epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Дзяўчынка з запалкамі

Бралася на мароз, ішоў снег, на вуліцы рабілася ўсё больш і больш цёмна. Справа была вечарам, напярэдадні Новага года. У гэткі вось холад і цемрадзь па вуліцах блукала бедная дзяўчынка з непакрытай галавой і босымі нагамі. Праўда, яна выйшла з дому ў туфлях, але чаго яны былі вартыя! Неверагодна агромністыя, апошняю іх насіла маці дзяўчынкі, і яны зляцелі ў малюткі з ног, калі яна перабягала цераз вуліцу, спужаўшыся дзвюх карэт, што імчалі міма яе. Аднаго туфля яна так і не знайшла, другі ж падхапіў нейкі хлопчык і пабег з ім, сказаўшы, што з яго выйдзе выдатная калыска для яго дзяцей, калі яны ў яго будуць.

І вось дзяўчынка пайшла далей басанож; ножкі яе зусім пачырванелі і пасінелі ад холаду. У старэнькім фартушку ў яе ляжала некалькі карабкоў серных запалак; адзін карабок яна трымала ў руцэ. За цэлы дзень ніхто не купіў у яе ніводнай запалачкі, яна не ўтаргавала ні гроша. Галодная, азяблая, ішла яна ўсё далей, далей... Шкада было і паглядзець на небараку! Снег густа падаў на яе цудоўныя бялявыя валасы, якія віліся, але яна і не думала пра гэтую прыгажосць. Ва ўсіх вокнах свяціліся агеньчыкі, вуліцы дыхалі смажанымі гусьмі; сёння ж быў пярэдадзень Новага года - вось пра гэта яна думала.

Нарэшце яна ўселася ў куточку, за выступам аднаго дома, скурчылася і падціснула пад сябе ножкі, каб хоць трошкі сагрэцца. Але не, стала яшчэ халадней, а дамоў яна вярнуцца не смела: яна ж не прадала ніводнага карабка, не ўтаргавала ні гроша - бацька прыб'е яе! Ды і не цяплей у іх дома! Толькі што дах над галавою, а вецер, дык так і гуляе па ўсяму жытлу, нягледзячы на тое, што ўсе шчыліны і дзіркі старанна заткнуты саломаю і анучамі.

Ручкі яе зусім пакалелі. Ах! Адна маленечкая запалка магла б сагрэць яе! Калі б толькі яна асмелілася ўзяць з карабка хаця б адну, чыркнуць ёю аб сцяну і пагрэць. пальчыкі! Нарэшце дзяўчынка выцягнула запалку. Чырк! Як яна засіпела і загарэлася! Полымя было такое цёплае, яснае, і калі дзяўчынка прыкрыла яго ад ветру жменькай, ёй здалося, што перад ёю гарыць свечка.

Дзіўная гэта была свечка: дзяўчынцы мроілася, быццам яна сядзіць перад вялікаю жалезнаю печкаю з бліскучымі меднымі ножкамі і дзверцамі. Як хораша палымнеў у ёй агонь, як цёпла стала малютцы! Яна выцягнула было і ножкі, але... агонь пагас. Печка знікла, у руках дзяўчынкі застаўся толькі абгарэлы канец запалкі.

Вось яна чыркнула другою; запалка загарэлася, полымя яе ўпала проста на сцяну, і сцяна стала раптам празрыстаю. Дзяўчынка пабачыла ўвесь пакой, накрыты беласнежным абрусам і застаўлены дарагім фарфорам стол, а на ім смажаную гусь, напханую чарнаслівам і яблыкамі. Што за пах ішоў ад яе! Лепш жа за ўсё было тое, што гусь раптам саскочыла са стала і, як была, з відэльцам і нажом у спіне, так і пабегла, перавальваючыся, проста да дзяўчынкі. Тут запалка пагасла, і перад дзяўчынкай зноў стаяла адна халодная каменная сцяна.

Яна запаліла яшчэ запалку і апынулася пад дзівоснаю елкаю, куды большаю і прыгажэйшаю, чым тая, якую дзяўчынка бачыла на Куццю, зазірнуўшы ў акно аднаго багатага купца. Елка гарэла тысячамі агеньчыкаў, а з зеляніны голля выглядвалі стракатыя малюнкі, якімі ўпрыгожваюць вокны крамаў. Малютка працягнула да елкі абедзве ручкі, але запалка пагасла, агеньчыкі сталі паднімацца ўсё вышэй і вышэй, і яна пабачыла, што гэта былі ясныя зорачкі; адна з іх раптам пакацілася па небе, пакідаючы за сабою доўгі вогненны след.

- Вось нехта памірае! - сказала дзяўчынка.

Нябожчыца бабуля, якая адна ў цэлым свеце любіла дзяўчынку, казала ёй: «Калі падае зорачка - нечая душа ідзе да Бога».

Дзяўчынка чыркнула аб сцяну новаю запалкаю; яркае святло асвяціла прастору, і перад малюткаю стаяла ўся акружаная ззяннем, такая ясная, светлая, і ў той жа час такая ціхая і ласкавая яе бабуля.

- Бабуля! - закрычала дзяўчынка. - Вазьмі мяне з сабою! Я ведаю, што ты знікнеш, як толькі пагасне запалка, знікнеш, як цёплая печка, дзівосная смажаная гусь і вялікая цудоўная елка!

І яна паспешліва чыркнула ўсімі запалкамі, якія засталіся і былі ў яе ў руках, - гэтак ёй хацелася затрымаць бабулю.

І запалкі ўспыхнулі такім яркім полымем, што стала святлей, чым днём. Ніколі яшчэ бабуля не была такою прыгожаю, такою вялікаснаю! Яна ўзяла дзяўчынку на рукі, і яны паляцелі разам, у ззянні і ў бляску, высока-высока, туды, дзе няма ні холаду, ні голаду, ні жаху - да Бога!

У халодны ранішні час, у кутку за домам, па-ранейшаму сядзела дзяўчынка з ружовымі шчочкамі і ўсмешкай на вуснах, але мёртвая. Яна замерзла ў апошні вечар старога года; навагодняе сонца асвяціла маленькі трупік. Дзяўчынка сядзела з запалкамі; адзін карабок амаль зусім згарэў.

- Яна хацела пагрэцца, небарака! - казалі людзі.

Але ніхто не ведаў, якую прыгажосць яна бачыла, у якім бляску ўзняслася разам з бабуляй да навагодніх радасцей на неба!



Пераклад: Раіса Баравікова