epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Бузінавая матулька

Адзін маленькі хлопчык аднойчы прастудзіўся; дзе ён прамачыў сабе ногі, ніхто і зразумець не мог; надвор'е было зусім сухое. Маці распранула яго, паклала на ложак і загадала прынесці імбрык, каб заварыць бузіннага напою - цудоўнае патагоннае! У гэты самы час у пакой зайшоў слаўны, вясёлы дзядок, які жыў на верхнім паверсе гэтага ж дома. Ён быў зусім адзінокі, не было ў яго ні жонкі, ні дзяцей, а ён так любіў малечу, умеў расказваць ім такія цудоўныя казкі і гісторыі, што проста дзіва.

- Ну, выпі сваю гарбату, а пасля, можа, пачуеш казку! - сказала маці.

- Вось бы ведаць якую-небудзь новенькую! - прамовіў стары, ласкава ківаючы галавою. - Але дзе ж гэта наш малы прамачыў сабе ногі?

- Сапраўды, дзе? - паціснула плячыма маці. - Ніхто не можа зразумець!

- А казка будзе? - запытаў хлопчык.

- Спачатку мне трэба ведаць, ці глыбокая вадасцёчная канава ў завулку, дзе ваша школа? Можаш ты мне сказаць гэта?

- Якраз мне па калені! - адказаў хлопчык. - Але гэта на самым глыбокім месцы!

- Вось чаму ў яго мокрыя ногі! - усміхнуўся дзядок. - Цяпер варта было б расказаць табе казку, ды ні адной гатовай не ведаю!

- Вы цяпер жа можаце выдумаць яе! - сказаў хлопчык. - Мама гаворыць, што вы як толькі на што-небудзь зірніце, да чаго-небудзь дакранецеся, дык адразу складзеце пра гэта казку альбо цікавую гісторыю.

- Так то так, але такія казкі і гісторыі нічога не вартыя. Што да сапраўдных, то тыя прыходзяць самі! Прыйдуць і пастукаюць мне ў лоб: «Вось і я!»

- А хутка якая-небудзь пастукаецца? - запытаў хлопчык.

Маці ўсміхнулася, насыпала ў імбрык бузінавай гарбаты і заліла яе варам.

- Ну, раскажыце! Раскажыце якую-небудзь казку!

- Добра было б, каб прыйшла сама! Але яны ганаркія, прыходзяць толькі тады, калі самі надумаюцца! Стой, - усклікнуў стары раптам. - Вось яна! Зірні на імбрык!

Хлопчык зірнуў: вечка на імбрыку пачало прыпадымацца, і з-пад яго вызірнулі свежыя беленькія бузінавыя кветачкі, потым з'явіліся і доўгія зялёныя галінкі. Яны раслі нават з носіка імбрыка, і неўзабаве перад хлопчыкам быў вялікі куст; галінкі цягнуліся да самага ложка і расхіналі фіранкі. Як хораша красавалася і пахла бузіна! З зеляноты яе выглядваў ласкавы твар старой жанчыны ў якойсьці дзіўнай сукенцы, зялёнай, як бузінавае лісце, і ўсеянай белымі кветачкамі. Адразу нават не разабрацца было: сукенка гэта ці проста зеляніна і жывыя кветачкі бузіны.

- Што гэта за бабуля? - запытаў хлопчык.

- Рымляне і грэкі называлі яе Дрыядай! - адказаў стары. - Але для нас гэта вельмі ж мудрагелістае імя, і ў нас, у Новай слабодцы, ёй далі назву больш простую: Бузінавая матулька. Глядзі ж на яе ўважліва ды слухай, што буду расказваць!

Такі ж самы вялікі, пакрыты кветкамі куст рос у закутку аднаго беднага дворыка ў Новай слабодцы. Пад кустом сядзелі пасля абеду і грэліся на сонцы стары дзядок з бабуляй: адстаўны матрос і ягоная жонка. У старых было шмат дзяцей, унукаў і праўнукаў і неўзабаве меліся адсвяткаваць сваё залатое вяселле, ды толькі яны добра не помнілі патрэбнага дня і чысла. З зеляніны пазірала на іх Бузінавая матулька, такая ж цудоўная і ветлівая, як вось гэтая, над імбрыкам, і сказала: «Я дык ведаю дзень вашага залатога вяселля!» Але старыя былі захопленыя размоваю - яны ўспаміналі старасвеччыну - і не чулі яе.

