epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Залатая гусь

Жыў-быў чалавек. Было ў яго тры сыны, звалі малодшага Дурнем; ім пагарджалі, смяяліся з яго і заўсёды крыўдзілі. Сабраўся аднаго разу старэйшы сын ісці ў лес - дровы сячы, і дала яму маці на дарогу смачны здобны пірог і бутэльку віна, каб не ведаў ён ні голаду, ні смагі. Ён прыйшоў у лес і вось сустрэў там старога сівога чалавечка. Павітаўся з ім чалавечак і кажа:

- Дай мне кавалак пірага, што ў цябе ў кішэні, і глыток віна - я вельмі прагаладаўся і хачу піць.

Але разумны сын адказаў:

- Калі я аддам табе свой пірог ды віно, то мне самому нічога не застанецца. Ідзі сваёй дарогай.

Так і застаўся чалавечак ні з чым, а разумны сын пайшоў сабе далей. Вось пачаў ён сячы дрэва; стукнуў сякерай ды патрапіў сабе прама па руцэ, - давялося яму дамоў вяртацца і рабіць сабе перавязку. А выйшла ўсё з-за таго сівога чалавечка.

Потым пайшоў у лес сярэдні сын, і дала яму маці, як і старэйшаму сыну, здобны пірог і бутэльку віна. Яму таксама сустрэўся стары сівы чалавечак і папрасіў у яго кавалак пірага і глыток віна. Але і сярэдні сын, таксама разумны, адказаў:

- Дам я табе - мне менш дастанецца.

Так і застаўся чалавечак ні з чым, а сярэдні сын пайшоў сабе далей. Але і ён быў пакараны: стукнуў ён некалькі разоў па дрэве і патрапіў сякерай па назе, вось і давялося яго дамоў на руках адносіць.

Тады Дурань і кажа:

- Дазволь мне, бацька, хоць раз у лес пайсці дроў насячы.

Адказаў бацька:

- Браты твае ўжо хадзілі, ды толькі сабе нашкодзілі, - куды ўжо табе, ты ў гэтай справе нічога не разумееш.

Але Дурань усё прасіў ды прасіў, і бацька нарэшце згадзіўся:

- Ну, ідзі, а можа, у бядзе паразумнееш.

І дала яму маці пірог, а быў ён на вадзе замешаны ды ў попеле выпечаны, і бутэльку кіслага піва. Прыйшоў Дурань у лес, сустрэўся яму той жа стары сівы чалавечак, павітаўся з ім і кажа:

- Дай мне кавалак пірага і глыток з тваёй бутэлькі, - я такі галодны і мне вельмі хочацца піць.

Адказаў Дурань:

- Ды ў мяне ж пірог на попеле выпечаны, а піва кіслае; але калі гэта табе да смаку, давай прысядзем і разам перакусім.

Селі яны, дастаў Дурань свой пірог, які быў на попеле выпечаны, а ён аказаўся здобным і смачным, а кіслае піва стала добрым віном. З'елі яны пірог, выпілі віно, і сказаў чалавечак:

- Таму, што ў цябе сэрца добрае і ты ахвотна са мной падзяліўся, я ўзнагароджу цябе шчасцем. Вунь стаіць старое дрэва, ты ссячы яго, і між каранёў табе штосьці знойдзецца. - Потым чалавечак развітаўся і знік.

Пайшоў Дурань, падсек дрэва, яно павалілася, раптам бачыць ён - сядзіць на каранях гусь, а пер'е ў гусі ўсё з чыстага золата. Падняў ён гусь, узяў яе з сабой і пайшоў у харчэўню, дзе і вырашыў заначаваць. А ў гаспадара харчэўні былі тры дачкі; убачылі яны гусь, зацікавіліся, што гэта за дзіўная птушка такая, і захацелася ім здабыць адно з яе залатых пёраў. Старэйшая падумала: «Выпадак для гэтага, відаць, надарыцца, я выцягну сабе залатое пяро». Толькі Дурань адлучыўся, схапіла яна гусь за крыло, але тут пальцы яе так да крыла і прыліплі. Прыйшла хутка другая сястра, і было ў яе адно ў галаве: як бы гэта выцягнуць і сабе залатое пяро; але толькі яна дакранулася да сваёй сястры, дык адразу да яе і прыліпла. А тут прыйшла і трэцяя сястра, каб здабыць сабе залатое пяро, але сёстры ёй крыкнулі:

- Богам просім, не падыходзь да нас, адыдзі!

Але яна не зразумела, чаму гэта нельга падысці, і падумала: «Калі сёстры мае там, то і я магу быць таксама з імі», - і толькі яна падбегла і дакранулася да адной з сясцёр, дык адразу да яе і прыліпла. Вось і давялося ім правесці ноч каля гусі.

