epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Спадарыня Мяцеліца

Была ў адной удавы дачка, была ў яе яшчэ і падчарка. Падчарка старанная, прыгожая, а дачка і непрыгожая, і гультайка страшэнная. Дачку сваю ўдава вельмі любіла і ўсё ёй даравала, а падчарку прымушала шмат працаваць і карміла надта дрэнна.

Кожную раніцу павінна была падчарка садзіцца ля калодзежа і прасці пражу. І столькі ёй патрэбна было спрасці, што часта нават да крыві сцірала яна пальцы.

Аднаго разу сядзела яна так, прала і вымазала крывёю верацяно. Нахілілася дзяўчына да калодзежа, каб абмыць вырацяно, і раптам выслізнула ў яе верацяно з рук і звалілася ў калодзеж.

Заплакала падчарка і пабегла дадому расказаць мачасе пра сваю бяду.

- Ты яго выпусціла, ты яго і даставай, - сказала мачаха злосна. - Ды глядзі, без верацяна не вяртайся.

Пайшла дзяўчына назад да калодзежа і з гора ўзяла ды і кінулася ў ваду. Кінулася ў ваду і адразу прытомнасць згубіла.

А калі апрытомнела, убачыла яна, што ляжыць на зялёным лужку, з неба сонца свеціць, а на лужку кветкі растуць.

Пайшла дзяўчына па лужку, глядзіць: стаіць на лужку печ, а ў печы хлябы пякуцца. Хлябы крыкнулі ёй:

- Ах, вымі нас, дзяўчына, з печы хутчэй! Ах, вымі хутчэй! А не то мы зусім згарым!

Узяла дзяўчына лапату і выняла хлябы з печы.

Потым пайшла яна далей і прыйшла да яблыні. А на яблыні было шмат спелых яблыкаў. Яблыня крыкнула ёй:

- Ах, патрасі мяне, дзяўчына, патрасі! Яблыкі даўно паспелі!

Пачала дзяўчына трэсці дрэва. Яблыкі дажджом на зямлю пасыпаліся. І да таго часу трэсла яна яблыню, пакуль не засталося на ёй ніводнага яблыка.

Сабрала дзяўчына яблыкі ў кучу і пайшла далей. І вось нарэшце прыйшла яна да хаткі. З акна хаткі выглянула бабуля. З рота ў яе тырчалі вялізныя белыя зубы. Убачыла дзяўчына бабулю, спалохалася і хацела ўцячы, але бабуля крыкнула ёй:

- Чаго ты спалохалася, мілая? Заставайся лепш у мяне. Будзеш добра працаваць, і табе добра будзе. Ты мне толькі пасцель сцялі лепей ды пярыну і падушкі ўзбівай мацней, каб пер'е ва ўсе бакі ляцела. Калі ад маёй пярыны пер'е ляціць, на зямлі снег ідзе. Ведаеш, хто я? Я - сама спадарыня Мяцеліца.

- Што ж, - адказала дзяўчына, - я згодна паступіць да вас на службу.

Так і засталася яна працаваць у бабулі. Дзяўчына яна была добрая, працавітая і рабіла ўсё, што ёй бабуля загадвала.

Пярыну і падушкі яна так моцна ўзбівала, што пер'е, быццам камякі снегу, ляцела ва ўсе бакі.

Добра жылося дзяўчыне ў Мяцеліцы. Ніколі яе Мяцеліца не лаяла, а карміла заўсёды сытна і смачна.

Ды ўсё ж хутка пачала дзяўчына сумаваць. Спачатку яна і сама зразумець не магла, чаму сумуе, - бо ёй тут у тысячу разоў лепш, чым дома, жывецца, а потым зразумела, што сумуе яна менавіта па роднаму дому. Як там ні кепска было, а ўсё-такі яна вельмі да яго прывыкла.

Вось аднойчы і кажа дзяўчына бабулі:

- Я вельмі засумавала па дому. Як мне ў вас ні добра, але не магу я тут больш заставацца. Мне дужа хочацца родных пабачыць.

