epub
 
падключыць
слоўнікі

Бронісь

Злыя нявесткі і хітры дзед

У нашай вёсцы стаяла на выгане пекная хатка з садам. У ёй калісьці жыў стары Мацей. Быў ён чалавек працавіты, завёў добрую гаспадарку, дачакаўся сыноў і спадзяваўся правесці сваю старасць аж да самай смерці шчасліва.

Але дарэмная была надзея яго. Сыны пажаніліся, прыйшлі ў хату нявесткі, і шчаслівае жыццё старога скончылася.

Злыя нявесткі садзілі Мацея на канцы стала, кармілі яго скарынкамі хлеба; але дзед ад гэтага не толькі не хварэў, а неяк папраўляўся нават; бывала, размочыць свае скарынкі ў бацвінні ды цешыцца, як маленькае дзіцё, што яго гэтак кормяць.

Надаела гэта нявесткам, і ўрадзілі яны паслаць старога да арганістага, каб навучыўся там чытаць ды вучыў бы пасля вясковых дзяцей і хлеба дарма не еў бы.

Шкода сынам бацькі, але з бабамі рады не было; пасадзілі Мацея на воз, заплакалі з ім разам і павезлі з хаты.

У арганістага навука старому не давалася. Бывала, арганісты кажа «а», а ён не дачуе і крычыць «га»; тон кажа «у», а ён - «ву». І па месяцы бескарыснай навукі сказаў яму арганісты:

- Ну, дзядзьку, прыйдзецца ехаць дамоў: да навукі ўжо застары.

- А мой жа ты паночак, - пачаў плакаць Мацей, - гэта ж мяне тыя шэльмы заядуць у хаце. Бедная доля мая!..

Арганісты быў чалавек добры, не дурань, дый насмешнік. Пашкадаваў ён старога. Вось і даў ён Мацею харошую скрынку, насыпаўшы туды ўсякага шкла, жалеза кавалачкаў, каменьчыкаў дробных, - замкнуў тую скрынку на ключ і, пакінуўшы ключ у сябе, навучыў дзядзьку, што рабіць са скрынкай. Пасля насадзіў Мацея суседу на воз, жычыў яму доўгага і шчаслівага жыцця, а як памрэ, прасіў не забываць на тым свеце аб бедным «лапідудзе». Стары і паехаў дамоў.

Як толькі Мацей паказаўся ў хату, дык зараз жа накінуліся на яго нявесткі: «Чы ўжо, стары хрэн, і там табе месца няма?!» І пасыпаліся на яго добрыя слоўкі, як з бочкі. Але бацька добра памятаў навуку арганістага і, як крыху сціхла ў хаце, сказаў:

- Чытаць я ўжо ўмею не горай арганістага. Але, дзякаваць богу, з чытання хлеба есці не патрэбую, бо на чорную гадзіну мне хваціць; пайду лепш да дачкі на кут, і яна прытуліць мае старыя косці.

І пры гэтых словах дастаў Мацей з-пад палы скрынку ды зазваніў ёю.

Угледзеўшы гэта, нявесткі як бач з звяроў анёламі парабіліся: адна крычыць: «А мой жа ты татачка!», другая: «Мой ты родненькі!». Адна садзіць на печ, каб пагрэўся, другая яечню смажыць. Не ведаюць, як дагадзіць яму!

І настала шчаслівае жыццё для Мацея: меў усё, што трэба, і аб чытанні ніхто і не ўспамінаў! А ён, пад'еўшы, сядзіць сабе на печы і за арганістага бога просіць.

Адзін раз запыталіся нявесткі, што будзе са скрынкай? Стары растлумачыў, дзе ключ, ды сказаў: «Як памру, то пры людзях падзеліцеся; каторая лепей будзе шанаваць той будзе болей».

Прыйшла пара, памёр Мацей, але і па смерці яго шанавалі: адна нявестка галосіць, другая людзей поіць і корміць, адна ксяндзу плаціць, другая спраўляе ўсё, што трэба чалавеку па смерці,

І пахавалі Мацея, як якога пана, паставілі крыж, насыпалі магілу.

Тутака з'явіўся і арганісты з ключам. Нявесткі чуць не б'юцца - кожная сябе ды працу сваю хваліць.

Вось адмыкаюць скрынку... і што ж? Замест грошай пасыпаліся з яе каменні ды шкло!

Апякункі бацькавы мала не паўміралі са злосці, а як прыйшлі трохі да сябе, заспявалі і яны псалмы, дый ужо на новы лад:

- А каб твая душачка з пекла не выйшла! Каб ты не відзеў святлосці нябеснай!..

Пачалі людзі расхадзіцца з могілкаў - адны ў страху, што грошы былі зачарованыя, а другія дык смяяліся і гутарылі між сабой, што не дурань быў нябожчык Мацей, вечны яму спакой!

Пайшлі і нявесткі дамоў, праклінаючы старога. І толькі лес нудным шумам сваім спяваў яму доўга «вечны пакой».

 

1908 г.


1908?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская дакастрычніцкая проза / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. - Мінск : Наука и техника, 1965. - 427 с.
Крыніца: невядомая