Раніцай узяў Дурань гусь пад паху і пайшоў, мала турбуючыся аб тым, што тры дзяўчыны ідуць за ім следам. Давялося ім увесь час бегчы ўслед за гуссю то туды, то сюды, куды ногі Дурневы надумаюць. Сустрэўся ім у полі пастар; убачыў ён такое шэсце і кажа:

- Пасаромейцеся, бессаромныя дзяўчаты! Чаго бяжыце ўслед за хлопцам, куды гэта варта? - І ён схапіў малодшую за руку, збіраючыся яе адцягнуць. Але толькі ён да яе дакрануўся, як таксама прыліп, і давялося яму самому бегчы ўслед за імі. Сустрэўся ім неўзабаве на шляху дзяк; убачыў ёд пастара, які спяшаўся ўслед за трыма дзяўчынамі, здзівіўся і закрычаў:

- Эй, спадар пастар, куды гэта вы так спяшаецеся? Не забудзьце, што сёння трэба яшчэ дзіця хрысціць, - і ён падбег да пастара, схапіў яго за рукаў і таксама прыліп.

Калі яны ўсе ўпяцярых беглі ўслед адно за адным, сустрэлася ім двое сялян, якія вярталіся са сваімі матыкамі з поля; пастар крыкнуў ім, каб яны вызвалілі яго і ксяндза. Але толькі дакрануліся сяляне да ксяндза, як таксама прыліплі, - стала іх цяпер сямёра, і ўсе беглі ўслед за Дурнем і яго гуссю.

Вось прыйшоў Дурань у горад, а правіў у тым горадзе кароль, і была ў яго дачка, такая строгая ды панурая, што ніводзін чалавек не мог яе ніяк рассмяшыць. І таму кароль аб'явіў, што хто, маўляў, яе рассмяшыць, той ажэніцца з ёю.

Пачуў Дурань пра гэта і накіраваўся са сваёй гуссю і цэлай чарадой спадарожнікаў да каралеўны. Убачыла тая семярых, якія беглі адно за адным, і так пачала смяяцца, што і спыніцца ёй было цяжка. Запатрабаваў тады Дурань яе сабе ў нявесты, але каралю будучы зяць штосьці не вельмі спадабаўся. Пачаў кароль выдумляць усялякія адгаворкі і сказаў, каб прывёў ён да яго такога чалавека, які б змог цэлы склеп віна выпіць. Тут Дурань і прыгадаў сівога чалавечка і падумаў, што той зможа, мабыць, дапамагчы яму. Накіраваўся Дурань у лес і ўбачыў на тым самым месцы, дзе сек ён аднойчы дрэва, нейкага чалавечка; той сядзеў і па твары ягоным было відаць, што ён надта зажурыўся. Пачаў Дурань яго распытваць, чаму ён бядуе. Той адказаў:

- Мучыць мяне моцная смага, ніяк не магу я яе прагнаць, Халоднай вады я не п'ю, бочку віна я ўжо апаражніў, але для мяне гэта ўсё роўна, што кропля на гарачы камень.

- Я магу ў гэтай справе табе дапамагчы, - сказаў Дурань. - Ідзі за мной, і ты ўволю нап'ешся.

Павёў яго Дурань у каралеўскі склеп. Падсеў чалавечак да вялізных бочак і пачаў піць; піў і піў, пакуль жывот у яго не раздзьмуўся, і не прайшло і дня, як выпіў ён цэлы склеп.

Запатрабаваў другі раз Дурань сабе нявесту, але кароль раззлаваўся, што такі просты хлопец, якога кожны называе Дурнем, можа ажаніцца з яго дачкой, і паставіў тады новую ўмову: павінен Дурань спачатку знайсці такога чалавека, які б змог цэлую гару хлеба з'есці.

Не доўга думаючы, накіраваўся Дурань у лес; і сядзеў на тым самым месцы нейкі чалавек; ён падцягнуў свой пояс тужэй, твар у яго быў сумны, і ён сказаў Дурню:

- Я ўжо з'еў цэлую печ сітнага хлеба, ды што гэта для мяне, калі я страшэнна галодны! Ніяк мне не наесціся, і даводзіцца таму пояс падцягваць усё тужэй, каб з голаду не памерці.

Узрадаваўся Дурань і кажа:

- Дык уставай і ідзі за мной: ужо ты ўволю наясіся.

Прывёў ён яго да каралеўскага двара, а туды звезлі да таго часу ўсю муку з усяго каралеўства і напяклі вялізную гару хлеба; ну, тут лясны чалавек падышоў і пачаў есці, - і за адзін дзень уся хлебная гара знікла.

Трэці раз запатрабаваў Дурань сабе нявесту, але каралю хацелася ад яго пазбавіцца, і запатрабаваў ён у Дурня такі карабель, каб мог па вадзе і па сушы плаваць.

- Як толькі ты на тым караблі да мяне падплывеш, - сказаў ён Дурню, - адразу мая дачка будзе тваёю жонкай.

Накіраваўся Дурань прамой дарогай у лес; сядзеў там стары сівы чалавечак, якому ён аддаў некалі свой пірог, і сказаў чалавечак:

- Гэта ты мяне накарміў, напаіў, дам я табе за гэта карабель; я гэта раблю таму, што ты мяне пашкадаваў.

І даў ён яму карабель, які мог хадзіць і па сушы і па моры. Убачыў кароль той карабель і не мог адмовіцца аддаць дачку сваю замуж за Дурня. Вось згулялі вяселле, і пасля смерці караля атрымаў у спадчыну Дурань усё каралеўства і жыў доўгія гады шчасліва са сваёю жонкай.



Пераклад: Міхась Пазнякоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com