- А ці помніш, - прамовіў стары матрос, - як мы бегалі і гулялі з табой малымі! Вось тут, у гэтым самым двары, мы садзілі садок! Помніш, утыкалі ў зямлю дубчыкі і галінкі?

- Канечне, канечне! - падхапіла бабулька. - Помню, помню! Мы заўзята палівалі гэтыя галінкі; адна з іх была бузінавая, пусціла карэньчыкі, сцеблікі і вось як разраслася! Мы, старыя, можам цяпер сядзець у цені ад яе!

- Праўда! - прадоўжыў муж. - А вось у тым закутку стаяў чан з вадою. Там мы пускалі мой караблік, які я сам выразаў з дрэва. Як ён плаваў! А неўзабаве мне прыйшлося пайсці і ў сапраўднае плаванне!

- Так, але перад гэтым яшчэ мы хадзілі ў школу і таму-сяму навучыліся! - перапыніла бабулька. - А пасля нас канфірмавалі*. Мы абое не стрымалі слёз тады!.. А затым узяліся за рукі і пайшлі агледжваць Круглую вежу, узбіраліся на самы верх і любаваліся адтуль горадам і морам. Пасля мы накіраваліся ў Фрэдэрыксберг і назіралі, як каталіся па каналах на сваёй цудоўнай яхце кароль і каралева.

* Канфірмацыя (ад лац. confirmatio зацвярджэнне) - у пратэстантаў у той час азначала праверку ведаў царкоўных дагматаў і ўвогуле веравучэння і наступны абрад далучэння да царквы юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі 16 гадоў (Заўв. перакл.).

- Так, і хутка мйе прыйшлося пусціцца ў сапраўднае плаванне! Шмат, шмат гадоў быў я ўдалечыні ад радзімы!

- Колькі я плакала! Мне прыходзілі ўжо думкі, што ты памёр і ляжыш на дне марскім! Не раз падымалася я ноччу зірнуць, ці круціцца ветранік. Ён круціўся, а ты ўсё не прыязджаў! Я добра помню, як аднойчы, у самы лівень, у нашым двары заявіўся смяцяр. Я служыла там пакаёўкаю і выйшла са смеццевым вядром, ды запынілася перад дзвярыма. Надвор'е ж было жахлівае! У гэты самы час прыйшоў паштальён і перадаў мне ліст ад цябе. Давялося ж гэтаму лісту пагуляць па белым свеце! Як я схапіла яго!.. І тут жа ўзялася чытаць. Я смяялася і плакала адначасова... Была такая шчаслівая! У лісце пісалася, што ты цяпер у цёплых краінах, дзе расце кава! Вось, палічыла я, блаславёная краіна! Ты шмат яшчэ чаго расказваў у сваім лісце, і я ўсё нібы бачыла перад сабою. Дождж так і цубаніў, а я ўсё стаяла пры дзвярах са смеццевым вядром. Раптам хтосьці абняў мяне за стан...

- Так, і ты так ад усёй душы аплявушыла яго, што люба-дорага!

- Я ж не ведала, што гэта ты! Ты дагнаў свой ліст! Які ты быў бравы, прыгожы, ды ты і цяпер усё такі ж! З кішэні ў цябе тырчэла жоўтая шаўковая хусцінка, а на галаве красаваўся цыратовы капялюш! Такі франт! Але што за непагадзь была, і на што была падобная наша вуліца!..

- Пасля мы пажаніліся! - прадоўжыў стары матрос. - Помніш? А там заявіліся ў нас дзеткі: першы хлапчук, потым Мары, Нільс, Петэр і Ханс Крысціян!

- Як яны выраслі і якімі сталі добрымі людзьмі! Усе іх любяць!

