epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Дзіцячае пустамоўе

У купца-багацея ладзіўся дзіцячы вечар; былі запрошаны ўсе дзеці багатых і знакамітых бацькоў. Справы ў купца ішлі добра, а сам ён быў чалавекам адукаваным, у свой час нават гімназію закончыў. Гэтага дабіўся яго шаноўны бацька, які напачатку быў звычайным прасалам, але сумленным і працавітым чалавекам і здолеў сабраць сабе сякі-такі капітал, а сын яго прымножыў. Купец быў разумным і добрым чалавекам, хоць людзі пра гэтыя якасці згадвалі не так часта, як пра яго багацце.

Ён быў знаёмы, як кажуць, і з арыстакратамі крыві, і з арыстакратамі розуму, а таксама з арыстакратамі крыві і розуму адначасова, і, нарэшце, з тымі, якія не маглі пахваліцца ні першым, ні другім арыстакратызмам.

Такім чынам, у ягоных пакоях сабралася вялікая грамада, але выключна дзіцячая, дзеці балбаталі без супынку; як вядома, у іх што ў галаве, тое і на языку. Сярод дзяцей была адна прыгожанькая маленькая дзяўчынка, толькі страшэнна фанабэрыстая. Фанабэрыю ў яе не ўбілі, а «ўцалавалі», і не бацькі, а слугі - бацькі для гэтага былі занадта разумныя. Бацька малечы быў камер-юнкерам, і яна ведала, што гэта штосьці «страшна важнае».

- Я камер-юнкерская дачка! - сказала яна.

Між тым з гэткім жа поспехам яна магла быць і дачкой крамніка - бо і першае і другое аднолькава не залежыць ад самога чалавека. І вось яна расказвала іншым дзецям, што ў яе цячэ «сапраўдная кроў», а хто яе не мае, з таго нічога і не атрымаецца. Чытай, старайся, вучыся колькі хочаш, але калі ў цябе няма сапраўднай крыві, толку не будзе.

- А ў тых, чыё імя канчаецца на «сен», - дадала яна, - і зусім ніколі нічога талковага не атрымаецца. Трэба ўперці рукі ў бокі і трымацца далей ад усіх гэтых «сен, сен»!

І яна ўперлася чароўнымі ручкамі ў бакі і выставіла вострыя локцікі, каб паказаць, як трэба трымацца. Цудоўныя ў яе былі ручкі, ды і сама яна была надзвычай міленькая!

Але дачка купца пакрыўдзілася: прозвішча яе бацькі было Мадсен, а яна разумела, што гэтае прозвішча таксама канчаецца на «сен». Тады яна годна ўзняла галоўку і сказала:

- Затое мой тата можа купіць ледзянцоў ажно на сто рыксдалераў і раскідаць іх сярод людзей! А твой можа?

- А мой тата, - сказала дачка пісьменніка, - можа і твайго тату, і твайго, і ўсіх татаў на свеце выставіць у газеце! Яго ўсе баяцца, а мама гаворыць: гэта ён гаспадар у газеце!

І дзяўчынка ганарліва ўскінула галаву - ну проста вылітая прынцэса крыві!

А за прычыненымі дзвярамі стаяў бедны хлопчык і пазіраў на дзяцей праз шчыліну; хлапчанё не магло зайсці ў пакой: дзе тут гэткаму бедняку раўняцца на багатых і знакамітых дзяцей! Ён дапамагаў на кухні кухарцы, і зараз яму дазволілі зірнуць праз шчыліну на прыбраных і вясёлых дзяцей, і ўжо гэта было для яго вялікім шчасцем.

«Вось каб я быў на іхнім месцы!» - мроілася яму. Раптам ён пачуў гаману дзяўчынак, ад яе можна было ўпасці духам. Бо ў ягоных бацькоў не было і капейкі ў капілцы; у іх не было нават сродкаў, каб выпісаць газету, а не тое, што выдаваць яе самім. Але горш за ўсё, што прозвішча яго бацькі, а значыць, і яго ўласнае, канчалася на «сен»! З яго ніколі не атрымаецца нічога талковага! Вось у чым бяда! Але яму здавалася, што кроў у яго была самая сапраўдная; бо інакш і быць не магло.

Дык вось што адбылося ў той вечар!

 

Мінула шмат гадоў, дзеці сталі дарослымі. У тым жа горадзе стаяў цудоўны дом, поўны багацця. Усім хацелася пабываць там; дзеля гэтага прыязджалі нават з іншых гарадоў. Дык хто ж з тых дзяцей, пра якіх нам расказалі, мог назваць гэты дом сваім? Гэта лёгка адгадаць? Не вельмі! Дом належаў таму беднаму хлапчаняці, якое сціпла стаяла тады за дзвярамі. З яго ўсё ж нешта атрымалася, хоць і прозвішча яго канчалася на «сен» - Тарвальдсен.

А тыя тры дзяўчынкі? Дзеці кроўнай, грашовай і разумовай знаці, што з іх атрымалася? Так, усе яны былі дзеці як дзеці, усе адно аднаго вартыя! І з іх атрымаліся прыстойныя людзі; запачаткаванні ў іх былі добрыя. А іхнія развагі і размовы ў той вечар былі пустой дзіцячай балбатнёй!



Пераклад: Максім Валошка