epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

Голы кароль

Даўным-даўно жыў-быў на свеце кароль. Ён так любіў прыбірацца, што траціў на новую адзежу ўсе свае грошы. Парады, тэатры, загарадныя прагулкі яго цікавілі толькі тым, што можна было лішні раз паказацца ў новым уборы. На кожную гадзіну дня быў у яго асобны ўбор.

У сталіцы таго караля жылося вельмі весела. Амаль штодня туды наведваліся замежныя госці.

І вось аднаго разу прыехалі два ашуканцы. Яны выдалі сябе за ткачоў і сказалі, што могуць вырабіць такую цудоўную тканіну, якой не ведаў яшчэ свет. Нібыта яна, апроч незвычайных малюнкаў і расфарбовак, робіцца нябачнай для кожнага, хто не на сваім месцы альбо безнадзейна дурны.

Каралю спадабалася прапанова ашуканцаў. Ён прыняў іх, даў багата грошай, загадаў тут жа ўзяцца за справу. Падумаў кароль: «Вось гэта будзе ўбор! Адразу даведаюся, хто з маіх саноўнікаў не на сваім месцы, хто з іх разумны, а хто дурань».

Самазванцы-майстры паставілі два ткацкія станкі і пачалі рабіць выгляд, што рупліва працуюць. А на станках, каб вы ведалі, ніякай пражы не было. Хаця яны і патрабавалі для працы найтанчэйшага шоўку і найчысцейшага золата. Усё гэта хавалі ў кішэні, а самі праседжвалі за пустымі станкамі зранку да ночы.

Каралю вельмі хацелася паглядзець, якая ж тканіна атрымліваецца ў майстроў. Але ён прыгадаў пра яе чароўныя якасці і вырашыў праверыць свайго старога міністра. Падумаў пры гэтым: «Міністр разумны, з годнасцю займае сваё месца. Ён добра разгледзіць тую тканіну».

І вось стары міністр увайшоў у залу, у якой за пустымі станкамі сядзелі ашуканцы.

«Божа, памілуй! - падумаў міністр. - Я нічога не бачу». Але ўслых не адважыўся сказаць такое.

Ашуканцы паважліва папрасілі яго падысці бліжэй да станка і сказаць, як яму падабаюцца ўзор і фарбы тканіны. Бедны міністр, як ні ўзіраўся, нічога не бачыў. Ды і бачыць не мог.

І зноў падумаў: «Божа, няўжо я такі дурны? Ратуй божа, каб ніхто пра гэта не даведаўся. Не, нельга прызнавацца, што я не бачу тканіны!»

- Што ж вы нічога не гаворыце нам? - спытаў адзін з ткачоў.

- О, гэта вельмі міла! - адказаў міністр. - Які ўзор, якія фарбы! Так, так, я паведамлю каралю, што мне надзвычай спадабалася ваша праца!

- Рады старацца! - сказалі ашуканцы.

І яны сапраўды стараліся. Пачалі патрабаваць яшчэ больш грошай, шоўку, золата. Забіралі сабе ўсё, а каля пустых станкоў сядзелі толькі для выгляду.

Паслаў кароль да ткачоў свайго новага саноўніка. Даручыў яму паглядзець, ці хутка будзе закончана праца. З ім, прыстойным служкам караля, адбылося тое, што і з старым міністрам. Ашуканцы абвялі і яго вакол пальца. І ён давёў каралю, што вельмі чароўную тканіну вырабляюць ткачы.

Хутка ўвесь горад загаварыў пра таямнічую тканіну, з якой будзе зроблены новы каралеўскі ўбор.

Тут ужо і самому каралю закарцела зірнуць на дзіва. З цэлай світай прыдворных ён заявіўся ў майстэрню да хітрых ашуканцаў.

- Цуд! Ці не праўда? - наперабой закрычалі пабываўшыя ўжо тут чыноўнікі. - Які малюнак?.. А фарбы?..

