epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Цалёвачка

Жыла на свеце адна жанчына. У яе не было дзяцей, а ёй вельмі хацелася дзіцятка мець. Вось пайшла яна да старой варажбіткі і кажа:

- Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!..

- Няма нічога прасцей! - адказала варажбітка. - Вось табе ячменнае зерне. Гэта зерне не простае, не з тых, што спеюць у вас на палях і родзяцца птушкам на спажыву. Вазьмі яго і пасадзі ў гаршчок для кветак. Убачыш, што будзе.

- Дзякуй табе! - сказала жанчына і дала варажбітцы дванаццаць медзякоў. Потым яна пайшла дадому і пасадзіла ячменнае зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькі яна яго паліла, зярнятка адразу ж прарасло. З зямлі вылезлі два лісточкі і пяшчотная сцяблінка. А на сцябліне з'явілася вялізная цудоўная кветка, накшталт цюльпана. Але пялёсткі кветкі былі шчыльна сціснутыя: яна яшчэ не распусцілася.

- Якая цудоўная кветка! - сказала жанчына і пацалавала прыгожыя стракатыя пялёсткі.

У тую ж хвіліну ў стрыжні кветкі штосьці шчоўкнула, і яна раскрылася. Гэта быў на самай справе вялікі цюльпан, але ў чашачцы яго сядзела жывая дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго з цалю* ростам. Таму яе так і назвалі - Цалёвачка.

* У адной цалі 2,5 сантыметры.

Калыску для Цалёвачкі зрабілі з бліскучай лакіраванай шкарлупіны грэцкага арэха. Замест пярынкі туды паклалі некалькі фіялак, а замест коўдрачкі - пялёсткі ружы. У гэтую калысачку дзяўчынку клалі на ноч, а днём яна гуляла на стале.

Сярод стала жанчына паставіла глыбокую талерку з вадой, а на краі талеркі расклала кветкі. Доўгія сцяблінкі іх купаліся ў вадзе, і кветкі доўга заставаліся свежымі і духмянымі.

Для маленькай Цалёвачкі талерка з вадой была цэлым возерам, і яна плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былі пара белых конскіх валасоў. Цалёвачка цэлыя дні каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркі на другі; спявала песні. Такога пяшчотнага галаску, як у яе, ніхто ніколі не чуў.

Аднойчы ноччу, калі Цалёвачка спала ў сваёй калысцы, праз адчыненае акно ў пакой залезла вялізная старая жаба, мокрая і брыдкая. З падаконніка яна скочыла на стол і зазірнула ў шкарлупіну, дзе спала пад пялёсткам ружы Цалёвачка.

- Як хораша! - сказала старая жаба. - Слаўная нявеста будзе майму сыну.

Яна схапіла арэхавую шкарлупіну з дзяўчынкай і выскачыла праз акно ў сад.

У садзе працякала рэчка, а пад самым яе берагам было багністае балота. Тут, у тваністай ціне, і жыла старая жаба са сваім сынам.

Сын быў таксама мокры і брыдкі - цюцелька ў цюцельку як яго маці, старая жаба.

- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькі і мог сказаць, калі ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупіне.

- Цішэй ты! Разбудзіш яе, і яна ўцячэ ад нас, - сказала старая жаба. - Яна ж лягчэй лебядзінага пуху. Пасадзі яе на самую сярэдзіну ракі, на шырокі ліст гарлачыка, - гэта цэлая выспа для такой маленькай. Адтуль ужо ёй ніяк не ўцячы. А я тым часам падрыхтую для вас у ціне ўтульнае гняздзечка.

У рацэ расло багата гарлачыкаў; іх шырокія зялёныя лісты плавалі па вадзе. Самы вялікі ліст быў далей за ўсіх ад берага. Жаба падплыла да гэтага ліста і паставіла на яго арэхавую шкарлупіну, у якой спакойна спала дзяўчынка.

Рана-раненька прачнулася Цалёвачка і раптам убачыла, што яна на лісце гарлачыка; вакол, куды ні зірнеш, вада, а бераг ледзь бачыцца ўдалечыні. Цалёвачка вельмі напалохалася і заплакала.

