epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Стаптаныя туфлікі

Жыў-быў некалі кароль. Меў ён дванаццаць дачок, адна за другую прыгажэйшая. Спалі яны ўсе ў адной зале, ложкі іх стаялі побач. Вечарам, калі яны клаліся спаць, кароль зачыняў дзверы на засаўку. А раніцай, калі адкрываў дзверы, прыкмячаў, што туфлікі ў дачок ад танцаў стаптаныя.

Задумаўся кароль: што адбываецца ноччу ў спальні дачок?

Загадаў уладар клікнуць кліч па ўсяму каралеўству: той, хто даведаецца, дзе яго дочкі танцуюць ноччу, зможа выбраць адну з іх сабе за жонку. А пасля яго смерці стаць і каралём.

Была яшчэ адна ўмова. Той, хто возьмецца разгадаць тайну, але за тры дні і ночы не разгадае, пазбавіцца сваёй галавы.

Вось неўзабаве аб'явіўся адзін смелы каралевіч. Яго добра прынялі, а вечарам адвялі ў пакой, побач з залай-спальняй. Вартаўніку падрыхтавалі ложак, пакінулі дзверы ў дзявоцкую спальню адчыненымі.

Але каралевіч не вытрымаў і моцна заснуў. А раніцай усе ўбачылі, што каралеўны зноў хадзілі некуды танцаваць. Туфлікі іх стаялі ў зале, але падэшвы былі прашараваныя да дырак.

І на другую, і на трэцюю ноч здарылася тое ж самае. Каралевічу без шкадавання адсеклі галаву.

Багата адважных малойцаў браліся за рызыкоўную справу. Але ніхто не выканаў каралеўскага загаду.

І вось здарылася так, што ў той горад, дзе жыў кароль, завітаў адзін паранены салдат. Сустрэлася на яго шляху бабуля, пачала распытваць. Салдат жартуе:

- Ды я сам не ведаю, куды іду. Кажуць, тут ніяк не могуць дазнацца, дзе каралеўны свае туфлікі стоптваюць. Хачу разгадаць тайну. Можа, каралём зраблюся.

- Ды гэта не вельмі цяжка, - сказала бабуля. - Ты толькі не пі віна, якое вечарам табе прапануюць. Прытварыся, нібыта моцна спіш.

На развітанне добрая бабуля дала салдату плашч-невідзімку.

Набраўся бедны салдат смеласці і да караля жаніхом аб'явіўся. Яго прынялі хораша, як усіх папярэднікаў. Прыбралі ў каралеўскую адзежу.

Наступіў вечар. Пара класціся спаць. Салдата адвялі ў пакой, побач са спачывальняй каралеўнаў, прапанавалі кубак віна. Але салдат схітраваў. Прывязаў да падбародка губку. У яе ўсё віно і ўвабралася.

Лёг салдат у ложак ды праз некалькі хвілін і захроп, нібыта заснуў моцным сном. Пачулі гэта дванаццаць каралеўнаў, засмяяліся, а старэйшая сказала:

- І гэты малойчык мог бы сваё жыццё паберагчы.

Адчынілі каралеўны шафы, куфэркі, шкатулкі, пачалі прыбірацца, прыхарошвацца. Малодшая раптам кажа:

- Вы ўсе радуецеся, а ў мяне на душы неяк цяжка. Адчуваю, нешта з намі сёння здарыцца.

- Эх ты, пужаная варона, - сказала ёй старэйшая, - усяго ты вечна баішся! Нас ужо вунь колькі каралевічаў вартавала, а гэты салдат і без соннага зелля захроп...

Сабраліся каралеўны, яшчэ раз зірнулі на соннага салдата, падумалі, што баяцца няма каго. Старэйшая пастукала па сваім ложку, і ён у той жа міг апусціўся ў падзямелле. І сышлі каралеўны туды.

Салдат усё гэта прыкмеціў, бо ён жа толькі прытвараўся, што моцна спіць. Хуценька накінуў на сябе плашч-невідзімку і таксама пабег уніз па лесвіцы. Ды заспяшаўся, наступіў малодшай на плацце. Каралеўна спалохалася, крыкнула:

- Што гэта? Нехта пацягнуў мяне за плацце.

