epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Цень

Вось ужо дзе паліць сонца - дык гэта ў гарачых краінах! Людзі загараюць там да таго, што робяцца чырванаскурымі, а ў самых гарачых краінах - чырвонымі, як мурыны. Але мы пагаворым пакуль толькі пра гарачыя краіны; сюды прыехаў з халоднай стараны адзін вучоны. Ён стаў бегаць у шубе па горадзе, як у сябе дома, але неўзабаве адмовіўся ад гэтага і, як усе разважлівыя людзі, пачаў сядзець увесь дзень дома з зачыненымі аканіцамі і дзвярыма. Можна было падумаць, што ўвесь дом спіць або нікога дома няма. Вузкая вуліца, забудаваная высокімі дамамі, скварылася на сонцы з раніцы да вечара; сіл ніякіх не было цярпець гэтую гарачыню! Вучонаму, які прыехаў з халоднай краіны, - а ён быў чалавек разумны і малады яшчэ, - здавалася, быццам ён сядзіць у гарачай печы! Гарачыня моцна ўплывала на яго здароўе; ён пахудзеў, і нават цень яго неяк увесь зморшчыўся, стаў шмат меншым, чым быў у халоднай краіне; гарачыня паўплывала і на яго. Абодва яны - і вучоны, і цень - ажывалі толькі з надыходам вечара.

І сапраўды, люба было паглядзець на іх! Як толькі ў пакой прыносілі свечкі, цень расцягваўся на ўсю сцяну, захопліваў нават частку столі - яму не трэба было добра пацягнуцца, каб выпрастацца і набрацца сілы. Вучоны выходзіў на балкон і таксама пацягваўся, выпростваўся, любаваўся ясным вячэрнім небам, у якім запальваліся залатыя зорачкі, і адчуваў, што ён зноў адраджаецца да жыцця. На ўсіх іншых балконах - а ў гарачых краінах перад кожным акном балкон - таксама відаць былі людзі; дыхаць паветрам усё ж неабходна - нават таму, каго сонца зрабіла чырванаскурым.

Ажыўленне панавала і ўнізе, на ходніках вуліцы, і ўверсе, на балконах. Шаўцы, краўцы ды іншы рабочы люд - усе ішлі на вуліцу, выносілі туды сталы і крэслы, запальвалі свечкі. Жыццё закіпала ўсюды; вуліцы асвятляліся тысячамі агнёў, людзі - хто спяваў, хто размаўляў з суседам; па ходніках рухалася мноства людзей; па маставой каціліся экіпажы, тут прабіраліся, пазвоньваючы званочкамі, ўючныя вослікі, там цягнулася пахавальная працэсія; трэск хлапушак, якія кідалі вулічныя хлопчыкі раздаваўся гул званоў... Жыццё так і біла крыніцай усюды! Ціха было толькі ў адным доме, які стаяў якраз насупраць таго дома, у якім жыў вучоны. Дом не быў аднак не жылым: на балконе красаваліся цудоўныя кветкі; без палівання яны не маглі б цвісці так ярка, нехта ж паліваў іх - значыць, у доме нехта жыў. Дзверы, якія выходзілі на балкон, таксама адчыняліся вечарам, але ў саміх пакоях было вельмі цёмна, па крайняй меры ў першым. З іншых пакояў чулася музыка. Вучоны ўспрымаў яе як чароўную, але магло быць і так, што яму гэта толькі здавалася: на яго думку, тут, у гарачай краіне, усё было цудоўнае; адна бяда - сонца! Гаспадар дома, дзе жыў вучоны, сказаў, што і ён не ведае, хто жыве ў суседнім доме: там ніколі не з'яўлялася ні адна жывая душа; а што датычылася музыкі, дык ён яе знаходзіў вельмі сумнай.

- Быццам хто сядзіць і дзяўбе ўсё адну і тую ж п'есу. Справа не ладзіцца, а ён не здаецца, маўляў, - даб'юся свайго! Дарэмна, аднак, стараецца, нічога не атрымліваецца!

Неяк ноччу вучоны прачнуўся; дзверы на балкон былі расчынены, і вецер расхінуў парцьеры; вучоны глянуў на працілеглы дом, і яму здалося, што балкон азораны нейкім дзіўным ззяннем, кветкі палалі дзівоснымі рознакаляровымі агнямі, а паміж кветкамі стаяла стройная, цудоўная дзяўчына, таксама, здавалася, акружаная ззяннем. Вось гэтыя бляск і святло так і паласнулі па шырока адкрытых пасля сну вачах вучонага. Ён усхапіўся і ціхенька падышоў да дзвярэй, але дзяўчына ўжо знікла, бляск і святло - таксама. Кветкі больш не гарэлі агнямі, а стаялі сабе ціхенька-ціхенька, як заўсёды. Дзверы з прыхожай на балкон былі напаўадчынены, і з глыбіні дома даносіліся пяшчотныя, чароўныя гукі музыкі, якія кожнага маглі б перанесці ў свет летуценняў і мар!..

Усё гэта было падобна на вядзьмарства! Хто ж там жыў? Дзе, уласна кажучы, быў уваход у дом? Увесь ніжні паверх быў аддадзены пад крамы, але ж не праз іх пастаянна хадзілі жыхары!

Аднойчы вечарам вучоны сядзеў на сваім балконе; у пакоі за ім гарэла свечка, і зусім натуральна, што цень яго ляжаў на сцяне процілеглага дома; цень ляжаў нават на самым балконе, якраз паміж кветкамі; варта было варухнуцца вучонаму - варушыўся і цень, - гэта ён умее.

- Сапраўды, мой цень - адзіная бачная істота ў гэтым доме! - сказаў вучоны. - Бачыш, як добра ўсеўся паміж кветкамі! Ну а дзверы ж напаўадчынены; вось бы ценю здагадацца ўвайсці туды, выгледзець усё, потым вярнуцца і расказаць пра ўсё мне! Так, варта было б і табе быць карыснай! - сказаў ён жартам і затым дадаў: - Ну, ці не пажадаў бы туды пайсці! Ну? Ідзеш? - І ён кіўнуў свайму ценю галавой, цень таксама адказаў кіўком. - Ну, ідзі! Толькі глядзі не прападзі там!

З гэтымі словамі вучоны падняўся, цень яго, які сядзеў на процілеглым балконе, - таксама, вучоны павярнуўся - павярнуўся і цень, і калі б хто-небудзь уважліва назіраў за імі ў гэты час, то ўбачыў бы, як цень слізгануў у напаўадчыненыя балконныя дзверы загадкавага дома, калі вучоны пайшоў з балкона ў пакой і зацягнуў за сабой парцьеру.

Раніцай вучоны пайшоў у кандытарскую папіць кавы і пачытаць газеты.

- Што гэта значыць? - сказаў ён, калі выйшла з-за хмары сонца. - У мяне няма ценю! Так ён і на самай справе пайшоў учора вечарам і не вярнуўся? Даволі-такі непрыемная гісторыя!..

І ён раззлаваўся, не столькі таму, што цень пайшоў, колькі таму, што ўспомніў вядомую гісторыю пра чалавека без ценю, якую ведалі ўсе і кожны на яго радзіме, у халодных краінах; вярнуўся б ён туды і расказаў сваю гісторыю, усе сказалі б, што ён пачаў пераймаць іншых, а ён у гэтым зусім не адчуваў патрэбы. Таму ён вырашыў нават не заікацца пра тое, што адбылося з ценем, і зрабіў разумна.

