Жыла-была цыравальная іголка; яна лічыла сябе такой тонкай, што ўявіла, быццам яна швейная іголка.
- Глядзіце, глядзіце, што вы трымаеце! - сказала яна пальцам, калі яны вымалі яе. - Не выпусціце мяне! Упаду на падлогу - чаго добрага, згублюся: я занадта тонкая!
- Быццам бы! - адказалі пальцы і моцна схапілі яе за талію.
- Вось бачыце, я іду з цэлай світай! - сказала цыравальная іголка і пацягнула за сабою доўгую нітку, толькі без вузельчыка.
Пальцы ўторкнулі іголку проста ў кухарчыну пантофлю, - скура на пантофлі трэснула, і трэба было зашыць дзірку.
- Фу, якая чорная работа! - сказала цыравальная іголка, - я не вытрымаю! Я зламлюся!
І сапраўды зламалася.
- Ну вось, я ж казала, - прамовіла яна, - я занадта тонкая!
«Цяпер яна ні на што не годная», - падумалі пальцы, але ім ўсё-такі давялося моцна трымаць яе: кухарка накапала на зламаны канец іголкі сургуч і потым закалола ёй хустку.
- Вось цяпер я - брошка! - сказала цыравальная іголка. - Я ведала, што буду карыстацца павагай: у кім ёсць толк, з таго заўсёды выйдзе нешта вартае.
І яна засмяялася сама сабе, - бо ніхто ж не бачыў, каб цыравальныя іголкі смяяліся ўголас, - яна сядзела ў хустцы, нібы ў карэце і аглядалася па баках.
- Дазвольце спытацца, вы з золата? - звярнулася яна да суседкі-шпількі. - Вы вельмі сімпатычная, і ў вас уласная галоўка... Толькі маленькая! Пастарайцеся яе адгадаваць, - не кожнаму ж дастаецца сургучная галоўка!
Пры гэтым цыравальная іголка так фанабэрыста выпрасталася, што вылецела з хусткі проста ў ракавіну, куды кухарка якраз вылівала памыі.
- Выпраўляюся ў плаванне! - сказала цыравальная іголка. - Толькі б не згубіцца!
Але яна згубілася.
- Я занадта тонкая, я не створана для гэтага свету! - сказала яна, лежачы ў вулічнай канаве. - Але я ведаю сабе кошт, а гэта заўсёды прыемна.
І цыравальная іголка цягнулася ў струнку, не трацячы добрага настрою.
Над ёю праплывала ўсялякая ўсялячына: трэскі, саломінкі, кавалкі газетнай паперы...
- Бач, як плывуць! - казала цыравальная іголка. - Яны і ў розум не возьмуць тое, хто хаваецца тут пад імі. - Гэта я тут хаваюся! Я тут сяджу! Вунь плыве трэска: у яе толькі і думак, што аб трэсках. Ну, трэскай яна век і застанецца! Вось саломінку нясе... А круціцца, круціцца як! Не задзірай так носу! Глядзі, каб не наскочыць на камень! А вунь газетны абрывак плыве. Даўно ўжо забыцца паспелі, што на ім надрукавана, а ён бач як разгарнуўся!.. Я ляжу ціха, смірна. Я ведаю сабе кошт, і гэтага ў мяне не адбяруць!
Аднойчы каля яе нешта заблішчэла, і цыравальная іголка ўявіла, што гэта брыльянт. Гэта быў бутэлечны асколак, але ён зіхацеў, і цыравальная іголка загаварыла з ім. Яна назвала сябе брошкай і спыталася ў яго:
- Вы, мусібыць, брыльянт?
- Так, нешта накшталт гэтага.
І абое думалі адно пра другое і пра саміх сябе, што яны сапраўднай каштоўнасці, і гутарылі між сабой аб недасведчанасці і фанабэрыстасці свету.
- Так, я жыла ў каробцы ў адной дзяўчыны, - распавядала цыравальная іголка. - Дзяўчына гэтая была кухаркай. У яе на кожнай руцэ было па пяць пальцаў. І вы ўявіць сабе не можаце, да чаго даходзіла іх напышлівасць! А занятак жа ў іх быў толькі адзін - вымаць мяне і класці назад у каробку!