- Не прыдумляй, - азвалася старэйшая. - Гэта ты, відаць, за кручок зачапілася.

Урэшце сышлі яны ўніз. Апынуліся на цудоўнай алеі. Лісце на дрэвах срэбранае. Ад гэтага алея зіхацела, свяцілася. Салдат вырашыў узяць для доказу галінку з дрэва. Толькі ламануў, як пачуўся страшны трэск.

- Вой, што гэта?! - ускрыкнула малодшая.

Старэйшая супакоіла:

- Гэта салютуюць на радасцях, што мы хутка вызвалім ад чараў нашых прынцаў.

І пайшлі каралеўны па залатой алеі, пасля - па алмазнай. Салдат і на іх адламаў з дрэваў па галінцы. Кожны раз малодшая ад трэску палохалася, а старэйшая сястра - супакойвала.

Так дайшлі яны да вялікай ракі. На беразе стаяла дванаццаць лодак. У кожнай з іх сядзеў прыгожы прынц. Пачалі каралеўны рассаджвацца: кожная да свайго прынца. Салдат ускочыў у лодку разам з малодшай каралеўнай.

Адплылі ад берага, прынц кажа:

- Нешта лодка сёння цяжкая. Грабу з усіх сіл...

- Гэта, відаць, ад спякоты. Мне таксама млява, - супакоіла малодшая.

Пераплылі раку, а на тым беразе стаяў прыгожы, асветлены замак. З яго лілася вясёлая музыка, гучалі трубы, літаўры. Увайшлі маладыя ў замак. І кожны прынц пачаў танцаваць са сваёй любай.

Салдат танцаваў разам з усімі. Ён быў нябачны, таму і пацяшаўся з гуляючых як хацеў. Паднясуць каралеўне кубак з віном, а ён возьме ды ціхенька вып'е. Асабліва жахалася ад гэтага малодшая, але старэйшая прымушала яе маўчаць.

Так яны пратанцавалі да трох гадзін раніцы. Туфлікі іх стапталіся. Давялося прыпыніць скокі. Перавезлі прынцы каралеўнаў цераз раку. Салдат на гэты раз сеў у лодку да старэйшай. На беразе каралеўны развіталіся з малойцамі, паабяцалі вярнуцца да іх з надыходам новай ночы.

Калі дзяўчаты падымаліся па лесвіцы, салдат забег наперад, лёг у ложак і захроп. Стомленыя каралеўны пачулі, як моцна спіць іхні ахоўнік, супакоіліся: гэтага чалавека баяцца няма чаго. Яны раздзеліся і леглі спаць.

Раніцай салдат вырашыў нічога не расказваць каралю. Ён задумаў пабываць з каралеўнамі на дзівосных танцах і на другую, і на трэцюю ноч.

Усё паўтаралася, як і ў першы раз. Каралеўны танцавалі з прынцамі ў замку да таго часу, пакуль туфлікі не стаптваліся. За трэцім разам салдат прыхапіў з сабою для доказу кубак, з якога пілі віно.

Вось закончылася салдатава выпрабаванне, пайшоў ён на споведзь да караля.

- Ну, сказвай, дзе мае дванаццаць дачок ноччу туфлікі стаптваюць? - грозна запытаў уладар.

- Разам з дванаццацю прынцамі ў падземным замку.

Салдат расказаў каралю ўсё падрабязна, а ў доказ перадаў тры галінкі з дрэваў - срэбраную, залатую і алмазную. Ды яшчэ кубак, з якога маладыя пілі віно. У гэты час каралеўны стаялі пад дзвярыма і ўсё чулі.

Загадаў кароль паклікаць сваіх дачок. Спытаў у іх:

- Ці праўду расказвае салдат?

Бачаць каралеўны, што на гэты раз раскрылася іх тайна, яны і прызналіся ва ўсім. Тады кароль кажа салдату:

- Якую ты хочаш узяць сабе за жонку?

Салдат адказаў:

- Я ўжо не малады, то аддайце мне старэйшую.

У той жа дзень і вяселле згулялі. Паабяцаў кароль салдату пасля сваёй смерці і ўсё каралеўства.

А прынцы былі заварожаныя на столькі дзён, колькі начэй яны танцавалі з каралеўнамі.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі