epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Тры браты

Шмат гадоў таму назад жыў на свеце бацька з трыма сынамі. Выраслі сыны малайцамі, адзін за другога лепшы.

Вось і кажа ім бацька:

- Ідзіце, дзеці, па белым свеце падарожнічаць, людзей пабачыце і якой-небудзь справе навучыцеся. Таму з вас, хто самым лепшым майстрам вернецца, я свой дом пакіну.

Пайшлі браты падарожнічаць. Тры гады вандравалі яны па чужых краях, а пасля вярнуліся ўсе ў адзін дзень дамоў да бацькі.

- Добры дзень, бацька, - кажуць яны.

- Добры дзень, дзеці, - адказвае бацька. - Ну, што, навучыліся чаму-небудзь?

- Так, - кажуць, - навучыліся.

- Чаму ж вы, дзеці, навучыліся?

- Я, - кажа малодшы сын, - галіць навучыўся.

- Я, кажа сярэдні сын, - каваць навучыўся.

- А я, - сказаў старэйшы сын, - фехтаваць навучыўся.

- Ну і добра, - кажа бацька. - Хацеў бы я паглядзець, ці спрытна ўмееце вы галіць, каваць і фехтаваць.

А ў гэты час бег полем заяц.

- Эх! - закрычаў малодшы сын, які галіць навучыўся. - Ты мне якраз і патрэбен!

Схапіў ён тазік і мыла, узбіў памазком пену, а потым дагнаў зайца, на бягу намыліў яму пыску і пагаліў абедзве шчакі.

Ды як чыста пагаліў! Ні разу не парэзаў і ніводнага валаска не пакінуў.

- Добрая работа, - сказаў бацька. - Спрытна голіш!

І толькі ён гэта прамовіў, як на дарозе паказалася карэта.

- Ану, - кажа сярэдні сын, які каваць навучыўся, - паглядзі, бацька, і на маё ўмельства!

Пабег сярэдні сын за карэтай, дагнаў яе, адарваў у каня на ўсім скаку ўсе чатыры падковы і тут жа на ўсім скаку падкаваў яго ізноў.

- Выдатная работа! - сказаў бацька. Не горшая, чым у твайго брата.

Тут загаварыў старэйшы сын:

- Дазволь, бацька, і мне паказаць сваё ўмельства!

- Што ж, - кажа бацька, - пакажы.

А якраз у гэты час пайшоў дождж.

Узяў старэйшы сын сваю шпагу ды як пачаў круціць ёю ў сябе над галавой! Так хутка верціць, што ні адна кропля на яго не трапляе. Дождж ліе ўсё мацней і мацней. Хвошча як з вядра, а старэйшы сын толькі круціць шпагай і стаіць сухі, быццам пад дахам. Усе кроплі дажджавыя шпагай адбівае!

Убачыў гэта бацька, здзівіўся і сказаў дзецям:

- Усе вы слаўныя майстры - не ведаю я, каму з вас дом пакінуць. Жывіце ўсе разам.

Пагадзіліся з ім сыны ды так з таго часу разам і жывуць.



Пераклад: Міхась Пазнякоў