. Яны сышліся ў цане, і бабуля сказала:

- Ну, а зараз дай жа я цябе як трэба прычашу.

Бедная Снягурачка, нічога не падазраючы, дала старой сябе прычасаць; але толькі тая дакранулася грабянцом да яе валасоў, як яд пачаў зараз жа дзейнічаць, і дзяўчынка ўпала ў беспрытомнасці долу.

- Ты, маляваная красуня, - сказала ліхая жанчына, - ужо ж цяпер настаў табе канец! - І, сказаўшы гэта, яна пайшла.

Аднак, на шчасце, справа была пад вечар, і сямёра карлікаў неўзабаве вярнуліся дамоў. Яны заўважылі, што Снягурачка ляжыць на падлозе мёртвая, і адразу западозрылі ў гэтым мачыху, пачалі шукаць, у чым прычына, і знайшлі атрутны грэбень, і як толькі яны яго выцягнулі, Снягурачка зноў апрытомнела і распавяла ім аб усім, што здарылася. Тады карлікі яшчэ раз папярэдзілі яе, каб яна была асцярожнай і дзверы нікому не адчыняла.

А каралева вярнулася дадому, села перад люстэркам і кажа:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

І адказала люстэрка, як раней:

 

- Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамі,

У карлаў сямёх між барамі

Сваёй вас заслоніць красой!

 

Пачуўшы, што мовіць люстэрка, яна ўся задрыжала, затрымцела ад гневу.

- Снягурачка павінна загінуць, - крыкнула яна, - нават калі б гэта мне самой каштавала жыцця!

І яна накіравалася ў патайны пакой, куды ніхто ніколі не заходзіў, і прыгатавала там атрутны-найатрутны яблык. Быў ён на выгляд вельмі прыгожы, белы з чырвонымі крапінкамі, і ўсякі, хто б яго ўбачыў, захацеў бы яго з'есці; але хто б з'еў хоць кавалачак, той абавязкова памёр бы.

Калі яблык быў гатовы, каралева нафарбавала сабе твар, пераапранулася сялянкай і выправілася ў шлях-дарогу - за сем гор, да сямі карлікаў. Яна пагрукалася; Снягурачка высунула галаву ў акенца і кажа:

- Пускаць у дом нікога не дазволена - сем карлікаў мне гэта забаранілі.

- Яно правільна, - адказала сялянка, - але куды ж я падзену свае яблыкі? Хочаш, я табе адзін з іх падару?

- Не, - сказала Снягурачка, - мне браць нічога не дазволена.

- Ты, што ж, атруты баішся? - спытала старая. - Паглядзі, я разрэжу яблык на дзве палавінкі: румяную з'еш ты, а белую я.

А яблык быў зроблены так хітра, што толькі румяная яго палавінка была атручанай. Захацелася Снягурачцы пакаштаваць цудоўны яблык, і калі яна ўбачыла, што сялянка яго есць, дзяўчынка не стрымалася, высунула з акенца руку і ўзяла атручаную палавінку. Толькі адкусіла яна кавалачак, зараз жа ўпала як нежывая на зямлю. Паглядзела на яе сваімі страшнымі вачыма каралева і, гучна зарагатаўшы, сказала:

- Белая, як снег, румяная, як кроў, чорнавалосая, як чорнае дрэва. Ужо ж цяпер твае карлікі не разбудзяць цябе ніколі!

Яна вярнулася дамоў і пачала пытацца ў люстэрка:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

І адказала люстэрка нарэшце:

- Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

Супакоілася тады яе зайздроснае сэрца, наколькі можа падобнае сэрца знайсці сабе спакой.

Карлікі, вярнуўшыся вечарам дахаты, знайшлі Снягурачку на зямлі, нежывую, мёртвую. Яны паднялі яе і пачалі шукаць атруту: яны расшнуравалі яе, прычасалі ёй валасы, абмылі яе вадой і віном, але нічога не дапамагло - бедная дзяўчынка, як была мёртвай, так мёртвай і засталася.

