epub
 
Падключыць
слоўнікі

Браты Грым

Залатая птушка

Жыў у старадаўнія часы кароль. Быў у яго замак, а вакол замка цудоўны сад, і расло ў тым садзе дрэва, на якім былі залатыя яблыкі. Як толькі яблыкі выспявалі, іх строга лічылі, але кожнай раніцой аднаго яблыка не хапала. Даведаўся пра гэта кароль і загадаў, каб кожную ноч пад дрэвам ставілі варту.

Былі ў караля тры сыны, і вось з прыходам ночы паслаў ён у сад старэйшага. Але к поўначы змарыў яго сон, і раніцой зноў не далічыліся аднаго яблыка. На другую ноч павінен быў вартаваць сын сярэдні, але і з тым здарылася тое ж самае: калі прабіла дванаццаць гадзін, ён заснуў, а раніцой не далічыліся аднаго яблыка. Вось прыйшла чарга несці варту малодшаму сыну; ён ужо падрыхтаваўся ісці, але кароль не вельмі яму давяраў і падумаў, што гэты будзе яшчэ горшы вартаўнік, чым яго браты, але нарэшце ён усё-такі яго паслаў.

Вось прылёг юнак пад дрэва, пачаў вартаваць, але не дазволіў сабе і вочы заплюшчыць. Прабіла дванаццаць гадзін, і вось у паветры штосьці зашумела; і ён убачыў у месячным святле лятучую птушку, усё пер'е яе адлівала золатам. Апусцілася птушка на дрэва і толькі дзеўбанула яблык, як пусціў юнак у яе стралу. Птушка паляцела, ды папала страла ёй у апярэнне, і адно з залатых пёрак упала долу. Падняў яго юнак, прынёс назаўтра каралю і расказаў яму, што бачыў ён ноччу.

Сабраў кароль тады сваіх дарадцаў, і ўсе ў адзін голас вырашылі, што такое пяро, як гэта, даражэй, магчыма, цэлага каралеўства.

- Паколькі пяро такое каштоўнае, - сказаў кароль, - то ў такім выпадку аднаго мне будзе мала, я хачу абавязкова мець усю птушку.

І вось рушыў у дарогу старэйшы сын; ён спадзяваўся на сваю разважлівасць і думаў, што залатую птушку ён абавязкова дабудзе.

Прайшоў ён ні многа, ні мала і ўбачыў на ўзлессі лісу; прыклаў ён да пляча стрэльбу і нацэліўся ў яе. Але ліса закрычала:

- Не страляй мяне, дам я за гэта табе добрую параду. Ты на шляху па залатую птушку, і сёння пад вечар ты прыдзеш у вёску, дзе ёсць дзве харчэўні, - яны стаяць адна супраць другой. Адна будзе асветлена ярка, у ёй весела і шумна; але ты ў гэту не заходзь, а заходзь у другую, хоць яна выглядам сваім і не прывабіць цябе.

«Як можа такі неразумны звер даць мне разумную параду!» - падумаў каралевіч і стрэліў, але ў лісу не папаў, яна распусціла свой хвост і ўцякла ў лес. Потым ён накіраваўся далей і прыйшоў пад вечар у вёску, дзе былі дзве харчэўні - у адной скакалі і спявалі, у другой выгляд быў убогі і змрочны.

«Быў бы я дурнем, - падумаў ён, - каб пайшоў у бедную жабрацкую харчэўню, харошую б абмінуў». І ён накіраваўся ў вясёлую харчэўню і пачаў бавіць там час у гульнях і вясялосці, а пра птушку і пра бацьку і ўсе ягоныя парады і забыўся.

Мінуў нейкі час, а старэйшы сын дамоў усё не вяртаецца; тады адправіўся ў дарогу сярэдні сын, - захацелася яму знайсці залатую птушку. Як і старэйшаму брату, сустрэлася яму ліса, дала яму добрую параду, але ён таксама не звярнуў на яе ўвагі. Падышоў ён да двух харчэўняў, і стаяў ля акна адной з іх яго брат, несліся адтуль вясёлыя песні, і брат гукнуў яго. Не мог сярэдні брат устрымацца, зайшоў у гэту харчэўню і застаўся там, задаволены.

Зноў прайшоў нейкі час, і захацелася малодшаму каралевічу адправіцца ў дарогу і паспытаць шчасця. Але бацька не згаджаўся.

- Справа гэтая дарэмная, - сказаў ён. Дзе ўжо яму адшукаць залатую птушку, старэйшыя браты ж хадзілі. А здарыцца з ім якая бяда, ці зможа ён з яе выкараскацца; бо розуму то ў яго малавата.

Але малодшы брат настойваў на сваім, і кароль урэшце дазволіў яму адправіцца ў дарогу. І сядзела зноў на ўзлессі ліса і прасіла яго пашкадаваць яе жыцця, і дала яму добрую параду.