- Цяпер ужо ў іхніх дзяцей ёсць дзеці! - сказаў стары. - І якія мацакі нашы праўнукі!.. Здаецца мне, што наша вяселле было якраз у гэткую пару.

- Якраз сёння! - сказала Бузінавая матулька і прасунула галаву паміж старымі, але тыя падумалі, што гэта хітае ім галавою суседка. Яны сядзелі побач, узяўшыся за рукі, і з любоўю пазіралі адно на аднаго. Крыху пазней падышлі да іх дзеці і ўнукі. Яны ж добра ведалі, што сёння дзень залатога вяселля старых, і ўжо віншавалі іх раніцай, але тыя паспелі забыцца пра гэта, хоць выдатна помнілі ўсё, што здарылася шмат гадоў таму. Бузіна так і пахла, сонейка апускалася і свяціла на развітанне старым проста ў твар, ружовячы іхнія шчокі. Меншы з унукаў падскокваў вакол дзядулі і бабулі і радасна галёкаў. Бузінавая матулька хітала галавою і крычала «ура» разам з усімі.

- Ды гэта ж зусім не казка! - сказаў хлопчык, калі апавядальнік замоўк.

- Гэта ты так гаворыш, - адказаў дзядок, - а вось запытай у Бузінавай матулькі!

- Гэта не казка! - адказала Бузінавая матулька. - Але хутка пачнецца і казка! Якраз з усяго праўдзівага і з'яўляюцца самыя цудоўныя казкі. Інакш мой пахкі куст не вырас бы з імбрыка.

З гэтымі словамі яна ўзяла хлопчыка на рукі; галінкі бузіны, усыпаныя кветкамі, нечакана згарнуліся, і хлопчык з бабуляй апынуліся нібы ў густой альтанцы, што панеслася з імі ў паветры! Вось было добра! Бузінавая матулька пераўтварылася ў маленькую прыгожанькую дзяўчынку, але сукеначка на ёй засталася тая ж - зялёная, уся ў беленькіх кветачках. На грудзях дзяўчынкі красавалася жывая бузінавая кветачка, на светла-русявай кучаравістай галоўцы - ажно вянок з тых жа кветак. Вочы ў яе былі вялікія, блакітныя. Ах, яна была такая міленькая, што ад яе нельга было адарваць вачэй! Хлопчык пацалаваўся з дзяўчынкай, і абое сталі аднаго ўзросту, адных думак і пачуццяў.

Узяўшыся за рукі, яны выйшлі з альтанкі і апынуліся ў садзе перад домам. На зялёным поплаўчыку стаяў прыхілены да дрэва бацькаў кіёк. Для дзяцей і кіёк быў жывы; варта было сесці на яго вярхом, і бліскучая балдавешачка стала прыгожай конскай галавою з доўгай грываю, што развейвалася; затым выраслі чатыры тонкія моцныя нагі, і борздкі конь паімчаў дзяцей вакол паплаўца.

- Цяпер мы паскачам далёка-далёка! - сказаў хлопчык. - У панскі маёнтак, дзе мы былі летась!

І дзеці гайсалі вакол поплаўчыка, а дзяўчынка - мы ж ведаем, што гэта была сама Бузінавая матулька, - прамаўляла:

- Ну, вось мы і за горадам! Бачыш сялянскія домікі? А вунь тыя паўкруглыя выступы ў сцяне, падобныя на агромністыя яйкі? Гэта ж хлебныя печы. Над домікамі раскінула свае галіны бузіна. Вось паходжвае па двары певень! Бачыш, разгрэблівае смецце і адшуквае спажыву для курэй! Глядзі, які ён ганаркі!.. А вось мы і на высокім грудку, каля царквы! Якія магутныя дубы растуць вакол яе! Адзін з іх напалову вылез з зямлі карэннямі!.. Вось мы каля кузні! Глядзі, як ярка палае агонь, як пераць па кавадле малатамі паўаголеныя людзі! Іскры сыплюцца дажджом!.. Але далей, далей, у панскі маёнтак!

