epub
 
падключыць
слоўнікі

Ханс Крысьціян Андэрсэн

«Ёсць жа розніца!»

Быў май месяц; паветра было яшчэ досыць халоднае, але ўсё ў прыродзе - і кустоўе, і дрэвы, і палі, і лугі - паказвала, што бярэ сваё вясна. Лугі стракацелі кветкамі; пачыналі цвісці, красаваць кветкі і на жывой загародзе, а непадалёку пышнела ўвасабленне самой вясны - маленькая яблынька нібы ў вэлюме. Асабліва прыгожая была на ёй адна галіна, маладзенькая, свежанькая, уся ўсыпаная пяшчотнымі ружовымі бутонамі, што яшчэ не як след разгарнуліся. Яна сама ведала, якая яна прыгожая; усведамленне красы было ў яе ў соку. Галіна пагэтаму зусім не здзівілася, калі брычка, што кацілася па дарозе, запынілася насупраць яблыні і маладая графіня сказала, што паглядней гэтай галінкі цяжка што-небудзь знайсці, што яна жывое ўвасабленне юнай красуні вясны. Галінку адламалі, графіня ўзяла яе сваімі далікатнымі пальчыкамі і беражліва павезла дадому, засцерагаючы ад сонца шоўкавым парасонікам. Прыехалі ў палац, галінку панеслі па высокіх, шыкоўных пакоях. На адчыненых вокнах калыхаліся белыя фіранкі, у бліскучых, празрыстых вазах стаялі букеты цудоўных кветак. У адну з ваз, быццам вылепленую з бялюткага снегу, паставілі і яблыневую галінку, абкружыўшы яе свежымі светла-зялёнымі букавымі галінкамі. Цуд, як прыгожа было!

Галінка заганарылася, і што ж? Гэта было зусім зразумела!

Праз пакой праходзіла шмат люду; кожны наведнік мог сказаць сваё слова толькі ў той меры, у якой за ім самім прызнавалі яго вартасць. І вось некаторыя не гаварылі зусім нічога, некаторыя ж залішне шмат; галінка здагадалася, што і паміж людзьмі, як між раслінамі, ёсць розніца.

«Адны бываюць для прыгажосці, іншыя толькі для карысці, а без таго-сяго і зусім можна абысціся», - думала яна.

Яе паставілі якраз насупраць адчыненага акна, адкуль ёй былі відаць увесь сад і поле, дык яна ўдосталь магла наглядзецца на розныя кветкі і расліны і падумаць пра розніцу паміж імі; там іх было шмат усялякіх - і пышных, і простых, нават зусім сціпленькіх.

- Бедныя адрынутыя раслінкі! - сказала галіна. - Вялікая на самай справе розніца паміж імі. Якімі нешчаслівымі яны павінны сябе адчуваць, калі толькі яны ўвогуле здольныя адчуваць, побач са мной і з такімі, як я! Канечне, вялікая розніца паміж намі! Ды так і павінна быць, бо іначай усе былі б роўныя!

І галінка пазірала на палявыя кветкі з нейкім спачуваннем; асабліва вартым жалю здаваўся ёй адзін від кветак, якіх было мноства па ўсім полі і нават уздоўж канаў. Ніхто не збіраў іх у букеты, - яны былі вельмі ж простыя, звычайныя; іх можна было знайсці нават паміж камянёў на бруку, яны ўзыходзілі ўсюды, як самае непатрэбнае пустазелле. І імя ж у іх было брыдкое: чортавы падойнікі.*

* Чортавы падойнікі - дацкая назва дзьмухаўцоў.

- Бедная няшчасная расліна! - сказала галіна. - Ты не вінаватая, што належыш да такога гатунку і што ў цябе такое брыдкое, нядобрае імя! Але і паміж раслінамі, як між людзьмі, павінна быць розніца.

- Розніца! - адгукнуўся сонечны прамень і пацалаваў пышную галінку, але пацалаваў і жоўтыя чортавы падойнікі, што раслі ў полі; іншыя браты яго - сонечныя промні таксама цалавалі бедныя кветачкі нароўні з самымі шыкоўнымі...