Юнак быў жаласлівым і сказаў:

- Лісічка, не бойся, зла я табе не зраблю.

- Ты ў гэтым не раскаешся, - адказала ліса, - а каб хутчэй табе дабрацца да месца, садзіся мне на хвост.

І толькі ён сеў, як пусцілася ліса бегчы і панеслася праз горы і долы, - толькі ў вушах свістала ад ветру. Дабраліся яны да вёскі; развітаўся юнак з лісой, паслухаўся яе добрай парады і зайшоў, не аглядваючыся, проста ў харчэўню, якая горшая, і спакойна там пераначаваў. На другую раніцу, толькі ён выйшаў у поле, бачыць - сядзіць там ліса і кажа:

- Я раскажу, што рабіць табе далей. Ідзі ўсё прама і прама, і выйдзеш ты нарэшце да замка; убачыш, што перад замкам залёг цэлы атрад салдат, - але ты не бойся, усе яны будуць спаць і храпці; прайдзі паміж імі пасярэдзіне і заходзь прама ў замак, прайдзі праз усе пакоі; зойдзеш потым у патаемны пакой, і вісіць там драўляная клетка з залатой птушкай, і стаіць з ёй побач пустая залатая клетка, так, для прыгажосці. Ды глядзі, не перасаджвай птушку з простай клеткі ў дарагую, а то нядобрым кончыцца.

Толькі сказала гэта ліса, распусціла зноў свой хвост, і ўсеўся на яго каралевіч. Панеслася ліса праз лясы і горы, - толькі ў вушах ад ветру свістала. Апынуўся ён каля замка і ўбачыў, пра што гаварыла яму ліса. Зайшоў каралевіч у патаемны пакой, і сядзела там залатая птушка ў драўлянай клетцы, а залатая з ёй побач стаяла, і ляжалі ў пакоі ў трох кутах па тры яблыкі, залатыя яблыкі. І падумаў ён, што было б смешна, калі б ён пакінуў такую цудоўную птушку ў такой непрыгожай клетцы. Ён адчыніў дзверцы, схапіў птушку і перасадзіў яе ў залатую... Але ў гэта імгненне птушка закрычала так трывожна. Прачнуліся салдаты, забеглі ў пакой і павялі яго ў цямніцу.

На наступную раніцу прывялі яго на суд, і, паколькі ён ва ўсім прызнаўся, то асудзілі яго на смяротную кару. Але кароль сказаў, што можа яго памілаваць, калі ён знойдзе яму залатога каня, які скача хутчэй чым вецер, і тады ён атрымае залатую птушку.

Адправіўся каралевіч у шлях-дарогу; уздыхнуў і засумаваў, не ведаючы, дзе ж яму адшукаць залатога каня. І раптам убачыў ён старога свайго сябра - лісу; сядзела яна ля дарогі.

- Вось бачыш, - сказала ліса, - так выйшла таму, што ты мяне не паслухаўся. Але духам не падай, я табе дапамагу і скажу, як раздабыць табе залатога каня. Ты павінен ісці ўвесь час прама, і падыдзеш ты да замка, - там і стаіць конь у канюшні. І будуць ляжаць перад канюшняй конюхі, але яны будуць спаць і храпці, і ты зможаш спакойна вывесці залатога каня. Але ты павінен запамятаць добра адно: сядлай яго дрэнным сядлом з дрэва і скуры, і толькі не залатым, што будзе вісець побач, а то нядобрым кончыцца.

Распусціла ліса свой хвост, сеў на яго каралевіч, і панесла яго ліса праз лясы і горы, - толькі ў вушах ад ветру свістала.

Здарылася ўсё так, як казала ліса, - зайшоў ён у канюшню, дзе стаяў залаты конь, хацеў асядлаць яго дрэнным сядлом, ды падумаў: «Сорамна не асядлаць такога цудоўнага каня дарагім сядлом, як гэта і належыць». Але толькі даткнулася залатое сядло да каня, як пачаў ён гучна іржаць. Прачнуліся конюхі, схапілі юнака і кінулі яго ў цямніцу. Назаўтра раніцой суд прыгаварыў яго да смяротнай кары. Але кароль паабяцаў яго памілаваць і падарыць яму залатога каня, калі ён дабудзе яму з залатога замка цудоўную каралеўну.

З болем у сэрцы адправіўся юнак у шлях-дарогу, ды, на шчасце, ён сустрэў неўзабаве сваю верную лісу.