А старая жаба сядзела ў ціне і ўпрыгожвала свой дом чаротам і жоўтымі гарлачыкамі - яна хацела дагадзіць маладой нявестцы. Калі ўсё было гатова, жаба паплыла са сваім брыдкім сынам да ліста, на якім сядзела Цалёвачка, каб узяць яе ложачак і паставіць у спальні. Старая жаба нізка прысела ў вадзе перад дзяўчынкай і сказала:

- Вось мой сынок! Ён будзе тваім мужам. Вы слаўна зажывеце з ім у нас у ціне.

- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькі і мог казаць сынок.

Жаба ўзяла шкарлупіну і паплыла з ёй, а Цалёвачка засталася адна на зялёным лісце і горка-горка плакала - ёй зусім не хацелася жыць у брыдкай жабы і выходзіць за яе агіднага сына.

Маленькія рыбкі, якія плавалі пад вадой, бачылі жабу і яе сына і чулі, што яна казала Цалёвачцы.

Яны высунулі з вады свае галовы, каб паглядзець на малютку нявесту. Як толькі рыбкі ўбачылі Цалёвачку, ім стала страшэнна шкада, што такой цудоўнай дзяўчынцы давядзецца жыць з жабамі. Не бываць жа гэтаму! Рыбкі з усёй рэчкі падплылі да ліста гарлачыка, на якім сядзела Цалёвачка, і перагрызлі сцяблінку ліста.

І вось ліст гарлачыка паплыў па цячэнні. Цячэнне было моцнае, і ліст з дзяўчынкай плыў вельмі хутка. Цяпер жаба ніяк не магла б дагнаць Цалёвачку.

А Цалёвачка плыла ўсё далей, і маленькія птушкі, якія сядзелі на кустах, глядзелі на яе і спявалі:

- Якая прыгожанькая маленькая дзяўчынка!

Прыгожы белы матылёк увесь час лётаў вакол Цалёвачкі і нарэшце апусціўся на ліст - бо вельмі яму спадабалася маленькая дзяўчынка. Тады Цалёвачка зняла з сябе пояс, адзін канец накінула на матылька, а другі прывязала да свайго лістка, і лісток паплыў яшчэ хутчэй. Раптам міма праляцеў майскі жук. Ён убачыў Цалёвачку, схапіў яе і аднёс на дрэва, а зялёны ліст гарлачыка паплыў далей, і з ім матылёк - ён жа быў прывязаны і не мог вызваліцца.

Бедная Цалёвачка вельмі напалохалася, калі жук схапіў яе і паляцеў з ёй на дрэва. Але майскаму жуку і гора было мала. Ён усеўся высока на дрэве, пакарміў Цалёвачку салодкім сокам кветак і сказаў ёй, што яна яму вельмі падабаецца, хаця яна і зусім не падобна на майскага жука.

Потым да іх прыйшлі ў госці іншыя майскія жукі, якія жылі на тым жа дрэве. Яны разглядвалі Цалёвачку з галавы да ног, а жучкі-паненкі паціскалі шчупальцамі.

- У яе толькі дзве ножкі! - казалі адны.

- У яе нават няма шчупальцаў! - сказалі другія.

- Якая яна тонкая! Яна зусім як чалавек! - сказалі трэція.

- Яна вельмі непрыгожая! - вырашылі нарэшце ўсе жукі.

Тут майскаму жуку, які прынёс Цалёвачку, падалося таксама, што яна вельмі непрыгожая, і ён не захацеў больш трымаць яе ў сябе - няхай ідзе куды захоча. Ён зляцеў з ёй уніз і пасадзіў яе на рамонак.

Цалёвачка сядзела на кветцы і плакала: ёй было крыўдна, што яна такая непрыгожая. Нават майскія жукі прагналі яе.

Усё лета пражыла Цалёвачка адна-аднюткая ў лесе. Яна спляла сабе з травы калысачку і павесіла гэту калысачку пад вялікі ліст лопуху, каб яе не замачыў дожджык. Яна ела салодкі мёд з кветак і піла расу, якую кожную раніцу знаходзіла на лісцях.

Так прайшло лета, прайшла восень. Набліжалася доўгая халодная зіма. Усе птушкі паляцелі, кветкі завялі, а вялікі лопух, пад якім жыла Цалёвачка, пажаўцеў, пасох і скруціўся трубачкай.