Вечарам ён зноў выйшаў на балкон і паставіў свечку за сабой, ведаючы, што цень заўсёды імкнецца адгарадзіцца ад святла сваім панам; выманіць гэтым манеўрам цень яму, аднак, не ўдалося. Ён і садзіўся і выпростваўся на ўвесь рост - цень усё не з'яўляўся. Ён задуменна хмыкнуў, але і гэта не дапамагло. Прыкра было, але, на шчасце, у гарачых краінах усё расце і спее незвычайна хутка, і вось праз тыдзень вучоны, калі засвяціла сонца, заўважыў з вялікім задавальненнем, што ад яго ног пачаў расці новы цень, - напэўна, карані старыя засталіся. Праз тры тыдні ў яго быў ужо даволі нядрэнны цень, які ў час падарожжа вучонага на радзіму вырас яшчэ, а напрыканцы зрабіўся такім вялікім і доўгім, што хоць убаўляй яго.

Вучоны вярнуўся дамоў і пачаў пісаць кнігі пра ісціну, дабрыню і прыгажосць. Так ішлі дні і гады, прайшло шмат гадоў. Аднойчы вечарам, калі ён сядзеў у сябе дома, пачуўся ціхі стук у дзверы.

- Заходзьце! - сказаў ён, але ніхто не заходзіў; тады ён адчыніў дзверы сам - перад ім стаяў неверагодна худы чалавек; апрануты ён быў, паміж іншым, вельмі элегантна, як сапраўдны пан.

- З кім маю гонар гаварыць? - спытаў вучоны.

- Я так і думаў, - сказаў элегантны пан, - што вы не пазнаеце мяне! Я набыў цялеснасць, абзавёўся плоццю і адзеннем! Вы, вядома, і не думалі сустрэць мяне калі-небудзь такім багатым. Але няўжо вы ўсё яшчэ не пазнаяце свой былы цень? Мне вельмі пашанцавала з таго часу, калі я расстаўся з вамі. Я ва ўсіх адносінах заваяваў сабе трывалае становішча ў свеце і магу адкупіцца ад службы, калі захачу!

Пры гэтых словах ён забрынкаў цэлай звязкай бірулек, якія віселі на ланцужку для гадзінніка, а потым пачаў забаўляцца важкім залатым ланцужком, які насіў на шыі. Пальцы яго так і зіхацелі брыльянтавымі пярсцёнкамі! І золата і каштоўныя камяні былі сапраўдныя, а не падробныя!

- Я проста ў сябе не магу прыйсці ад здзіўлення! - сказаў вучоны. - Што гэта такое?

- Так, з'ява не зусім звычайная, гэта праўда! - сказаў цень. - Але вы ж самі не належыце да ліку звычайных людзей, а я, як вы ведаеце, з дзяцінства хадзіў за вамі. Як толькі вы прыйшлі да думкі, што я ўжо настолькі вырас, каб жыць самастойна, я і пайшоў сваёй дарогай, дасягнуў, як бачыце, поўнага дабрабыту, ды вось засумаваў штосьці па вас, захацелася пабачыцца з вамі, пакуль вы яшчэ не памерлі - вы ж павінны памерці! - і, дарэчы, паглядзець яшчэ раз на гэтыя краявіды. Бо заўсёды захоўваеш любоў да сваёй радзімы!.. Я ведаю, што ў вас цяпер новы цень; скажыце, ці не павінен я што-небудзь яму або вам? Толькі скажыце слова - і я заплачу.

- Не, так гэта на самай справе ты?! - ускрыкнуў вучоны. - Вось дзіва, дык дзіва! Ніколі б я не паверыў, што мой стары цень вернецца да мяне, ды яшчэ чалавекам!

- Ну, скажыце мне, ці не павінен я вам? - зноў спытаў цень. - Мне не хацелася б быць каму-небудзь абавязаным.

- Што за размовы! - сказаў вучоны. - Які там доўг! Ты зусім свабодны! Я вельмі рад твайму шчасцю! Ну, сядай, стары дружа, і раскажы мне, як усё гэта адбылося і што ты ўбачыў у тым доме насупраць?

- Зараз раскажу! - сказаў цень і ўсеўся. - Але пры ўмове, што дасце мне слова не гаварыць нікому тут, у горадзе, - дзе б вы мяне ні сустрэлі, - што я быў некалі вашым ценем! Збіраюся жаніцца! Я ў стане ўтрымліваць і не адну сям'ю!