- Варта было б цябе ў няшчасці пакінуць, - сказала ліса, - але мне цябе шкада, і я яшчэ раз выручу цябе з бяды. Дарога прывядзе цябе якраз да залатога замка, туды ты прыйдзеш вечарам, а ноччу, калі ўсё заціхне, выйдзе цудоўная каралеўна ў купальню купацца. Калі яна будзе туды ўваходзіць, ты падскоч да яе і пацалуй яе адзін раз, тады яна пойдзе за табой, і ты зможаш яе звесці адтуль. Ды толькі не згаджайся, каб яна перад гэтым развітвалася са сваімі бацькамі, а то нядобрым усё кончыцца.

Распусціла ліса свой хвост, сеў на яго каралевіч, і панесла яна яго праз лясы і горы, - толькі ў вушах ад ветру свістала.

Вось пад'ехаў ён да залатога замка, і было ўсё, як сказала яму ліса. Пачакаў ён да поўначы, калі ўсіх змарыў глыбокі сон, і выйшла цудоўная каралеўна ў купальню, тут ён падскочыў і пацалаваў яе адзін раз. Яна сказала яму, што з радасцю выйдзе за яго замуж, але пачала яго са слязьмі на вачах прасіць, каб дазволіў ён ёй перад гэтым развітацца з бацькамі. Спачатку ён не згаджаўся, але яна горка заплакала, кінулася яму ў ногі, і ён, нарэшце, згадзіўся. І толькі падышла дзяўчына да ложка свайго бацькі, як ён тут жа прачнуўся, а за ім і ўсе астатнія ў замку, і юнака схапілі і пасадзілі ў цямніцу.

А назаўтра раніцой сказаў яму кароль:

- Ты паплацішся за гэта сваім жыццём і толькі тады будзеш памілаваны, калі зрыеш гару, што знаходзіцца перад маімі вокнамі, - з-за яе я не бачу, што дзеецца навокал; і павінен ты зрабіць гэта на працягу васьмі дзён. Удасца табе гэта - узнагародай табе будзе мая дачка.

Узяўся каралевіч за працу, пачаў капаць і капаў без адпачынку, а як прайшло сем дзён убачыў, як мала ён зрабіў і што ўся работа яго нічога не вартая, і ён зусім засумаваў, - усе надзеі яго рухнулі. А на сёмы дзень увечары з'явілася ліса і кажа:

- Ты не варты таго, каб я пра цябе клапацілася; але ідзі і лажыся спаць, а ўсё за цябе я зраблю сама.

Прачнуўся ён на другі дзень, зірнуў у акенца, бачыць - гары як і не было. Абрадаваны, кінуўся юнак да караля і заявіў яму, што справу ён сваю зрабіў; і хацелася ці не хацелася каралю, а мусіў ён слова сваё стрымаць і аддаць сваю дачку. Адправіліся яны з каралеўнай з замка; прайшоў нейкі час, і вось з'явілася да іх ліса.

- Хоць ты і валодаеш цяпер самым дарагім, - сказала яна, - але дзяўчыне з залатога замка належыць і залаты конь.

- А як жа мне яго дабыць? - пытаецца юнак.

- Гэта я табе растлумачу, - адказала ліса. - Ты спачатку вядзі цудоўную каралеўну да караля, які паслаў цябе ў залаты замак; будзе там нечуваная радасць, і яны адразу аддадуць табе залатога каня і самі яго выведуць. Хуценька садзіся на яго і працягні ім усім на развітанне руку, а апошняй - цудоўнай каралеўне; і як толькі возьмеш яе за руку, усцягні яе адразу на каня і скачы што ёсць сілы адтуль, - і ніхто не зможа цябе дагнаць: той конь ляціць хутчэй чым вецер.

Усё адбылося шчасліва, і каралевіч павёз цудоўную каралеўну на залатым кані. Але ліса іх не кінула і казала юнаку:

- А зараз я дапамагу табе дабыць і залатую птушку. Калі ты пад'едзеш да таго залатога замка, дзе знаходзіцца птушка, то здымі дзяўчыну з каня, а я ўжо за ёю прыгляджу. Затым заедзь на залатым кані ў двор замка, - цябе ўбачаць, і будзе там вялікая радасць; і яны вынесуць табе залатую птушку. Калі клетка з птушкай будзе ў цябе ў руках, ты куляй скачы да нас назад і забярэш зноў цудоўную каралеўну.

Калі ўсё шчасліва збылося і каралевіч ужо збіраўся ехаць са сваім багаццем дамоў, кажа яму ліса:

- А зараз ты павінен мяне аддзячыць за дапамогу.

- А што ты за гэта ад мяне патрабуеш? - спытаў юнак.

- Калі мы будзем у лесе, ты мяне застрэль і адсячы мне галаву і лапы.

- Нічога не скажаш, добрая ўдзячнасць, - адказаў каралевіч, - такога я ўжо ніяк зрабіць не магу.

