epub
 
падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Тры шчасліўцы

У аднаго селяніна былі тры сыны. Неяк паклікаў ён да сябе ўсіх траіх і сказаў:

- Я ўжо стары і вырашыў, пакуль жывы, падзяліць паміж вамі спадчыну. Грошай у мяне няма, і таму я пакідаю ў спадчыну аднаму з вас пеўня, другому - касу, а трэцяму - кошку. Рэчы не вельмі каштоўныя, але, калі пападуць яны ў добрыя рукі, могуць прынесці вялікую карысць. Паспрабуйце ж знайсці такую краіну, дзе людзі ніколі не бачылі гэтых рэчаў, і тады будзеце шчаслівымі.

І вось пасля смерці бацькі пайшоў старэйшы брат са сваім пеўнем шчасце шукаць. Але куды б ён ні прыходзіў, пеўні ўсюды былі ўжо знаёмыя. У гарадах ён яшчэ здалёк бачыў пеўняў на вокнах. Гэта былі флюгеры, яны ўвесь час трымалі кірунак па ветру. А ў вёсках пеўні так і заліваліся песнямі на ўсіх дварах. Нікому гэта птушка не была ў навіну, ніхто на яго пеўня і глядзець не хацеў.

Усё ж нарэшце старэйшаму брату пашанцавала - ён трапіў на востраў, жыхары якога яшчэ ні разу не бачылі пеўня.

- Глядзіце, якая цудоўная птушка! - сказаў старэйшы брат. - На галаве ў яе прыгожая карона, а на нагах шпоры. Яна кожную ноч кукарэкае тры разы, і заўсёды ў адзін і той жа час. Першы раз яна кукарэкае ў дзве гадзіны, другі раз - у чатыры гадзіны і трэці раз у шэсць гадзін раніцы. А калі яна закукарэкае днём, гэта значыць, што неўзабаве памяняецца надвор'е.

Певень вельмі спадабаўся ўсім жыхарам горада. Яны не спалі ўсю ноч і ўсё слухалі, як ён звонка выклікваў час у дзве гадзіны, у чатыры і ў шэсць. А раніцой яны спыталі, ці не прадаецца птушка і колькі яна каштуе. «Дайце мне за яе гэтулькі золата, колькі можа панесці асёл», - адказаў старэйшы брат.

- Ды ён амаль задарма аддае такую каштоўную птушку! - усклікнулі ўсе жыхары вострава.

І яны купілі пеўня.

Калі старэйшы брат вярнуўся дамоў, браты здзівіліся, што ён атрымаў за пеўня так многа грошай.

- Эх, пайду я пашукаю шчасця, - сказаў сярэдні брат. - Магчыма, мне таксама пашанцуе выгадна збыць сваю касу, - і адправіўся ў дарогу.

Але ўсюды, дзе ён праходзіў, былі ў сялян такія ж косы, як і ў яго.

Нарэшце і яму пашчасціла трапіць на востраў, дзе людзі яшчэ не бачылі касы. Калі ім трэба было збіраць ураджай, яны прывозілі на ніву гарматы, стралялі, і гарматныя ядры перабівалі сцяблінкі каласоў. Гэта было вельмі непрактычна, таму што ядры то праляталі міма, то пападалі па самых каласках і псавалі шмат зерня. Ды і грукату было шмат ад страляніны.

Падышоў сярэдні брат да гэтых людзей і так хутка і бясшумна пачаў касіць, што яны аж раты паразяўлялі ад здзіўлення. Пачалі жыхары вострава прасіць, каб ён прадаў ім касу.

- Дайце мне гэтулькі золата, колькі можа павезці конь, - сказаў сярэдні брат.

Атрымаўшы тое, што прасіў, ён, задаволены, вярнуўся дамоў.

Нарэшце адправіўся і трэці брат са сваёй кошкай шчасце шукаць.

Спачатку ў яго ўсё ішло так, як і ў першых двух братоў. Куды б ён ні прыйшоў, усюды было мноства кошак. Але вось і яму пашчасціла: ён прыплыў да такога вострава, дзе не было ні адной кошкі. Затое мышэй на гэтым востраве развялося безліч! Яны бегалі па сталах і лаўках і зусім не баяліся людзей.

Усе жыхары вострава вельмі пакутвалі ад іх, і нават сам кароль у сваім палацы не мог уратавацца ад мышэй: мышы пішчалі па ўсіх кутках і згрызалі ўсе, што ім толькі траплялася.

Вось выпусціў малодшы брат сваю кошку, і яна тут жа кінулася лавіць мышэй.

Хуценька знішчыла яна ўсіх мышэй у двух вялікіх залах палаца.

Кароль захацеў купіць кошку і даў за яе гэтулькі золата, колькі мог павезці вярблюд. Так што трэці брат прывёз дамоў грошай больш за ўсіх.

А кошка ў каралеўскім палацы гэтулькі мышэй пералавіла, што і не злічыць. Яна вельмі стамілася, у яе нават у горле перасохла, і захацелася піць. Падняла яна ўверх мордачку і замяўкала: «Мяў, мяў!»

Пачулі кароль і яго прыдворныя гэты дзіўны крык, напалохаліся і ўцяклі з палаца.

Сабраў кароль сваіх дарадчыкаў, і пачалі яны думаць, як бы ім ад кошкі пазбавіцца.

Нарэшце прыйшлі да згоды:

- Ужо лепш мы будзем пакутваць ад мышэй, чым жыць з такой пачварай і рызыкаваць сваім жыццём. А да мышэй мы ўжо прывыклі.

І кароль паслаў да кошкі слугу з загадам пакінуць палац.

- Калі яна адмовіцца пайсці, папярэдзь яе, што ёй будзе дрэнна! - сказаў ён слугу.

А кошка за гэты час, пакуль ішла нарада, яшчэ больш піць захацела.

І калі слуга спытаў у яе, ці згодна яна пайсці па-добраму, яна ў адказ зноў прамяўкала: «Мяў, мяў!»

Слугу здалося, што яна гаворыць: «Не, не!» Ён так і перадаў каралю.

- Ну што ж, - сказаў кароль, - не хоча па-добраму ісці, давядзецца сілай выганяць!

Ён загадаў выкаціць у двор гарматы і страляць па палацы.

Палац загарэўся.

Калі агонь дабраўся да таго пакоя, дзе была кошка, яна вельмі спакойна выскачыла з акна і пабегла.

А па палацу ўсё палілі з гармат - да таго часу, пакуль ад яго засталася толькі куча ламачча.



Пераклад: Уладзімір Карызна