Цалёвачка дрыжэла ад холаду: сукенка яе ўся пашматалася, а яна была такая маленькая, пяшчотная - як ёй не мерзнуць! Пайшоў снег, і кожная сняжынка была для Цалёвачкі тое ж, што для нас цэлая рыдлёўка снегу. Мы ж вялізныя, а яна была ўсяго з цалю ростам. Яна загарнулася ў сухі ліст, але ён зусім не саграваў, і Цалёвачка сама дрыжэла як асінавы ліст.

Тады Цалёвачка вырашыла пайсці з лесу і пашукаць сабе прытулак на зіму.

За лесам, у якім жыла Цалёвачка, было вялікае поле. Хлеб з поля ўжо даўно сабралі, і толькі кароткія сухія сцяблінкі тырчэлі з мёрзлай зямлі.

У полі было яшчэ халадней, чым у лесе, і бедная Цалёвачка зусім замерзла. І вось яна прыйшла да норкі палявой мышы; уваход у норку быў прыкрыты сухімі сцяблінкамі і былінкамі. Палявая мыш жыла ў цяпле і дастатку: кухня і кладоўка ў яе бітком набіты хлебным зернем. Цалёвачка стала ля парога, як жабрачка, і папрасіла падаць ёй кавалачак ячменнага зярнятка - яна два дні нічога не ела.

- Ах ты, бедная! - сказала палявая мыш (яна была, па сутнасці, добрая старая). - Ну, ідзі сюды, пагрэйся і паеш са мной!

І Цалёвачка спусцілася ў норку, сагрэлася і паела. Старой дзяўчынка вельмі спадабалася, і яна сказала ёй:

- Заставайся ў мяне на зіму. Я буду карміць цябе, а ты прыбірай добра мой дом ды расказвай мне казкі - я вельмі люблю казкі.

І Цалёвачка пачала рабіць усё, што загадвала ёй старая мыш. Ёй жылося выдатна ўцёплай мышынай норцы.

- Хутка ў нас будуць госці, - сказала аднойчы палявая мыш. - Раз на тыдні прыходзіць праведаць мяне мой сусед. Ён вельмі багаты і жыве куды лепш за мяне. У яго вялізны дом пад зямлёй, і ён носіць цудоўнае чорнае аксамітнае футра. Выходзь, дзяўчынка, за яго! Ужо з ім ты не прападзеш. Адна толькі бяда: ён зусім сляпы і не ўбачыць цябе. Затое ты будзеш расказваць яму самыя лепшыя казкі, якія толькі ведаеш.

Але Цалёвачцы зусім не хацелася выходзіць за суседа - гэта ж быў крот.

Неўзабаве крот на самай справе прыйшоў у госці да палявой мышы. Ён быў такі важны, вучоны і багаты; футра на ім было аксамітнае і вельмі прыгожае.

Дом у яго быў у дваццаць разоў больш, чым домік палявой мышы. Там было шмат вялікіх пакояў і доўгіх калідораў, але сонца ніколі не заглядвала туды. Крот цярпець не мог сонца і не любіў кветкі - ён жа ніколі іх не бачыў.

Цалёвачку прымусілі спяваць для важнага госця, і яна праспявала дзве песенькі, ды так добра, што крот адразу пакахаў яе. Але ён не сказаў ні слова - ён быў такі паважны і грунтоўны пан.

А потым крот пракапаў пад зямлёй доўгі падземны ход ад свайго дома да самай норкі палявой мышы і запрасіў старую мыш і Цалёвачку прагуляцца па гэтым падземным ходзе.

Крот узяў у рот гнілушку - у цемнаце ж гнілушка свеціць нібыта свечка - і пайшоў наперад, асвятляючы доўгі і шырокі калідор. На паўшляху крот спыніўся і сказаў:

- Тут ляжыць нейкая птушка. Але вам яе няма чаго баяцца - яна мёртвая.

І крот прапхнуў сваім шырокім носам дзірку ў столі - дзённае святло пырснула ў падземны ход, і Цалёвачка ўбачыла мёртвую ластаўку. Гэта была сапраўдная птушка, з пер'ем і з дзюбай; яна, пэўна, памерла не так даўно, у пачатку зімы, і ўпала ў норку крата.