- Не хвалюйся, - сказаў вучоны. - Ніхто не даведаецца, хто ты, уласна, такі! Вось мая рука! Даю табе слова! А слова ж чалавек...

- Слова - цень! - дагаварыў цень - бо іначай ён не мог выказацца.

Увогуле ж вучонаму заставалася толькі здзіўляцца, як шмат было ў ім чалавечага, пачынаючы з самой вопраткі: чорны гарнітур з тонкага сукна, на нагах лакіраваныя боты, а ў руках цыліндр, які мог складвацца, так што ад яго заставаліся толькі донца ды поле; пра бірулькі, залаты ланцужок і брыльянтавыя пярсцёнкі мы ўжо гаварылі. Так, цень быў апрануты выдатна, і вось гэта, уласна, надавала яму выгляд чалавека.

- Цяпер я раскажу! - сказаў цень і прыціснуў нагамі ў лакіраваных ботах рукаў новага ценю вучонага, які, як сабачка, ляжаў каля яго ног. Нашто ён гэта зрабіў, з фанабэрыі ці, можа, у надзеі прыклеіць яго да сваіх ног - невядома. Цень жа, што ляжаў на падлозе, нават не варухнуўся, увесь ператварыўся ў слых: яму вельмі хацелася ведаць, як гэта можна дабіцца свабоды і стаць сабе самому панам.

- Ведаеце, хто жыў у тым доме? - спытаў былы цень. - Нешта найцудоўнейшае ў свеце - сама Паэзія! Я прабыў там тры тыдні, а гэта тое ж самае, што пражыць на свеце тры тысячы гадоў і прачытаць усё, што прыдумана і напісана паэтамі, - запэўніваю вас! Я бачыў усё і ведаю ўсё - і гэта шчырая праўда!

- Паэзія! - ускрыкнуў вучоны. - Так, так! Яна часта жыве пустэльнікам у вялікіх гарадах! Паэзія! Я бачыў яе толькі мелькам, ды і то сонны. Яна стаяла на балконе і свяцілася, як паўночнае ззянне! Расказвай жа, расказвай! Ты быў на балконе, зайшоў у дзверы і...?

- І трапіў у прыхожую! - падхапіў цень. - Вы ж заўсёды сядзелі і глядзелі на прыхожую. Яна не была асветлена, і ў ёй панаваў нейкі паўзмрок, але праз адчыненыя дзверы бачылася анфілада асветленых пакояў. Мяне б гэта святло знішчыла ўшчэнт, калі б я ў той жа міг не выйшаў да дзяўчыны, але я быў разважлівы і дачакаўся зручнага моманту. Так варта рабіць заўсёды!

- І што ж ты там убачыў? - спытаў вучоны.

- Усё, і я раскажу вам пра ўсё, але... Ці бачыце, я не з гордасці, а... з прычыны той свабоды і ведаў, якія я маю, не кажучы ўжо пра маё становішча ў свеце... Я вельмі б жадаў, каб вы звярталіся да мяне на вы.

- Ах, прашу прабачыць мне! - сказаў вучоны. - Гэта я па старой прывычцы!.. Я з вамі згодзен! І я не забуду гэтага. Але раскажыце, што вы там бачылі?

- Усё! - адказаў цень. - Я бачыў усё і ведаю ўсё!

- Што ж нагадвалі гэтыя ўнутраныя пакоі? - спытаў вучоны. - Ці свежы зялёны лес? Або святы храм? Або вачам вашым адкрылася зорнае неба, якое відаць толькі з горных вяршынь?

- Усё там было! - сказаў цень. - Я, аднак, не заходзіў у тыя пакоі, я заставаўся ў прыхожай, у паўцемры, але там адчуваў сябе выдатна, я бачыў усё, і я ведаю ўсё! Я ж правёў гэтулькі часу ў прыхожай пры двары Паэзіі.

- Ну што ж вы бачылі там? Велічныя шэсці старажытных багоў? Барацьбу герояў шэрай даўніны? Гульні мілых дзяцей, лепятанне аб дзіўных марах?..