Паклалі яны яе ў труну, паселі ўсе сямёра вакол яе, пачалі яе аплакваць, і праплакалі так аж тры дні. Пасля яны вырашылі яе пахаваць, але яна выглядала, як жывая, - шчокі ў яе былі па-ранейшаму прыгожыя і румяныя.

І сказалі яны:

- Як можна яе такую ў зямлю закопваць?

І яны загадалі зрабіць для яе шкляную труну, каб можна было яе бачыць з усіх бакоў, і паклалі яе ў тую труну, напісалі на ёй залатымі літарамі яе імя і што была яна каралеўскай дачкою. Занеслі яны труну на гару, і заўсёды адзін з іх заставаўся каля яе на варце. І з'явіліся таксама звяры і птушкі аплакваць Снягурачку: спачатку сава, затым крумкач і, нарэшце, галубок.

І доўга-доўга ляжала ў сваёй труне Снягурачка, і здавалася, што яна спіць, - была яна белая, як снег, румяная, як кроў, і чорнавалосая, як чорнае дрэва.

Але аднойчы здарылася, што заехаў каралевіч у той лес і трапіў у дом карлікаў, каб там пераначаваць. Ён убачыў на гары труну, а ў ёй красуню Снягурачку, і прачытаў, што было напісана на ёй залатымі літарамі. І сказаў ён тады карлікам:

- Аддайце мне гэтую труну, я дам вам за гэта ўсё, што вы пажадаеце.

Але карлікі адказалі:

- Мы не аддадзім яе нават за ўсё золата на свеце.

Тады ён сказаў:

- Дык падарыце мне яе, - я не магу жыць, не бачачы Снягурачкі, я буду яе глыбока паважаць і шанаваць, як сваю каханую.

Калі ён гэта сказаў, добрыя карлікі злітаваліся над ім і аддалі яму труну; і загадаў каралевіч сваім слугам несці яе на плячах. Але здарылася так, што яны спатыкнуліся ў кустах, і ад страсення кавалак атручанага яблыка выпаў з горла Снягурачкі. Тут расплюшчыла яна вочы, падняла века труны, а потым паднялася з яе і ажыла зноўку.

- Ах, Божа, дзе ж гэта я? - усклікнула яна.

Каралевіч, узрадаваны, адказаў:

- Ты са мной, - і расказаў ёй усё, што адбылося, і мовіў: - Ты мне мілейшая за ўсё на свеце; пойдзем разам са мной у замак майго бацькі, і ты будзеш маёй жонкай.

Снягурачка згадзілася і пайшла разам з ім; і адсвяткавалі яны вяселле з вялікаю пышнасцю.

Але на вясельны банкет была запрошана і ліхая мачыха Снягурачкі. Прыбралася яна ў прыгожую сукенку, падышла да люстэрка і сказала:

 

- Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

 

І адказала люстэрка:

 

- Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,

Ды вас каралеўна сваёй засланяе красой.

 

І вымавіла тады ліхая жанчына свой праклён, і стала ёй так страшна, так страшна, што яна не ведала, як ёй з сабой саўладаць. Спачатку яна вырашыла зусім не ісці на вяселле, але не было ёй спакою - ёй хацелася пайсці і паглядзець на маладую каралеву. Яна зайшла ў палац і пазнала Снягурачку, і ад страху і жаху - як стаяла, так на месцы і застыла.

Але былі пастаўлены ўжо для яе на вогненныя вугалі жалезныя туфлі, іх прынеслі, трымаючы абцугамі, і паставілі перад ёю. І яна павінна была ступіць нагамі ў дачырвана распаленыя туфлі і скакаць у іх да таго часу, пакуль нарэшце не грымнула, мёртвая, вобземлю.



Пераклад: Віктар Гардзей