І ўсё, што ні называла дзяўчынка, якая сядзела верхам на кійку за хлопчыкам, мільгала перад іхнімі вачыма. Хлопчык бачыў усё гэта, хоць яны толькі кружыліся па поплаве. Пасля яны накіраваліся ў бакавую алею і пачалі ладзіць там сабе маленькі садок. Дзяўчынка дастала са свайго вянка адну бузінавую кветачку і пасадзіла яе ў зямлю; яна пусціла карэньчыкі і сцяблінкі, і хутка вырас вялікі куст бузіны, такі ж самы, як і ў старых з Новай слабодкі, калі тыя былі яшчэ дзеці. Хлопчык і дзяўчынка ўзяліся за рукі і таксама пайшлі гуляць, але паімкнуліся не на Круглую вежу і не ў Фрэдэрыксбергскі сад; не, дзяўчынка моцна абняла хлопчыка, паднялася з ім у паветра, і яны паляцелі над Даніяй. Вясна змянялася летам, лета - восенню і восень - зімою; тысячы малюнкаў адлюстроўваліся ў вачах і запаміналіся ў сэрцы хлопчыка, а дзяўчынка ўсё прамаўляла:

- Гэтага не забудзеш ніколі!

А бузіна пахла так соладка, так дзіўна! Хлопчык удыхаў і водар ружаў, і пах свежых букаў, але бузіна была за ўсіх мілейшая, - яе кветачкі красаваліся ў дзяўчынкі на грудзях, а да іх ён так часта схіляўся галавою.

- Як цудоўна тут вясной! - сказала дзяўчынка, і яны апынуліся ў свежым, зялёным букавым лесе; каля іхніх ног цвіла духмяная белая буквіца, з травы выглядвалі вабныя бледна-ружовыя анемоны. - О, каб вечна панавала вясна ў прыемна пахучых дацкіх лясах!

- Як хораша тут летам! - сказала яна, і яны панесліся ўзбоч старога панскага маёнтка са старажытнай рыцарскай крэпасцю-замкам; чырвоныя сцены і франтоны адлюстроўваліся ў азерцах; па іх плавалі лебедзі, зазіраючы ў цёмныя, халаднаватыя алеі сада. Па збажыне ішлі хвалі, быццам у моры, у кожным рове стракацеліся чырвоненькія і жоўценькія палявыя кветачкі, па загародах віліся хмель і бярозка. А ўвечар высока ўзышоў круглы ясны месяц, з лугоў паплыў саладжавы водар свежага сена! Гэта не забудзецца ніколі!

- Як цудоўна тут увосень! - зноў загаварыла дзяўчынка, і скляпенне нябеснае зрабілася ўдвая вышэй і сіней. Лясы застракацелі чырвоным, жоўтым і яшчэ зялёным лісцем. Паляўнічыя сабакі вырваліся на волю! Цэлыя плоймы качак з крыкам паляцелі над курганамі, дзе ляжаць старыя каменні, аброслыя ажынаю. На цёмна-сінім моры забялеліся ветразі, а старыя жанчыны, дзяўчаты і дзеці чысцілі хмель і кідалі яго ў вялікія чаны. Моладзь спявала даўнія песні, а старыя жанчыны апавядалі казкі пра троляў, дамавых, іншых міфічных істот. Лепш не можа быць нідзе!

- А як добра тут зімою! - гаварыла яна потым, і ўсе дрэвы пакрыліся інеем; галіны іхнія пераўтварыліся ў белыя каралы. Снег зарыпеў пад нагамі, быццам на ўсіх былі новыя боты, а з неба пасыпаліся, адна за адною, зорачкі-знічкі. У дамах запаліліся свечкі на елках, што былі абвешаныя падарункамі; усе людзі радаваліся і весяліліся. У вёсках, у сялянскіх хатках не змаўкалі скрыпкі, ляцелі ў паветра начыненыя яблыкамі булачкі. Нават самыя бедныя дзеці ўсклікалі: «Як добра і хораша зімою!»

Так, цудоўна! Дзяўчынка паказвала ўсё гэта хлопчыку, і паўсюль пахла бузіна, паўсюль развейваўся чырвоны сцяг з белым крыжам, сцяг, пад якім плаваў стары матрос з Новай слабодкі. І вось хлопчык стаў юнаком, і яму таксама прыйшлося накіравацца ў далёкае плаванне ў цёплыя краіны, дзе расце кава. На развітанне дзяўчынка дала яму кветачку са сваёй грудзіны, і ён схаваў яе ў псалтыр. Часта ўспамінаў ён на чужыне сваю радзіму і разгортваў кнігу - заўсёды на тым самым месцы, дзе ляжала кветачка, якую далі яму на памяць! І чым болей юнак глядзеў на кветку, тым свяжэйшая тая рабілася і мацней пахнула, а юнаку здавалася, што да яго даносіцца водар дацкіх лясоў. У пялёстку ж кветачкі яму ўяўляўся тварык блакітнавокай дзяўчынкі; ён быццам чуў яе шэпт: «Як хораша тут увесну, улетку, увосень і ўзімку!» І сотні малюнкаў праносіліся ў ягонай памяці.

Гэтак прайшло нямала гадоў; ён састарэў і сядзеў са сваёй бабулькай жонкаю пад расквітнелым бузінавым кустом. Яны трымаліся за рукі і гаварылі пра былыя дні і пра сваё залатое вяселле, гэтак жа, як іхнія прадзеды з Новай слабодкі. Блакітнавокая дзяўчынка з бузінавымі кветачкамі ў валасах і на грудзях сядзела на галінцы бузіны, ківала ім галавою і гаварыла: «Сёння ваша залатое вяселле!» Пасля яна дастала са свайго вянка дзве кветачкі, пацалавала іх, і яны заблішчэлі спачатку як сярэбраныя, а пасля як залатыя. Калі ж дзяўчынка паклала іх на галовы старых, кветкі пераўтварыліся ў кароны, і муж з жонкаю сядзелі пад квітнеючым, пахкім кустом, быццам кароль з каралеваю.

І вось стары пераказаў жонцы гісторыю пра Бузінавую матульку, як сам чуў у маленстве, і абоім здавалася, што ў той гісторыі было так шмат падобнага на гісторыю іх асабістага жыцця. І якраз тое, што было ў ёй падобнае, найбольш усяго і падабалася ім.

- Так-так! - сказала дзяўчынка, якая сядзела ў зеляніне. - Хто заве мяне Бузінавай матулькаю, хто Дрыядай, а сапраўднае маё імя Ўспамін. Я сяджу на дрэве, што ўсё расце і расце; я помню ўсё і ўмею расказваць пра ўсё! Пакажы, ці захавалася яшчэ ў цябе мая кветачка?

І стары разгарнуў псалтыр: бузінавая кветачка ляжала такая свежая, быццам яе толькі што паклалі туды! Успамін па-сяброўску хітаў галавою старым, а тыя сядзелі ў залатых каронах, асвечаныя пурпуровым вячэрнім сонцам. Вочы іхнія заплюшчыліся, і... Ды тут і казка заканчваецца!

Хлопчык ляжаў на пасцелі і сам не ведаў, ці бачыў ён усё гэта ў сне, ці толькі чуў казку. Імбрык стаяў на стале, але з яго не расла бузіна, а дзядок збіраўся ўжо адыходзіць, а хутка і пайшоў.

- Які цуд, якая вабнасць! - сказаў хлопчык. - Мама, я пабыў у цёплых краях!

- Веру, веру! - сказала маці. - Пасля такіх двух кубкаў моцнай бузінавай гарбаты можна пабываць у цёплых краях! - І яна добра загарнула яго ў коўдрачку, каб ён не прастудзіўся. - Ты, здаецца, паспаў, пакуль мы са старым сядзелі ды спрачаліся пра тое, казка гэта ці быль!

- А дзе ж Бузінавая матулька? - запытаў хлопчык.

- У імбрыку! - адказала маці. - І няхай сабе там застаецца!



Пераклад: Генрых Далідовіч