Выслухала яе Мяцеліца і сказала:

- Мне падабаецца, што ты сваіх родных не забываеш. Ты добра ў мяне папрацавала. За гэта я табе сама пакажу дарогу дадому.

Узяла яна дзяўчыну за руку і прывяла да вялікай брамы. Брама расчынілася, і калі дзяўчына праходзіла пад ёю, пасыпалася на яе зверху золата. Так і выйшла яна з брамы, уся золатам абсыпаная.

- Гэта табе ўзнагарода за тваю стараннасць, - сказала Мяцеліца і дала ёй верацяно, тое самае, якое ў калодзеж звалілася.

Потым брама зачынілася, і дзяўчына зноў апынулася наверсе, на зямлі. Неўзабаве прыйшла яна да мачахінай хаты. Увайшла яна ў хату, а пеўнік, які сядзеў на калодзежы, у гэты час заспяваў:

 

- Ку-ка-рэ-ку, дзяўчына прыйшла!

Многа золата ў хату прынясла!

 

Убачылі мачаха з дачкой, што прынесла падчарка з сабой многа золата, і сустрэлі яе ласкава. Нават не лаялі за доўгую адлучку.

Расказала ім дзяўчына пра ўсё, што з ёю здарылася, і захацелася мачасе, каб яе дачка таксама стала багатай, каб яна таксама многа золата дамоў прынесла.

Пасадзіла яна сваю дачку прасці каля калодзежа. Села лянівая дачка ля калодзежа, але прасці не стала. Толькі падрапала сабе палец цярноўнікам да крыві, вымазала верацяно крывёю, кінула яго ў калодзеж і сама за ім у ваду скокнула.

І вось апынулася яна на тым жа самым зялёным лужку, дзе раслі прыгожыя кветкі. Пайшла яна па сцяжынцы і неўзабаве прыйшла да печы, дзе пякліся хлябы.

- Ах, - крыкнулі ёй хлябы, - вымі нас з печы! Вымі хутчэй! Мы спякліся ўжо! Мы хутка згарым!

- Яшчэ чаго! - адказала гультайка. - Буду я з-за вас пэцкацца, - і пайшла далей.

Потым прыйшла яна да яблыні, яблыня крыкнула ёй:

- Ах, патрасі мяне, дзяўчына, патрасі мяне! Яблыкі ўжо даўно паспелі!

- Як жа, як жа, - адказала яна, - яшчэ, калі я пачну цябе трэсці, які-небудзь яблык мне на галаву зваліцца ды гуз наб'е!

Нарэшце падышла гультайка да хаткі спадарыні Мяцеліцы. Яна зусім не спалохалася Мяцеліцы. Сястра ж расказала ёй пра вялікія зубы Мяцеліцы і пра тое, што яна зусім не страшная.

Вось і пачала гультайка працаваць у Мяцеліцы.

Першы дзень яна яшчэ так-сяк імкнулася пераадолець сваю ляноту, слухала спадарыню Мяцеліцу, узбівала ёй пярыну і падушкі так, што пер'е ляцела ва ўсе бакі.

А на другі і на трэці дзень пачала яе адольваць лянота. Раніцай неахвотна падымалася яна з ложка, пасцель сваёй гаспадыні слала дрэнна, а пярыну і падушкі зусім перастала ўзбіваць.

Надакучыла Мяцеліцы трымаць такую служанку, вось яна і кажа ёй:

- Ідзі ты назад да сябе дамоў!

Тут гультайка ўзрадавалася.

«Ну, - думае, - зараз на мяне золата пасыплецца».

Падвяла яе Мяцеліца да вялікай брамы. Расчынілася брама. Але калі выходзіла з яе гультайка, не золата на яе пасыпалася, а перакуліўся кацёл са смалой.

- Вось табе ўзнагарода за тваю работу, - сказала Мяцеліца і зачыніла браму.

Прыйшла гультайка дадому, а пеўнік, які сядзеў на калодзежы, убачыў яе і закрычаў:

 

- Будуць смяяцца ўсе ў сяле:

Уваходзіць дзяўчына ўся ў смале!

 

І так гэта смала да яе моцна прыліпла, што засталася на скуры на ўсё жыццё.



Пераклад: Міхась Пазнякоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com