- Гавару ж вам, я быў там, значыць, бачыў усё, што толькі можна было бачыць! Калі б вы з'явіліся там, вы не сталі б чалавекам, а я ім стаў! Я спазнаў там сваю ўласную натуру, сваю прыродную роднасць з паэзіяй. Так, у тыя часы, калі я быў з вамі, я яшчэ і не думаў пра нешта падобнае. Але прыпомніце толькі, як я заўсёды дзіўна вырастаў на ўсходзе і захадзе сонца! Пры святле ж месяца я быў прыкметны не больш, чым вы! Але тады яшчэ я не разумеў сваёй натуры, мяне азарыла толькі ў прыхожай! Там я стаў чалавекам, зусім сталым. Але вас ужо не было ў гарачай краіне; паміж тым, я, у якасці чалавека, саромеўся ўжо з'яўляцца ў сваім ранейшым выглядзе: мне патрэбны былі боты, прыстойны касцюм, адным словам, я меў патрэбу ва ўсім гэтым знешнім чалавечым глянцы, пры якім прызнаюць вас за чалавека. І вось я знайшоў сабе сховішча... Так, вам я прызнаюся ў гэтым, вы ж не надрукуеце гэта: я знайшоў сабе сховішча пад спадніцай гандляркі ласункамі! Жанчына і не здагадвалася, што яна хавала! Выходзіў я толькі вечарам, бегаў па вуліцах пры святле месяца, выцягваўся на ўвесь рост па сцяне - гэта так прыемна казыча спіну! Узбіраўся па сценах наверх, злазіў уніз, заглядваў у вокны верхніх паверхаў, заглядваў і ў залы, і на гарышчы, заглядваў і туды, куды ніхто не мог заглядваць, бачыў тое, чаго ніхто не павінен быў бачыць! І я даведаўся, які, па сутнасці, ганебны свет! Далібог, я не хацеў бы нават быць чалавекам, калі б толькі не лічылася гэта нечым асаблівым! Я заўважыў самае неверагоднае ў жанчын, у мужчын, у бацькоў, нават у мілых, цудоўных дзетак. Я бачыў тое, - дадаў цень, - чаго ніхто не павінен быў - але вельмі хацеў! - бачыць - тайныя недахопы і грахі людскія. Калі б я друкаваўся ў газетах, мяне б чыталі! Але я пісаў толькі зацікаўленым асобам і наводзіў на ўсіх і ўсюды, дзе б я ні з'яўляўся, толькі жах! Усе так баяліся мяне і так любілі! Прафесары прызнавалі мяне сваім калегам, краўцы апраналі мяне - касцюмаў у мяне цяпер удосталь, - манетчыкі чаканілі для мяне манеты, а жанчыны захапляліся маёй прыгажосцю! І вось я стаў тым, кім ёсць. А цяпер я развітаюся з вамі: вось мая картка. Жыву я на сонечным баку, і ў дажджлівае надвор'е заўсёды дома!

З гэтымі словамі цень пайшоў.

- Як жа гэта ўсё дзіўна! - сказаў вучоны.

Ішлі дні і гады; раптам цень зноў з'явіўся да вучонага.

- Ну, як справы? - спытаў ён.

- На жаль! - адказваў вучоны. - Я пішу пра ісціну, дабро і прыгажосць, а нікому да гэтага няма справы. Я проста ў роспачы: мяне гэта так засмучае.

- А вось мяне - не! - сказаў цень. - Таму я ўсё таўсцею, а гэта самае галоўнае! Так, не ўмееце вы жыць на свеце. Яшчэ захварэеце, не дай Бог. Вам трэба пападарожнічаць трохі. Я якраз і збіраюся летам - хочаце паехаць са мной? Мне патрэбны людзі ў дарозе, дык ці не паедзеце вы... у якасці майго ценю? Сапраўды, ваша кампанія была б для мяне вельмі прыемнай; усе выдаткі я бяру на сябе!