Крылцы мёртвай птушкі былі моцна прыціснуты да цела, ножкі і галава схаваны ў пёркі. Бедная ластаўка, пэўна, памерла ад холаду. Цалёвачцы стала вельмі шкада яе, яна так любіла птушак - бо яны цэлае лета спявалі ёй свае цудоўныя песенькі. Але крот штурхануў ластаўку сваімі кароткімі лапамі і сказаў:

- Цяпер ужо не пасвішчаш! Так, не хацеў бы я нарадзіцца вось такой птушачкай! Яна толькі і ўмее цырыкаць ды шчабятаць, а прыйдзе зіма - што ёй рабіць: паміраць з голаду і холаду. Вось ужо маім дзецям зімы не давядзецца баяцца.

- Так, так! - сказала палявая мыш. - Якая карысць ад гэтага цырыкання? Песнямі сыты не будзеш, цырыканнем зімой не сагрэешся.

А Цалёвачка маўчала, але калі крот і мыш павярнуліся да птушкі спіной, Цалёвачка нахілілася да ластаўкі, рассунула пёркі і пацалавала яе прама ў заплюшчаныя вочы.

«Магчыма, гэта тая самая ластаўка, якая так цудоўна распявала летам, - падумала дзяўчынка. - Колькі радасці прынесла ты мне, мілая птушка!»

Потым крот затыкнуў дзірку ў столі і праводзіў старую мыш і Цалёвачку дадому.

Ноччу Цалёвачцы не спалася. Яна ўстала з пасцелі, спляла з сухіх былінак вялікі дыван, пайшла ў падземны ход і накрыла мёртвую птушку. Потым Цалёвачка прынесла з мышынай норкі пушысты, мяккі мох і зрабіла з яго пасцельку, каб мёртвай птушцы было зручней ляжаць.

- Бывай, мілая ластаўка! - сказала Цалёвачка. - Бывай! Дзякуй табе за тое, што ты так дзіўна спявала мне летам, калі дрэвы былі яшчэ зялёнымі, а сонейка так слаўна грэла!

І яна схіліла галоўку на грудзі птушкі і раптам спалохалася: яна пачула, як у грудзях ластаўкі штосьці тукае. Гэта забілася сэрца птушкі - яна была не зусім мёртвая, а толькі скамянелая ад холаду. А цяпер яна сагрэлася і ажыла.

Цалёвачка дрыжэла ад страху - бо птушка была проста веліканам у параўнанні з такой крошкай. Але ўсё ж Цалёвачка сабралася з духам, як мага шчыльней ухутала ластаўку дыванком, а потым збегала, прынесла лісцік мяты, якім сама накрывалася, і накрыла ім галаву птушкі.

На наступную ноч Цалёвачка зноў ціхенька прабралася да птушкі. Ластаўка ўжо зусім ажыла, толькі была яшчэ вельмі слабай і ледзь-ледзь адкрыла вочы, каб паглядзець на дзяўчынку. Цалёвачка стаяла перад ёй з кавалкам гнілушкі ў руках - іншага ліхтара ў яе не было.

- Дзякуй табе, мілая крошка! - сказала хворая ластаўка. - Я так добра сагрэлася! Хутка я зусім папраўлюся і палячу на сонейка.

- Ах, - сказала Цалёвачка, - цяпер так холадна, ідзе снег! Застанься лепш у сваёй цёплай пасцельцы, а я буду прыглядаць за табой.

Цалёвачка прынесла ластаўцы вады ў кветкавым пялёстку і некалькі ячменных зярнятак. Ластаўка папіла і паела, а потым расказала дзяўчынцы, як яна параніла сабе крыло аб цярновы куст і не магла паляцець разам з іншымі ластаўкамі ў цёплыя краі. Прыйшла зіма, стала вельмі холадна, і яна ўпала на зямлю... Больш ластаўка ўжо нічога не помніла, і як трапіла сюды, у падзямелле, яна не ведала.

Усю зіму пражыла ластаўка ў падзямеллі, а Цалёвачка прыглядвала за ёй.

Ні крот, ні палявая мыш нічога не ведалі пра гэта - яны ж зусім не любілі птушак.

Калі прыйшла вясна і прыгрэла сонейка, Цалёвачка адкрыла тую дзірку, якую зрабіў у столі крот, каб ластаўка магла паляцець.

Ластаўка спытала, ці не хоча дзяўчынка выправіцца разам з ёю - няхай сядзе ёй на спіну, і яны паляцяць у зялёны лес. Але Цалёвачцы было шкада старую палявую мыш - яна ведала, што старой без яе будзе вельмі сумна.

- Не, я не магу паляцець з табой, - сказала яна ластаўцы.

- Бывай, бывай, мілая дзяўчынка! - прашчабятала ластаўка і вылецела на волю.

Цалёвачка паглядзела ёй у след, і слёзы закапалі ў яе з вачэй - вельмі палюбіла яна гэту птушку.

- Цві-віць, цві-віць! - крыкнула ластаўка і знікла ў зялёным лесе.

А Цалёвачка засталася ў мышынай нары. Цяпер ёй жылося вельмі дрэнна. Ёй зусім не дазвалялі выходзіць на сонейка, а поле вакол норкі палявой мышы зарасло высокім тоўстым калоссем і здавалася Цалёвачцы дрымучым лесам.

І вось аднойчы прыйшоў стары крот і пасватаўся да Цалёвачкі.

- Ну цяпер табе трэба рыхтаваць пасаг, - сказала старая мыш. - Ты выйдзеш за важнага пана, і трэба, каб у цябе ўсяго было ўдосталь.

І Цалёвачцы давялося цэлымі днямі прасці пражу.

Старая мыш наняла чатырох павукоў, і яны днём і ноччу сядзелі ў мышынай нары і ткалі розныя тканіны.

А тоўсты сляпы крот прыходзіў кожны вечар у госці і балбатаў пра тое, што хутка лету канец, сонца не будзе пячы зямлю, і яна зноў стане мяккай і пульхнай. Вось тады яны справяць вяселле. Але Цалёвачка ўсё сумавала і плакала: яна зусім не хацела выходзіць за тоўстага крата.

Кожнай раніцай на ўзыходзе сонца, і кожны вечар, калі быў заход, Цалёвачка выходзіла на парог мышынай норкі; калі-нікалі вецер рассоўваў каласы, і ёй прыпадала ўбачыць кавалачак блакітнага неба.

«Як светла, як хораша тут, на волі!» - думала Цалёвачка і ўсё згадвала пра ластаўку; ёй вельмі хацелася б пабачыцца з птушкай, але ластаўкі нідзе не было бачна: пэўна, яна лётала там, далёка-далёка ў зялёным лесе.

І вось надышла восень. Пасаг Цалёвачкі быў гатовы.

- Праз чатыры тыдні тваё вяселле! - сказала Цалёвачцы старая мыш.

Але Цалёвачка заплакала і сказала, што не хоча выходзіць за сумнага крата.

- Глупства! - сказала старая мыш. - Не ўпарціся, а не то я ўкушу цябе сваім белым зубам. Чым табе крот не муж? У самой каралевы няма такога чорнага аксамітнага футра, як у яго. Ды і ў склепах у яго не пуста. Богу дзякуй за такога мужа!

Нарэшце надышоў дзень вяселля, і крот прыйшоў за сваёй нявестай. Цяпер Цалёвачцы давядзецца перасяліцца ў краціную нару, жыць глыбока пад зямлёй, і ніколі яна не ўбачыць сонца - крот ні за што не дазволіць ёй выходзіць з нары.

А беднай Цалёвачцы было так цяжка назаўсёды развітвацца з ясным сонейкам! І Цалёвачка выйшла зірнуць на сонейка ў апошні раз.

Хлеб быў ужо сабраны з поля, і з зямлі зноў тырчэлі адны голыя, пасохлыя сцябліны. Дзяўчынка адышла ад мышынай норкі далей і працягнула да сонца рукі:

- Бывай, сонейка, бывай!

Потым яна ўбачыла маленькую чырвоную кветку, абняла яе і сказала:

- Пакланіся, кветачка, ад мяне мілай ластаўцы, калі ўбачыш яе!

- Цві-віць, цві-віць! - раптам пачулася над яе галавой.

Цалёвачка падняла вочы і ўбачыла ластаўку, якая пралятала побач. Ластаўка таксама ўбачыла дзяўчынку і вельмі ўзрадавалася, а Цалёвачка заплакала і расказала ластаўцы як ёй не хочацца выходзіць за тоўстага крата і жыць з ім глыбока пад зямлёй, куды ніколі не заглядвае сонейка.

- Ужо надыходзіць халодная зіма, - сказала ластаўка, - і я адлятаю далёка-далёка, у цёплыя краі. Хочаш ляцець са мной? Сядай да мяне на спіну, толькі прывяжы сябе мацней поясам, і мы паляцім з табой ад брыдкага крата, паляцім далёка, за сіняе мора, дзе сонейка свеціць ярка, дзе заўжды лета; цвітуць дзівосныя кветкі. Паляцім са мной, мілая крошка! Ты ж мілая крошка! Ты ж выратавала мне жыццё, калі я замерзла ў цёмнай халоднай яме.

- Так, так, я хачу з табой! - сказала Цалёвачка.

Яна села ластаўцы на спіну і моцна прывязала сябе поясам да самага вялікага пёрка.

Ластаўка ўзвінулася стралой і паляцела над цёмнымі лясамі, над сінімі марамі і высокімі гарамі, пакрытымі снегам. Тут было вельмі холадна, і Цалёвачка ўся схавалася ў цёплыя пёркі ластаўкі і высунула толькі галаву, каб дзівіцца цудоўнымі месцамі, над якімі яны праляталі.

Але вось і цёплыя краі! Тут сонца ззяла значна ярчэй, неба было ўдвая вышэй, чым у нас, а каля канаў і платоў віўся цудоўны зялёны вінаград. У лясах раслі лімоны і апельсіны, пахла міртамі і духмянай мятай, а па дарожках бегала вясёлая дзятва і лавіла вялізных стракатых матылёў. Але ластаўка ляцела ўсё далей.

На беразе цудоўнейшага блакітнага возера сярод зялёных кучаравых дрэў стаяў старадаўні белы мармуровы палац. Вінаградныя лозы абвівалі яго высокія калоны, а наверсе, пад дахам, ляпіліся птушыныя гнёзды. У адным з іх і жыла ластаўка.

- Вось мой дом! - сказала ластаўка. - А ты выберы сабе самую прыгожую кветку ўнізе, я пасаджу цябе туды, і ты будзеш жыць цудоўна.

Цалёвачка ўзрадавалася і ад радасці запляскала ў далоні.

Унізе ляжалі кавалкі белага мармуру - гэта звалілася верхняя частка адной калоны і разбілася на тры кавалкі, - паміж мармуровымі абломкамі раслі вялікія белыя кветкі. Ластаўка спусцілася і пасадзіла дзяўчынку на шырокі пялёстак. Але што за дзіва! У чашачцы сядзеў маленькі чалавечак, беленькі і празрысты, нібыта ён быў са шкла. За плячыма ў яго дрыжэлі лёгкія крылцы, а на галаве блішчэла маленькая залатая карона. Ростам ён быў не больш за нашу Цалёвачку. Гэта быў кароль эльфаў.

Калі ластаўка падляцела да кветкі, эльф зусім перапалохаўся. Ён быў такі маленькі, ластаўка такая вялікая! Але ён вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў Цалёвачку, - ён ніколі яшчэ не бачыў такой прыгожай дзяўчынкі. Ён нізка пакланіўся ёй і спытаў, як яе завуць.

- Цалёвачка, - адказала дзяўчынка.

- Мілая Цалёвачка, - сказаў эльф, - ці не хочаш ты быць маёй жонкай?

І Цалёвачка адразу згадзілася.

Тады з кожнай кветкі вылецелі эльфы і прынеслі Цалёвачцы падарункі. Самым лепшым падарункам былі празрыстыя крылцы, зусім як у страказы. Іх прывязалі Цалёвачцы на спіну, і яна таксама магла цяпер лётаць з кветкі на кветку. Вось было радасці і весялосці!

А ластаўка сядзела наверсе, у сваім гняздзечку, і спявала песні, як магла.

Яна спявала эльфам вясёлыя песні пра цёплую зіму, а калі ў халодныя краіны прыйшла вясна, ластаўка пачала збірацца на радзіму.

- Бывай, бывай! - прашчабятала ластаўка і зноў паляцела з цёплых краёў у Данію.

Там у яе было маленькае гняздзечка, якраз над акном чалавека, які ўмеў добра расказваць казкі. Ластаўка расказала яму пра Цалёвачку, а ад яго і мы даведаліся пра ўсю гэту гісторыю.



Пераклад: Валянцін Лукша