Неба сіняе, як на карцінцы.
Ранак. Ціша. Прамень ля шчакі.
Усміхаецца жук на былінцы,
быццам ён імяніннік які.
Свет змарыўся ад завірухі,
кожны ўдосталь расцвелены ёй.
Колькі б слоў пра зіму я ні слухаў —
ды навошта ж быць доўгай такой...
Снег — не ўбачыш, дзе хто ледзянее;
ноч бяздонная, быццам турма;
замяла ўсё жывое завея,
а навошта — не помніць сама.
Хто згубіўся ў тых сініх буранах,
той міжволі сляпы і нямы...
Не ўжо — збаўце ад формул складаных,
ад пракуд і вар’яцтваў зімы.
Дзякуй богу, званочкі ў пупышках
перагукваюцца ўсё званчэй.
Хай вясна легкадумная крышку —
дык затое ж і дыхаць лягчэй!
П’е прырода вясны насалоду,
зорка ў небе і звер у лясах;
і з-пад самага сэрца ў народа
вырываецца доўгае «ах!».
1974