- Не, гэта ўжо занадта! - раззлаваўся вучоны.

- Ды гэта як глянуць на справу! - сказаў цень. - Паездка прынесла б вам вялікую карысць! А варта толькі вам згадзіцца, быць маім ценем, - і вы паедзеце за мой кошт!

- Гэта ўжо абы-што! - аж крыкнуў вучоны.

- Такі свет, - сказаў цень. - Такім ён і застанецца!

І цень пайшоў.

Вучоны адчуваў сябе блага, а гора і клопаты па-ранейшаму хадзілі за ім: ён пісаў пра ісціну, дабрыню і прыгажосць, а людзі разумелі ўсё гэта не больш, чым каровы траву. Нарэшце ён зусім захварэў.

- Вас не пазнаць, вы зрабіліся проста ценем! - гаварылі вучонаму людзі, і па яго спіне прабягалі дрыжыкі ад думкі, якая заўсёды прыходзіла яму ў галаву пры гэтых словах.

- Вам трэба ехаць куды-небудзь на воды! - сказаў цень, які зноў павярнуўся да яго. - Нічога іншага для вас не застаецца! Я згодны ўзяць вас з сабою дзеля нашага знаёмства. Я бяру на сябе ўсе выдаткі па падарожжу, а вы апішаце нашу паездку і будзеце прыемна забаўляць мяне ў дарозе. Я збіраюся на воды; мая барада не расце так, як трэба, а гэта ж нейкая хвароба, - барада павінна быць! Ну, будзьце разважлівым, прымайце маю прапанову: мы ж паедзем як таварышы.

І яны паехалі. Цень зрабіўся панам, а пан ценем. Яны былі неразлучныя: і ехалі, і гутарылі, і хадзілі заўсёды разам - то плячо ў плячо, то цень наперадзе вучонага, то ззаду, у залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца сонца. Але цень умеў выдатна трымацца панам, а вучоны, па сардэчнай дабрыні, нават і не заўважаў гэтага. Ён быў увогуле такі слаўны, шчыры чалавек, і неяк узяў ды сказаў ценю:

- Мы ж цяпер таварышы, ды і выраслі разам - будзем жа на ты, гэта будзе па-сяброўску!

- У вашых словах сапраўды шмат шчырай добразычлівасці! - сказаў цень. - І я таксама хачу быць з вамі шчырым. Вы, як чалавек вучоны, ведаеце, напэўна, якімі дзівацтвамі вызначаецца чалавечая натура! Некаторым, напрыклад, непрыемна дакранацца да шэрай паперы, іншыя ўздрыгваюць усім целам, калі пры іх правесці цвіком па шкле. Вось такое ж пачуццё авалодвае і мною, калі вы кажаце мне «ты». Я адчуваю сябе зусім прыгнечаным, як бы зведзеным да ранейшага майго стану. Вы бачыце, што гэта проста хваравітае пачуццё, а не гордасць з майго боку. Я не магу дазволіць вам гаварыць мне «ты», але сам ахвотна буду казаць вам «ты»; такім чынам ваша жаданне будзе выканана хоць напалову.

І вось цень пачаў гаварыць свайму ранейшаму пану «ты».

«Гэта, аднак, абы-што, - падумаў вучоны. - Я павінен звярнуцца да яго на вы, а ён мне тыцкае».

Але рабіць было нечага.

Нарэшце яны прыбылі на воды. На водах праходзіў вялікі з'езд чужаземцаў. У ліку гасцей была і адна прыгажуня прынцэса, якая пакутвала ад надзвычай праніклівага позірку, а гэта ж не жарт, - любога напалохае.

Яна адразу заўважыла, што чужаземец, які толькі што прыбыў, зусім не падобны на ўсіх іншых людзей.

- Хоць і гавораць, што ён прыехаў сюды дзеля таго, каб адпусціць сабе бараду, але мяне ж не абманеш: я бачу, што ён проста не можа адкідваць цень!