І кажа ліса:

- Калі ты гэтага зрабіць не хочаш, я павінна буду цябе пакінуць. Але перш чым я ад цябе пайду, хачу даць табе яшчэ адну добрую параду: бойся дзвюх рэчаў - не купляй мяса з вісельні і не садзіся на краі калодзежа.

Затым ліса збегла ў лес.

Юнак падумаў: «Што за дзіўны звер і якія дзіўныя ў яго пажаданні. Хто ж будзе купляць мяса з вісельні? А жадання сядзець на краі калодзежа ў мяне ніколі небыло».

Паехаў ён разам з цудоўнай каралеўнай далей; а дарога праходзіла праз тую вёску, дзе засталіся яго два браты. І было там вялікае зборышча і многа шуму. Каралевіч спытаў, што тут здарылася; яму адказалі, што тут павінны павесіць двух людзей. Падышоў ён - бачыць, што гэта два яго браты, якія натварылі шмат дрэнных спраў і прагулялі ўсё сваё багацце. Ён спытаўся, ці нельга іх вызваліць.

- Можна, калі вы згодны за іх заплаціць, - адказалі людзі, - але навошта вам выкідваць дарэмна грошы і іх выкупляць?

Але каралевіч, не раздумваючы, за іх заплаціў, і вось яны апынуліся на волі і рушылі далей усе разам. Трапілі яны ў той самы лес, дзе сустрэлася ім упершыню ліса. Сонца горача прыпякала, а ў лесе было прахалодна і прыемна, і вось кажуць два браты:

- Давайце адпачнем ля калодзежа, паядзім і нап'емся.

Ён згадзіўся, за размовай забыўся пра параду лісы і сеў на краі калодзежа, не прадчуваючы нічога дрэннага. Тады двое братоў скінулі яго ў калодзеж, захапілі дзяўчыну, каня і птушку і накіраваліся дамоў да свайго бацькі.

- Вось, - кажуць яны, - прывезлі мы не толькі залатую птушку, а яшчэ і залатога каня і дзяўчыну з залатога замка.

І была там вялікая радасць, але конь нічога не еў, птушка не спявала, а дзяўчына сядзела і ўсё плакала...

А малодшы брат не загінуў. На шчасце, калодзеж быў сухім, ён упаў на мяккі мох, нічога сабе не пашкодзіў, толькі выбрацца адтуль ён не мог. Але і ў гэтай бядзе яго не пакінула верная ліса. Яна прыбегла да яго, пачала ўшчуваць, што ён забыў пра яе параду.

- Усё ж я не магу цябе пакінуць, - сказала лна, - і дапамагу табе выбрацца з калодзежа.

Яна загадала яму ўчапіцца за яе хвост і трымацца мацней і выцягнула яго наверх.

- Але ты яшчэ не зусім пазбавіўся ад небяспекі, - сказала ліса. - Твае браты не ўпэўнены ў тваёй гібелі, і яны расставілі па ўсім лесе вартаўнікоў, каб забіць цябе, калі заўважаць.

А сядзеў ля дарогі жабрак, і вось абмяняўся юнак з ім адзеннем і з'явіўся, пераапрануты, у каралеўскі двор. Яго ніхто не пазнаў, але птушка пачала спяваць, конь пачаў есці, а цудоўная каралеўна перастала плакаць.

Спытаўся кароль у здзіўленні:

- Што гэта значыць?

А дзяўчына яму і кажа:

- Не ведаю, мне было раней так сумна, а цяпер так радасна. Мне здаецца, што з'явіўся мой сапраўдны жаніх.

І яна расказала каралю пра ўсё, што здарылася, хоць абодва браты і пагражалі ёй смерцю, калі яна прагаворыцца. Тады загадаў кароль паклікаць да сябе ўсіх людзей, што былі ў замку, з'явіўся і юнак, пераапрануты жабраком; але дзяўчына адразу яго пазнала і кінулася да яго на шыю. Злых братоў схапілі і пакаралі, а малодшага абвянчалі з цудоўнай каралеўнай, і ён быў прызначаны пераемнікам караля.

А што ж сталася з беднай лісой?

Мінула шмат часу, і адправіўся аднойчы каралевіч зноў у той самы лес, сустрэла яго ліса і кажа:

- Цяпер у цябе ўсё ёсць, што ты мог сабе жадаць, а вось майму няшчасцю ўсё няма канца, але ты можаш мяне выручыць, - і пачала ліса зноў яго прасіць і маліць, каб ён згадзіўся яе застрэліць і адсекчы ёй галаву і лапы. Так ён і зрабіў; і толькі выканаў ён яе просьбу, як сталася ліса юнаком, і быў ён не хто іншы, як брат цудоўнай каралеўны, які нарэшце быў вызвалены ад злога закляцця. І цяпер мелі яны ўсё, каб быць усё сваё жыццё шчаслівымі.



Пераклад: Казімір Камейша

Беларуская Палічка: http://knihi.com