epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Ганс Даўбешка

Нанава пераказаная даўняя гісторыя

Быў у адной вёсцы стары маёнтак, а ў старым маёнтку жыў стары пан. У яго было два сыны, ды такія разумныя, што калі б яны і палову таго розуму мелі, дык і то ім хапіла б. Абодва яны збіраліся пасватацца да каралеўны, і ў гэтым не было нічога асаблівага, бо яна сама абвясціла, што выйдзе замуж за самага разумнага, хто здолее перагаварыць яе.

Абодва браты рыхтаваліся да сватання восем дзён, на большае ў іх часу не заставалася, але і гэтага ім было досыць: яны шмат чаго зналі і былі хлопцы хоць куды. Адзін вывучыў на памяць увесь лацінскі слоўнік і мясцовыя газеты за тры гады і мог іх пераказаць не толькі ад пачатку да канца, а і наадварот - ад канца да пачатку. Другі вывучыў назубок збор законаў, ведаў усё, што належыць ведаць муніцыпальнаму радцу, і мог разважаць пра дзяржаўныя справы. Апрача таго, ён умеў вышываць падцяжкі, - во які быў майстар! І кожны з іх даводзіў: «З каралеўнаю ажанюся я!»

Бацька даў ім па добрым кані: таму, што ведаў на памяць слоўнік і газеты, - каня чорнага як вугаль, а таму, што меў дзяржаўны розум і ўмеў вышываць, - каня белага як малако. Браты змазалі сабе губы рыбіным тлушчам, каб рот лягчэй і хутчэй адкрываўся, і сабраліся ў дарогу. Усе слугі высыпалі на двор паглядзець, як маладыя панічы пасядуць на коней. Прыйшоў і трэці брат, - братоў жа было тры, але трэцяга, малодшага, ніхто не лічыў: далёка яму было да сваіх вучоных братоў, і звалі яго проста Ганс Даўбешка.

- Куды гэта вы? І чаго гэтак разадзеліся? - спытаў ён.

- У палац едзем, каралеўну сабе «выгаворваць». А ты што, не чуў хіба? Пра гэта ж ва ўсе званы звоняць.

І яны расказалі яму пра сваё сватанне.

- Вунь яно што! Дык і я з вамі! - сказаў Ганс Даўбешка.

Але браты толькі пасмяяліся з яго і паехалі.

- Бацька, дай мне каня! - закрычаў Ганс Даўбешка. - Вельмі ж мне захацелася жаніцца. Выбера мяне каралеўна - добра, а не выбера - я сам яе забяру!

- Не мялі языком абы-што! - асадзіў яго бацька. - Не дам я табе каня. Ты і гаварыць як след не ўмееш! От браты твае - іншая рэч, яны малайцы!

- А калі не даеш каня, дык я вазьму казла! Казёл мой уласны, ён давязе мяне як мае быць!

І Ганс Даўбешка сеў вярхом на казла, стукнуў яго пяткамі пад бакі і памчаўся па гасцінцы. Адно пыл закурэў!

- Вось і я еду! - сказаў сам сабе Ганс Даўбешка і загарланіў песню.

А браты ехалі не спяшаючыся, моўчкі: ім трэба было як след абдумаць пра што і як гаварыць з каралеўнай, каб не даць маху.

- Го-го-го! - крыкнуў Ганс Даўбешка. - Вось і я! Зірніце, што я знайшоў па дарозе!

І ён паказаў братам дохлую варону, што падняў з зямлі.

- Даўбешка! - сказалі браты. - Навошта яна табе?

- Я падару каралеўне!

- Ага, падары! - засмяяліся яны і паехалі далей.

- Го-го-го! Вось і я! - зноў гукнуў Ганс Даўбешка. - Паглядзіце, што яшчэ я знайшоў! Такія рэчы не кожны дзень валяюцца па дарозе!

Браты азірнуліся, каб паглядзець.

- Даўбешка! - сказалі яны. - Гэта ж стары драўляны чаравік, ды нават без верху! Мо і яго таксама падарыш каралеўне?

- А як жа! Падару! - адказаў Ганс Даўбешка.

Браты засмяяліся і паехалі далей.

- Го-го-го! Вось і я! - зноў закрычаў Ганс Даўбешка. - І праўда, - чым далей, тым болей! Го-го-го! Такое і не прыдумаеш!

- А ну, што ты яшчэ там знайшоў? - спыталі браты.

- Э, не, не скажу! От зарадуецца каралеўна!

- Тфу! - плюнулі браты. - Ды гэта ж гразь з канавы!

- Ды яшчэ якая! - адказаў Ганс Даўбешка. - Самага лепшага гатунку! Так і цячэ між пальцаў, не ўтрымаць!