Сонечны прамень, прамень святла, разумеў усё лепей.

- Якая ты невідушчая, сляпая! - сказаў ён галінцы. - Якую адрынутую расліну ты гэтак шкадуеш?

- Чортавы падойнікі! - сказала галіна. - Ніколі з іх не робяць букетаў, іх топчуць нагамі - вельмі ж іх шмат! Семя іхняе лётае над дарогаю, як пастрыжаная воўна, і ліпне да апраткі падарожных. Пустазелле, і больш нічога! Але камусьці трэба быць і пустазеллем! Ах, я так удзячна свайму лёсу, што не з таго роду!

На поле выбег вялікі гурт дзяцей. Самага малога прынеслі на руках і пасадзілі на траву сярод жоўтых кветак. Малое весела смяялася, гарэзавала, біла па траве ножкамі, кулялася, рвала жоўтыя кветкі і нават цалавала іх у шчырым парыве дзіцячай душы. Старэйшая малеча абрывала кветкі, а пустыя знутры сцяблінкі згіналі і закладвалі адзін іхні кончык у іншы, пасля рабілі з такіх асобных колцаў доўгія ланцужкі і ўпрыгожвалі імі шыю, плечы, грудзіну і галаву. І гэта быў проста цуд! Самыя старэйшыя з дзяцей асцярожна зрывалі расліны, што адцвілі і былі ўвянчаныя пёркавымі каронамі, падносілі гэтыя паветраныя, нібы шарсцяныя, галоўкі, што былі па-свойму прыродным цудам, да рота і намагаліся здьмуць за адзін раз увесь пушок. Каму гэта ўдасца, той будзе мець новую апратку яшчэ да Новага года, - так сказала бабуля.

Адрынутая кветка была ў гэтым выпадку сапраўдным прарокам.

- Бачыш? - запытаў сонечны прамень. - Бачыш яго красу, ягонае вялікае значэнне?

- Толькі для дзяцей! - адказала галіна.

Прыплялася на поле і старая бабуля і пачала выкопваць тупым зломкам нажа карэнні жоўтых кветак. Некаторае карэнне яна збіралася спажыць на каву, іншае - прадаць у аптэку на лякарства.

- Краса ўсё ж куды вышэй! - сказала галіна. - Толькі выбраныя трапяць у свет прыгожага! Ёсць жа розніца і паміж раслінамі, як між людзьмі!

Сонечны прамень пачаў гаварыць пра бязмежную любоў да ўсяго жывога: усё, каму падорана жыццё, мае штосьці сваё ва ўсім - і ў сваім часе, і ў вечнасці.

- Ну, гэта толькі вы так лічыце! - сказала галіна.

У пакой зайшлі людзі; паміж імі была і маладая графіня, якая паставіла галінку ў празрыстую прыгожую вазу, скрозь якую свяціла сонца. Графіня нясла кветку, - што ж яшчэ? - а яна, кветка, была загорнутая буйным зялёным лісцем, лежучы ў ім, быццам у футарале, абароненая нават ад самага невялічкага подыху ветру. І нясла яе графіня так беражліва, як не несла нават пяшчотную яблыневую галінку. Асцярожна адагнула яна зялёнае лісце, і з-за яго вызірнула паветраная карона адрынутай жоўтай кветкі. Яе графіня так асцярожна сарвала і гэтак беражліва нясла, каб вецер не здьмуў ніводную тоненькую пярынку з яе паветранай галоўкі. Яна данесла яе цэлай і непачапанай і не магла нацешыцца прыгажосцю, празрыстасцю, усёй своеасаблівай пабудовай гэтай цудоўнай кветкі, уся вабнасць якой - да першага подыху ветру.

- Зірніце ж, што за цуд!.. - сказала графіня. - Я намалюю яго разам з яблыневай галінкаю. Усе любуюцца ёю, але па волі божай і гэтая бедная кветачка надзеленая не меншай красою. Якія не розныя яны, усё ж кветкі - дзеці аднаго свету прыгожага!



Пераклад: Генрых Далідовіч