І яны паказвалі пальцамі на пустыя станкі, як бы самі бачылі там нешта.

«Што за глупства! - падумаў кароль. - Я нічога не бачу! Неверагодна, няўжо і я такі бязглузды, як мае міністры?.. Тады не быць мне каралём. А гэта горш за ўсё...»

- О, вельмі, вельмі міла! - сказаў урэшце кароль. - Я ўхваляю!..

І ён задаволена пахітваў галавой, разглядваючы пустыя станкі. Не хацеў прызнацца, што не бачыць таго, што бачаць яго міністры.

Тут ужо і світа караля ў адзін голас пачала паўтараць:

- Вельмі, вельмі міла!.. Зрабіце, ваша вялікасць, з гэтай тканіны касцюм для бліжэйшай урачыстай працэсіі.

Усе былі ў такім захапленні, што кароль раздобрыўся і ўзнагародзіў ашуканцаў рыцарскімі крыжамі і надаў ім званне прыдворных ткачоў.

Усю ноч напярэдадні ўрачыстасці прасядзелі ашуканцы ў майстэрні. Спалілі больш за шаснаццаць свечак. Усе верылі, што ткачы рыхтуюць новае адзенне каралю.

Урэшце яны аб'явілі:

- Гатова!

Кароль у суправаджэнні світы сам завітаў у майстэрню. Ашуканцы прадставілі яму нябачны ўбор, хлусліва прыгаворвалі:

- Вось гэта - штаны!.. Гэта - камізэлька!.. А во - кафтан!.. Усё - цуд!.. Лёгкае, што павуцінка, і не адчуеце на целе!.. У гэтым і хараство!..

- Так, так! - паўтаралі прыдворныя, хаця нічога не бачылі і бачыць не маглі.

- А цяпер, ваша каралеўская вялікасць, зрабіце ласку, скіньце з сябе ўсе адзёжкі і станьце перад вялікім люстэркам. Мы адзенем вас!

Кароль раздзеўся дагала. Ашуканцы ўзяліся прыбіраць яго. Рабілі выгляд, нібыта адзяюць на яго каралеўскую мантыю. Быццам нешта прымацоўвалі ў плячах, на таліі. А кароль паварочваўся перад люстэркам ва ўсе бакі.

- Божа, як усё падыходзіць!.. Як цудоўна сядзіць на каралю новы ўбор!.. - шапталіся прыдворныя, ніхто не асмельваўся сказаць праўду.

У такім новым адзенні кароль выйшаў на вуліцу. Камергеры, якія заўсёды насілі шлейф каралеўскай мантыі, і цяпер як бы неслі яе. Усе людзі, як убачылі караля, наперабой загаварылі:

- Ах, якое прыгожае новае адзенне ў караля! Як добра сядзіць на ім! Якая шыкоўная мантыя!

Ніводзін чалавек не прызнаўся, што нічога не бачыць. Ніхто не хацеў прызнацца, што ён дурань альбо сядзіць не на сваім месцы. Ні адзін касцюм караля не выклікаў яшчэ такога захаплення.

- Дык ён жа голы! - закрычаў раптам нейкі маленькі хлопчык.

- Паслухайце, што гаворыць бязвіннае дзіцё, - сказаў яго бацька.

Усе пачалі шэптам перадаваць адзін аднаму словы хлопчыка.

- Ды ён жа зусім голы! Во, хлопчык кажа, што ён зусім не адзеты! - закрычаў урэшце ўвесь народ.

І каралю зрабілася жудасна. Яму падалося, што народ гаворыць праўду. Але ж трэба было давесці ўрачыстую цырымонію да канца.

І ён выступаў яшчэ больш велічна пад сваім балдахінам, парадным навесам, а камергеры ішлі за ім і прытрымлівалі мантыю, якой не было.



Пераклад: Уладзімір Ліпскі