І ён наладаваў сабе поўную кішэню гразі.

А браты прыпусцілі наўгалоп і прыехалі на гадзіну раней за Ганса.

Каля гарадскіх варотаў жаніхоў нумаравалі па парадку і ставілі ў шарэнгі па шэсць чалавек у кожнай. Ставілі іх так блізка адзін да аднаго, што яны ні паварушыцца, ні ўзняць рукі не маглі. І правільна рабілі, бо інакш паміж імі ўсчалася б бойка, бо кожнаму хацелася быць наперадзе.

Усе астатнія жыхары краіны тоўпіліся каля палаца і зазіралі ў вокны, каб паглядзець, як каралеўна прымае жаніхоў. Жаніхі заходзілі ў залу адзін за адным. І як толькі заходзілі, дык адразу трацілі ўсё сваё красамоўства: у іх нібы мову адбірала.

- Не гадзіцца! - крычала каралеўна. - Вон!

І вось зайшоў старэйшы брат, той, што ведаў на памяць увесь слоўнік. Але, пакуль ён стаяў у шарэнгах, дык пазабываў усё дазвання, а тут яшчэ падлога пад нагамі рыпіць, столь люстраная, так што бачыш сябе дагары нагамі, каля кожнага акна па тры пісары і адзін муніцыпальны радца, і ўсе запісваюць кожнае слова размовы, каб надрукаваць у газеце, якая прадаецца на рагу за два скілінгі, - страх ды годзе! Да таго ж у пакоі палілася ў печы, і яна разагрэлася дачырвана.

- Ну і горача тут! - сказаў нарэшце жаніх.

- Гэта таму, што бацька надумаўся сёння пеўнікаў засмажыць! - абазвалася каралеўна.

Жаніх ажно рот разявіў: не чакаў ён такой размовы і не мог вымавіць ні слова, хоць яму хацелася адказаць як мага дасціпней.

- Э-э! - прамямліў ён.

- Не гадзіцца! - сказала каралеўна. - Вон!

Давялося яму пайсці ні з чым. Тады зайшоў другі брат.

- Ух, як тут горача! - пачаў ён.

- Ага, мы смажым сёння пеўнікаў, - адказала каралеўна.

- Як? Што? Каго?.. - перапытаў ён.

І ўсе пісары запісалі: «Як? Што? Каго?»

- Не гадзіцца! - сказала каралеўна. - Вон!

І тут з'явіўся Ганс Даўбешка. Ён заехаў на казле проста ў залу.

- Ну і гарачыня! - прабурчаў ён.

- Гэта я пеўнікаў смажу! - адказала каралеўна.

- От шанцуе! - усклікнуў Ганс Даўбешка. - Дык і маю варону можна будзе засмажыць?

- Можна! - адказала каралеўна. - А ў цябе ёсць у чым смажыць? У мяне няма ні рондаля, ні патэльні.

- А ў мяне ёсць! - сказаў Ганс Даўбешка. - Вось пасудзіна, нават з ручкаю!

І ён выцягнуў з кішэні стары драўляны чаравік і паклаў у яго варону.

- Ды гэта ж цэлы абед! - сказала каралеўна. - Але дзе нам узяць падліўкі?

- А ў мяне ў кішэні! - адказаў Ганс Даўбешка. - У мяне яе столькі, што дзяваць няма куды, хоць выкідвай!

І ён зачэрпнуў з кішэні жменю гразі.

- Вось гэта мне падабаецца! - усклікнула каралеўна. - На ўсё ў цябе гатовы адказ, па слова ў кішэнь не лезеш. Таму я выйду за цябе замуж! Але ці ведаеш ты, што кожнае наша слова запісваецца і заўтра трапіць у газеты? Бачыш, каля кожнага акна стаяць па тры пісары ды яшчэ стары муніцыпальны радца? А радца гэты найгоршы - зусім з розуму выжыў!

Яна ўсё гэта гаварыла, каб напалохаць Ганса. А пісары зарагаталі і запырскалі падлогу чарнілам.

- Ах, вунь вы якія паночкі! - выгукнуў Ганс Даўбешка. - От я зараз пачастую гэтага радцу!

І доўга не думаючы вывернуў кішэню і заляпіў радцу ўвесь твар гразёю.

- Цудоўна! - усклікнула каралеўна. - Да гэтага і я не дадумалася б. Але я яшчэ навучуся!

Так вось і стаў Ганс Даўбешка каралём, ажаніўся, надзеў карону і сеў на трон. Мы даведаліся пра ўсё гэта з газеты, якую выдае муніцыпальны радца, але ёй не варта занадта верыць.



Пераклад: Сяргей Міхальчук