Цікаўнасць яе была падбухторана, і яна, не доўга думаючы, падышла да незнаёмца, што прагульваўся, і пачала з ім размаўляць. Паколькі яна была прынцэсай, то без усіх цырымоній, сказала яму:

- Ваша хвароба, думаю, у тым, што вы не можаце адкідваць ад сябе цень.

- А ваша каралеўская вялікасць, спадзяюся, хутка ўжо паправіцца! - сказаў цень. - Я ведаю, што вы пакутвалі хваробай вачэй. Цяпер, як бачу, паправіліся! У мяне якраз незвычайны цень. Ці не заўважылі вы асобу, якая пастаянна ходзіць за мной? Ва ўсіх людзей - звычайныя цені, але я ўвогуле вораг усяму звычайнаму, і як іншыя апранаюць слуг сваіх у ліўрэі з больш тонкага сукна, чым носяць самі, так я апрануў свой цень як чалавека і нават прыставіў да яго цень. Усё гэта каштуе мне вельмі дорага, але я ў такіх выпадках грошай не шкадую.

«Вось як! - падумала прынцэса. - Дык я і на самой справе паправілася? Так, гэтыя воды - лепшыя ў свеце. Трэба прызнацца, што воды маюць у наш час сапраўды дзіўную сілу. Але я пакуль не паеду, - цяпер тут будзе яшчэ цікавей. Мне вельмі падабаецца гэты чужынец. Толькі б барада яго не вырасла, а то ён паедзе!»

Вечарам быў баль, і прынцэса танцавала з ценем. Танцавала лёгка, але цень быў яшчэ лягчэйшы; такога танцора прынцэса яшчэ не сустракала. Яна сказала яму, з якой краіны прыбыла, і выявілася, што ён ведаў гэтую краіну і нават быў там, але прынцэса якраз тады ад'язджала некуды. Ён заглядваў ва ўсе вокны, бачыў тое-сёе і таму мог адказваць прынцэсе на ўсе пытанні і нават рабіць такія намёкі, якія яе вельмі дзівілі і ад якіх яна пачала лічыць яго разумнейшым чалавекам на свеце. Веды яго проста здзіўлялі яе, і яна прасякла да яго найвялікай павагай. Станцаваўшы з ім яшчэ раз, яна канчаткова закахалася ў яго, і цень гэта выдатна заўважыў: прынцэса так і працінала свайго кавалера поглядам. Станцаваўшы з ценем яшчэ раз, прынцэса была гатова прызнацца яму ў каханні, але разважлівасць узяла ўсё-такі верх, яна падумала пра сваю краіну, дзяржаву і народ, якімі ёй трэба было кіраваць. «Разумны ён, разумны, - сказала яна самой сабе, - і гэта цудоўна; танцуе ён выдатна, і гэта таксама добра, але ці валодае ён грунтоўнымі пазнаннямі, што таксама вельмі патрэбна! Трэба яго праэкзаменаваць».

І яна зноў пачала з ім размову і назадавала яму шмат цяжкіх пытанняў, на якія і сама не змагла б адказаць. Цень зрабіў здзіўленую міну.

- Дык вы не можаце адказаць мне? - спытала прынцэса.

- Усё гэта я вывучаў яшчэ ў дзяцінстве! - адказаў цень. - Я думаю, нават цень мой, які стаіць ля дзвярэй, зможа адказаць вам.

- Ваш цень?! - здзівілася прынцэса. - Гэта было б проста незвычайна!

- Я, ці бачыце, сцвярджаю, - сказаў цень, - але думаю, што ён можа, - ён жа гэтулькі гадоў неразлучны са мной і трохі наслухаўся мяне! Але, ваша каралеўская вялікасць, дазвольце мне звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць. Цень мой вельмі ганарыцца тым, што слыве чалавекам, і калі вы не хочаце сапсаваць яму настрой, вам трэба абыходзіцца з ім, як з чалавекам! Іначай ён не будзе ў стане адказваць як трэба.