- А яны блішчэлі? - спытаўся бутэлечны асколак.
- Блішчэлі? - адказала цыравальная іголка. - Не, бляску ў іх не было, затое колькі гонару!.. Іх было пяць братоў, усе - уроджаныя «пальцы»; яны заўсёды стаялі ў рад, хоць і былі рознай велічыні. Крайні - Таўстун, - між іншым, адстояў ад іншых, ён быў тоўсты карантыш, і спіна ў яго гнулася толькі ў адным месцы, таму ён мог кланяцца толькі раз; затое ён казаў, што калі яго адсякуць, дык чалавек не прыдатны болей для вайсковай службы. Другі - Ласунок - тыцкаў свой нос усюды: і ў салодкае і ў кіслае, тыцкаў і ў сонца і ў месяц; ён жа націскаў на пяро, калі трэба было пісаць. Наступны - Цыбаты - глядзеў на ўсіх звысоку. Чацверты - Залатаперст - насіў вакол поясу залаты пярсцёнак. І, нарэшце, самы маленькі - Пер-музыка нічога не рабіў і вельмі гэтым ганарыўся. Так, яны толькі і ведалі, што выхваляцца, і вось - я кінулася ў ракавіну.
- А цяпер мы сядзім ды блішчам! - сказаў бутэлечны асколак.
У гэты час вады ў канаве прыбыло, і яна хлынула цераз край і знесла з сабой асколак.
- Ён прасунуўся! - уздыхнула цыравальная іголка. - А я засталася ляжаць! Я занадта тонкая, занадта далікатная, але я ганаруся гэтым, і гэта высакародны гонар!
Яна ляжала, выцягнуўшыся ў струнку, і перадумала шмат думак.
- Я проста гатовая думаць, што нарадзілася ад сонечнага промня, - такая я тонкая! Праўда, здаецца, быццам сонца шукае мяне пад вадой! Ах, я такая тонкая, што нават бацька мой сонца не можа мяне знайсці! Не абламалася б тады маё вочка*, я б, здаецца, заплакала! Хаця, не, плакаць непрыстойна!
* Ігольнае вушка па-дацку называецца ігольным вочкам.
Аднойчы прыйшлі вулічныя хлапчукі і пачалі корпацца ў канаўцы, вышукваючы старыя цвікі, манеткі ды іншыя скарбы. Перапэцкаліся яны страшэнна, але гэта прыносіла ім задавальненне!
- Ай! - закрычаў раптам адзін з іх; ён накалоўся аб цыравальную іголку. - Глядзі, якая штуковіна!
- Я не штуковіна, а паненка! - заявіла цыравальная іголка, але яе ніхто не пачуў. Сургуч з яе сышоў, і яна ўся пачарнела, але ў чорным заўсёды выглядаеш больш стрункай, і іголка ўяўляла, што стала яшчэ танчэй за ранейшае.
- Вунь плыве яечная шкарлупіна! - закрычалі хлапчукі, узялі цыравальную іголку ды ўваткнулі ў шкарлупіну.
- Чорнае на белым фоне вельмі прыгожа! - сказала цыравальная іголка. - Цяпер мяне добра відаць! Толькі б не захварэць на марскую хваробу, гэтага я не вытрымаю: я такая далікатная!
Але яна не захварэла на марскую хваробу - вытрымала.
- Супроць марской хваробы добра мець стальны страўнік, і заўсёды трэба памятаць, што ты не тое што звычайныя смяротныя! Цяпер я зусім ачуняла. Чым ты больш высакародны, тым больш можаш перанесці!
- Крэк! - сказала яечная шкарлупіна: яе пераехалі ламавыя калёсы.
- Вух, як цісне! - заенчыла цыравальная іголка. - Зараз мяне званітуе! Не вытрымаю! Зламлюся!
Але яна вытрымала, хаця яе і пераехалі ламавыя калёсы; яна ляжала на бруку, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню, - ну і няхай сабе ляжыць!