- Што ж, гэта мне падабаецца! - адказала прынцэса і, падышоўшы да вучонага, які стаяў каля дзвярэй, загаварыла з ім пра сонца, пра месяц, пра знешнія і ўнутраныя бакі і ўласцівасці жыцця чалавечай прыроды.

Вучоны адказваў на ўсе яе пытанні добра і разумна.

«Што гэта павінен быць за чалавек, - падумала прынцэса, - калі нават цень яго такі разумны! Для майго народа і дзяржавы будзе сапраўдным дабрадзействам, калі я выберу яго сабе мужам. Так я і зраблю!»

І хутка яны вырашылі паміж сабой гэтае пытанне. Ніхто, аднак, не павінен быў ведаць нічога, пакуль прынцэса не вернецца дамоў, у сваю дзяржаву.

- Ніхто, ніхто, нават мой уласны цень! - настойваў цень, які меў на гэта сваю прычыну.

Нарэшце яны прыбылі ў краіну, якой кіравала прынцэса, калі бывала дома.

- Паслухай, дружа! - сказаў тут цень вучонаму. - Цяпер я дасягнуў вышэйшага шчасця і магутнасці чалавечай і хачу зрабіць тое-сёе і для цябе! Ты застанешся пры мне, будзеш жыць у маім палацы, ездзіць са мной у каралеўскай карэце і атрымліваць сто тысяч рыксдалераў у год. Але за гэта ты павінен дазволіць называць цябе ценем усім і кожнаму. Ты не павінен і заікацца, што быў калі-небудзь чалавекам. А раз у год, у сонечны дзень, калі я буду на балконе перад усім народам, ты павінен будзеш ляжаць ля маіх ног, як і патрэбна ценю. Трэба табе сказаць, што я жанюся на прынцэсе; вяселле - сёння вечарам.

- Не, гэта ўжо абы-што! - ускрыкнуў вучоны. - Не хачу я гэтага і не зраблю! Гэта азначала б - абманьваць усю краіну і прынцэсу! Я скажу ўсё! Скажу, што я чалавек, а ты толькі пераапрануты цень - усё, усё скажу!

- Ніхто не паверыць табе! - сказаў цень. - Ну, будзь жа разважным, а то я паклічу варту!

- Я пайду да прынцэсы! - сказаў вучоны.

- Ну, а я траплю да яе раней за цябе! - сказаў цень. - А ты пойдзеш пад арышт.

Так і сталася: варта падпарадкавалася таму, за каго, як усе ведалі, выходзіла замуж прынцэса.

- Ты дрыжыш! - сказала прынцэса, калі цень зайшоў да яе. - Што-небудзь здарылася? Не захварэй, глядзі! Сёння ж вечарам наша вяселле!

- Ах, я пражыў толькі што страшную хвіліну! - сказаў цень. - Падумай... Ды ці шмат, па сутнасці, патрэбна мазгам якога-небудзь няшчаснага ценю!.. Падумай, мой цень звіхнуўся, уявіў сябе чалавекам, а мяне называе - падумай толькі - сваім ценем!

- Які жах! - сказала прынцэса. - Спадзяюся, яго замкнулі?

- Вядома, але я баюся, што ён ніколі не апамятаецца!

- Бедны цень! - уздыхнула прынцэса. - Ён вельмі няшчасны! Было б сапраўдным дабрадзействам пазбавіць яго ад той часцінкі жыцця, якая яшчэ ёсць у ім. А калі добра падумаць, дык, па-мойму, нават неабходна пакончыць з ім як найхутчэй і без шуму!

- Усё-такі гэта жорстка! - сказаў цень. - Ён быў маім вечным слугой! - і цень прытворна ўздыхнуў.

- У цябе высакародная душа! - сказала прынцэса.

Вечарам увесь горад быў ілюмінаваны, грымелі гарматныя стрэлы, салдаты віталі стрэльбамі. Вось было вяселле! І прынцэса з ценем выйшлі на балкон паказацца народу, які яшчэ раз пракрычаў ім «ура».

Вучоны не чуў гэтай радасці - з ім ужо ўсё было скончана.



Пераклад: Уладзімір Карызна